Вы тут

Васіль Ткачоў. Жыццёвінкі


ЗАДАННЕ

Фота мае ілюстрацыйны характар.

У гэтым невялікім рабочым пасёлку некалькі вуліц. На адной з іх жыве Лізавета Пятроўна, а на другой, але гэта значна паводдаль, — яе сын Сцяпан з жонкай і сынам-школьнікам. Маці без года дзевяноста, муж, Аркадзь, даўно памёр, дочкі, а іх у Лізаветы Пятроўны дзве, прыжыліся ў горадзе. Побач — толькі сын. Старой, трэба сказаць, пашанцавала, бо такога сына пашукаць: не адыходзіць ад маці. Кожны дзень забяжыць, пацікавіцца: «Ну, як ты тут?» Хацеў наогул забраць старую да сябе, але тая адмахнулася, заўпарцілася: «Мяне ўжо перасаджваць на новае месца, што старое дрэва. Ці прыжывуся? А тут я ў сябе дома. Крыху поўзаю, і добра. Не крыўдуй, сынку. І ты ж, дзякаваць богу, малайчына — не забываеш. А там дзеўкі мае калі прыедуць з горада, унукі, то такі гамуз будзе — куды там! Ды, відаць, дзяцей заўсёды цягне ў тую хату, дзе яны хадзіць вучыліся, дзе ім усё да драбніц знаёма... А варта не пажыць колькі часу ў сваёй хаціне, яна і адвернецца ад чалавека... будзе глядзець на яго ўжо не так... чужой стане... халоднай...»

Так і жылі маці і сын — на розных вуліцах і ў сваіх хатах. А тут жыццё раптам унесла неспадзяваныя карэктывы: банкрутам прызналі мясцовую фабрыку, метызы нікому сталі не патрэбны, і Сцяпан застаўся без работы. Што рабіць? Як жыць далей? Жонка, праўда, працавала ў дзіцячым садку, але ж на адну яе зарплату доўга не працягнеш. Лізавета Пятроўна як магла таксама дапамагала грашыма. Але пазней Сцяпану прапанавалі работу вахтавым метадам у лясгасе. Выбару не мелася — трэба было ехаць у лес адразу на некалькі дзён. Перад тым, як адправіцца ў камандзіроўку, ён прыйшоў да маці не адзін — с сынам Сярожам, які вучыўся ў другім класе. І пры ёй сказаў яму:

— Мама, Сярожа, пакуль я знаходжуся ў лесе, будзе заходзіць да цябе кожны раз па дарозе са школы. Што табе трэба — скажаш яму. Ён усё зробіць. Ты ўсё зразумеў, сынуля?

Сярожа бадзера адказаў:

— Заданне атрымана! Будзе выканана! Едзь спакойна і за нас не хвалюйся. Так, бабуля?

Старая прыгарнула ўнука да сябе, ледзь прыкметна ўсміхнулася:

— Так, унучак, так. Увесь у бацьку...

І суседзі бачылі, як пасля школы Сярожа, раз-пораз папраўляючы на спіне цяжкаваты заплечнік, кожнага дня заходзіў да бабулі...


ЯГАДЫ

Так атрымалася, што пад старасць, можна сказаць, Марыя зацяжарала трэцім дзіцем. Спярша расхвалявалася, калі даведалася пра гэта, бо год усё ж нямала — трошкі за сорак, што людзі скажуць? А тады махнула рукою, павесялела: «А што мне людзі! — супакойвала сябе жанчына. — Ды, можа, і добра, што так атрымалася — пад старасць памочнік у сям'і будзе. Гэтыя двое, дачка і сын, не сёння-заўтра разляцяцца, пакінуць бацькоўскі дом. Як той казаў, што ні робіцца — усё да лепшага...»

Муж, калі даведаўся, што народзіцца сын, быў, здавалася, на сёмым небе ад шчасця.

— Мне хоць будзе з кім на хакей ды футбол хадзіць! — ледзьве не пляскаў ён у ладкі. — А то Міхася ўпусціў — спярша не браў з сабой, бо, лічыў, малы яшчэ, не дарос, куды яму, а потым той і сам не праяўляў цікаўнасці. Гэтага не ўпушчу!

Пайшоўшы ў дэкрэт, Марыя прыехала ў вёску да маці. Не проста праведаць старую, але і дапамагчы чым зможа па гаспадарцы.

— Сядзі ўжо, дачка, я сама спраўлюся, — ківаючы на жывот, які ўжо добра-такі акругліўся, гаварыла маці. — А то яшчэ што здарыцца, не дай божа!.. У нас тут цяпер ні дактароў, нічога...

