Вы тут

Мікалай Шарснёў: Сапраўдная любоў да Радзімы пачынаецца з клопату пра яе


Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў у традыцыйнай рубрыцы «Звязды», прысвечанай развіццю краіны за 25 гадоў, адказаў на пытанні нашага ўласнага карэспандэнта.


— Мікалай Мікалаевіч, сацыяльна-эканамічнае развіццё — гэта той фундамент, на якім грунтуецца дабрабыт любой тэрыторыі. Узровень жыцця вобласці — гэта поспех кожнага прадпрыемства, кожнай арганізацыі, кожнага работніка. Як бы вы ахарактарызавалі асноўныя тэндэнцыі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна?

— Лічу, што Віцебшчына годна развіваецца ва ўсіх кірунках: ад эканомікі да сацыяльнай абароны. Рэгіён, маючы 11,3 % колькасці занятага ў эканоміцы насельніцтва краіны, фарміруе 14,2 % аб'ёму прамысловай вытворчасці краіны. Удзел вобласці ў эканоміцы Беларусі нядрэнны: 11,9 % — прадукцыя сельскай гаспадаркі, па 10,8 % — выручка ад рэалізацыі прадукцыі (тавараў, работ, паслуг) і рознічны тавараабарот, 9,1 % — інвестыцыі ў асноўны капітал і ў цэлым валавы рэгіянальны прадукт — 7,5 %.

На Віцебшчыне вырабляюць 100 % ільняных тканін, даламітавай мукі, каля 90 % дываноў і дывановых вырабаў, палімераў этылену, труб дрэнажных, палову рэспубліканскага аб'ёму абутку...

— Віцебшчына — самы паўночны рэгіён краіны, адзін з найбуйнейшых па плошчы, з самай вялікай у краіне колькасцю населеных пунктаў, аддаленых адзін ад аднаго і ад адміністрацыйных цэнтраў. Як у такіх умовах вырашаюцца праблемы жыццезабеспячэння людзей, выконваюцца дзяржаўныя стандарты?

— Што датычыцца сацыяльнага абслугоўвання, адпаведныя стандарты тут укаранёныя цалкам. Напрыклад, сацыяльныя паслугі грамадзянам і сем'ям, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, аказваюць 25 тэрытарыяльных цэнтраў, у якіх функцыянуюць 153 аддзяленні. Аказваецца дапамога непрацаздольным грамадзянам, а таксама паслугі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.

Паспяхова ўкараняюцца новыя, эканамічна выгадныя формы жыццеўладкавання пажылых грамадзян. Пастаянна пашыраецца спектр сацыяльных паслуг. Напрыклад, арганізавана работа 11 сацыяльных цырульняў, 13 пральняў, абутковай майстэрні для непрацаздольных, малазабяспечаных. Арганізавана работа 434 гурткоў і клубаў па інтарэсах, 84 працоўных майстэрняў для асоб з інваліднасцю, якія аснашчаны неабходным абсталяваннем, прыстасаваннямі, інвентаром і расходнымі матэрыяламі — гэта спрыяе іх сацыяльна-бытавой адаптацыі, выяўленню і развіццю творчых і працоўных навыкаў.

— Мікалай Мікалаевіч, у адным з інтэрв'ю вы казалі, што галоўная задача кіраўнікоў раёнаў і арганізацый вобласці — зрабіць жыццё вяскоўцаў не горшым, чым у гараджан. Сапраўды, знешні выгляд беларускай вёскі мяняецца ў лепшы бок. Але ці дастаткова гэтага, каб моладзь заставалася ў сельскай мясцовасці? Як прыцягнуць у вёску высокакваліфікаваныя кадры?

— Наконт маладых кадраў на сяле, ва ўзросце да 31 года: іх прыкладна 25 працэнтаў ад агульнай колькасці ў сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці. Работа з маладымі спецыялістамі, якія прыходзяць у АПК Віцебскай вобласці, — наш прыярытэтны кірунак. Скажу, што тэндэнцыя найбольшага размеркавання на малую радзіму, а пасля і пражывання з бацькамі захоўваецца ў нас з 2011 года...

