Вы тут

Маленькая магiлёўская кавярня другi месяц забяспечвае медыкаў гарачымi абедамi


Сталы шчыльна застаўлены кантэйнерамi для ежы, спрытныя рукi запаўняюць iх салатамi, гарачымi стравамi, супам... Роўна ў 12.40 усё гэта будзе загружана ў машыну, i чарговы гуманiтарны рэйс адправiцца ў напрамку iнфекцыйнай бальнiцы i лабараторыi Магiлёўскага абласнога Цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя. Гэта карцiнка з сённяшняга жыцця магiлёўскай мiнi-кавярнi «Мяса&Лаваш», якая вось ужо другi месяц забяспечвае медыкаў гарачымi абедамi. Установа падтрымала сваiх мiнскiх калег, дзе ў гэтай справе задзейнiчана больш за 10 кавярняў i рэстаранаў. У Магiлёве гэта пакуль адзiны падобны дабрачынны прыклад.


Вiктар i Уладзiслаў гатуюць абед для медперсаналу.

На пачатку эпiдэмii ўстановы грамадскага харчавання сталi скарачаць час работы, некаторыя наогул перайшлi выключна на дастаўку: вядома, за грошы. Спадзявацца на падтрымку дзяржавы не выпадае, бо ўсе разумеюць, што абстаноўка вельмi складаная i не зусiм прадказальная. Энтузiясты магiлёўскай мiнi-кавярнi прыйшлi да высновы, што трэба дапамагаць тым, каму яшчэ складаней у гэтай сiтуацыi. Урачы не могуць закрыцца ад людзей, каб перачакаць, — яны павiнны змагацца за жыццё на перадавой. Але трэба, каб людзі ў белых халатах не лiчылi сябе заложнiкамi сiтуацыi, каб ведалi, што ў iх ёсць надзейны тыл.

У Магiлёве шмат хто займаецца дабрачыннасцю: настаўнiкi, напрыклад, шыюць маскi для медперсаналу. А вось «Мяса&Лаваш» робiць для медыкаў смачныя абеды.

«Мы ўпэўнены на сто працэнтаў, што нiхто, акрамя медыцынскiх работнiкаў, не зможа перамагчы пандэмiю. Iх трэба падтрымаць. Многiя з iх не маюць часу не толькi каб нармальна выспацца, але i каб забяспечыць сябе паўнавартасным абедам. Жыхары Магiлёва, без вас мы не справiмся! Нам патрэбна ваша дапамога, каб быць на паверхнi i бясплатна кармiць персанал бальнiцы. Нашых уласных рэсурсаў хопiць прыкладна на два тыднi». Гэты заклiк з'явiўся на старонках мiнi-кавярнi ў сацсетках 3 сакавiка. Ужо канец красавiка, а справа жыве. Бо ёсць рэальная падтрымка.

— У пачатку сакавiка мы зачынілiся для звычайных наведвальнiкаў i працуем выключна на дапамогу медыцынскiм установам, — кажа саўладальнiк «Мяса&Лаваш» Павел Емяльянцаў. — Нашы супрацоўнiкi не адыходзяць ад плiты да 12 гадзiн у суткi, але сумленне не дазваляе нам заставацца ўбаку. Некаторыя ўрачы ўжо сёння працуюць суткамi, а ў будучым, хутчэй за ўсё, будуць i жыць у бальнiчных умовах. Мы ведаем, што робiм усё правiльна, бо бачым вочы гэтых людзей. Адна справа, калi iх падтрымлiвае дзяржава, i зусiм iншая, калi жыхары.

Фiнансавыя магчымасцi кавярнi абмежаваныя. I толькi тая падтрымка, якая сёння iснуе, не дае збаўляць тэмпы. Прадпрымальнiкi арганiзавалi збор грошай на платформе MolaMola, менавiта на iх яны цяпер i купляюць усё неабходнае для абедаў. Становiцца больш i тых, хто проста падвозiць прадукты. «Дапамагаюць хто агуркамi, хто мясам, хто грашыма», — усмiхаецца Павел. Было такое, што прыносiлi кветкi, а таксама самаробны хлеб. I гэта пайшло ў ход. Бо сняданак з букетам кветак — гэта яшчэ i сiмвалiчна.

Дапамога збоку дазваляе рабiць меню разнастайным i па-сапраўднаму дамашнiм. У сацсетках можна прасачыць, што мае на абед медперсанал. Сёння, напрыклад, капуста тушаная з мясам, гарохавы суп з вяндлiнай, салат з агароднiны. Заўтра будзе нешта кардынальна iншае — напрыклад, юшка, пюрэ з катлетай i якi-небудзь зусiм новы салат. На тыднi сем розных страў — супоў, гарачых, салатаў.

