Англійская парк плануецца разбіць да канца года каля палаца Пуслоўскіх, паведамляе БЕЛТА.
На тэрыторыі палацава-паркавага ансамбля працягваецца рэканструкцыя. "У гэтым годзе запланавана аднаўленне паркавай сістэмы. Да канца года павінна быць завершана стварэнне англійскага парку, які быў у Пуслоўскіх. Плануецца адкрыццё фантана", - распавяла выконваючая абавязкі дырэктара Косаўскага палацава-паркавага ансамбля Ірына Семянюк.
Плошча парку складзе больш за 9 га. Тут высадзяць папулярныя ў магнатаў XIX стагоддзя дрэвы, хмызнякі. Перш за ўсё гэта будуць розныя віды лістоўніцы, іншыя іглічныя, якімі ў свой час былі засаджаны схілы каля палаца. "У Пуслоўскіх было больш за 130 відаў раслін, прывезеных з розных куткоў свету", - дапоўніла Ірына Семянюк.
Працы прадугледжаны праектам ААТ "Брэстрэстаўрацыя", зацверджаны Міністэрствам культуры і фінансуюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
Аднаўленне паркавай і воднай сістэм пачнецца ўжо ў красавіку. Унутры ж самага палаца рэстаўрацыя, па сутнасці, не спыняецца. Узнаўляецца яго ўнікальная атмасфера. У цэнтральнай частцы, дзе размесцяцца экспазіцыйная і бальная залы, зала для рэгістрацыі шлюбу, зараз ідзе размалёўка сцен сусальным золатам, як гэта было пры жыцці Пуслоўскіх. У падвальным памяшканні плануецца стварыць сучасную канферэнц-залу з 3D-відэапраектарам.
У сакавіку тут адкрылася гасцініца на шэсць нумароў, дзе адначасова могуць размясціцца 16 чалавек. Ёсць нумар для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і нумар павышанага камфорту. Інтэр'ер пакояў стылізаваны пад шляхецкую раскошу - цяжкія парчовыя шторы, ляпніна на сценах. Мэбля для памяшканняў выраблена па спецыяльным праекце на ААТ "Пінскдрэў". Таксама ў студзені ў гатэлі пачаў працаваць рэстаран.
Рэканструкцыя Косаўскага палаца пачалася ў 2008 годзе. Працы на аб'екце выйшлі на завяршальную стадыю. Чакаецца, што ў другой палове года будзе ўведзена ў строй першая чарга палацава-паркавага ансамбля.
Косаўскі палац быў узведзены сям'ёй магнатаў і прамыслоўцаў Пуслоўскіх у 1838 годзе. Выбар месца быў звязаны з суседняй гістарычнай сядзібай, дзе, па прынятай афіцыйнай версіі, у 1746 годзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка. Сярод гасцей палаца бывалі Напалеон Орда, Генрык Сянкевіч, Эліза Ажэшка, Юзэф Пілсудскі, Вацлаў Ластоўскі.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?