Сёння, калі рынак працы дыктуе новыя колькасныя і якасныя патрабаванні да сучаснага спецыяліста і работніка, прынцыпова новае аблічча павінна набыць і сістэма падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў. Яна павінна быць індывідуальнай — пад канкрэтную вытворчасць. Адным з прыкладаў такога падыходу з'яўляецца ўзаемадзеянне ўстаноў прафтэхадукацыі з абласным камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні па арганізацыі вытворчай практыкі на базе найлепшых гаспадарак. Распрацавана новая вучэбная дакументацыя, тэрміны практыкі павялічаны ў два разы...

Я глыбока перакананы, што ў рабоце з кадрамі дробязяў не бывае. Толькі комплексна вырашаючы пытанні доўгатэрміновага аб'ектыўнага прагнозу неабходнасці ў кадрах, сістэмна, загадзя рыхтуючы кадры рабочых і асабліва спецыялістаў для новых інавацыйных вытворчасцяў, аператыўна задавальняючы патрэбы арганізацый у кадрах праз сістэму дадатковай адукацыі і мэтавую падрыхтоўку, ствараючы ўмовы для маладога спецыяліста, мы павысім кадравы патэнцыял рэгіёна. Менавіта ў гэтым кірунку і сканцэнтраваны нашы намаганні.

— Актуальнай задачай застаецца падтрымка развіцця прыватнай ініцыятывы. Пашырэнне прадпрымальніцкага сектара — адзін з найважнейшых індыкатараў рэгіянальнага развіцця. Але ці ўсе рэзервы тут задзейнічаны? Як абудзіць у патэнцыйных бізнесменаў «прадпрымальніцкую жылку»? Наколькі падпісаны Прэзідэнтам Дэкрэт «Аб развіцці прадпрымальніцтва» пасадзейнічаў разняволенню дзелавой ініцыятывы?

— У недзяржаўным сектары эканомікі заняты каля 30 % эканамічна актыўнага насельніцтва вобласці, ён забяспечвае траціну інвестыцый у асноўны капітал, чацвёртую частку бюджэту, больш за палову экспарту тавараў і экспарту паслуг.

Узровень прадпрымальніцкай актыўнасці і, як следства, рост укладу гэтага сектара ў развіццё рэгіёна, залежыць у тым ліку і ад крэдытна-інвестыцыйнай падтрымкі, якая аказваецца бізнесу банкамі.

Да цяперашняга часу атрыманне крэдыту стрымлівала ўмова: заклад маёмасці. Але сёлета ў рамках дзяржпраграмы падтрымкі прадпрымальніцтва на базе фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў створаны гарантыйны фонд, які дае паручыцельства малому бізнесу па банкаўскіх крэдытах і лізінгах. І гэта паручыцельства пакрывае да 60 % запазычанасці па крэдытнай дамове альбо кантрактнага кошту па дамове лізінгу.

Гэта не толькі палегчыць атрыманне суб'ектамі малога бізнесу пазыковых рэсурсаў, але і стане штуршком для рэалізацыі іх прадпрымальніцкай ініцыятывы, будзе спрыяць павышэнню канкурэнтаздольнасці на рынку, паляпшэнню інвестыцыйнага клімату, а таксама дасць дадатковыя магчымасці для развіцця бізнесу.

Падчас «Дажынак-2019» у Браславе. Фота sb.by

— У Мёрскім раёне плануецца распачаць вытворчасць белай бляхі. Памер інвестыцый — да 460 мільёнаў рублёў. Якія яшчэ сур'ёзныя інвестыцыі прыцягнуты ў вобласць або плануецца іх прыцягненне ў найбліжэйшы час?

— За дзевяць месяцаў бягучага года ў эканоміку Віцебскай вобласці прыцягнута 1733,6 мільёна рублёў інвестыцый у асноўны капітал, або 104,6 працэнта да адпаведнага перыяду 2018 года ў супастаўных цэнах.

