Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Дзень, калі ўсюды радасць

Не вам казаць: дзецi змалку шмат што запамiнаюць, любяць падзялiцца. А дарослыя потым дапаўняюць iх расказы, звязваюць у агульны малюнак...

Аднак часам карцiнкi малых бываюць настолькi яркiя, што i дабаўляць нiчога не трэба.

Такiм чынам, вясна (здаецца, 1940-га?). Я ў вёсцы ў бабулi з дзядулем. Мама з малодшым братам i сястрычкай засталiся ў Вiцебску. Тату забралi на савецка-фiнскую вайну. Я ведаю, што яна ўжо скончылася, бо ў вёску вярнуўся Iван Булыга. I мой татка таксама, кажуць, ужо прыехаў...

— Жывы мой Максiм! Жывы! I нават не паранены! — хвалiлася бабуля перад суседкамi...

Пра тое, што зараз пост, што хутка Вялiкдзень, я таксама ведаю i вельмi чакаю, бо да гэтага найбольшага свята бабуля шые мне з адбеленага льнянога палатна новую сукеначку — шые i спявае: «Солдатушки, бравы ребятушки, где же ваши жены? / Наши жены — ружья заряжены...»

Я не разумею гэтых слоў — чапляюся да пяюхi з пытаннем: чаму салдаты не выбралi сабе звычайных, нармальных «жен»? Бабуля смяецца i, дамераўшы мне сукеначку, пачынае вышываць яе прыгожымi чырвонымi нiткамi.

Я бачу, як на кiшэньках i каўнерыку ў мяне «зацвiтаюць» ружы, i чую, што цяпер бабуля спявае ўжо iншую, сумную песню: «Ах, зачем эта ночь так была хороша? / Не болела бы грудь, не страдала б душа...»

Цуд, як прыгожа спявала мая бабуля — беларускiя песнi, рускiя, нават (панская дачка!) французскiя! Часам захаплялася — нiчога вакол не чула, не заўважала, як у хату зайшлi суседкi — цёткi Клава i Матрона, як цiхенька занялi месцы на лаўцы каля печкi i як заслухалiся... А потым адна i кажа:

— Не грашыла б ты, Каця! Не спявала б — пост жа... Пачакала б Вялiкадня.

...А вось нарэшце i ён. Ранiцай мы прачыталi малiтву «Ойча наш». Гэта — як штодня, каб тата вярнуўся з вайны, каб усе былi здаровыя, а вось зараз, на Вялiкдзень, — каб ён прыехаў да нас, бо свята i дзень ну проста на здзiў — сонечны, прыгожы.

Паснедаўшы, босая, бо на дварэ вельмi цёпла, я кiрую на вулiцу ў новай беленькай сукеначцы, i ў кiшэньку мне бабуля палажыла прыгожае чырвонае яйка. А потым я схаджу да сваiх сябровак i атрымаю яшчэ... У кожнай хаце посуд з фарбаванкамi стаiць навiдавоку, у кожнай хаце iмi частуюць тых, хто заходзiць.

Свята! У гэты дзень, апроч слоў: «Хрыстос Уваскрэс» i «Сапраўды Уваскрэс!» нiчога, здаецца, людзi i не кажуць. Усюды радасць, пацалункi, пачастункi... Усе вяскоўцы чакаюць, а многiя ўжо i сустракаюць «гарадскiх» родзiчаў.

I вось яшчэ што ў памяцi: дзядулева хата (у час вайны яе немцы спаляць) стаяла ў самым пачатку вёскi — прасторная, з блакiтнымi аканiцамi...

Я вельмi чакала прыезду бацькоў i таму, гуляючы з дзецьмi, увесь час пазiрала на бальшак. I раптам убачыла, што адтуль да вёскi iдзе нейкi страшны дзядзька — чужак (не з нашай вёскi) i абы-як адзеты (да вайны жабракоў не вiдаць было, затое потым...), але ж кiруе чамусьцi да нас.

