Ана Марыя Матутэ Аўсэха
Дарагія сябры-чытачы «Маладосці», нарэшце вяртаюся дадому пасля кароткага перапынку! Да таго ж у мяне цудоўныя навіны (прынамсі, я іх так бачу): я не проста вяртаюся да вас, а ў якасці сувеніра прывезла вам з далёкіх краёў новую рубрыку. Яна, на маю думку, натуральны працяг калонкі «Прысутны позірк», якая пачала з’яўляцца ў часопісе яшчэ ў 2016 годзе. Калі ў сваіх калонках я дзялілася з вамі рознымі думкамі аб усім і ні аб чым, то «У бібліятэцы з Анхелай», як, верагодна, здагадваецеся, мае іншы характар і даволі канкрэтныя мэты.
Геніяльны беларускі паэт Максім Багдановіч калісьці напісаў: «Я не самотны, я кнігу маю», і я з ім не магу не пагадзіцца — хто мае кнігу, той мае вернага сябра, які падтрымае ў самыя цяжкія моманты і цягам тужлівых перыядаў адзіноты. А тым лепей, калі чалавек сапраўды назапасіў кнігі, словамі Уладзіміра Караткевіча, «перад халоднаю зімой», напоўніў імі сваю душу, а цяпер носіць з сабой не толькі сваё неба, але і багатую, разнастайную бібліятэку. Трэба сказаць, мне ў дзяцінстве пашанцавала: навучылася чытаць рана, бацькі не шкадавалі грошай на новыя тамы, у доме панавала агульная любоў да чытання. Потым я прайшла і праз музычную школу, і праз гуманітарны профіль звычайнай школы, і вывучыла шэраг замежных моў, і, разам з гэтым, узбагаціла свой літаратурны запас.
Рубрыка «У бібліятэцы з Анхелай» ствараецца сёння акурат ад разумення таго, што мае веды пра літаратараў і літаратуры розных краін і эпох могуць мець нейкую вартасць для вас: каму ж не дапамагае знаёмства з такімі творамі, якія лятаюць уласнымі крыламі і ўмеюць віць свае гнёзды ўнутры чытачоў? Я буду кожны месяц выбіраць аднаго аўтара або, як тут, адну аўтарку (без асаблівага парадку, але з імкненнем зрабіць як мага цікавей) і расказваць вам пра яго/яе жыццёвы і творчы шлях. Я разлічваю на тое, што чытачы «Маладосці» ведаюць беларускую літаратуру даволі добра, таму ў нашай з вамі бібліятэцы будуць замежныя літаратары, яркія прадстаўнікі сусветнай літаратуры. Не хвалюйцеся — урыўкі з іх твораў я буду для вас перакладаць.
Такім чынам, ласкава запрашаю да сябе ў бібліятэку. У нас сёння неверагодная госця — іспанская пісьменніца Ана Марыя Матутэ Аўсэха.
У размовах пра сусветную літаратуру з беларускімі сябрамі я заўважыла цікавы прабел у калектыўнай культуры: веды пра іспанскіх аўтараў спыняюцца на Федэрыка Гарсія Лорку і ўзнаўляюць рух наперад толькі з прыходам сучаснага празаіка Карласа Руіса Сафона (пра яго, можа, некалі іншым разам). І дарэмна — вельмі цікавыя рэчы пісаліся ў Іспаніі і ў ХХ стагоддзі. Гэтым тэкстам паспрабую паказаць вам адну такую.
Мудра напісаў Райнер Марыя Рыльке, што сапраўдная радзіма чалавека — гэта дзяцінства. І ніхто не разумее гэта лепш за тых, каго гісторыя пазбавіла яго, няхай і часткова. Ана Марыя Матутэ Аўсэха, прадстаўніца найвыбітнейшых іспанскіх празаікаў (яна была намінаваная і на Нобелеўскую прэмію, якую атрымаў паэт Вісентэ Алейскандрэ, як кажуць некаторыя, «замест яе»), нарадзілася ў Барселоне ў 1925 годзе. Належала да літаратурнага пакалення, назву якому прыдумала сама: los jóvenes sorprendidos, або, калі па-наску, «здзіўленая моладзь». Гэта група літаратараў, чыё дзяцінства прайшло падчас грамадзянскай вайны, якая адбылася ў Іспаніі паміж 1936 і 1939 гадамі, і ў надзвычай складаную пасляваенную эпоху.