З мэтай актывізацыі знешнеэканамічнай дзейнасці, пошуку стратэгічных інвестараў і новых інвестыцыйных праектаў у 2019 годзе праводзяцца пастаянныя міжнародныя мерапрыемствы (форумы, выстаўкі, прэзентацыі), перамовы, візіты замежных дэлегацый. У адкрытым доступе на сайтах гаррайвыканкамаў прадстаўлены прапановы інвестарам, а таксама зямельныя ўчасткі для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. На тэрыторыі СЭЗ «Віцебск» маецца каля 500 гектараў свабодных зямельных участкаў, прызначаных пад новае будаўніцтва.

Цяпер з удзелам літоўскага інвестара — кампаніі ТАА «ВМГ ВудАрт» рэалізуецца інвестыцыйны праект па стварэнні вертыкальна інтэграванага дрэваапрацоўчага комплексу (аб'ём інвестыцый каля 25 мільёнаў долараў ЗША); эстонскім інвестарам — кампаніяй ТАА «Акітама» рэалізуецца праект па будаўніцтве завода па перапрацоўцы нізкатаварнай драўніны, выпуску драўняна-паліўных гранул і дробных драўняных кампанентаў (інвестыцыі складаюць больш за 30 мільёнаў рублёў).

Да канца гэтага года будзе ўведзены ў эксплуатацыю завод па вытворчасці балонаў высокага ціску ў Оршы з удзелам чэшскага капіталу (аб'ём інвестыцый каля дзевяці мільёнаў еўра).

Шэраг інвестыцыйных праектаў знаходзіцца цяпер у стадыі прапрацоўкі. Так, кітайская кампанія «Блэк Кэт Карбон» зацікаўлена ў рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па вытворчасці тэхнічнага вугляроду з інвеставаннем.

У Віцебску прапрацоўваецца магчымасць рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па гарачым цынкаванні металу. Зацікаўленасць у рэалізацыі праекта праявіла аўстралійская кампанія «Патэл груп».

— Мікалай Мікалаевіч, дарэчы, вы ўвайшлі ў рабочую групу, якая будзе кантраляваць выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы па горадзе Оршы. Што сёння ў першую чаргу на парадку дня? Якія праблемы ўжо вырашаны?

— Прынятыя кіраўніком дзяржавы і ўрадам нарматыўныя прававыя акты па Аршанскім раёне надалі новы імпульс развіццю гэтага рэгіёна па ўсіх кірунках.

Для забеспячэння ўстойлівага руху наперад створаны ўсе перадумовы.

Падпісаны Указ № 506, зацверджаны комплекс мер па рэалізацыі Праграмы развіцця Аршанскага раёна на перыяд да 2023 года і план развіцця Аршанскага раёна на 2019 год.

У новым цэху па вытворчасці замарожаных агарадніны і ягад філіялу «Цяплічны» РУП «Віцебскэнерга». Фота БЕЛТА

За студзень — верасень вышэй за сярэднеабласны ўзровень паказчыкі па вытворчасці прадукцыі прамысловасці і сельскай гаспадаркі, рэнтабельнасці продажаў, тэмпы росту інвестыцый у асноўны капітал, будаўніча-мантажных работ, тавараабароту грамадскага харчавання.

Завершана рэканструкцыя часткі будынка аператыўнага корпуса і часткі будынка сіласнага корпуса пад размяшчэнне лініі экструзіі паўнатлустай соі на тэрыторыі ЗАТ «Экамол-Агра», запушчаны цэх па вытворчасці замарожаных агародніны і ягад у філіяле «Цяплічны». Пачалі дзейнасць 47 новых прадпрыемстваў. А гэта новыя рабочыя месцы, павелічэнне паступленняў у бюджэт для вырашэння сацыяльных праблем.

Вядуцца работы па будаўніцтве шэрагу аб'ектаў аграпрамысловага комплексу, пад'язной аўтамабільнай дарогі рэспубліканскага значэння, аэрадрома Орша з капітальным рамонтам існуючай узлётна-пасадачнай паласы, уключэнню ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая не выкарыстоўваецца.

