Вы тут

Пра–шчасце


Пра–шчасце

«О счастье мы всегда лишь вспоминаем. А счастье всюду. Может быть, оно — вот этот сад осенний за сараем и чистый воздух, льющийся в окно». Івану Буніну ў вершы лёгка было сфармуляваць тое, што для многіх іншых і загадка, і ў рукі ніяк не даецца. Але ў гэтай фармулёўцы змясцілася ці не ўся праўда: не «может быть», а так і ёсць. На пытанні пра шчасце адказаў протаіерэй Сергій Лепін.

— Для пачатку, каб чытачу было зразумела, увядзём некаторае размежаванне: мы не будзем гаварыць пра тыя станы не–шчасця, якія бываюць выкліканы праблемамі са здароўем — ад сур’ёзных арганічных паражэнняў да простага недахопу вітамінаў групы В і некаторых мінералаў. Ці ўсё ж і тут з пункту гледжання хрысціянства ёсць што пракаментаваць?

— У Евангеллі мы знаходзім прытчу Ісуса Хрыста пра неразумнага багацея (гл.: Лк. 12:16-21), у ёй гаворыцца пра вельмі паспяховага фермера, які сабраў настолькі багаты ўраджай, што яму давялося тэрмінова разбурыць старыя і пабудаваць новыя сховішчы, больш ёмістыя. Гасподзь не асуджае багацея за яго працу і даходы — слава Богу! — але Ён асуджае яго замкнёнасць на тым, што ён мае: у набытым дастатку фермер убачыў толькі нагоду зрабіць кішэні глыбейшымі і магчымасць жыць у бліжэйшы час без аніякіх клопатаў. Ён не сказаў сабе: «О, нарэшце! Цяпер я змагу больш часу аддаваць малітве, справам міласэрнасці, адукацыі, самаразвіццю і духоўнаму ўзбагачэнню», — ён проста задаволена гладзіць сабе жывот, не ведаючы, што гэтай ноччу памрэ. Такі стан сытасці, калі чалавек задаволены тым, што ёсць, пры поўнай няўвазе да будучыні (і зямной, і вечнай) якраз і можна назваць шчасцем — ад размоўна–фамільярнага «шчас», «цяпер». Гэтае «шчас–це» складана ўтворана: яно ўключае і вітаміны, і гармоны, і грошы, кар’еру, сяброў, хобі, сям’ю, любімага сабаку і захапленне сонечнымі захадамі — усё, што можна аднесці да здароўя, дабрабыту, поспеху… Штучна не трэба супрацьпастаўляць тэму нашай размовы ва ўзвышаным і духоўным яе аспекце нейкім матэрыяльным сэнсам. Калі не хапае нечага з пералічанага, то можна сказаць, што мы маем справу з нашым «не–шчас» — той ці іншай праявай не–шчасця. Мы за кожным богаслужэннем молімся аб Дарах Божых не толькі для душы, але і для цела — аб дабрабыце ў самым шырокім разуменні гэтага слова. Беднасць, і хваробы, і, як гэта ні дзіўна, поўнае шанцаванне, празмерны дастатак могуць быць аднолькава небяспечнымі. Першае робіць слабым, другое — ганарыстым.

— Што такое шчасце з хрысціянскага пункту гледжання, як яго належыць разумець хрысціяніну і як ён яго разумее на самой справе?

— Ну, паміж належным і сапраўдным заўсёды ёсць розніца! Мы можам памыляцца — у тым ліку і ў пытаннях, датычных «праблемы шчасця». Але справа не заўсёды ў няправільным разуменні, паколькі часта мы разумеем правільна (плюс–мінус), а вось жыццём сваім адгукацца на тое, што разумеем, спяшаемся не заўсёды. Я думаю, што любы больш або менш цвярозы думкамі чалавек ведае, што шчасце не ў багацці і сытасці, не ў славе і гонары, але… жыццё часам складваецца насуперак таму, што мы ведаем, прымаем і абвяшчаем у якасці каштоўнасцей.

