Вы тут

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу абрала старшынёй Уладзіміра Андрэйчанку


За кандыдатуру Андрэйчанкі на пасяджэнні першай сесіі ніжняй палаты парламента 6 снежня прагаласавалі 109 дэпутатаў, супраць — адзін.

Сёння адбылося адкрыццё першай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання. Да абрання старшыні Палаты прадстаўнікоў паседжанне, згодна з рэгламентам, вяла старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына. Перш за ўсё яна паведаміла пра тое, як прайшлі выбары ў Палату прадстаўнікоў. Абраны 110 дэпутатаў.


«У новым складзе 30 дэпутатаў шостага склікання, што дазваляе захаваць пераемнасць у рабоце парламента, — паведаміла яна. — Два дэпутаты з’яўляліся членамі Савета Рэспублікі шостага склікання».

У новаабранай ніжняй палаце беларускага парламента ўпершыню доля жанчын склала 40 працэнтаў, праінфармавала Ярмошына. Сярод дэпутатаў двое маладзейшыя за 30 гадоў, чатыры — кіраўнікі тэрытарыяльных арганізацый Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. «Упэўнена, што падобнае прадстаўніцтва будзе садзейнічаць паспяховай рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі», — пракаментавала гэты аспект кіраўнік ЦВК. 

Яна адзначыла таксама павелічэнне колькасці дэпутатаў, якія прадстаўляюць палітычныя партыі, — такіх цяпер 21. У парламенце прадстаўлена пяць палітычных партый: адзін — лідар ліберальна-дэмакратычнай, 11 дэпутатаў з’яўляюцца членамі Камуністычнай партыі, шэсць — Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, два — Беларускай патрыятычнай партыі і адзін — Беларускай аграрнай партыі. 

«Традыцыйна беларускія выбаршчыкі актыўна галасавалі за кандыдатаў, якія адбыліся ў прафесіі, якія маюць паспяховую кар’еру, — адзначыла Лідзія Ярмошына. — Так, 12 абраных дэпутатаў з’яўляліся кіраўнікамі мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых, распарадчых органаў. 29 дэпутатаў узначальвалі розныя арганізацыі. 13 былі намеснікамі кіраўнікоў. Усе дэпутаты маюць вышэйшую адукацыю, 10 — вучоную ступень, 8 ўзнагароджаны ордэнамі і 29 — медалямі».

Сярод дэпутатаў шмат педагогаў, урачоў, юрыстаў, эканамістаў. Ёсць прафесійныя ваенныя, дыпламаты. 

«Гэта значыць, Палата прадстаўнікоў складаецца з прафесіяналаў у розных сферах жыццядзейнасці, — заўважыла старшыня Цэнтрвыбаркама. — Няма сумненняў у здольнасці наноў сфарміраванага заканадаўчага органа на высокім ўзроўні выконваць свае функцыі».


Ігар Марзалюк: Уладзімір Паўлавіч — чалавек з каласальным дзяржаўным вопытам

Кандыдатуру Уладзіміра Андрэйчанкі, дэпутата па Докшыцкай выбарчай акрузе № 22, на пасаду старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання прапанаваў дэпутат ад Магілёўска-Ленінскай выбарчай акругі № 84 Ігар Марзалюк.

«Уладзімір Паўлавіч — сапраўдны патрыёт Беларусі, чалавек з каласальным дзяржаўным вопытам, чалавек, які рэальна хварэе за справу і які здольны эфектыўна рашаць пастаўленыя задачы, — сказаў ён. — Усім вядома, што значная частка працоўнай біяграфіі Уладзіміра Паўлавіча звязана з Віцебскай вобласцю, яго радзімай, дзе ён стаў сапраўды знакавай фігурай. Сёння яго імя вядомае не толькі кожнаму выбаршчыку Докшыцкай выбарчай акругі № 22, ад якой ён чатыры разы абіраўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, але і жыхарам Віцебскай вобласці. Цягам 14 гадоў ён узначальваў вельмі складаны з пункту глеждання прыродна-кліматычных умоў рэгіён».