Вялікая ўвага аддаецца навядзенню парадку на тэрыторыі горада і раёна. На вуліцах і дварах з'явіліся новыя малыя архітэктурныя формы, працягваецца азеляненне тэрыторый.

— Дарэчы, у Аршанскім раёне знаходзіцца адзін з чатырох аграхолдынгаў. Вы былі ініцыятарам іх стварэння, у гэтым пытанні Віцебшчына — першапраходзец. Наколькі паспяхова яны функцыянуюць?

— Сёння інтэграцыйныя структуры — ядро аграпрамысловага комплексу, у якіх працуе больш за 40 працэнтаў занятых у сельскай гаспадарцы.

За тры гады рэалізацыі Указа Прэзідэнта «Аб развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці Віцебскай вобласці», у рамках якога створаны інтэграцыйныя структуры на базе перапрацоўчых прадпрыемстваў ААТ «Віцебскі мясакамбінат», «Глыбоцкі камбікормавы завод», «Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў», «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў», атрымалася дасягнуць пэўных вынікаў. За 2016—2018 гады прадпрыемствы інтэграцыйных структур павялічылі валавую прадукцыю сельскай гаспадаркі на 20 %, вытворчасць малака — на 11,4 %, вырошчванне буйной рагатай жывёлы — на 23,1 %, свіней — на 56,8 %.

Падчас рэалізацыі ўказа на ўзроўні названых структур былі створаныя ўмовы для цэнтралізацыі закупак высокапрадукцыйнай тэхнікі, мінеральных угнаенняў, сродкаў абароны раслін і правядзення сельскагаспадарчых работ у больш аптымальныя агратэхнічныя тэрміны.

Таксама быў створаны цэнтралізаваны фонд падтрымкі і развіцця аграпрамысловай вытворчасці Віцебскай вобласці.

Закуплена ўсяго 1365 адзінак сучаснай высокапрадукцыйнай тэхнікі, пабудавана, адрамантавана і рэканструявана 294 сянажныя траншэі, рэканструявана, адрамантавана 66 малочнатаварных фермаў і 15 комплексаў па вырошчванні буйной рагатай жывёлы і свіней.

На базе прадпрыемстваў-інтэгратараў і буйных перапрацоўшчыкаў створаны цэнтралізаваныя службы ветэрынарыі, мехатрады, будаўнічыя службы, паслугамі якіх могуць карыстацца ўсе арганізацыі і філіялы, што ўваходзяць у структуру.

Акрамя таго, каб не страціць сыравіну для загрузкі перапрацоўчых прадпрыемстваў і забяспечыць своечасовае правядзенне палявых работ, у 2017—2018 гадах у давернае кіраванне інтэграцыйным структурам перададзена каля 100 сельскагаспадарчых арганізацый, якія не маглі самастойна займацца вытворча-гаспадарчай дзейнасцю, а таксама землі і актывы прадпрыемстваў-банкрутаў. На дапамогу гэтым гаспадаркам прыйшлі механізаваныя атрады, што дазволіла летась дадаткова разараць і ўцягнуць у севазварот 15 тысяч гектараў раллі, закінутай у выніку ліквідацыі (банкруцтва) сельскагаспадарчых арганізацый. Гаспадаркі былі забяспечаны кармамі, ГЗМ, насеннем, асноўнымі гербіцыдамі для праполкі пасеваў збожжавых культур, кукурузы, рапсу.

У выніку ў недалучаных сельскагаспадарчых арганізацыях выручка ад рэалізацыі прадукцыі ўзрасла ў 2,2 раза да ўзроўню 2015 года, што дазволіла атрымаць пяць мільёнаў рублёў чыстага прыбытку супраць страты 4,6 мільёна рублёў у 2015 годзе, а таксама павялічыць узровень сярэднямесячнай заработнай платы.

— Між іншым, у Віцебску ў 2020 годзе плануецца правядзенне «Дажынак». Наколькі правядзенне гэтага свята ўплывае на знешні выгляд райцэнтраў і іншых населеных пунктаў?

