Сын:
— Тата, а ты ведаеш, што незамярзайку нельга піць?
Я, зрабіўшы выгляд, што здзіўлены:
— Так? Чаму?
— Таму што туды дабаўляюць спірт, які не прызначаны для піцця. Ён для чалавека смяротна небяспечны.
Ух ты, а я і не ведаў! Дзякуй сыну-фізіку: адукаваў старога, а то ў мяне ў машыне якраз засталося паўбутэлькі незамярзайкі, і я ўсё думаў, што мне з ёй рабіць летам.
P. S. Цяпер адзін варыянт адпаў...
* * *
Вяртаемся са старэйшай дачкой з мастацкай школы. Паркуемся каля дома і бачым, што ва ўсім двары адбываецца нейкі нерэальны рух: хтосьці штосьці саджае, хтосьці прыбірае смецце, у кожным пад'ездзе людзі фарбуюць парэнчы ў ярка аранжавы колер.
Дачка здзіўлена:
— Гэта што такое?
Я:
— Падобна на суботнік.
— Гэта калі ўсе працуюць у выхадны?
— Так.
Яна, голасам змоўшчыка:
— А мы быццам філонім?
— Атрымліваецца, так.
— Крута!
P. S. Татава дачка.
* * *
Жонка рассмяшыла:
— Калі ты ўчора пайшоў на суботнік, Марта сказала: «Тата зараз пафарбуе лаўку, а потым сядзе на яе адпачыць».
Смех смехам, але прымушае задумацца, кім мяне лічаць уласныя дзеці.
Самае цікавае, што калі я ўчора выбіраў, што фарбаваць (аказваецца, нават на суботніках ёсць свабода выбару), то з двух наяўных варыянтаў — лаўка ці парэнчы пад'езда, я чамусьці выбраў поручань (а лаўку фарбаваў сусед). Цяпер я ведаю чаму.
P. S. З другога боку, нішто мне не перашкаджала пафарбаваць поручань, а потым сесці адпачыць на лаўку...
* * *
Апошнім часам я часта думаў пра тое, што многія рэчы ў жыцці ўжо, на жаль, мінулі. Напрыклад, наўрад ці ў сорак гадоў можна вярнуць сабе тое дзіўнае і непаўторнае пачуццё, калі табе васямнаццаць і перад табой рассцілаецца мноства дарог, кожная з якіх па-свойму цудоўная і на кожнай цябе абавязкова чакае поспех (а як жа інакш?).
Аказваецца, я памыляўся. Сёння, збіраючы ў дарогу сына, інструктуючы яго перад паездкай у Аўстрыю, я зведаў тое самае, даўно забытае пачуццё. Я нібыта на час стаў ім — і вось мне зноў шаснаццаць гадоў, я малады і поўны сіл, жыццё цудоўнае і дзіўнае, я еду на міжнародны турнір фізікаў у якасці капітана каманды маёй краіны...
Ці было ў мяне, у маім жыцці, штосьці падобнае? Ніколі. У шаснаццаць гадоў я хадзіў у качалку, гуляў увесь вольны час у футбол, вечарамі сядзеў з хлопцамі на лаўцы ў двары і ўвогуле не думаў ні аб чым сур'ёзным. Іншы быў час, і я, напэўна, таксама быў іншы.
Але цяпер дзякуючы сыну я нібыта нанова перажываю і ўласнае жыццё. Бо я таксама разам з ім, хоць і віртуальна, пражываю ўсё тое ж самае, што пражывае ён. А значыць, у нейкім сэнсе і перада мной таксама адкрываюцца новыя дарогі...
Адзінае, што крыху напружвае, гэта фізіка. Фізіку я не люблю, хоць і прызнаю, што ў ёй, магчыма таксама ёсць нейкі сэнс.
А калі сур'ёзна, то як бы хацелася, каб у нашых дзяцей усё ў жыцці склалася добра, каб яны былі больш шчаслівыя і паспяховыя, чым мы! Каб той свет, у якім яны будуць жыць, быў лепшы, чым той, у якім жывём мы.
І хоць я ў гэта (паколькі ўжо даўно не дзіця) не вельмі веру, але тым не менш вельмі на гэта спадзяюся. Удачы нашым дзецям!
Павел ХОЛАД
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/pavel-holad
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/natatki-tatki