Крыху пачакаўшы, я таксама пабегла дамоў, каб даведацца, хто гэты абарванец i чаго ён да нас прыйшоў.

Ад парога пачула дзедаў устрывожаны голас:

— Iдзi, iдзi, мiл чалавек, адкуль прыйшоў! — казаў ён. — Не палохай вёску. Можа, i без вайны абыдзецца...

Дзед падаў незнаёмцу цэлы бохан хлеба i нешта яшчэ, вывеў яго назад на дарогу.

Слова «вайна» я ўжо чула, а дзед — яшчэ i зведаў, бо ў той Вялiкдзень на скрыпцы (яна таксама згарэла, i дзед па ёй плакаў, як па нябожчыцы) болей не iграў i бабулi сказаў: «Не дай бог, каб зноўку вайна».

...Праходзяць гады i прыходзяць вёсны. Гэта вось зноў трывожная. Але ж людзi ўсё роўна чакаюць свята, чакаюць Вялiкадня, каб разам памалiцца, парадавацца, памаўчаць i падумаць, каб адно аднаму сказаць спаконвечнае: «Хрыстос Уваскрэс!» — «Сапраўды Уваскрэс!»

Зоя Наваенка, г. п. Падсвiлле, Глыбоцкi раён.

P.S. Усё, што тут напiсала, i сёння перад вачыма. Адзiнае... Гэта быў Вялiкдзень 1940-га? Цi ўсё ж 41-га? Дакладна — не помню.

Помню, што дзень быў цёплы-цёплы, што мама з татам, брацiкам i сястрычкай (яна памрэ ў вайну) у госцi тады не прыехалi, бо маленькая захварэла, але бабуля з дзядулем зрабiлi ўсё, каб я не сумавала. Ды i наогул дзецям у гэты дзень дазвалялася ўсё.


Два камандзiры

Два камандзiры ў Вiльнi на месцы гiбелi Кастуся Калiноўскага.

У Дзятлаўскiм гiсторыка-краязнаўчым музеi захоўваецца рэдкi фотаздымак. На iм Браніслаў Урбановiчус i Аляксей Карпюк — два камандзiры партызанскiх атрадаў з Лiтвы i Беларусi.

У мiрны час яны шчыра сябравалi i часта сустракалiся i ў Вiльнi, i ў Гродне, а ў гады вайны — ваявалi з ворагам. Атрад пад камандаваннем i пры асабiстым удзеле Бранiслава Урбановiчуса пусцiў пад адхон 37 нямецкiх эшалонаў, браў удзел у вызваленнi станцыi Iгналiна, садзейнiчаў паспяховаму наступленню часцей Першага Прыбалтыйскага фронту. За «паспяховае выкананне баявых заданняў у тыле ворага i асаблiвыя заслугi ў развiццi партызанскага руху ў Лiтве i Беларусi» Бранiслаў Урбановiчус удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Аляксей Карпюк падчас адной з дыверсiй на чыгунцы ў канцы 42-га быў арыштаваны i адпраўлены ў беластоцкую турму, потым — у канцлагер Штутгоф.

Восенню 43-га ён уцёк адтуль, стаў камандзiрам партызанскага атрада iмя Кастуся Калiноўскага на сваёй Гродзеншчыне, удзельнiчаў у баях на тэрыторыi Польшчы i Германii, быў двойчы паранены, шмат разоў узнагароджаны ордэнамi i медалямi.

Iмем пiсьменнiка Аляксея Карпюка названа адна з вулiц у Гродне, там жа на будынку № 49 па вулiцы Элiзы Ажэшкі летась была адкрыта мемарыяльная дошка.

Сёлета 14 красавiка Аляксею Нiчыпаравiчу споўнiлася б 100 гадоў.

Сяргей Чыгрын


Зварыць не штука...

