Вы тут

Дэфіле ля крыніцы


Маленькі сучасны горад Дзісна, які бярэ свой пачатак у Сярэднявеччы, месціцца на берагах адразу дзвюх рэк — Дзвіны і Дзісны. Спрадвеку тут працавалі арцелі, квітнела рамяство, сярод майстравых людзей шчыравалі і ганчары. Іхнія вырабы і дагэтуль захоўваюцца ў ашчадных гаспадароў і на музейных паліцах. Уздоўж рачных берагоў струменяць шматлікія крыніцы. Адзін з такіх вытокаў знаходзіцца на левым дзісенскім беразе. Над вытокам збудаваны драўляны шацёр, вада збіраецца ў цэментны калодзеж круглай формы — сюды вядзе вузкая, але выбітая сцяжына. Ужо не адно стагоддзе дзісенцы ходзяць па сцежцы «ў крыніцу» — так спрадвеку называюць гэтае месца, каб зачэрпнуць чыстай, халоднай, смачнай вады. Выток хоць і не з'яўляецца афіцыйным помнікам прыроды, але, насамрэч, такі ён і ёсць.


Вяртаннем да сваіх спрадвечных вытокаў у Дзісне стала і праца мясцовага Цэнтра рамёстваў па адраджэнні жаночых строяў. Майстры-рукадзельнікі на аснове архіўных звестак і пошукавых экспедыцый аднавілі строі гарадской мяшчанкі канца ХІХ пачатку ХХ стагоддзя і строі замужняй жанчыны-сялянкі ХVІІІ-ХІХ стагоддзяў. Вось што кажа пра рэканструкцыю строяў мясцовая жыхарка Людміла Ганебная (на фота справа) — майстрыха па ткацтве, дырэктар Цэнтра рамёстваў: «Гэтыя строі складаюцца з асноўных элементаў — кашулі, жылеткі, фартуха, андарака, пояса, наміткі. Мінулай зімой я вышывала карункі на рукавах і наплечніках — капіявала іх з аўтэнтычнай кашулі, ткала пояс, падбірала колер, выкройвала і шыла іншыя часткі касцюма».

Подыум для дэфіле строяў выбралі менавіта каля крыніцы. Людміла Ганебная і кіраўнік гуртка па пляценні і вязанні Яўгенія Козел прыйшлі з гліняным посудам ад старых майстроў, каб падкрэсліць натуральнае асяроддзе, спалучэнне сучаснасці і старажытнасці.

Анатоль Кляшчук, фота аўтара, Мёрскі раён

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візітам у Егіпет

Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візітам у Егіпет

Чакаецца падпісанне пакета двухбаковых дакументаў.

Грамадства

Прадпрымальнікі запусцілі сацыяльную ініцыятыву, каб сэканоміць сродкі бюджэту, але вымушаны за гэта плаціць

Прадпрымальнікі запусцілі сацыяльную ініцыятыву, каб сэканоміць сродкі бюджэту, але вымушаны за гэта плаціць

На ўпарадкаванне пасля прыклееных паперак выдаткоўваюцца велізарныя сродкі.