— Ты за мяне, мама, не перажывай, — супакойвала Марыя. — Вось заўтра сястра Танька прыедзе, то яшчэ і па ягады сходзім. Бо дужа ж ужо багата дурніц сёлета на нашым балоце!

Маці не адразу адказала Марыі. Крыху счакаўшы, уздыхнула і з сумам у голасе прамовіла:

— Даўно і я на тым балоце не была. Усё няма калі...

Што, мусіць, азначала: а мо і мне з вамі, дзеўкі, выбрацца?

На выхадныя, як і чакалася, прыехала і Танька з дзецьмі — дачкой і сынам. Дзеці амаль дарослыя — старшакласнікі.

— Ну што, па ягады? — паабедаўшы, акінула позіркам гасцей Марыя. — Заўтра? Зранку? Не чую воплескаў!

Яе дружна падтрымалі. Хоць пляменнік і пляменніца паглядзелі спярша на цяжарную цётку, здзіўлена пераглянуліся: няўжо і яна пойдзе ў такім стане?

Вярнуліся з ягад апоўдні. Крыху натомленыя, але шчаслівыя: посуд, што бралі, кожны напоўніў з каптурком. Але самае большае вядзерца было ў Марыі!

— Здзіўляецеся, бачу? — паглядзела яна на сваякоў, усміхнулася. — А нічога тут дзіўнага няма. Я ж не адна збірала ягады — нас было двое. Улічваць трэба!..


СОН

Больш за ўсё Марфа Мікалаеўна баялася за свайго першынца — Валерку. Рос ён паслухмяным і жвавым хлопчыкам, добра вучыўся ў школе. Пасля заканчэння дзесяцігодкі нікуды паступаць, да здзіўлення многіх, не паехаў, а застаўся працаваць у мясцовым клубе загадчыкам, там якраз мелася такая вакансія. «Пакуль не вырашыў, кім хачу стаць, — апраўдваўся перад дужа цікаўнымі. — Трэба агледзецца вакол сябе». Пакуль вырашаў і аглядаўся, наспеў час ісці ў войска. Трапіў ажно на Далёкі Усход. Пісаў бацькам рэгулярна, хваліўся, што служба ў арміі падабаецца. А неяк прызнаўся, што камандзір параіў яму паступаць у вышэйшае ваеннае вучылішча. Пры гэтым падкрэсліваў: з цябе, кажа, атрымаецца добры афіцэр. Што скажаце, мае родныя?..

Дома, канешне ж, парадаваліся: афіцэр — гэта няблага, будучае ў сына будзе забяспечана. Вунь як ганарацца сваімі сынамі, якія сталі камандзірамі ў арміі, землякі!

Валерка паспяхова скончыў вучылішча, пабраўся шлюбам з прыгожай дзяўчынай, з якой пазнаёміўся на новым месцы службы. А там, як гром з яснага неба, — Афганістан... Увайшла туды і вайсковая часць, у якой служыў камандзірам узвода лейтэнант Валерка. Адтуль, да глыбокага смутку родных і блізкіх людзей, ён вярнуўся ў цынкавай дамавіне...

Пазней Марфа Мікалаеўна прызнавалася:

— Сон я бачыла... Як толькі Валерку нарадзіла... Быццам упусціла яго, маленькага, груднічка, у раку, а ён паплыў, паплыў і прапаў з вачэй. Я бягу па беразе, гукаю яго, углядаюся ў рачную роўнядзь, а яго нідзе не відаць... Так і не ўбачыла... А мне суседка, калі я ёй пра гэты сон паведала, адразу і заявіла як адрэзала, прама ў вочы: ён у цябе, дзеўка, доўга не пражыве... Я тады пакрыўдзілася была на суседку: што ты такое кажаш?! Сплюнь! Але дарэмна пакрыўдзілася: яна мне праўду, выходзіць, сказала... Балючую, нядобрую, але — праўду... Сон, на нашу бяду, збыўся... Хоць і пражыў яшчэ пасля яго наш сыночак дваццаць шэсць гадкоў...


РОДНАЕ

У кожнага з нас ёсць прыгожая, сонечна-светлая і загадкава-таямнічая краіна, назва якой — дзяцінства. Асабліва на схіле гадоў мы туды ой як часта вяртаемся!

Рыгор Паўлавіч вырас у вёсцы. Пакінуў яе даўно — якраз у той час, калі можна было атрымаць пашпарт. Нагадаю, калі хто забыўся ці не ведае: каб затрымаць людзей у вёсцы, у сярэдзіне мінулага стагоддзя было забаронена выдаваць пашпарты сялянам, а без дакумента каму ты дзе патрэбен? Вырваўся тады з вёскі і Рыгор. Паехаў у Казахстан, дзе ўжо працавалі на шахце некаторыя ягоныя землякі. Калі наведваліся дадому, то шыкавалі надта. Частавалі землякоў у мясцовай краме гарэлкай, бралі да яе самую дарагую закуску, а асобныя нават куплялі сваякам веласіпеды: катайцеся, нам грошай не шкада, шахта яшчэ падкіне!..

