Вы тут

Васіль Ткачоў. Жыццёвінкі


СПРЭЧКА

У гэтым доме састарэлых у адным пакоі жывуць дзве бабулі, Пятроўна і Сідараўна. Амаль равесніцы, год-другі туды-сюды нічога не значаць. Неяк узнікла паміж імі спрэчка, ды такая, што ажно суседзі пачалі грукаць у сцяну: ціха вы там, няўрымслівыя!.. Супакойцеся!..

А справа атрымалася такая. Пятроўна даўно жыве ў доме састарэлых, а Сідараўна з'явілася тут адносна нядаўна — з паўгода таму. Вядома, першая палічыла сябе на правах старажылкі галоўнай у пакойчыку, таму іншы раз вучыла Сідараўну, як і што рабіць, дзе і каму што казаць.

Магла і цыкнуць на яе, голас павысіць. Апошняя не крыўдавала, слухалася, ахвотна пагаджалася і дзякавала за навуку. А тут раптам Пятроўна выведала ад суседкі, што Сідараўна амаль усё жыццё прасядзела на шыі мужа, нідзе толкам не працавала, а калі дзеда не стала, дзеці прывезлі яе ў дом састарэлых: маўляў, тут тваё месца, мамуля.

— Дык якая, кажаш, у цябе пенсія была? — насцярожылася ў той вечар Пятроўна.

Паколькі хлусіць Сідараўна не ўмела, то адказала, як яно і ёсць: пенсія была ў яе сапраўды маленькая. Дакладней сказаць — мінімальная. І Пятроўна абурылася:

— Як гэта так?! Чаму такая несправядлівасць?! Дзе праўда?!

Сідараўна насцярожылася:

— Што не так, суседачка?

— А тое не так, даражэнькая мая... Я ўсё жыццё спіну гнула ў першым механічным цэху каля станка, а потым у кавальскім каля мартэна стаяла доўгі час нароўні з мужчынамі, зарабіла ўдвая большую пенсію, чым ты, і што ж гэта атрымліваецца?.. Прасвістала ты, можна сказаць, пад бокам у мужа жыццё, пралайдачыла, а спім мы сёння з табой на аднолькавых ложках, адны і тыя ж на іх коўдры і прасціны, адно і тое ж сёрбаем за сталом... Чаму такая несправядлівасць?

— Не разумею цябе, Пятроўна!..

— А што тут разумець! Пенсія ў мяне ў два разы большая, а вылічваюць з нас пароўну — па восемдзясят працэнтаў з яе. Па восемдзясят?

— Быццам так.

— «Быццам так». Дык я вось і кажу: чаму так? Чаму?.. А, маўчыш? Вядома, а што табе сказаць, калі ты сядзела раней на шыі мужа, а цяпер на маю шыю ўселася. Уселася і ногі звесіла. Не мулка?

— Цьфу на цябе, цьфу! Што ты такое кажаш? — Сідараўна замахала на Пятроўну рукамі. — А ты тут пры чым? Мяне дзяржава корміць і поіць. Думай, што кажаш!..

— А дзяржава — не мы самі хіба? — Пятроўна перавяла дыханне, катэгарычна заявіла. — Дзе б мне якога карэспандэнта знайсці? Ці на якую лінію да ўлады дабрацца? Пытанне, суседачка, сур'ёзнае: з цябе восемдзясят, з мяне столькі ж, а наяве атрымліваецца, што я ў дурнях аказалася... З чаго б такая несправядлівасць, людцы добрыя?!.. Мае восемдзясят працэнтаў пераплюнуць усе твае сто ў два разы!..

Бабулі яшчэ доўга спрачаліся ў той вечар. Заснулі позна. Ранічкай Пятроўна паглядзела на ложак Сідараўны, дзе тая мірна пасопвала.

 «Спіць? Хай дрыхне. Чаго гэта я да яе ўчора прычапілася? — папракнула сябе. — У яе было сваё жыццё, у мяне — сваё, а сёння ў нас яно аднолькавае... Прачнецца — папрашу прабачэння. Павінюся. Што нам ужо тут дзяліць, старым перачніцам?»

І Пятроўна ўсміхнулася светлай раніцы, якая зазірнула праз акно ў іх маленькі, але ўтульны пакойчык...

ПРОМАХ

Няхай не крыўдуюць на мяне жанчыны. Але ўсё ж іншым разам трэба іх уважліва паслухаць, а зрабіць па-свойму. У чым я пераканаўся нядаўна, калі пачуў гісторыю свайго аднагрупніка па вайсковым вучылішчы. Больш за тое, чатыры гады мы жылі ў адным пакоі на чатырох чалавек. Хоць не скажу, што надта сябравалі, не: у яго былі дружбакі сярод іншых курсантаў, у мяне — таксама. Віктар родам з Харкава, ведаў, што вырас ён без бацькі.

