Вы тут

У Заходнім мікрараёне Гомеля пачалі будаваць зону адпачынку для самых маленькіх


Жыхары дамоў №№ 10, 12 і 14 на вуліцы Гайдара за ўласныя сродкі і практычна сваімі сіламі ўжо зрабілі некалькі гульнявых зон для дзяцей. І наперадзе ў іх яшчэ вялікія планы, паведамляе газета «Савецкі раён».


Стар­шы­ня КТГС «Гай­да­раў­скі» Люд­мі­ла Са­ма­рда­ка­ва  і дэ­пу­та­ты гар­са­ве­та Мі­ха­іл Прус і Мі­ха­іл Па­чы­нок.

На дваровай тэрыторыі паміж шматпавярховікамі досыць месца, дзе дзеці могуць бавіць час. Але з забавак маленькім жыхарам прапаноўваліся толькі перакладзіны, паламаная горка-верталёт і пустка, па якой нават на санках узімку не праехаць.

Невялікі «мамсавет» узяў ініцыятыву ў свае рукі. Сабралі грошы на фарбу, умацавалі і абнавілі металічныя канструкцыі. Наступнай неабходнай пазіцыяй вызначылі набыццё пясочніцы. Да актывістак далучылася каля 70 суседзяў, а неўзабаве прыйшлі на дапамогу дэпутаты, спонсары і камунальнікі.

Стварэнне «Маленькай краіны» на вуліцы Гайдара стала лагічным працягам руху па добраўпарадкаванні двароў, які пачалі некалькі гадоў таму актывісты КТГС «Сонечны». Унікальную для горада ініцыятыву падтрымалі практычна ўсе раёны, але самыя, бадай, яркія вынікі можна сустрэць у Савецкім. «Сонечны дворык», «Праспект цудаў», «Горад міньёнаў»... Дырэктару дзяржпрадпрыемства «Савецкае», дэпутату гарсавета Міхаілу Прусу не хапае пальцаў на руцэ, каб пералічыць адрасы двароў, якія пачалі добраўпарадкоўвацца дзякуючы настойлівасці і творчаму падыходу суседзяў.

У Заходнім мікрараёне такі двор першы, ён уваходзіць у склад КТГСа «гайдараўскіх». Ідэяй на месцы былой «верталёткі» пабудаваць «Маленькую краіну» першымі загарэліся мясцовыя жыхаркі Ганна Булановіч і Таццяна Мекшун.

— Улады і камунальныя службы ідуць з падтрымкай туды, дзе нас чакаюць, дзе людзі гатовыя да перамен і турбуюць нас у добрым сэнсе гэтага слова, — тлумачыць выбар пляцоўкі Міхаіл Прус. — Дапамагчы спланаваць тэрыторыю, прывезці пясок або непатрэбныя дошкі тым, хто з іх зробіць гульнявое абсталяванне, нам няцяжка.

Фота Вячаслава КАЛАМІЙЦА.

Акрамя камунальнікаў, ініцыятыву суседзяў падтрымалі дэпутаты гарсавета. Так, Міхаіл Пачынок знайшоў рэсурсы, каб аднавіць горку-верталёт. А Міхаіл Прус пераканаў гарадскую ЖКГ накіраваць знятую летась плітку з вуліцы Савецкай менавіта ў гэты двор на стварэнне пешаходных сувязяў.

Ну а актыўнасці жыхароў можна толькі пазайздросціць. Малады бацька Сяргей Паплаўны днём працуе электрыкам, а па вечарах і выхадных будуе зону адпачынку для самых маленькіх. Паддоны і старыя дошкі ў яго руках ужо ператварыліся ў гульнявую хатку, масток і арэлі, а вялікія шпулькі з-пад кабелю — у столік і крэслы. У планах — невялікі лабірынт з драўляных шчытоў.

У Vіbеr «мамсавет» стварыў тэматычную групу, дзе жыхары двара дзеляцца ідэямі, карыснай інфармацыяй, абмяркоўваюць далейшыя планы па добраўпарадкаванні. З найбліжэйшых — сабраць грошы на вялікую горку і новыя арэлі, перспектыва налета — абсталяваць у «Маленькай краіне» шматфункцыянальны гульнявы комплекс.

Тым часам да ініцыятывы на вуліцы Гайдара прыглядаюцца жыхары суседніх дамоў — №№ 4, 6 і 8. На іх тэрыторыі можна разбіць спартыўны гарадок для старэйшых дзяцей. Тут ужо ёсць баскетбольнае кола з сеткай, турнікі, вароты для міні-футбола. Апошнія, дарэчы, з'явіліся таксама дзякуючы дэпутатам гарсавета. У дзень адкрыцця «Маленькай краіны» яны прыехалі ў двор павіншаваць жыхароў і выслухаць іх просьбы.

Самым надзённым стала пытанне асвятлення дзіцячай пляцоўкі. Наяўныя вулічныя ліхтары накіраваны на праезную частку і пешаходныя сцежкі. Міхаіл Пачынок і Міхаіл Прус паабяцалі паглыбіцца ў праблему і знайсці аптымальнае рашэнне. Пакуль жа тут прайшоў ямачны рамонт часткі двара, за што жыхары горача падзякавалі дэпутатам. Налета астатнюю частку дарогі залатаюць адну з першых.

Загаловак у газеце: «Маленькая краіна» сваімі рукамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.