Вы тут

У Беларусі асобае стаўленне да грузін


Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Георгіем Маргвелашвілі.


Фота БЕЛТА

Сённяшняя гутарка ў Палацы Незалежнасці атрымалася сяброўскай і поўнай асабістых успамінаў. Перш за ўсё, былы прэзідэнт Грузіі спяшаўся з вялікім гонарам перадаць прывітанне і словы любві ад шматлікіх грузін — якія нават асабіста не ведаюць Аляксандра Лукашэнку.

«Я лічу, што беларусы заслужылі ад грузін такую любоў, таму што мы заўсёды з павагай ставіліся да грузінскага народа. Я вам расказваў: з савецкіх часоў паважалі, любілі, зайздросцілі — таму што грузіны былі самымі прасунутымі, усе ездзілі на „Волгах“ чорных ці белых, а мы ў іх вучыліся», — з усмешкай узгадаў беларускі лідар, што прымусіла і госця развесяліцца.

Георгій Маргвелашвілі падкрэсліў, што добрыя, трывалыя, шчырыя стасункі зараз падмацаваныя актыўнымі двухбаковымі сустрэчамі, якія ініцыявала Беларусь. Такія прызнанні — не проста словы: насуперак агульнай лініі на салідарызацыю з пазіцыяй заходніх дзяржаў Тбілісі не падтрымлівае антыбеларускія ініцыятывы і заявы ЕС і ЗША ў рамках АБСЕ. У фармаце «Усходняга партнёрства» Грузія таксама традыцыйна выступае супраць дыскрымінацыі Беларусі. Дарэчы, наша дагаворная база налічвае больш за 60 пагадненняў.

«Як у Грузіі ставяцца да беларускага прадукту ўвогуле, любога прадукту, як ставяцца да актыўнага развіцця эканамічных адносін паміж дзвюма краінамі! Гандлёвая марка „Беларусь“ стала сур’ёзным брэндам якасці», — і аб гэтым былы грузінскі лідар імкнуўся сказаць Аляксандру Лукашэнку асабіста. 

Асобна Георгій Маргвелашвілі падзякаваў за правядзенне фестывалю «Тбілісоба» ў Мінску. І хаця Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта заслуга не кіраўніка краіны, а грузін, — госць не згадзіўся: «Не ўсюды так атрымалася». Паколькі, сапраўды, у Мінску плошча ледзь умясціла ўсіх зацікаўленых, трэба паўтараць падобныя святы часцей, зрабіў выснову кіраўнік Беларусі.

«Калісьці марылі закласці фундамент, дык сёння ў нас ужо нешта атрымалася, ужо можна будаваць дом нейкі», — падвёў прамежкавы вынік Прэзідэнт.

У размове з журналістамі былы кіраўнік Грузіі засведчыў, што дынаміка беларуска-грузінскіх адносін уражвае: закладзенае пры першым візіце Аляксандра Лукашэнкі ў 2015 годзе актыўна развіваецца.

На думку госця, Мінск становіцца горадам сур’ёзных міжнародных перамоў, форумаў і канферэнцый. Так, заўтра сам Георгій Маргвелашвілі прыме ўдзел у «Мінскім дыялогу». Адказваючы на пытанні, госць падкрэсліў, што дэстабілізацыя ў рэгіёне Усходняй Еўропы — фармат, у якім жывем мы ўсе. Урэгуляванне праблем, пераход ад вайны да прызнання факта існавання незалежных дзяржаў і іх інтарэсаў, вырашэнне пытанняў неваеннымі метадамі цікавяць не толькі грузін, украінцаў ці малдаван альбо беларусаў. 

«Гэта і ёсць пытанне стабільнасці ў Еўропе. Мінск стварае неабходную атмасферу для перамоў, дасягнення дамоўленасцяў. Аляксандр Рыгоравіч заўсёды падтрымліваў менавіта гэтую пазіцыю: давайце размаўляць і ствараць, аднаўляць разбураныя масты, прызнаючы інтарэсы адно аднаго», — сказаў Георгій Маргвелашвілі.

Падчас інтэрв’ю ён прызнаўся, што імкнецца спаборнічаць з Аляксандрам Лукашэнкам у частцы сельскай гаспадаркі, вырошчваючы беларускую бульбу.
«Пакуль што ў яго лепшы ўраджай, але мы працуем наконт гэтага. Беларускія гатункі бульбы добра ідуць — і ў мяне, і ў суседзяў, якім потым яе даю», — адзначыў дасведчаны фермер.

Варвара МАРОЗАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у вясковай школе з'явіўся SТEM-цэнтр

Як у вясковай школе з'явіўся SТEM-цэнтр

З'явіўся ён дзякуючы спонсарскай падтрымцы кампаніі Vіzor Games. 

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.