Вы тут

Да канца года ў Беларусі створаць «партрэт» кожнага раёна


Да канца года кожны раён краіны распрацуе праграму свайго сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступную пяцігодку. Прычым гэта будуць не колькасныя паказчыкі, а праекты, адаптаваныя да канкрэтных умоў з лікам мясцовых адметнасцяў і асаблівасцяў. У выніку будуць сфарміраваныя, так бы мовіць, «партрэт» рэгіёна і партфель праектаў. Такая патрэба даўно наспела. І вось чаму.


Сёння ва ўсім свеце адбываюцца глабальныя працэсы ўрбанізацыі. Не выключэнне і Беларусь. Гэтыя працэсы адмоўна ўплываюць на раўнамернасць развіцця рэгіёнаў. Паміж імі існуе дыферэнцыяцыя ў сацыяльна-эканамічным плане. Насельніцтва і большасць рэсурсаў канцэнтруюцца ў буйных гарадах. І такая сітуацыя фарміруе пэўныя рызыкі — як эканамічныя, так і сацыяльныя, дэмаграфічныя.

— Канешне, на гэта мы павінны рэагаваць. Неабходна вызначыць меры, якія змогуць нівеліраваць сітуацыю, — лічыць міністр эканомікі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Чарвякоў. — Кожны раён мае сваю спецыялізацыю, патэнцыял — прыродны, вытворчы, сыравінны, працоўны. У кожнага ёсць свае кампетэнцыі: веды, уменне людзей прымаць тыя ці іншыя рашэнні. Усё гэта ў сукупнасці і з'яўляецца канкурэнтнай перавагай. Наша задача — выкарыстоўваць іх у далейшым як лакаматыў росту, для таго каб на іх аснове сфарміраваць бізнес-мадэлі развіцця тэрыторый, іх твар.

Напрыклад, канкурэнтная перавага Браслаўскага, Мядзельскага раёнаў у тым, што тут прыродныя ўмовы стварылі асяроддзе, цікавае турыстам, аматарам адпачынку. І гэта неабходна выкарыстоўваць максімальна. На даную сферу паслуг павінны працаваць усе астатнія галіны. У прыватнасці, транспартная — забяспечваць мабільнасць насельніцтва, яго камфорт. Будаўнічай сферы трэба арыентавацца на стварэнне адпаведнай інфраструктуры, сельскай гаспадарцы — на атрыманне экалагічна чыстай прадукцыі, развіццё фермерства.

Намеснік старшыні Мінаблвыканкама Мікалай РАГАШЧУК лічыць, што менавіта Мінская вобласць — адна з тых, што найбольш дынамічна развіваюцца. На працягу апошніх пяці гадоў захоўваецца станоўчая дынаміка большасці сацыяльна-эканамічных паказчыкаў.

— На Міншчыне ёсць шмат буйных прадпрыемстваў рэспубліканскай формы ўласнасці. Мы мяркуем знізіць залежнасць ад вынікаў іх дзейнасці. Таму ў праграме рэгіёнаў плануем сканцэнтравацца на развіцці камунальных і прыватных прадпрыемстваў з улікам сыравіннай базы і кадравага патэнцыялу, дэмаграфічнай сітуацыі на аснове навуковага аналізу, — канстатуе Мікалай Рагашчук.

Раёны Мінскай вобласці плануецца раздзяліць на тры групы. Аграрныя — Бярэзінскі, Вілейскі, Валожынскі, Клецкі, Капыльскі, Крупскі, Любанскі, Мядзельскі, Старадарожскі, Уздзенскі і Чэрвеньскі раёны. Аграпрамысловыя — Лагойскі, Нясвіжскі, Смалявіцкі, Стаўбцоўскі раёны. Прамысловыя — Барысаўскі, Дзяржынскі, Мінскі, Маладзечанскі, Пухавіцкі, Слуцкі і Салігорскі раёны, а таксама горад Жодзіна. З цягам часу спецыялізацыя раёнаў можа мяняцца. Для распрацоўкі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця ў Мінаблвыканкаме створана рабочая група з удзелам навукоўцаў, якая фіксуе заўвагі, прапановы, што паступаюць з месцаў.

Усе раёны цэнтральнага рэгіёна развіваюцца па-рознаму: адны стабільна, іншыя адстаюць, падкрэсліў старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр ТУРЧЫН.

— Нельга, напрыклад, параўноўваць Дзяржынскі раён з Крупскім або Бярэзінскім, — адзначыў ён. — Таму і задачы, якія стаяць перад іх кіраўніцтвам, павінны быць дыферэнцыраваныя. Але адно агульнае, што аб'ядноўвае іх, — даходы нашых грамадзян. Менавіта гэтую сітуацыю па даходах неабходна выраўняць. У любым раёне чалавек павінен атрымліваць аднолькавыя па якасці адукацыйныя, медыцынскія і іншыя паслугі. Людзі не павінны залежаць ад транспартнай інфраструктуры, каб дабрацца на работу. Неабавязкова чалавек павінен працаваць непадалёк ад дома. Так паказвае сусветная практыка. Трэба, каб ён мог максімальна хутка дабрацца да месца сваёй работы з аднаго населенага пункта ў іншы. Таму такія базавыя прынцыпы мы заклалі ў праграму развіцця Мінскай вобласці на наступную пяцігодку.

Як сведчыць работа над комплекснай стратэгічнай праграмай рэгіянальнага развіцця, якая працягваецца два месяцы, у раёнах няма дакладнага бачання перспектыў. На думку Аляксандра Турчына, на месцах прызвычаіліся вырашаць бягучыя праблемы. А зазірнуць наперад хоць на два—тры гады не атрымліваецца.

Дарэчы, у Мінаблвыканкаме адбылася сустрэча з прадстаўнікамі раёнаў, дзе на прыкладзе аднаго з іх спецыялісты паказалі як можа развівацца аграпрамысловы комплекс. Аляксандр Турчын падкрэсліў, што пры гэтым за аснову павінна брацца эканамічная эфектыўнасць і, як вынік, добры даход грамадзян. Акрамя таго, пытанні рэгіянальнага развіцця абмяркуюць у працоўных калектывах падчас адзінага дня інфармавання ў сакавіку.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Інфаграфіка ў прэв'ю Аляксандра АСІПЕНКІ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра тое, як салдат купіў мыла, як сквапнасць давяла да дрэнных наступстваў, памылку дзяўчыны і не прыстасаванага да жыцця мужа.

Эканоміка

У Брэсцкай вобласцi ўкаранiлi практыку выязных прыёмаў дзяржрэгiстратараў

У Брэсцкай вобласцi ўкаранiлi практыку выязных прыёмаў дзяржрэгiстратараў

Хто валодае нерухомай маёмасцю альбо ўчасткам зямлi, ведае, як важна мець адпаведныя дакументы на сваю ўласнасць.

Эканоміка

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату

Работа па вывучэннi генетычных рэсурсаў раслiн у Беларусi была пачата яшчэ ў 20-я гады мiнулага стагоддзя.