Вы тут

Бягучыя і перспектыўныя задачы развіцця


Выступленне старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь М. У. Мясніковіча на адкрыцці сёмай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.


Фота: БЕЛТА

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Паважаныя запрошаныя!

Сёмая сесія Савета Рэспублікі шостага склікання сёння пачынае сваю работу. Парадак дня сесіі вельмі насычаны. Трэба будзе разгледзець больш за 40 законапраектаў. Ключавымі з'яўляюцца законапраекты «бюджэтнага пакета».

Паказчыкі мясцовых бюджэтаў па даходах на 2020 год разлічаны з захаваннем дзеючых нарматываў адлічэнняў ад рэспубліканскіх падаткаў і збораў, якія паступаюць у бюджэты абласцей. Пры гэтым прашу звярнуць увагу: плануецца захаваць аб'ёмы датацый, што перадаюцца абласцям, на ўзроўні не ніжэй бягучага года, незалежна ад планаванага паступлення ўласных даходаў. Прадугледжваюцца і іншыя меры больш актыўнага развіцця рэгіёнаў. Савету Рэспублікі як палаце тэрытарыяльнага прадстаўніцтва мэтазгодна падтрымаць такія падыходы ўрада і Мінфіна пры разглядзе законапраекта аб рэспубліканскім бюджэце на 2020 год. Разлічваем, што на месцах скарыстаюцца гэтымі дадатковымі магчымасцямі для росту валавога рэгіянальнага прадукту і стварэння новых рабочых месцаў.

2020 год — завяршальны год пяцігодкі. З улікам аб'ектыўных праблем развіцця эканомікі нашай дзяржавы на працягу папярэдніх чатырох гадоў (а яны выкліканы ў асноўным знешнімі фактарамі) заданні 2020 года павінны быць вельмі напружанымі. Гэта запатрабуе высокай канцэнтрацыі намаганняў не толькі кіраўнікоў і персаналу органаў кіравання, але і работнікаў усіх арганізацый і ў першую чаргу занятых у сферы матэрыяльнай вытворчасці і паслуг. Кожны
з 4 мільёнаў 338 тысяч чалавек занятага насельніцтва краіны павінен быць матываваны на высокапрадукцыйную працу.

Паважаныя калегі!

У мэтах выканання даручэнняў і мэтавых установак кіраўніка дзяржавы, дадзеных 19 верасня 2019 года пры разглядзе прагнозных дакументаў на 2020 год, Савет Рэспублікі накіраваў ва ўрад шэраг прапаноў, якія дазваляюць забяспечыць, на нашу думку, больш высокія тэмпы эканамічнага росту без празмернага стымулявання ўнутранага попыту за кошт нарошчвання аб'ёмаў экспарту і актывізацыі інвестыцыйнай дзейнасці. Таксама прапанавана на працягу першага паўгоддзя 2020 года распрацаваць праект Асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2025 года. Гэты дакумент патрэбен з усіх пунктаў гледжання.

Сур'ёзным інструментам рэалізацыі задач сацыяльна-эканамічнага развіцця з'яўляецца актуальнае заканадаўства. Савет Рэспублікі неаднаразова звяртаўся ва ўрад з канкрэтнымі прапановамі па распрацоўцы адсутных праектаў нарматыўных прававых актаў, у першую чаргу законапраектаў, прадугледжаных Праграмай пяцігодкі і Дэкрэтам Прэзідэнта ад 23 лістапада 2017 года № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва».

Разлічваем, што адпаведныя намаганні будуць прынятыя ўжо ў гэтым 2019 годзе.

Паважаныя сябры!