Пасля заканчэння вучылішча апынуліся далёка адзін ад аднаго: ён у Мурманскай вобласці, я — у Ашхабадзе. Апошні раз бачыліся на трыццацігоддзі з дня выпуску ў Маскве. Усе былі ў цывільным адзенні, таму хто ў якім званні, паспрабуй зразумей. Аднак ведаў, што Віктар даслужыўся да палкоўніка. Малайчына, што тут казаць!

Ужо амаль перад самым звальненнем у запас Віктар служыў у ГСВГ (Група савецкіх войскаў у Германіі). Тут варта заўважыць, што жонка ў яго з Ленінграда (справа была да перайменавання горада ў Санкт-Пецярбург), і калі за паўгода да заканчэння тэрміну службы за мяжой яму прапанавалі замяніцца на горад на Няве, ёсць такая магчымасць, не кожнаму пашэнціць, ён адказаў па-вайсковаму коратка: прапанова сапраўды выдатная, параюся з жонкай, спадзяюся, яна абрадуецца — усё ж паедзем даслужваць у яе родны горад! Ну, парадуйцеся сабе. Чакаем адказу.

На другі дзень Віктар заявіў у аддзеле кадраў, што адмаўляецца...

Чаму — вы здагадаліся: жонка адгаварыла. «У нас, Віцюня, яшчэ паўгода служыць за мяжой, тут жа як-ніяк два аклады табе ідуць...Уяўляеш? Куды нам спяшацца, даражэнькі? Ды і не ўсё, што трэба, набылі. А тут такія магчымасці!..»

Вось так. А калі наспеў час мяняцца, то Віктар атрымаў прадпісанне прыбыць да новага месца службы... у Ташкент.

Так атрымалася, што ў той час, калі ён там служыў, амаль месяц я адпачываў і адначасова працаваў у Доме творчасці пісьменнікаў Узбекістана «Дурмон» і пажадаў, вядома ж, сустрэцца з Віктарам. На жаль, не атрымалася. Як паведамілі мне ў той часці, дзе ён служыў, палкоўнік Іванцоў выехаў у Расію — паспешліва шукаў новае месца службы, бо заканчваць яе тут не жадаў...

Знайшоў. У сталіцы Карэліі Петразаводску. З пасады палкоўніка пагадзіўся на маёрскую, але з умовай, што хутка атрымае кватэру. Кватэру атрымаў, у вайскоўцаў з гэтым праблем амаль ніколі не было. Трохпакаёвую. З вокнамі на Ладагу. Але ж жонку цягнула ў Ленінград.

Калі Віктар звольніўся ў запас, памянялі з горам папалам сваю шыкоўную кватэру на двухпакаёўку ў хрушчоўцы, і тое на Кранштат, дзе туліліся потым пяцёра чалавек — ён з жонкай, дачка з мужам і дзіцем...

А каб не паслухаўся ў свой час жонку, дажываў бы век у шыкоўнай — я ў гэтым перакананы — кватэры ў паўночнай сталіцы Расіі. Усё ж палкоўнік. І менш патраціў бы нерваў.

Так што не крыўдуйце, жанчыны... Вас слухаць, безумоўна, трэба, але не пашкодзіць мужчынам іншым разам жыць і сваім розумам.

ГЕНЕРАЛЬША

Раней гэтая жанчына зрэдчас хадзіла па тратауары якраз перад маімі вокнамі, і я бачыў яе, крыху прыгорбленую, так-сяк апранутую; было, што ўлетку, не звяртаючы ні на каго ўвагі, апусціўшы голаў, павольна, няспешна шоргала ў цёплых лямцавых старэнькіх ботах. Жабрачка — не болей. Жанчыны ж, якія звычайна сядзелі на лаве перад пад'ездам, моўчкі і пагардліва праводзілі яе паглядамі: генеральша некуды пайшла. Ну-ну...

І пэўны час маўчалі. Магчыма, які ўжо раз стараліся ўявіць мужа генеральшы, якога з іх ніхто і ніколі не бачыў, і ніяк не маглі змірыцца з думкай, што ў гэтай спітай жанчыны некалі было сямейнае шчасце, якое яна, калі верыць чуткам, сама растаптала, згубіла. Дакацілася, адным словам. І віной таму — віно, як гэта крыўдна і прыкра ні гучыць.