У той хацiне двое жылi — мацi i нежанаты сын. Неяк зранку ён кажа:

— А давай сёння зварым фасолi.

— Можа, лепш капусты? — пытаецца мацi. — На гародзе якраз свежая вырасла. Такi харошы качанчык.

— Не, я фасолi хачу.

Пагаварыць, карацей, яны пагаварылi, а каб дагаварыцца, дык не — кожны пры сваiм застаўся. Але ж варыць пачалi. Мацi ўкiнула ў ваду рэбры — паставiла ў печ ды пайшла ў гародчык нешта рабiць. Сын, гэтага не згледзеўшы, праз нейкi час укiнуў фасолi i таксама пайшоў на падворак. Мацi тым часам вярнулася, качанчык прынесла — пакрышыла, апусцiла ў гаршчок...

Вось так яны i хадзiлi, вось так i варылi.

...Што атрымалася i як елi, ужо не расказвалi.

Таццяна Марцэвiч, аг. Ёдкi, Лiдскi раён


Тры сустрэчы з немцамі

Дзясяткi жыхароў вёскi Калоднае нашага Столiнскага раёна ваявалi з ненавiсным ворагам i жывыя вярнулiся дамоў, але ж вось да гэтага, 75-га дня Перамогi не дажыў нiхто. Прычыны, як той казаў, самыя банальныя: лiхалецце, раненнi, хваробы...

На вясковых могiлках спачыў i Васiль Сямёнавiч Рубан, якi ўпершыню сутыкнуўся з немцамi ў пачатку Другой сусветнай вайны, тры гады жыў у акупацыi, у шэрагах Чырвонай Армii iшоў на Берлiн, каб у 1945-м вярнуцца дамоў пераможцам.

Апошнюю мабiлiзацыю беларускiх хлопцаў у Войска польскае тыя ж польскiя ўлады правялi вясной 1939-га. Разам з iншымi жыхарамi Калоднага прызвалi i Васiля Рубана. Праўда, выслужыць належны тэрмiн хлопцу не ўдалося: 1 верасня Германiя напала на Польшчу. Сiлы, вiдавочна, былi няроўныя, хоць палякi змагалiся па-геройску. Многiя з iх загiнулi, былi паранены, многiя, у тым лiку i хлопцы з Калоднага, трапiлi ў палон.

Гэта была першая, а таму адна з самых памятных сустрэч Васiля з немцамi...

Яны мiж тым рыхтавалiся да ўрачыстага парада ў Брэсце — сумеснага з савецкiмi войскамi, што 17 верасня ўдарылi па паляках з усходу, рыхтавалiся да перадачы палонных польскiх вайскоўцаў, значную колькасць якiх складалi беларусы.

Iх, «кандыдатаў на абмен», пераадзелi ў новую польскую ваенную форму: акуратныя суконныя шынялi, падперазаныя скуранымi рамянямi, скураныя ж боты... У параўнаннi з iмi чырвонаармейцы, савецкiя салдаты, прайгравалi ва ўсiх адносiнах. Да таго ж савецкае камандаванне не ведала, што рабiць з палоннымi польска-беларускiмi жаўнерамi. А таму проста адправiла iх дамоў.

Вярнуўся ў родную вёску i Васiль Рубан.

Праз нейкi час тут пачала ўсталёўвацца савецкая ўлада, сiлкуючы каго надзеяй, а каго i адчаем, загучала не зусiм зразумелае слова «калектывiзацыя». У 1941-м пачаўся прызыў на перападрыхтоўку ў Чырвоную Армiю. Васiля Рубана накiравалi ў лагер пад Брэст — у артылерысты, як i ў Войску польскiм.

У суботу 21 чэрвеня iм паступiла каманда разабраць усе гарматы для рамонту, а ўвечары прыйшоў аўтобус, i на iм салдаты выправiлiся ў кiно. Паглядзелi, вярнулiся, пайшлi спаць. А на досвiтку немцы ўжо бамбiлi Брэст, хутка на вулiцах горада з'явiлiся ворагi. Гэта была другая сустрэча Васiля з немцамi.