— Падчас падрыхтоўкі да фестывалю «Дажынкі» ствараецца больш выразнае аблічча райцэнтраў. Дзякуючы пераўтварэнням яны набываюць рысы сучаснага горада. Шмат робіцца для таго, каб людзі мелі годную інфраструктуру.

Штогод каля дзвюх сотняў аб'ектаў атрымліваюць другое нараджэнне ў дажыначных сталіцах. Новыя абліччы набываюць вуліцы райцэнтраў. Больш прывабнасці населеным пунктам дадаюць арыгінальныя кветкавыя кампазіцыі. Прыкметна паляпшаецца якасць вулічна-дарожнай сеткі. Сваю лепту ў навядзенне парадку ўносяць жыхары, упрыгожваючы прыдамавыя тэрыторыі.

Пасля заканчэння свята абнаўленне працягваецца. Дарэчы, мы штогод у абавязковым парадку кардынальна ўладкоўваем па два пасёлкі вобласці ў дадатак да горада, які будзе прымаць эстафету свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі».

Так, раўняючыся на аграгарадок Копысь, пераўтварэнні закранулі таксама пасёлкі Балбасава Аршанскага і Езярышча Гарадоцкага раёнаў, дзе працягваюцца работы, пачатыя летась. У цэнтры ўвагі Бягомль Докшыцкага і Багушэўск Сенненскага раёнаў. Гэтыя населеныя пункты не павінны быць тэрыторыямі кантрастаў. Калі наводзіць парадак, то ва ўсім: ад прыдамавых участкаў і цэнтральных вуліц да арганізацый. Усё атрымаецца, калі работа будзе весціся не толькі сіламі мясцовай улады. Самі жыхары не павінны заставацца ўбаку ў справе падтрымання парадку. Гэта ж робіцца для сябе, для падрастаючага пакалення. Ды і ў цэлым, каб кожнаму стала прыемней жыць, працаваць і адпачываць.

— Віцебшчыну даўно асацыююць з традыцыямі высокай культуры, у свеце ведаюць яе шырокамаштабныя фестывальныя праекты — «Славянскі базар», «Званы Сафіі», «Браслаўскія зарніцы» і іншыя. У такія дні рэгіён наведвае шмат турыстаў. А што ў астатні час? У якім кірунку трэба развіваць турыстычную галіну?

— Віцебская вобласць мае значны патэнцыял развіцця турызму — пазнавальнага, экалагічнага, аздараўленчага, сельскага, паломніцкага, транзітнага. Назапашаная стагоддзямі культурна-гістарычная спадчына ўяўляе міжнародны інтарэс, а размешчаныя на тэрыторыі рэгіёна экалагічныя сістэмы і прыродныя ландшафты ўнікальныя.

У параўнанні з 2015 годам колькасць арганізаваных турыстаў і экскурсантаў, якія наведалі Віцебскую вобласць, павялічылася з 25,6 тысячы чалавек да 37,6 тысячы, ці ў 1,5 раза, колькасць прынятых турыстаў суб'ектамі аграэкатурызму вырасла з 32,2 тысячы да 42,1 тысячы чалавек, ці ў 1,3 раза. Выручка ад аказання турыстычных паслуг арганізацый, якія ажыццяўляюць турыстычную дзейнасць, павялічылася ў 1,8 раза. Наша вобласць — адзіная ў краіне, дзе ў кожным раёне (горадзе) дзейнічае турысцка-інфармацыйны цэнтр.

Адзін з прыярытэтных кірункаў турыстычнай дзейнасці — аграэкатурызм, тая сфера, у якой аб'ядноўваюцца намаганні як эканамічнага, так і неэканамічнага характару, як міжнароднага, так і нацыянальнага ўзроўня.