Уражвае тое, як хутка кавярня перапрафiлявалася i стала на новыя рэйкi. Яе фармат не прадугледжваў прыгатаванне першых страў, салатаў, гарачага. Установа адкрылася летась i спецыялiзавалася на прыгатаваннi шаўрмы i бургераў — ежы, якая робiцца проста i хутка. Да каранавiруса тут нават не думалi, што будуць рабiць паўнавартасныя абеды. Давялося часткова набываць абсталяванне — той жа параканвектамат, плiты.

Сёння ў меню — салат з агароднiны.

Сiлы невялiчкай кавярнi абмежаваныя, усяго пяць чалавек. Сёння на змене Павел, Уладзiслаў i Вiктар. Уладзiслаў працуе ў Мiнску, але рэстараны цяпер зачынілiся i ён прыехаў дапамагаць магiлёўскiм сябрам.

— Я цалкам падтрымлiваю iх намер, — кажа ён. — У маёй сям'i таксама ёсць медыкi, я ведаю гэтую сiтуацыю не па словах. Шмат урачоў працуюць сёння без выхадных i нават адпачынку. Мы робiм добрую справу — кормiм, падтрымлiваючы iх жыццёвыя сiлы.

Рабочы дзень пачынаецца а восьмай гадзiне ранiцы, каб да абеду паспець усё прыгатаваць i развезцi па адрасах. У другой палове дня iдзе нарыхтоўка прадуктаў для заўтрашнiх страў, а затым поўная дэзынфекцыя кухнi i ўсiх астатнiх памяшканняў. Працуюць хлопцы выключна ў масках, бо стэрыльнасць павiнна быць перш за ўсё. Работа заканчваецца прыкладна каля васьмі-дзевяці гадзiн вечара. Але ўсё залежыць ад складанасцi меню: можна справiцца i да шасцi гадзiн, а можна правалтузiцца да дзесяцi-адзiнаццацi. Пэўны час абеды гатавалiся яшчэ для магiлёўскай бальнiцы № 1 i гарадской станцыi хуткай медыцынскай дапамогi, але фiзiчна ўсё не ахопiш. Цяпер на пастаянным абслугоўваннi мiнi-кавярнi толькi iнфекцыёнка i лабараторыя ЦГЭiГЗ — самыя, так бы мовiць, «гарачыя» пункты: тыя, дзе засяродзiўся гэты каварны каранавiрус.

— Мы працуем не дзеля пiяру, як думаюць некаторыя, — кажа Павел. — Мы робiм гэта ад душы. Нас натхняюць тыя людзi, якiя знаходзяць магчымасцi i сродкi забяспечваць медыцыну ўсiм неабходным. На платформе МоlаМоlа шмат такiх — чытаеш i захапляешся. Адны прывезлi медыкам рэспiратары, другiя — спецкасцюмы, трэцiя — маскi. Прыкладаў колькi заўгодна. Калi казаць пра харчаванне ўрачоў, то iм на змену трэба ўзяць тры-чатыры ссабойкi, каб паўнавартасна паесцi. Мы ведаем, што iх у бальнiцы кормяць, але цi гэта ежа? Пярлоўка i катлета напалову з батонам для чалавека, якi ўвесь час на нагах ды ў такiх напружаных умовах, не вельмi добрая падтрымка. Мы даём iм магчымасць падсiлкавацца больш грунтоўна.

У нашых сiлах забяспечыць дзве ўстановы аховы здароўя. Было б добра, калi б да нас яшчэ нехта далучыўся. Рэальная патрэба — каля 1000 порцый. Нам адным гэта не пацягнуць. Раней мы нiколi не займалiся дабрачыннасцю i не ведалi, наколькi гэта важна. Магчыма, калi пандэмiя скончыцца, мы працягнем гэтую дзейнасць у нейкiм iншым выглядзе. А сёння мы дзякуем усiм тым, хто нас падтрымлiвае, i разлiчваем на дапамогу. У нас ёсць вялiкая неабходнасць i ў прадуктах, i ў сродках для iх набыцця. Калi маеце жаданне далучыцца, нас можна знайсцi ў Instagram або звязацца па тэлефоне +375 29 110 68 85.

Нэлi ЗIГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Абеды ад чыстага сэрца

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.