Вы тут

Як магілёўскія дэпутаты разам з камунальнікамі і жыхарамі наводзяць прыгажосць у горадзе


Не так даўно ў Магілёве адбыўся першы суботнік, у якім актыўна ўдзельнічала кіраўніцтва вобласці і горада, а таксама народныя абраннікі. Прыбіралі смецце, саджалі дрэвы — адным словам, наводзілі парадак ва ўсіх кутках горада.

— Збіраемся цяпер кожную суботу разам з насельніцтвам рабіць нашы двары і вуліцы чыстымі і прыгожымі, — дзеліцца планамі старшыня Магілёўскага гарсавета дэпутатаў Максім ГУРЫН. — Сумесна з адміністрацыямі раёнаў мы стварылі так званыя мабільныя групы, куды акрамя работнікаў адміністрацый і дэпутатаў уваходзяць ратавальнікі, міліцыянеры, прадстаўнікі санслужбы. Штотыднёва робім аб'езд мікразон, асабліва гэта датычыцца прыватнага сектара, дзе вельмі часта сустракаюцца стыхійныя звалкі. Размаўляем з людзьмі, тлумачым, што трэба наводзіць парадак. І прысутнасць пры гэтым людзей у форме ўздзейнічае на жыхароў вельмі пераканаўча. А калі нават гэта не перавыхоўвае, робім прадпісанні, каб парадак усё ж такі быў наведзены. Калі звалкі вялікія, мы гэтыя месцы ўключаем у план будучых суботнікаў і сумесна з камунальнікамі, і зноў-такі, з насельніцтвам прыбіраем. А яшчэ разам з «Магілёўзелянбудам» вызначаем месцы, дзе трэба пасадзіць дрэвы. Гэта як дваравыя тэрыторыі, так і паркі, дзе не прыжыліся пасаджаныя восенню саджанцы.

Дэпутат гарсавета Павел ЛАРЧАНКА — адзін з тых актывістаў, якія самі ініцыююць суботнікі ў сваіх мікразонах. Гэтым разам ён з жыхарамі прыватнага сектара пасёлка Грабянёва шчыраваў у раёне 13-й сярэдняй школы і тамтэйшага прыпынку грамадскага транспарту.

— Мяне вельмі добра падтрымлівае ў такіх справах наш вулічкам, намеснік дырэктара школы Алена Шацікава, — расказвае дэпутат. — У школе наогул працуе шмат маіх самых актыўных выбаршчыкаў, яны заўсёды ахвотна падтрымліваюць прапанову навесці парадак на нашай тэрыторыі. Нікога не прымушаем, усё робіцца добраахвотна. Летась, напрыклад, людзі самастойна прыбралі вельмі занядбаны ўчастак — высеклі кустоўе, сабралі шмат смецця. Я пра гэта даведаўся толькі тады, калі яны папрасілі мяне дапамагчы з яго вывазам. Звярнуўся да Пятра Салаўёва — на той час ён быў дэпутатам парламента, а цяпер кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, — каб знайсці транспарт і давесці справу да лагічнага завяршэння. «Магілёўзелянбуд» дапамог пасекчы буйныя галіны, а «Спецаўтапрадпрыемства» вывезла ўсё, што людзі сабралі.

Гэтым разам грамадскасць на чале з дэпутатам наводзіла парадак уздоўж дарогі на мяжы прыватнага сектара і шматпавярховай забудовы. А ў найбліжэйшых планах Паўла Ларчанкі і яго выбаршчыкаў — зрабіць алею з туй на тэрыторыі школы.

— Летась мы ўжо пачалі пасадку дрэў каля школы, сёлета збіраемся гэтую справу завяршыць, — удакладняе суразмоўца і дадае, што мінулы год наогул быў багаты на карысныя справы. Жыхары мікрараёна вельмі хацелі, каб у пасёлку нарэшце з'явіўся гульнявы гарадок для дзяцей. Прычым і грошы сабралі, і сваю будаўнічую брыгаду стварылі. Для сваіх жа дзяцей стараліся. Дэпутаты (а на зварот грамадзян адгукнуліся народныя абраннікі ўсіх узроўняў) гэта ацанілі і шмат чым дапамаглі. Прывезлі арэлі, лаўку, зямлю для футбольнага поля, а потым яшчэ і мяч падарылі.

