Вы тут

Нататкі шматдзетнага таткі. І вось мне зноў шаснаццаць...


Сын:

— Тата, а ты ведаеш, што незамярзайку нельга піць?

Я, зрабіўшы выгляд, што здзіўлены:

— Так? Чаму?

— Таму што туды дабаўляюць спірт, які не прызначаны для піцця. Ён для чалавека смяротна небяспечны.

Ух ты, а я і не ведаў! Дзякуй сыну-фізіку: адукаваў старога, а то ў мяне ў машыне якраз засталося паўбутэлькі незамярзайкі, і я ўсё думаў, што мне з ёй рабіць летам.

P. S. Цяпер адзін варыянт адпаў...

* * *

Вяртаемся са старэйшай дачкой з мастацкай школы. Паркуемся каля дома і бачым, што ва ўсім двары адбываецца нейкі нерэальны рух: хтосьці штосьці саджае, хтосьці прыбірае смецце, у кожным пад'ездзе людзі фарбуюць парэнчы ў ярка аранжавы колер.

Дачка здзіўлена:

— Гэта што такое?

Я:

— Падобна на суботнік.

— Гэта калі ўсе працуюць у выхадны?

— Так.

Яна, голасам змоўшчыка:

— А мы быццам філонім?

— Атрымліваецца, так.

— Крута!

P. S. Татава дачка.

* * *

Жонка рассмяшыла:

— Калі ты ўчора пайшоў на суботнік, Марта сказала: «Тата зараз пафарбуе лаўку, а потым сядзе на яе адпачыць».

Смех смехам, але прымушае задумацца, кім мяне лічаць уласныя дзеці.

Самае цікавае, што калі я ўчора выбіраў, што фарбаваць (аказваецца, нават на суботніках ёсць свабода выбару), то з двух наяўных варыянтаў — лаўка ці парэнчы пад'езда, я чамусьці выбраў поручань (а лаўку фарбаваў сусед). Цяпер я ведаю чаму.

P. S. З другога боку, нішто мне не перашкаджала пафарбаваць поручань, а потым сесці адпачыць на лаўку...

* * *

Апошнім часам я часта думаў пра тое, што многія рэчы ў жыцці ўжо, на жаль, мінулі. Напрыклад, наўрад ці ў сорак гадоў можна вярнуць сабе тое дзіўнае і непаўторнае пачуццё, калі табе васямнаццаць і перад табой рассцілаецца мноства дарог, кожная з якіх па-свойму цудоўная і на кожнай цябе абавязкова чакае поспех (а як жа інакш?).

Аказваецца, я памыляўся. Сёння, збіраючы ў дарогу сына, інструктуючы яго перад паездкай у Аўстрыю, я зведаў тое самае, даўно забытае пачуццё. Я нібыта на час стаў ім — і вось мне зноў шаснаццаць гадоў, я малады і поўны сіл, жыццё цудоўнае і дзіўнае, я еду на міжнародны турнір фізікаў у якасці капітана каманды маёй краіны...

Ці было ў мяне, у маім жыцці, штосьці падобнае? Ніколі. У шаснаццаць гадоў я хадзіў у качалку, гуляў увесь вольны час у футбол, вечарамі сядзеў з хлопцамі на лаўцы ў двары і ўвогуле не думаў ні аб чым сур'ёзным. Іншы быў час, і я, напэўна, таксама быў іншы.

Але цяпер дзякуючы сыну я нібыта нанова перажываю і ўласнае жыццё. Бо я таксама разам з ім, хоць і віртуальна, пражываю ўсё тое ж самае, што пражывае ён. А значыць, у нейкім сэнсе і перада мной таксама адкрываюцца новыя дарогі...

Адзінае, што крыху напружвае, гэта фізіка. Фізіку я не люблю, хоць і прызнаю, што ў ёй, магчыма таксама ёсць нейкі сэнс.

А калі сур'ёзна, то як бы хацелася, каб у нашых дзяцей усё ў жыцці склалася добра, каб яны былі больш шчаслівыя і паспяховыя, чым мы! Каб той свет, у якім яны будуць жыць, быў лепшы, чым той, у якім жывём мы.

І хоць я ў гэта (паколькі ўжо даўно не дзіця) не вельмі веру, але тым не менш вельмі на гэта спадзяюся. Удачы нашым дзецям!

Павел ХОЛАД

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.