Наша дзейнасць павінна ўлічваць падыходы па паглыбленні інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй, сфармуляваныя ў абноўленай Праграме дзеянняў. Савет Рэспублікі прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы гэтага дакумента. Ураду, Нацыянальнаму банку з удзелам парламентарыяў і іншых зацікаўленых трэба будзе распрацаваць больш за 30 беларуска-расійскіх дарожных картаў, якія рэгулююць сацыяльна-эканамічную дзейнасць у Саюзнай дзяржаве. На прынцыпах суверэннай роўнасці дзяржаў-удзельніц. З улікам устаноўленых кіраўнікамі дзяржаў Беларусі і Расіі тэрмінаў — снежань 2019 года — значны аб'ём работы давядзецца выконваць дзеючаму шостаму скліканню Савета Рэспублікі.

Калегі!

Цэлы блок законапраектаў у рамках гэтай сесіі плануецца прыняць у сферы канстытуцыйнага заканадаўства. Найважнейшы з іх — праект новага закона «Аб судова-экспертнай дзейнасці», якім упершыню прапануецца вызначыць прававыя асновы судова-экспертнай дзейнасці, яе навукова-метадычнага і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння.

Павышэнню эфектыўнасці рэгулявання дзейнасці суб'ектаў натуральных манаполій будзе садзейнічаць карэкціроўка Закона «Аб натуральных манаполіях». У прыватнасці, распрацоўшчыкі законапраекта лічаць неабходным аптымізаваць пералік сфер натуральных манаполій, укараніць інстытут публічных слуханняў і іншыя навацыі.

У заканатворчым партфелі шмат ініцыятыў, якія накіраваны на вырашэнне паўсядзённых праблем людзей. Гэта законапраекты «Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг», «Аб ахове працы», «Аб пажарнай бяспецы», «Аб персанальных даных» і іншыя.

Паважаныя ўдзельнікі пасяджэння!

Савет Рэспублікі і дзеючы пры ім Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання адпрацоўвае новыя кірункі рэгіянальнага развіцця. Мяркую, што гэтыя пытанні актуальныя не толькі ў перыяд выбарчых кампаній. Так, напрыклад, у верасні гэтага года ў Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласці мы дэталёва разгледзелі ўдасканаленне работы з сельскім насельніцтвам. Акрамя таго, намецілі шэраг мер, якія датычацца дзейнасці асацыяцый мясцовых Саветаў дэпутатаў. Пакуль гэтая работа ў стадыі станаўлення, але ўжо можна разлічваць на яе эфектыўнасць. У цэлым Савет Рэспублікі прымае ўдзел у вырашэнні практычна ўсіх сістэмных задач сацыяльна-эканамічнага будаўніцтва, пастаўленых кіраўніком нашай дзяржавы.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Актыўная і насычаная міжнародная дзейнасць у міжсесійны перыяд была накіравана на пашырэнне міжпарламенцкага супрацоўніцтва. Ключавым мерапрыемствам летняга перыяду стаў VІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які прайшоў у Санкт-Пецярбургу. Удзел у Форуме Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі і Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі У. У. Пуціна, які ўжо стаў традыцыяй, не толькі напоўніў новай якасцю і зместам міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне, але і ўключыў гэта мерапрыемства ў шэраг найважнейшых палітычных падзей беларуска-расійскага парадку дня.

Форумы рэгіёнаў Беларусі і Расіі сталі добрым прыкладам для наладжвання больш цеснага супрацоўніцтва з іншымі краінамі. Па ініцыятыве Савета Рэспублікі ў ліпені 2019 года ўпершыню такі форум арганізаваны з Узбекістанам. Члены Савета Рэспублікі таксама прынялі актыўны ўдзел у Беларуска-польскім форуме «Добрасуседства-2019». Мерапрыемствы, якія адбыліся, сталі буйнымі перагаворнымі пляцоўкамі, работа якіх спрыяла ўмацаванню міжрэгіянальных эканамічных і гуманітарных сувязяў.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Дазвольце павіншаваць вас з пачаткам сёмай сесіі Савета Рэспублікі. Жадаю ўсім прадукцыйнай работы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі

Ён даў парады наконт харчавання і не толькі.