Вы тут

Цікавыя таямніцы і адкрыцці


Пінгвіны як людзі

Італьянскія навукоўцы выявілі падабенства ў маўленчых мадэлях людзей і пінгвінаў. Гэта першы выпадак падобнага адкрыцця ў дачыненні да жывёл, якія не адносяцца да атрада прыматаў.

Спецыялісты вывучылі «песні захаплення», якія спяваюць адзінокія пінгвіны ў шлюбны перыяд, праслухаўшы 590 узораў, выкананых гэтымі птушкамі з трох розных калоній, піша СNN.

Ва ўсіх «песнях» выяўленыя тры «склады», з якіх утвараюцца кароткія і доўгія «словы». Навукоўцы лічаць, што пінгвіны капіруюць дзве рысы чалавечай гаворкі: яны часцей выкарыстоўваюць кароткія «словы», чым даўгія, і чым даўжэйшы «сказ», тым карацейшыя гукі ўнутры яго.


Дагістарычны пацук: дурны і з ікламі

Палеантолагі знайшлі астанкі дагістарычнага пацука памерам з чалавека, які блукаў па трапічных лясах Амазонкі 10 мільёнаў гадоў таму. Гэты грызун дасягаў паўтара метра ў даўжыню і важыў 80 кілаграмаў (для параўнання, сучасны пацук важыць у сярэднім каля 200 грамаў). Від назвалі Nеоеріblеmа асrееnsіs. Навукоўцы ўдакладнілі, што ў яго былі два велізарныя выгнутыя іклы, а вось мозг меў вельмі сціплыя памеры — усяго 114 грамаў, паведамляюць «Дыялогі» са спасылкай на Bіоlоgу Lеttеrs.

Чарапы двух старажытных пацукоў знайшлі ў штаце Акры на паўночным захадзе Бразіліі. Адзін быў амаль цэлы, а другі — фрагмент верхавіны. Астанкі захаваліся так добра, што навукоўцы нават разгледзелі адбіткі нюхальных цыбулін, а таксама лобных і скроневых доляў. Аўтары даследавання зрабілі выснову, што Nеоеріblеmа асrееnsіs быў вялікі не толькі ў параўнанні з цяперашнімі пацукамі, але і буйнейшы за найвялікшых сучасных грызуноў — капібар (яны дасягаюць максімум 60 кілаграмаў). Грызун аказаўся вымерлым сваяком шыншыл, якія засялялі заходнебразільскую Амазонію. Ён жыў у балоцістай мясцовасці, якая існавала там да з'яўлення аднаго з самых буйных трапічных лясоў свету. Вялікі памер Nеоеріblеmа асrееnsіs дазваляе выказаць здагадку, што ў яго амаль не было натуральных ворагаў. Але ў той час у Амазоніі ўжо вадзіліся кракадзілы, якія маглі даць адпор пацукам у забалочанай вадзе.

Навукоўцы, абапіраючыся на параметры чэрапа, рэканструявалі мозг грызуна з дапамогай камп'ютарнай тамаграфіі. Ён, як ужо згадвалася, аказаўся вельмі малы. Калі ў людзей суадносіны паміж агульнай вагой і памерамі мозга складаюць 6, у сучасных паўднёваамерыканскіх грызуноў — 1,05, то ў Nеоеріblеmа асrееnsіs — усяго 0,3. Можна меркаваць, што ў ходзе эвалюцыі грызуны сталі больш мініяцюрныя, але набылі больш складаны мозг, які дапамагаў ім у выжыванні.


Ракета для... бюджэтных запускаў

Звышлёгкая шматразовая ракета, якую распрацоўваюць расійскія вучоныя, даставіць на 200-кіламетровую арбіту Зямлі мікра- і нанаспадарожнікі і вернецца назад. Кошт адпраўкі аднаго кілаграма грузу на ёй не перавысіць рэкордна нізкіх 12 тысяч долараў, што ўдвая танней, чым у бліжэйшых канкурэнтаў. Так што навінка мае добрыя шанцы быць канкурэнтаздольнай на рынку.

Гэтага ўдалося дабіцца за кошт спрошчанай аднаступеньчатай канструкцыі носьбіта і інавацыйнага метанавага рухавіка з соплам новай канфігурацыі — ён не траціць цягу пры змяненні вышыні палёту. Стартавая маса апарата складзе 15 тон пры карыснай нагрузцы 250 кілаграмаў. Стварыць гатовую версію плануецца ў 2025 годзе. Праект абыдзецца прыблізна ў 2,5 мільярда рублёў.