Гадоў колькі я не бачу гэтай жанчыны. Можа, адышла ў іншы свет, альбо знайшліся дзеці, дапамаглі, у рэшце рэшт, ёй ачомацца, узяць сябе ў рукі, стаць на ногі? Даводзілася чуць, як жанчыны асуджалі таго генерала, які быццам камандуе недзе дывізіяй, а вось з адной жанчынай, некалі, відаць, і любай, справіцца не змог. «Што гэта за генерал такі?! Адкуль узяўся гэты слабак?! Што ён сабе думае, блазнюк?! Цьфу!»

Хоць жанчыны на лаве і не ведалі, ці былі ў генеральшы наогул дзеці, аднак ім таксама даставалася. Нехта нават выказаў меркаванне, што калі генерал прагнаў жонку, ён не быў яшчэ генералам, яму было да яго як да неба... Гэта потым ён стаў тым, кім стаў.

Што цікава, за ўвесь час, які жанчыны сустракалі і праводзілі паглядамі генеральшу, ніхто не асмеліўся з ёй загаварыць. Мо таму, што яна не давала падстаў — аніводнага разу з імі нават не павіталася, больш за тое, амаль і не глядзела ў бок жанчын: седзіце і сядзіце, мне не да вас, паненкі. Адным словам — генеральша!

Пазней у каго не цікавіўся пра генеральшу, чуў адзіны адказ: ніхто з іх таксама даўно не бачыў яе. Знікла. Было — і не стала. Засталася для ўсіх загадкай. Тады і падумалася: а можа, мы яе, людзі, самі прыдумалі? Ад няма чаго рабіць, га? Мо сапраўды не было ніякай генеральшы?

Не ведаю, як каму, а мне вельмі хацелася б, каб было іменна так...

КАРТА

Гадоў колькі таму ў цягніку ехаў з Гомеля ў Магілёў, дзе ў мяне былі справы ў драматычным тэатры, і неяк адразу, нібы ведалі адзін аднаго, разгаварыліся з суседам. Мужчына гасцяваў у гомельскай сястры, а цяпер ехаў да брата, якога, як прызнаўся, таксама даўно не бачыў.

— Жыву я ў Сібіры, — з непрыхаваным пачуццём гонару сказаў зямляк. — І даўно. А Беларусь сніцца... Вярнуцца ж — позна.... Дзеці маюць кватэры ў Новасібірску... Сын і дачка... Унукі пайшлі... Як іх пакінеш? На каго? Больш скажу, я ў свой час набыў жыллё ў Магілёве, побач з братам, але потым прадаў трохпакаёвую кватэру на Шміта... Ці шкадую? Калі шчыра: ёсць такое. Але нічога не паробіш — трэба ўсё ж жыць бліжэй да дзяцей... Добра там, дзе мы ёсць... Свае... Згодны?

Я кіўнуў. Пазней Мікола, так ён назваўся, успомніў вёску, у якой нарадзіўся і жыў, а мы недалёка ад яе праехалі, якраз перад самым Быхавам, і хоць яна з цягніка яму не паказалася — была на тым беразе Дняпра, але зачапіла сэрца.

— Гм, цікава атрымалася. Скажы каму — не павераць. Перад урокам геаграфіі мы вешалі на дошку геаграфічную карту, і пакуль не было ў класе настаўніка, любілі правяраць свае веды... «А пакажы Кітай!», «А вось не знойдзеш Кубу!» Ну і гэтак далей. Адным словам, некаторыя нашы хлопчыкі і дзяўчынкі маглі знайсці на карце што заўзгодна. Не адставаў ад іх і я. А неяк Валік, сусед па парце, загадаў, каб паказаў я Тынду, тады грымеў БАМ і гэты горад быў на слыху. Я знайшоў! І, ведаеш, так атрымалася, што знайшоў я гэты горад не толькі на карце, але і для жыцця. Так-так, цяпер там і жыву. Амаль усе будаўнікі стальной магістралі раз'ехаліся, а я застаўся. Дзеці клічуць у горад, пенсія добрая, грошы ёсць і каб кватэру там купіць, але не магу — прырос да Тынды. Жыву ў прыватным доме, маем жыўнасць. Жонка ў мяне хахлуха, баба таксама вясковая, так што трымаемся за свой кавалак зямлі...

Цягнік прыбыў на чыгуначны вакзал. Мы развіталіся як добрыя і старыя знаёмыя. Забыў вось толькі Міколу сказаць, што тапталіся і мы перад геаграфічнай картай — а як жа, загадвалі адзін аднаму паказаць краіны-гарады. Хоць ён, несумненна, і сам пра гэта ведаў. Мы, дзятва, асабліва вясковая, мелі вялікае і адзінае жаданне — бы хутчэй знайсці не толькі на карце сваё месца на зямлі.

Што потым і зрабілі.

Васіль Ткачоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».