Абарону iх лагера арганiзаваць не ўдалося, таму салдаты проста пакiнулi яго. Але ж што далей? Форма ваенная, дакументаў няма, нейкай дапамогi — таксама.

Разам з такiм жа, як сам, рэзервiстам з Кобрына Рубан пашыбаваў на ўсход, у Кобрын. За ноч яны дайшлi да горада, дзе Васiля накармiлi, пераадзелi ў цывiльнае, далi харчоў на дарогу. За некалькi дзён хлопец дабраўся да роднай вёскi. Спачатку хаваўся ў лесе, потым вырашыў iсцi дамоў.

Пра гэта стала вядома партызанам, i праз нейкi час адзiн з iх з'явiўся ў вёсцы. Сваячка Васiля Галiна Шышэя расказвала пра гэта так:

— Заходжу неяк у двор да Рубанаў i бачу: стаiць дзядзька Васiль са звязанымi рукамi, а партызан пад'ехаў на канi да ягонай хаты, выцягнуў са страхi пасму саломы i крычыць. «Аддавай вiнтоўку, бо спалю!»

— Няма ў мяне вiнтоўкi! — адказвае дзядзька. — Дзе я яе вазьму?!

Хату партызаны не падпалiлi (можа, пабаялiся, каб немцы не ўбачылi?), а звязанага Васiля павялi да суседзяў — сталi «выбiваць» вiнтоўку. I гэта добра яшчэ, што з'явiўся нехта з партызанскiх начальнiкаў, паверыў, што зброi няма...

Летам 1944-га час нямецкай акупацыi скончыўся, у Калоднае ўвайшлi савецкiя салдаты. Толькi што ўтвораны Радчыцкi сельсавет аб'явiў мабiлiзацыю. Васiль Рубан з братамi Iванам, Сцяпанам, Аляксандрам ды добрай сотняй iншых аднавяскоўцаў зноў узялiся за зброю — пад сцягамi Чырвонай Армii. I яна перамагла — Германiя капiтулявала, назаўсёды пахаваўшы вар'яцкiя мары свайго кiраўнiцтва пра 1000-гадовы Трэцi рэйх...

Гэта была апошняя з памятных сустрэч Васiля Рубана з немцамi. Пасля яе хлопцу пашчасцiла вярнуцца дамоў — жывым, хоць i параненым, бо 62 жыхары вёскi, у тым лiку два браты Васiля — Iван i Аляксандр, загiнулi ў полымi вайны.

...Усе пасляваенныя гады тыя, хто выжыў, 9 Мая хадзiлi на мiтынгi ў гонар Дня Перамогi. Болей не прыйдуць: вечнай памяцi iм!

Мiхаiл КАРСЕКА, былы дырэктар Каладнянскай васьмiгадовай школы, выдатнiк народнай адукацыi БССР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Балерына Юлiя Дзятко: Дзецi кар'еры не перашкода, калi i работа любiмая, i дзецi жаданыя

Балерына Юлiя Дзятко: Дзецi кар'еры не перашкода, калi i работа любiмая, i дзецi жаданыя

Яны пазнаёмiлiся ў 10-гадовым узросце ў харэаграфiчным вучылiшчы i з таго часу не расстаюцца.

Грамадства

Не атрымалася паехаць на мора? Займiцеся складаннем радаводу!

Не атрымалася паехаць на мора? Займiцеся складаннем радаводу!

Колькасць людзей, якiя спрабуюць адшукаць свае каранi, з кожным годам павялiчваецца. 

Грамадства

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

​Дастаткова часта дзецi трапляюць у крытычныя сiтуацыi праз сваю цiкаўнасць i павышаную актыўнасць.