ААТ «Нафтан». Фота БЕЛТА

Прамысловы турызм, або арганізацыя турыстычных экскурсій на дзеючыя вытворчасці, у Віцебскай вобласці знаходзіцца ў пачатку шляху развіцця, аднак мае значны патэнцыял. Развіццё прамысловага турызму, спадзяюся, таксама паслужыць дадатковай рэкламай прампрадукцыі, будзе спрыяць яе збыту, далейшаму эканамічнаму росту прадпрыемстваў.

Тэатральны турызм толькі пачынае развіццё. Так, 25—26 лістапада 2017 года ў Полацку прайшоў прэс-тур для рэспубліканскіх і мясцовых сродкаў масавай інфармацыі ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі», дзе адбылася прэзентацыя новых турыстычных прадуктаў «Полацк Тэатральны»: пастаноўка спектакля аб Францыску Скарыну (тэатра гістарычнага касцюма «Полацкі звяз») і пастаноўка спектакля «Легенда аб Усяславе Полацкім» у камерным выглядзе (заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра «Пілігрым»).

Вобласць стала першапраходцам у развіцці гэтага віду турызму!

Віцебшчына — адзіная ў Беларусі, якая ўключана ў Еўрапейскую сетку кулінарнай спадчыны. І наша краіна прадстаўлена пяццю раёнамі вобласці: Мёрскім, Верхнядзвінскім, Глыбоцкім, Полацкім і Лепельскім. Тут засяроджана больш за 30 аб'ектаў грамадскага харчавання, якія прапануюць унікальныя стравы з мясцовых прадуктаў.

Усё больш папулярным кірункам уязнога турызму становіцца педагагічны турызм, што знаходзіцца на скрыжаванні такіх сфер, як педагогіка, турызм, адукацыйны менеджмент. Усё большая колькасць педагогаў карыстаецца магчымасцю злучыць падарожжа з навучаннем і павышэннем кваліфікацыі. На базе ўстаноў адукацыі Віцебскай вобласці арганізуюцца семінары-практыкумы па абмене вопытам работы для педагогаў устаноў адукацыі Расійскай Федэрацыі.

Таксама і медыцынскі турызм з кожным годам становіцца ўсё больш запатрабаваны і папулярны сярод замежных грамадзян.

Варта адзначыць, што па выніках 2017 і 2018 гадоў турыстычныя прадпрыемствы Віцебскай вобласці занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару ў намінацыі «Арганізацыі, якія ажыццяўляюць турыстычную дзейнасць» (выбіраецца толькі адно прадпрыемства з усёй краіны).

— Мікалай Мікалаевіч, працягваецца «трылогія» Года малой радзімы. На сустрэчы з журналістамі ў дзень іх прафесійнага свята вы таксама згадвалі родныя мясціны... Прыемна, калі бізнесмены, палітыкі, творчыя дзеячы клапоцяцца пра свой «родны кут». Ці шмат такіх прыкладаў на Віцебшчыне?

— Аб'яўленне Года малой радзімы падштурхнула больш пільна прыгледзецца да праблем маленькіх вёсак, невялікіх пасёлкаў, іх добраўпарадкавання. Упэўнены, сапраўдная любоў да Радзімы пачынаецца з клопату пра яе.

Цяжка пералічыць усе мерапрыемствы, прысвечаныя Году малой радзімы. Нават калі коратка напісаць пра кожнае, думаю, не хопіць і цэлага нумара газеты. І ўсё больш прыкладаў, калі нераўнадушныя людзі ажыццяўляюць рэальныя справы. Заснавальнік турыстычнага комплексу «Чырвоны Бор» Наваполацкага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Інтэрсэрвіс» Мікалай Верабей адзін з, можна сказаць і так, актывістаў. Ён уносіць значны ўклад у развіццё Верхнядзвінскага раёна, дапамагае ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы сацыяльнай сферы. Прымае актыўны ўдзел у пытаннях навядзення парадку на зямлі, добраўпарадкавання сельскіх тэрыторый, паляпшэння інфраструктуры гарпасёлка Асвея. Выклікаюць павагу і падзяку яго намаганні па ўвекавечанні памяці ахвяр Вялікай Айчыннай, дапамозе ў рэканструкцыі домаўладанняў грамадзян, будаўніцтве дарог, культавых аб'ектаў.

За асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Верхнядзвінскага раёна, актыўную грамадзянскую пазіцыю Мікалай Верабей удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2015».

Максім Калінін, дырэктар і заснавальнік прадпрыемства «Калінпрадукт», дэпутат Новалукомльскага гарадскога Савета дэпутатаў, для якаснага адпачынку з дзецьмі на базе старога кінатэатра ў Новалукомлі стварыў забаўляльны цэнтр «Электрон». Гэта комплекс з рознымі забаўляльнымі пляцоўкамі і кафэ, якое абсталявана пры ўдзеле супрацоўнікаў МНС спецыяльна для навучання дзяцей асновам бяспечнай жыццядзейнасці. Аддае Максім Калінін вялікую ўвагу прапагандзе здаровага ладу жыцця і развіццю спорту ў рэгіёне. Дзякуючы яму ў Новалукомлі з'явіліся фітнес-зала, адкрытая трэніровачная пляцоўка для заняткаў спортам. Арганізоўвае ён і міжнародныя турніры па міні-футболе для дзяцей з удзелам камандаў Чашніцкага раёна. Аказвае дабрачынную дапамогу ў аднаўленні і рамонце храмаў, размешчаных на тэрыторыі раёна.

Упэўнены, яшчэ будзе шмат навін і асоб, каб ганарыцца тым, што робіцца ў рамках Года малой радзімы.

— І апошняе пытанне. Чым асабіста вам запомнілася гэта апошняя чвэрць стагоддзя? Чым парадавала ці, можа, засмуціла?

— Радуе, што за 25 гадоў наша краіна ўдала пераадолела выпрабаванні пасля знікнення з карты свету СССР. Няпростая сітуацыя склалася ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы і іншых сферах. У самыя кароткія тэрміны неабходна было вырашыць праблемы ўздыму эканомікі, не забываючы галоўнага — паляпшэння якасці жыцця грамадзян і павышэння іх дабрабыту. І кіраўніцтву краіны, вобласці ўдалося ў аптымальныя тэрміны справіцца з пастаўленай задачай.

Зараз стабільна забяспечваецца станоўчая дынаміка развіцця асноўных галін эканомікі. Як незалежная дзяржава Беларусь упэўнена развіваецца і насамрэч з'яўляецца краінай для годнага жыцця. Шчыра радуюся, калі бываю на сваёй малой радзіме — на Аршаншчыне, і прыемна, калі людзі кажуць дзякуй уладзе за тое, што зроблена. Населеныя пункты дагледжаныя, у людзей ёсць магчымасць працаваць, жыць у сваім жыллі, мець дапаможную гаспадарку. Усё больш вёсак, якія не горшыя для жыцця, чым райцэнтры...

Беларусы не прывыклі сумаваць. Усе цяжкасці, праблемы можна пераадолець, калі ёсць сістэмныя падыходы ў іх вырашэнні, калі добрасумленна працаваць, дакладна паставіўшы сабе канкрэтныя мэты. Упэўнены, усё ў нас атрымаецца, і Віцебшчына вельмі годна будзе і надалей працаваць на дабрабыт усёй краіны.

Падрыхтаваў Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: «Сапраўдная любоў да Радзімы пачынаецца з клопату пра яе»

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Усё, што трэба ведаць пра змены ў Жыллёвым кодэксе

Усё, што трэба ведаць пра змены ў Жыллёвым кодэксе

Мы паспрабавалі адшукаць самыя вострыя вуглы новаўвядзенняў і ўявіць, як будзе працаваць гэты дакумент пачынаючы з 2020 года.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Як запрасіць чалавека, каб ён не прыйшоў, і знойдзены кашалёк.

Грамадства

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Усё, як у казцы: прыгожая зала, музыка, пачастункі. Абаяльныя людзі распавядаюць аб правільным харчаванні і рэкламуюць свой тавар...

Грамадства

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

Гэта адходы шкла, паперы, пластыку, шын, батарэек, машыннага масла...