З пункту гледжання Пісання, шчасце — гэта не зацыкленасць на «цяпер», гэта адкрытасць насустрач вечнасці. Я вось не так даўно няўдала набыў стары фотааб’ектыў — у ім не аказалася рэзкасці пры навядзенні на бясконцасць. Трэба цяпер купляць дадатковы перахаднік, каб усё было добра. І людзі бываюць з такой самай праблемай: у іх няма бясконцасці і шмат ім што трэба з сабою зрабіць, каб яна ў іх з’явілася.

Слова Божае для апісання духоўнай напоўненасці чалавека выбрала тэрмін «блажэнства». Гэта не проста здольнасць маладушна махнуць рукой на няўдачы, гэта гатоўнасць свядома ахвяраваць матэрыяльным дзеля духоўнага, цяперашнім дзеля будучыні. Гэта духоўны стан напоўненасці Духам Святым, які можа быць не толькі звязаны з шчасцем, якое разумеецца як паспяховасць і зямны дабрабыт, але нават некаторым чынам быць яму супрацьпастаўленым. Успомнім пра запаветы блажэнства (Мф.5:3-12 і Лк.6:20-23) — каму там Гасподзь абяцае блажэнства цяпер і тыя ці іншыя даброты ў будучыні? Тым, каго мы звычайна лічым няшчаснымі: тым, хто плача, хто згаладалы, зняслаўлены, выгнаны… Канешне, само па сабе няшчасце не з’яўляецца блажэнствам: сярод такіх «няўдачнікаў» вельмі многа нераскаяных грэшнікаў. Бяда ў іншым: людзі часта шукаюць сабе рэлігію не дзеля выратавання, не для «religare» (лат.: узнаўленне сувязі з Богам і Царквою) , а выключна як сродак дасягнення камфорту: каб вылечыцца, добра ўладкавацца — тут і цяпер, у гэтым свеце. Але Сам Хрыстос гаворыць, што Яго вучэнні для іншага: хрысціянства — гэта рэлігія сураспяцця з Хрыстом. Той, хто не памрэ з Хрыстом для гэтага свету сваімі слабасцямі, той не ўваскрэсне разам з Ім для будучага веку.

— Шчасце хрысціяніна і шчасце чалавека, ад веры далёкага: у чым прынцыповая розніца?

— Мы тут гаворым пра такога «сферычнага хрысціяніна ў вакууме» — нейкі ідэальны тып… Хрысціяне вельмі розныя!.. Перш за ўсё, для іх шчасце — гэта радасць пра Бога, пра Выратаванне, пра Волю Божую, пра Яго любоў, пра Дабро, пра малітву, пра чытанне Пісання. Гэта стан заспакаення свайго сэрца ў Божай Ісціне. Але калі я радуюся, што купіў дзіцяці класныя боцікі або што ў жонкі атрымаліся класныя піражкі, то я не гатовы сказаць, што гэтыя радасці неяк ужо зусім пярэчаць нечаму духоўнаму. Не. Шчасце хрысціяніна — гэта ў ліку іншага і такі стан, які ўзнікае, калі радасць аб зямных рэчах праходзіць праз сэрца, якое верыць. Бо шчасце хрысціяніна — гэта шчасце чалавека! Я б не супрацьпастаўляў… Я чалавек і чалавечага не цураюся — не толькі ў кепскім, але, дзякуй Богу, і ў добрым сэнсе.

— Тады што такое адсутнасць шчасця? Чым тлумачыцца гэты стан, калі ён для чалавека пакутлівы: цісне, пазбаўляе жадання нешта рабіць, калі гэта маркота, з якой ён не можа справіцца? І як з гэтым справіцца?