— Для рэалізацыі праекта неабходны асаблівы рухавік. Як правіла, прапанаваная схема не выкарыстоўваецца ў ракетабудаванні, бо існуючыя рухавікі могуць працаваць з максімальнай аддачай толькі на пэўных вышынях. На іншых этапах палёту яны губляюць цягу, — расказаў прадстаўнік кампаніі «ВНХ — Энерга» Павел Чарнышоў. — Мы ствараем усёрэжымны рухавік знешняга пашырэння, здольны працаваць з супастаўнай цягай на працягу ўсяго часу, калі носьбіт выводзіцца ў космас.

Па словах навукоўца, адной з галоўных асаблівасцяў канструкцыі рухавіка будзе замена традыцыйнага канічнага сапла Ловаля на сапло Тарасава-Левіна, якое дае больш шчыльны рэактыўны струмень. Яно мае меншую схільнасць да разгортвання ў адваротным кірунку і стварэння зваротнай цягі, якая негатыўна ўплывае на каэфіцыент карыснага дзеяння. Гэта засцерагае элементы канструкцыі ад уздзеяння рэактыўнага струменя без неабходнасці выкарыстання ахоўных экранаў.

Першую ступень ракеты, у складзе якой будзе знаходзіцца інавацыйны метанавы рухавік, плануецца зрабіць шматразовай.

— Дзякуючы гэтаму мы разлічваем не толькі знізіць кошт запуску, але і сысці ад неабходнасці мець вялікія палі адчужэння, на тэрыторыі якіх звычайна разбіваюцца часткі, што аддзяліліся, — растлумачыў генеральны дырэктар асацыяцыі «Аэранет» Павел Булат. — Пасля аддзялення першай ступені на вышыні каля 100 кіламетраў секцыя са спадарожнікамі будзе выводзіцца на нізкую апорную арбіту вышынёй 200 кіламетраў з дапамогай невялікага разгоннага блока.

Па словах эксперта, вяртацца з арбіты ступень будзе хвастом наперад — з дапамогай спецыяльных рашотчатых крылаў, якія стабілізуюць палёт і часткова пагасяць хуткасць. У канчатковай фазе яна будзе плаўна апускацца на зямлю на парашутах або пры дапамозе рухавіка. Пасля паспяховай пасадкі рухавік новай ступені можна выкарыстоўваць паўторна, бо за кошт паніжанай схільнасці да нагрэву яго рэсурс складзе каля 30 пускаў.

— Мара аб аднаступеньчатай ракеце, здольнай узлятаць і садзіцца без страты элементаў канструкцыі, з'явілася яшчэ ў самым пачатку касмічнай эры. Аднак ажыццявіць яе ў той час не ўдалося з-за недастатковага ўзроўню развіцця тэхналогій, — расказаў генеральны дырэктар кампаніі Lіn Іndustrіаl Аляксандр Ілын. — У рамках новага расійскага праекта такі носьбіт можа быць створаны, бо ідэя прадугледжвае выкарыстанне мноства сучасных тэхналогій. У іх ліку і рухавік з саплом знешняга пашырэння, аналаг якога пакуль не выкарыстоўваецца на серыйных узорах касмічных ракет.

Па словах эксперта, падобная навацыя выглядае нашмат больш эфектыўнай, чым капіраванне канцэпцыі SрасеХ, якое паставіла б расійскіх інжынераў у становішча адсталага боку. Такім чынам, стварэнне носьбіта дазволіць Расіі не толькі атрымаць новую сістэму, але і напрацаваць тэхналогіі для наступнага ўдасканалення лёгкіх ракет.

— Сёння малыя касмічныя апараты ў асноўным працуюць на нізкай калязямной арбіце, што робіць такі сегмент рынку запускаў вельмі ёмістым: у год гэта сотні спадарожнікаў, якія прызначаны для выканання камерцыйных, навуковых і адукацыйных задач, — растлумачыў дырэктар па маркетынгу кампаніі Sрutnіх Анатоль Копік. — У адрозненне ад місій з вялікімі носьбітамі запускі звышлёгкіх ракет дазволяць заказчыкам не падстройвацца пад час адпраўкі асноўнай карыснай нагрузкі, а выводзіць апарат адразу на мэтавую арбіту.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.