Вы тут

Як жыхарам Уздзеншчыны дапамагаюць знаходзіць працу


Каб добра жыць, утрымліваць сваю сям'ю, неабходна працаваць. Але бываюць і непрадказальныя сітуацыі. Нехта трапіў пад скарачэнне штатаў або вырашыў памяняць работу і знаходзіцца ў пошуку, а хтосьці пераехаў на новае месца жыхарства і не можа самастойна ўладкавацца. Менавіта ў гэтых выпадках, і не толькі, на дапамогу прыходзяць пастаянна дзеючыя камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Такія структуры створаны ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці і ў горадзе Жодзіне. Найпершая іх мэта — падабраць работу як мага большай колькасці грамадзян адпаведна іх пажаданням, адукацыйнаму ўзроўню, кваліфікацыі.


— У нашым раёне таксама створана такая структура. Штомесяц — кожны другі і чацвёрты чацвер — праходзяць яе пасяджэнні, — расказала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Уздзенскага раёна Вольга Барталевіч. — Мы праводзім пасяджэнні не толькі ў самім горадзе, але і выязджаем у сельсаветы. На пасяджэнні запрашаем кіраўнікоў арганізацый, падраздзяленняў, прадпрыемстваў. У склад камісіі абавязкова ўключана загадчык сектара занятасці ўпраўлення па працы, якая мае пры сабе спіс вакансій, што ёсць у нашай базе. Кіруемся тым, каб чалавеку было зручна дабірацца да месца работы ад свайго населенага пункта.

— У членаў камісіі да кожнага, хто звярнуўся па дапамогу, індывідуальны падыход. З кожным гутарым асобна, прапануюць канкрэтныя варыянты працаўладкавання або перанавучанне на запатрабаваныя на рынку працы прафесіі. Усе ахвотныя атрымліваюць кансультацыйна-метадычную, прававую дапамогу па вядзенні прадпрымальніцкай дзейнасці, распрацоўцы бізнес-плана, атрыманні фінансавай падтрымкі. Па-першае, каб адкрыць сваю справу, чалавек павінен зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага, затым — прадставіць бізнес-план, пасля чаго яму выдаецца субсідыя. Потым яму неабходна звярнуцца ў аддзел эканомікі райвыканкама і атрымаць там пасведчанне аб рэгістрацыі індывідуальным прадпрымальнікам. Сёлета ў раёне пяць чалавек звярнуліся і атрымалі субсідыі на адкрыццё справы — 12 394 рублі. Памер фінансавай дапамогі залежыць ад месца пражывання: у сельскай мясцовасці — 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму, у горадзе — 11. Пракансультавацца могуць і фізічныя асобы, якія хочуць заняцца або ўжо займаюцца дзейнасцю, якая не патрабуе адкрыцця ІП.

База грамадзян, не занятых у эканоміцы, пастаянна ўдакладняецца і абнаўляецца Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны па звестках, які паступаюць з разнастайных крыніц. Камісія правярае інфармацыю, што ўтрымліваецца ў базе, а таксама прызнае занятымі грамадзян, якія пацвердзілі гэта адпаведнымі дакументамі, даведкамі, напрыклад, аб рабоце або вучобе за мяжой.

— Не занятым у эканоміцы прапаноўваем працаўладкавацца, падбіраем належныя вакансіі, якія адпавядаюць іх адукацыі, прафесійным навыкам, а таксама тлумачым, што яны будуць аплачваць цалкам паслугі ЖКГ, у прыватнасці за гарачую ваду, а з першага мая 2020 года і за ацяпленне, і за газ па тарыфах, якія забяспечваюць эканамічна абгрунтаваныя затраты. Асаблівая ўвага ўдзяляецца такой складанай катэгорыі, як грамадзяне, што вядуць асацыяльны лад жыцця. Іх запрашаем на пасяджэнні камісіі, прапануем садзейнічанне ў працаўладкаванні. Тых, хто не можа сам справіцца з алкагольнай залежнасцю, камісія мае права накіраваць у лячэбна-працоўны прафілакторый, — канстатуе Вольга Барталевіч.

З пачатку 2018 года адбылося 32 пасяджэнні камісіі, у тым ліку 14 выязных, выдадзена 529 накіраванняў на работу. Працаўладкавана 166 грамадзян. Члены камісіі пастаянна інфармуюць людзей аб сваёй рабоце, змяшчаюць усе неабходныя звесткі на сайце райвыканкама, у мясцовых сродках масавай інфармацыі, пастаянна запрашаюць не занятых у эканоміцы на пасяджэнні.

— І хто найбольш звяртаецца па работу, людзі якога ўзросту — перадпенсійнага, сярэдняга, моладзь?

— Як правіла, ад 50 да 57 гадоў, а таксама асобы, якія працяглы час не працавалі і страцілі прафесійныя навыкі, грамадзяне з нізкай кваліфікацыяй, без спецыяльнай адукацыі. Падабраць ім від дзейнасці складана. Гэта ў асноўным вакансіі падсобнага рабочага, прыбіральшчыка, дворніка. Але не ўсіх задавальняе аплата працы. Прапаноўваем ім накіраванне на перавучванне, разглядаем усе прымальныя варыянты. Але самае галоўнае, каб у самога чалавека было жаданне атрымаць канкрэтную прафесію і працаваць. Шанц ёсць у кожнага, і мы павінны дайсці, дастукацца да кожнага, праінфармаваць, пасадзейнічаць у працаўладкаванні, — упэўнена суразмоўніца.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота shutterstock.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.