— Ведаеце, у некаторым сэнсе быць шчаслівым — гэта апостальскі запавет: «Заўсёды радуйцеся. Бесперапынна маліцеся. За ўсё дзякуйце» (1Фес.5:16-18). Заўсёдная радасць даступная пры няспыннай малітве і бязмежнай падзяцы Богу — гэта тут кожнае дзеянне паасобку з’яўляецца абавязковай умовай для двух іншых дзеянняў. Няшчасце — гэта адсутнасць Божага Дара: веры, дабрадзейнасці… Гэта няўменне і нежаданне маліцца, нелюбоў да бліжняга… Усе нашы слабасці з’яўляюцца прычынай нашай пакуты, але — гэта важна — далёка не кожная пакута чалавека мае прычынай яго асабісты грэх. Праведнікі таксама пакутуюць. Магчыма, калі карыстацца нашым супрацьпастаўленнем «шчас–це — блажэнства», яны могуць быць глыбока няшчаснымі ў сваім шматпакутніцтве, але яны — блажэнныя. Як стаць шчаслівымі? Па–першае, працаваць, а калі трэба, то і лячыцца. А па–другое, я ўжо гаварыў пра блажэнства як пра стан заспакаення сэрца ў Госпадзе — давайце прыгадаем словы Самога Хрыста: «Прыдзіце да Мяне ўсе, хто спрацаваны і абцяжараны, і Я супакою вас; вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я рахманы і пакорлівы сэрцам, і знойдзеце спакой душам вашым; бо ярмо Маё добрае і цяжар Мой лёгкі» (Мф.11.28-30). Далучэнне да Хрыста і перайманне Яго ў веры — вось што нам дапаможа!

— Шчасце — катэгорыя і ўмоўная, і адносная, стан гэты часовы і часта ўспрымаецца рэтраспектыўна: праз нейкі час мы разумеем, што былі шчаслівыя ў такі–та дзень, такі–та час, у такой–та падзеі, хаця ў той момант не адчувалі гэтага і не разумелі.

— У тым уся соль: у дыялектыцы часовага і вечнага, суб’ектыўнага і аб’ектыўнага — калі мы гаворым пра шчасце і блажэнства. Часовае можа мець дачыненне да вечнасці — і ў добрым сэнсе, і ў кепскім. Таму Царква ніколі не сцвярджае, што часовае і суб’ектыўнае — гэта нешта няважнае, такое, на што можна проста не звяртаць увагі. Часовыя слабасці або, наадварот, імгненні пакаяння могуць вырашыць усё. Памятаеце, адзін з разбойнікаў, з якімі быў распяты Хрыстос, пакаяўся за некалькі імгненняў да смерці — гэтыя імгненні сталі больш важнымі для яго вечнай долі, чым усё яго жыццё да іх. Ёсць шчасце–блажэнства ў агульным, аб’ектыўным сэнсе: вера, надзея, любоў і гэтак далей. А ёсць у прыватным, суб’ектыўным: як усё пералічанае праяўляецца ў рэаліях асобна ўзятага лёсу. А так усё як у прыказцы: маем — не беражом, страцім — плачам. Але, зноў жа, нельга замыкацца не толькі на сённяшнім, але і на мінулым. Трэба жыць з надзеяй на будучыню. Упалі — падняліся, выканалі работу над памылкамі — і наперад!

— Глыбіня душы сувымерная з глыбінёй пакут. Гэта шмат у каго можна прачытаць, асабліва ў мастацкіх творах з працяглымі рэфлексіямі. Ці трэба насамрэч чалавеку пакутаваць, каб мець вялікую душу? Сэнс пакут часам незразумелы свецкаму чалавеку, бо імі не ўсё выкупляецца, не заўсёды яны вядуць да нечага лепшага і душу часта робяць больш чэрствай, чым адчувальнай. Як патлумачыць тое, што адным для дабрыні трэба быць шчаслівымі, а іншым — няшчаснымі?