Ігар Марзалюк нагадаў пра запатрабаванасць арганізацыйнага таленту Уладзіміра Андрэйчанкі ў першых трох скліканнях Савета Рэспублікі. Пасля гэтага Андрэйчанка ўзначальваў ніжнюю палату парламента. «Яшчэ адна важная дэталь: ва Уладзіміра Паўлавіча ўстанавіліся добрыя адносіны са многімі палітыкамі і кіраўнікамі парламентаў іншых краін, што адбілася на развіцці міжнародных сувязяў Палаты прадстаўнікоў», — дадаў дэпутат.

Некалькі дэпутатаў выступілі з прамовамі ў падтрымку гэтай кандыдатуры. Іншых кандыдатур на пасаду спікера ніхто не прапанаваў. Старшыня Палаты прадстаўнікоў быў абраны тайным галасаваннем. За кандыдатуру Андрэйчанкі на пасяджэнні першай сесіі ніжняй палаты парламента 6 снежня прагаласавалі 109 дэпутатаў, супраць — адзін.

Пасля абвяшчэння вынікаў тайнага галасавання і прыняцця адпаведнай пастановы аб абранні спікера Уладзімір Андрэйчанка заняў месца старшыні і ўзначаліў пасяджэнне сесіі. Ён падзякаваў калегам за аказаны давер і дадаў, што ацэнка яго работы — гэта ў тым ліку і вынік работы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага склікання. Датычна новага складу парламента спікер выказаў упэўненасць у тым, што ўсе пастаўленыя задачы будуць выкананыя.

У парадку дня першай сесіі — фарміраванне яе рабочых органаў, абранне кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў, вызначэнне пераліку Пастаянных камісій, абранне старшынь Пастаянных камісій, фарміраванне Савета Палаты прадстаўнікоў, абранне Пастаянных камісій, зацверджанне намеснікаў старшынь Пастаянных камісій.


Намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў стаў Валерый Міцкевіч

Паводле слоў Уладзіміра Андрэйчанкі, «Валерый Вацлававіч — чалавек з устаноўленымі палітычнымі поглядамі, адданы беларускаму народу. Ён вельмі кампетэнтны, адказны і вопытны кіраўнік».

Андрэйчанка нагадаў, што Валерый Міцкевіч пяць гадоў адпрацаваў намеснікам міністра юстыцыі, узначальваў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў. З 2009 года — намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

«Я цудоўна разумею, што пасада намесніка старшыні Палаты прадстаўнікоў — гэта не прывілей, гэта адказная работа, справіцца з якой можна толькі пры вашай падтрымцы, — сказаў у сваім выступленні Валерый Міцкевіч. — Наперадзе складаная работа па вывадзе краіны на ўстойлівыя дынамічныя тэмпы развіцця. У нас для гэтага ёсць усе умовы, а галоўнае — адзінства народа і палітычная воля краіны для руху наперад».


Палата прадстаўнікоў таксама сфаміравала 14 Пастаянных камісій, як гэта было з другога па шостае скліканне. У першым скліканні было ўтворана 11 камісій. У сёмым скліканні будуць працаваць наступныя профільныя камісіі:

  1. па заканадаўстве;
  2. па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце;
  3. па нацыянальнай бяспецы;
  4. па эканамічнай палітыцы;
  5. па бюджэце і фінансах;
  6. па аграрнай палітыцы;
  7. па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы;
  8. па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі;
  9. па адукацыі, культуры і навуцы;
  10. па працы і сацыяльных пытаннях;
  11. па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы;
  12. па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарту і сувязі;
  13. па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве;
  14. па міжнародных справах.

Адбыўся папярэдні запіс дэпутатаў, якія пажадалі працаваць у той ці іншай Камісіі. 11 снежня на чарговым пасяджэнні першай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання будуць абраныя старшыні Пастаянных камісій і іх склад.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Сфера культуры ярчэй за іншыя паказвае, што калі не працуюць традыцыйныя схемы, прыходзіцца шукаць чорны ўваход. Пошукі часам нараджаюць эксперыменты і выкруты, якія абыходзяць абмежаванні, патэрны і завядзёнку і становяцца найлепшымі знакамі свайго часу. 

Грамадства

Як новыя дасягненні вучоных паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Як новыя дасягненні вучоных паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Па прагнозах спецыялістаў, не менш як 20 працэнтаў ад аб'ёму тавараў у XXІ стагоддзі будзе за біятэхналогіямі.

Грамадства

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Пошукі і набыццё «школьнай формы», як па старой звычцы кажуць мамы і таты, — тая яшчэ галаваломка! 

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.