Быў выпрацаваны тады своеасаблівы ланцужок: паехаў адзін хто куды-небудзь падалей ад сваёй малой радзімы, не паспееш і вокам міргнуць, як за ім услед туды ж перабіраецца яшчэ нехта, потым яшчэ... Так паступова адна частка вёскі перасялілася ў той жа Казахстан, другая атабарылася ў Карэліі, трэцяя — у Крывым Розе... Не кажучы ўжо пра райцэнтр і абласны горад.

Амаль дваццаць гадоў Рыгор Паўлавіч працаваў шахцёрам, а потым жонка перацягнула яго на сваю радзіму — у горад Орск Арэнбургскай вобласці. Там і дажывае свой век. Быццам і пенсія неблагая, і гадоў жыццё адмерыла пад дзевяноста. Што яшчэ трэба чалавеку, здавалася б. Але не дае спакою туга па вёсцы, па сваёй малой радзіме. «Туды б вярнуцца, там бы памерці...» — нярэдка думае ён, і шкадуе, што паслухаўся жонку, паддаўся: трэба было б усё ж настаяць, каб бліжэй перабірацца да сваіх родных мясцін, у Беларусь. Але як атрымалася, так атрымалася. Назад не павернеш. Позна. І ўсё ж ён у рэшце рэшт не вытрымаў, вярнуўся — хоць вокам глянуць, хоць глыток паветра свайго дзяцінства ўхапіць... Смачней за яго, відаць, няма нічога на свеце...

Прыехаў у вёску старэнькі дзядуля з унукам, бо ў такім узросце як бы ён адзін дабраўся? Толькі вёскі сваёй чалавек не знайшоў. Спазніўся. Ні хат, ні дрэў... На яе месцы было звычайнае поле. Пабываў на могілках, ледзьве адшукаў на іх крыжы, пад якімі пахаваны маці і бацька, дзяды і бабулі. Паклаў кветкі. І не змог стрымаць здрадніцкія слёзы.

— Прабачце, што даўно не прыходзіў, — шаптаў стары. — Усё адкладваў ды адкладваў... а таго і не заўважыў, як жыццё праляцела... Думаў, яно доўгае, а яно — пшык... Даруйце, мае родныя... Каб можна было, я б папрасіўся прылегчы побач з вамі... Аднак не атрымаецца, Марыя не даруе... Даў слова, калі жывая была: ні на крок ад яе...

Рыгор Паўлавіч схадзіў у суседнюю вёску, папрасіў у першай хаце, папярэдне назваўшы сябе, рыдлёўку і зноў вярнуўся на тое месца, дзе некалі стаяла пад чыстым небам і шчодра абагравалася сонейкам яго родная вёска. «Недзе тут была крыніца, — разважаў стары. — Калі хаты знесці можна, спаліць ці закапаць, то нельга ж закапаць крыніцу, спыніць яе ход з зямлі на свет Божы. А якая смачная, гаючая была тая крынічная вада! Ажно зубы нямелі... Але што нам, маладым!.. Пілі і радаваліся...»

Стары нарэшце вызначыў тое месца, дзе па ягоных згадках-меркаваннях павінна быць крыніца, і ўнук запрацаваў рыдлёўкай. Доўга ці не ён капаў, аднак свайго Рыгор Паўлавіч дамогся — крыніца ажыла!

На другі дзень яны абклалі крыніцу камянямі, а дно яе ўсыпалі маленькімі рознакаляровымі каменьчыкамі, якія неўзабаве зрабіліся чысценькімі, як і сама вада. На адзін з камянёў Рыгор Паўлавіч паставіў кубак, што браў у дарогу. «Хай тут стаіць. Мо хто захоча наталіць у спякотны дзень смагу?..Мо хто яшчэ захоча перайсці гэтае поле, як я?..»

Ён доўга, да слёз уваччу, глядзеў на крыніцу, на гэты неацэнны зямны скарб, і раптам спалохаўся, што не зможа пакінуць яе, як некалі пакінуў вёску... Вось зараз возьмуць і не паслухаюцца ногі... Нібы шукаючы падтрымкі, з трывогай глянуў на ўнука. Той моўчкі ўзяў дзеда пад локаць, і яны пайшлі.

Рыгор Паўлавіч некалькі разоў азіраўся — пакуль не прапала з вачэй крыніца. Гэтым разам — назаўсёды. Назусім...

Васіль ТКАЧОЎ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Перайсці поле...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.