Маленькая Ана Марыя, вядома, добра запомніла вайну. Асабліва з улікам таго, што яна была адораным дзіцём і падлеткам: у пяцігадовым узросце, пасля цяжкай хваробы, ад якой ледзь не памерла, яна напісала і праілюстравала сваю першую казку. Першы раман, Pequeño teatro («Малы тэатр»), напісала ў сямнаццаць, але змагла апублікаваць толькі праз адзінаццаць гадоў. Яна была членам Каралеўскай Акадэміі Іспанскай Мовы (трэцяй выбранай у яе жанчынай, займала крэсла літары K), многія яе раманы і зборнікі казак атрымалі самыя прэстыжныя ўзнагароды іспанскай літаратуры як для дарослых, так і для дзяцей.
Мяркую, варта сур’ёзна паразмаўляць пра «дзіцячыя» кнігі Матутэ. Бо, мне здаецца, тут было невялічкае непаразуменне. Памятаеце, Антуан дэ Сент-Экзюперы пісаў, што ўсе дарослыя былі калісьці дзецьмі, але мала хто з дарослых памятае, як гэта — быць дзіцём? Ана Марыя Матутэ Аўсэха з’яўляецца тут выключэннем — яна дакладна памятала. І майце на ўвазе, што ёй было адзінаццаць гадоў, калі пачалася вайна... Што ў выніку? Яе кароткія казкі, у якіх дзеці выступаюць у галоўных ролях, маюць фальклорную аснову, простую структуру і даволі відавочныя сюжэтныя лініі. З тае прычыны, на першы погляд, яны выглядаюць дзіцячымі. Калі ўчытацца, з іншага боку, адразу ясна, што яны не зусім для дзяцей. Нават так: яны зусім не для дзяцей. Яны пра дзяцей для дарослых.
Казкі Аны Марыі Матутэ Аўсэха вельмі добра ілюструюць дзіцячую ментальнасць: яны паказваюць мысленне дзяцей, ход іх думак... Але пісьменніца не баіцца паказваць у сваёй прозе жорсткасць дарослых, вайны і, зрэшты, жыцця — праз наіўную прызму дзіцячых вачэй. Дзеці ў творах Матутэ часта хварэюць, паміраюць або вымушаныя расці (эмацыйна і фізічна) занадта хутка. Па гэтай прычыне мая мама памятае, як у школе, яшчэ ў 1967 годзе (або 1968), прачытала казку Аны Марыі Матутэ Аўсэха і атрымала першы ў жыцці літаратурны шок. Спадзяюся, вы, наадварот, атрымаеце асалоду ад гэтай казкі. Згатуйце гарбатку — і пабачымся ў бібліятэцы праз месяц!
Анхела Эспіноса Руіс
***
Хлопчык, у якога памёр сябар
Аднойчы зранку хлопчык устаў і пайшоў да сябра, па той бок агароджы. Але сябра там не было і, калі ён вярнуўся, маці яму сказала:
— Сябар памёр.
Хлопчык, не думай больш пра яго, шукай каго іншага, з кім гуляць. Хлопчык сеў на парог хаты, закрыў твар далонямі і паклаў локці на калені. «Ён вернецца», — падумаў хлопчык. Бо так не можа быць, каб ляжалі шкляныя шарыкі, грузавік і бляшаная стрэльба, ды яшчэ той гадзіннік, які ўжо не ходзіць, а сябар не прыходзіў па іх. Надышла ноч, узышла вялікая зорка, а хлопчык не хацеў вяртацца дамоў на вячэру.
— Давай дадому, хлопчык, бо холад ідзе, — сказала маці.
Але замест таго, каб увайсці, хлопчык падняўся з парога і пайшоў шукаць сябра са шклянымі шарыкамі, грузавіком, бляшанай стрэльбай і гадзіннікам, які не хадзіў. Калі дайшоў да агароджы, голас сябра яго не паклікаў, і ён яго не пачуў ні на дрэве, ні ў студні. Хлопчык шукаў сябра ўсю ноч. І ноч была доўгай, амаль белай, і запэцкала яго касцюм і абутак пылам. Калі зайшло сонца і хлопчыку захацелася піць і спаць, ён выцягнуў рукі і падумаў: «Якія дурныя і маленькія гэтыя цацкі. А гадзіннік, які не ходзіць, нічым не карысны». Ён усё выкінуў у студню і вярнуўся дадому вельмі галодным. Маці адчыніла яму дзверы і сказала:
— Ох, ну і хлопчык, як ён вырас, Божа ж мой, як ён вырас!
І набыла яму мужчынскі касцюм, бо той, які ён насіў, быў яму ўжо малы.
А. М. Матутэ. Са зборніка казак Los niños tontos («Дурныя дзеці»). Пераклад аўтарскі.
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.