— Жывёлы здольныя адчуваць боль, пакутаваць не менш за нас. Але пакутуе толькі чалавек, бо пакуты — гэта свядомае стаўленне да болю, гэта перамены ў самасвядомасці, у душы пад уздзеяннем неспрыяльных раздражняльнікаў. Чым больш у чалавеку чалавечага і, адпаведна, чым менш у ім жывёльнага, тым больш ён здольны пакутаваць. У «абсалютнасці» чалавецтва Ісуса Хрыста, якое бярэ пачатак ад яго абажэння ў злучэнні з Боствам, заключаецца і «абсалютнасць» пакут Госпада — іх з лішкам хапіла, каб выкупіць грахі ўсяго чалавецтва. А проста болю, калі паспрабаваць яго вымераць у нейкіх умоўных адзінках, Хрыстос перанёс столькі ж, колькі яе выцерпеў кожны, хто быў закатаваны падобным чынам. Хрыстос не па чутках ведае, што такое пакуты. Ён не «звысоку» паведаміў нам пра іх, а Сам апынуўся ў іх эпіцэнтры: адданым, абылганым, замучаным і распятым.

Бог не стварыў зло, у Раі не было болю і пакут — яны і ёсць зло і наступствы зла. Шукаючы прычыны сваіх пакут, чалавек імкнецца знайсці іх сэнс: чаму ён пакутуе. Але ў пакут па змаўчанні няма сэнсу і самі яны — «антысэнс», абсурд на фоне ідэі міласэрнасці. Яны з’яўляюцца духоўным і душэўным аналагам тлення і нечым такім, чым сатана імкнецца разбурыць гэты свет з боку яго сэнсавых канструкцый. І Гасподзь не вучыць нас, як пазбавіцца пакут — Ён дае нам магчымасць напоўніць іх сэнсам там, дзе яны непазбежныя. Ён робіць шчасце даступным для асуджанага, для чалавека, які церпіць невыноснае. Ніхто, акрамя самога чалавека, не зможа надзяліць яго пакуты сэнсам. А спрабаваць калупацца ў душы бліжняга — ну, такі сабе занятак. Успомніце сяброў Іова. Надай сваім пакутам сэнс, змагайся, каб яны не ператварыліся ва «ўздых прыгнечанага стварэння», і зрабі ўсё магчымае, каб іншыя пакутавалі менш. У нас ёсць выбар, што рабіць са сваімі пакутамі, а пасля ўжо тое, што яны зробяць з намі, — залежна ад нашага выбару.

— Ці можам мы, інтэрпрэтуючы ўсё гэта ў нашай размове, у нечым памыляцца? Ці існуе верагоднасць, што намі ўсё разумеецца так, а Богам задумана зусім іначай? Ці ёсць страх, што мы ну зусім ужо не апраўдваем Яго чаканняў, але толькі таму, што не можам іх ведаць, не дацягваемся да іх разумення? І ва ўсім памыляемся. Па меншай меры, некаторыя прыклады з жыцця даюць падставы сумнявацца ў правільнасці паводзін праведных і ў тым, што так ужо кепска рабіць кепска.