Сёлета веснавыя работы крыху запаволіў каранавірус, дакладней, тыя прафілактычныя захады, якія робяцца па ўсёй краіне. У школе адмянілі вялікі бацькоўскі сход, на якім Павел Ларчанка збіраўся выступіць са зваротам да жыхароў. Трэба, напрыклад, добраўпарадкаваць прыбярэжную паласу каля тутэйшага возера і пасадзіць там дрэвы, каб да новага купальнага сезона было чыста і прыгожа.

Што датычыцца ў цэлым горада, то асноўныя работы па навядзенні парадку вядуцца прадпрыемствам «Магілёўзелянбуд» пад кіраўніцтвам яго дырэктара — дэпутата гарсавета Пятра АЛЯКСЕЙЧЫКАВА.

— Жыхары маёй выбарчай акругі, а дакладней вуліц Фаціна, Цярохіна, Злаўстоўскага, праспекта Дзімітрава, неаднаразова выходзілі на прыборку
сваіх двароў. Восенню мы разам з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Вольгай Петрашовай і нашымі актыўнымі грамадзянамі саджалі дрэвы на тэрыторыі ЖЭУ № 14 і 18. Летась на сустрэчы з губернатарам, якая праводзілася ў 41-й школе, народ падымаў тыя пытанні, якія цяпер пакрысе вырашаюцца. Звярталі, напрыклад, увагу на пустыр, дзе добра было б зрабіць сквер. Я не супраць. У нас ёсць два гадавальнікі, дзе мы вырошчваем туі, ліпы, рабіны, клёны, бярозы і іншыя пароды дрэў, — так што пасадачны матэрыял знойдзецца. І ў цэлым па горадзе робім шмат пасадак, у тым ліку кампенсацыйных. На нядаўнім гарадскім суботніку ўдзел у іх браў і мэр горада Уладзімір Цумараў.

— Мы плануем высадзіць сёлета ў горадзе сем тысяч дрэў і мільён кветак,— дадае начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела «Магілёўзелянбуда» Святлана БАНКУЗАВА. — Вельмі хочацца, каб наш горад быў асабліва прыгожы ў год 75-й гадавіны дня Вялікай Перамогі. Плануем таксама высадзіць каля пяці тысяч кустоў. Часцей за ўсё спраўляемся сваімі сіламі, але бывае, што людзі самі бяруць ініцыятыву ў свае рукі. Летась, напрыклад, мы каля
300 дрэў аддалі актывістам, якія падчас суботнікаў саджалі іх у сябе ў дварах.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота дадзена Магілёўскім гарсаветам дэпутатаў

Загаловак у газеце: Cем тысяч дрэў і мільён кветак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Урачы па ўсiм свеце запусцiлi флэшмоб #StayAtHome.

Грамадства

Хто паставiць кропку ў спрэчцы вакол пакупкі за адну базавую?

Хто паставiць кропку ў спрэчцы вакол пакупкі за адну базавую?

Ранейшы ўласнiк цяпер звярнуўся ў суд i патрабуе вярнуць будынак.

Культура

Віктар Капыцько: У нашых прыдворных тэатрах ставіліся оперы, напісаныя тут, а не дзе-небудзь у Італіі

Віктар Капыцько: У нашых прыдворных тэатрах ставіліся оперы, напісаныя тут, а не дзе-небудзь у Італіі

Віктар з'яўляецца аўтарам опер, сімфоній і кантат, яго музыка гучыць у розных кутках свету, а ў Беларусі з ім працуюць найлепшыя выканаўцы.

Культура

Дарогамі Славы. Простыя вяскоўцы

Дарогамі Славы. Простыя вяскоўцы

Уладзiмiр Амельяновiч і Апанас Кляцко.