— Канешне, мы можам памыляцца ў сваіх меркаваннях. І пра сваё жыццё, і пра чужое. Калі Пісанне нас вучыць не асуджаць і ўсё перадаваць у рукі Божыя, то размова ідзе не пра звычайную функцыянальную забарону рабіць тое, што мы можам рабіць, але не павінны. Асуджаць нельга ў першую чаргу таму, што мы не ўмеем судзіць па праўдзе, нам многае невядома, мы не ўсё важнае можам прыняць пад увагу і не ад усяго выпадковага можам адхіліцца. Мы бачым сітуацыі ў дынаміцы і, тым больш, у іх будучыні. І тое, што мы бачым, — якое яно на самой справе? Мне, напрыклад, нельга выдаляць людзям катаракту, але не проста таму, што ў мяне няма дыплома ўрача і адпаведнага абсталявання, а перш за ўсё таму, што я не ўмею гэта рабіць. Кепска ўвесь час рабіць кепска, але нашмат горш думаць пра кепскае так, як мы пра яго часам думаем… Я, відаць, вас заблытаў… Вось Гасподзь заступаецца за пралюбадзейку (Ін.8:2-11) і тым самым упікае яе суддзяў. Гэта не значыць, што жанчына не зрабіла нічога кепскага. Не, яна паводзіла сябе кепска, але Хрыстос лічыць патрэбным за яе заступіцца. Ён увогуле заступаецца за ўсіх грэшнікаў, паміраючы за іх на крыжы (Рым. 5:6), але робіць гэта, не апраўдваючы грэх. Але важна вось што: даброты, якія мы маем (у тым ліку і духоўныя), мы можам рэалізаваць не на карысць, а наступствы грахоў, якія з намі здарыліся, пры належным пакаянні, разважанні над сваімі памылкамі і пры садзейнічанні Божай ласкі могуць стаць прыступкай да дабрадзейнасці. Ну, напрыклад, я неяк чытаў пра адну місію рэабілітацыі былых прастытутак: аказваецца, з іх атрымліваюцца выдатныя сядзелкі, якія могуць даглядаць самых цяжкіх хворых. Уяўляеце, сатана шмат папрацаваў над тым, каб зламаць у гэтых жанчынах прыродны сорам і натуральную боязь дакранання да чужога цела, і ў яго гэта добра атрымалася! Але аднойчы іх нованабытая здольнасць пачынае раскрываць сябе не ў гнюсным граху, а ў цудоўным служэнні! Зноў жа, пра аднаго з разбойнікаў на крыжы: ніхто не пачуў ад Госпада асабістага абяцання быць з Ім у раі — нават Яго прачыстая Маці! — а разбойнік пачуў. Нездарма Гасподзь і гаварыў: «Сапраўды гавару вам, што пакутнікі і распусніцы наперад вас пойдуць у Царства Божае», — у ліку іншых прычын і таму, што некаторым ад дна бывае прасцей адштурхоўвацца.

Часам думаеш, ці не грэх гэта — быць шчаслівым чалавекам? Чаму бабулі нам забаранялі смяяцца і дурэць, калі гэтага так хацелася? Папярэджвалі: смяешся — адплачаш. Чаму? Ці ёсць тут логіка з пункту гледжання хрысціянства?

— Быць шчаслівым можна па–рознаму, у розным і з–за рознага. Ні багацце не грэх, ні беднасць не дабрадзейнасць — самі па сабе. Гэтаксама як і смех — не прыкмета шчасця, а слёзы — няшчасця. Сярод святых ёсць князі і цары. А сярод нягоднікаў — бедныя і няшчасныя. Успомніўся Эклезіяст: «Весяліся, юнак, у юнацтве тваім, і няхай зазнае сэрца тваё радасці ў дні юнацтва твайго, і хадзі па дарогах сэрца твайго і згодна з бачаннем вачэй тваіх; толькі ведай, што за ўсё гэта Бог прывядзе цябе на суд» (Экл.11:9). Не тое гэта значыць, што чалавек будзе асуджаны за радасць, а тое, што нам трэба будзе трымаць справаздачу пра тое, што нас радавала і засмучала, пра тое, што рабілі з намі нашы радасці і беды. Але тыя, хто прыйшоў у гэты свет з дэвізам «Fun only», так, могуць узрыдаць, пра што і гаворыцца ў Евангеллі: «Гора вам, багатыя! Бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэнне. Гора вам, здаволеныя цяпер! Бо зазнаеце нястачу. Гора вам, хто цяпер смяецца! Бо ўсплачаце і ўзрыдаеце. Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добра! Бо так рабілі з ілжэпрарокамі бацькі іх» (Лк. 6:24-26). Тут не зусім пра тое, пра што гавораць бабулі, але ў любым выпадку радасць — гэта рэсурс, якім трэба ўмець карыстацца.

Гутарыла Святлана ВОЦІНАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.