Вы тут

Першы рывок Казіміра Малевіча


Хутка ў свеце будуць адзначаць 100-годдзе стварэння “УНОВИСа” — своеасаблівы юбілей супрэматызму. Якраз у Віцебску гэты кірунак авангарднага мастацтва праходзіў станаўленне, і варта прыгледзецца да такой з’явы з вышыні гадоў.


Пад Віцебскай мастацкай школай, якая была першай на Беларусі, разумеюць менавіта школу Казіміра Малевіча, яго вядомы многім у свеце “УНОВИС”, які мае прамое дачыненне да сучаснага мастацтва. Пра тое было навуковае паведамленне Таццяны Катовіч на нядаўняй X Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў”у Мінску. Таццяна Віктараўна падрыхтавала газетны варыянт сваіх даследаванняў і развагаў — прапануем яго нашым чытачам.

Даследчыца вядомая ў Беларусі як аўтар праекта “Малевіч. Класічны авангард. Віцебск” і кнігі “Энциклопедия русского авангарда”.

Творчае аб’яднанне “УНОВИС” (“Утвердители нового искусства”) было створана ў Віцебску ў лютым 1920 года і стала ядром Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Казімір Малевіч (родавыя карані якога — беларускія, з Капыля. — Рэд.) прыехаў у горад 25 кастрычніка 1919 года і пасяліўся ў самім “ВНХУ” (абрэвіятура са слоў “Витебское Народное художественное училище”), дзе яму з яго сям’ёй далі асобны цёплы пакой.

У снежні 1919‑га ў Віцебску, што быў паблізу фронту, Казімір Малевіч не толькі ўзяў удзел у дыспуце пра новы жывапіс, але й зрабіў “рэзкі рух”, так званы “чырвоны геаметрычны штурм”, што ўкліньваўся свежым павевам у стылую і нярвовую паўсядзённасць. Вось што мастак пісаў 21 снежня ў Маскву: “Жыццё кіпіць, учора Віцебскі пралетарыят ішоў са сцягамі Супрэматызму. Зала тэатра была дэкаравана Супрэматызмам, дзе засядалі Саветы рабочых”. (Супрэматызм (ад лац. supremus — найвышэйшы) — кірунак у авангардысцкім мастацтве, заснаваны Казімірам Малевічам. Гэта разнавіднасць абстракцыянізму. Супрэматызм выяўляецца ў камбінацыях рознакаляровых плоскасцяў найпростых геаметрычных абрысаў (у формах прамой лініі, квадрата, кола і прамавугольніка. — Рэд.)

Праз чатыры месяцы менавіта гэты “першы рывок” Малевіч прадставіць як першую вялікую паказальную працу “УНОВИСа” (якога яшчэ не было, але які ўжо існаваў): “Камітэт па барацьбе з беспрацоўем звярнуўся да членаў “УНОВИСа” з прапановай дэкараваць усе майстэрні, склады магазіна да свайго юбілею. Усе дэкарацыі й роспісы былі зроблены ў супрэматычных формах. Вялікую цікаўнасць выклікалі супрэматычныя сцягі”.

Напрыканцы снежня 1919‑га ў лісце да расійскага мастака й тэарэтыка мастацтва Пятра Мітурыча мастачка Ніна Коган пісала: “Супрэматызм ужо паказаны ў Віцебску на гадавіне адной рабочай арганізацыі — Малевіч зрабіў дэкарацыю ў тэатры і ўпрыгожыў 2 фасады супрэматычнымі формамі. Усё было паспяхова; ды яшчэ ўпершыню супрэматычныя сцягі былі зроблены й паказаны на вуліцы”.

21 студзеня 1920 года Малевіч напісаў з Віцебска: “Абвяшчаю партыю Супрэматыстаў у Мастацтве”. Гэтую ідэю ён падрабязна выклаў у тэксце “Пра партыю ў мастацтве”: “Закладка такога парніка не з’яўляецца толькі рашэннем мясцовага значэння, яно з’яўляецца сусветным пытаннем. …Партыя нясе з сабою вядомы светапогляд, які атрымаўся ад навуковага, філасофскага, практычнага, эканамічнага даследавання. …Вучэнне наватараў павінна пайсці ў масу і правесці ў жыццё з яе дапамогай свае дасканаласці сапраўднага будаўніцтва культурнага парніка новага формаўтварэння”.

28 студзеня ў лісце да аднаго з лідараў рускага авангарду, мастака Міхаіла Мацюшына Малевіч паведамляў: “Цяпер арганізоўваецца Віцебскай мастацкай Моладдзю мітынг і адзначаецца гадавіна Вучылішча. Мае сябры і я будзем таксама выступаць”.

Пра спектакль, які быў паказаны вечарам 6 лютага ў Латышскім клубе, аўтар артыкула ў “Известиях…” таксама пісаў, што асабліва цікавымі былі менавіта дэкарацыі й касцюмы, незвычайныя ды арыгінальныя. Гэты вечар стаў вечарам лекцый–пярформансаў, першым у Віцебску.

Пачаўся вечар з так званага мітынгу, які стаў дыскусійным катлом, дзе сутыкнуліся “вучні мастацкага класа мастакоў Малевіча і Ермалаевай, Гаўрыс, Зуперман і Наскоў”, якія гаварылі пра новае мастацтва, а таксама Пустынін з яго выступленнем “Да здравствует Долой!” і — Павел Мядзведзеў, які параўноўваў усё гэтае новае мастацтва з мёртванароджаным Гамункулам. Рэзкую водпаведзь даў апаненту Лазар (Эль) Лісіцкі, які сцвярджаў, што “маладая армія Творчасці” — гэта блізкая будучыня, а “віцебскія мастакі — папярэднікі гэтай будучай арміі”. Кунін таксама ўсур’ёз спачатку кінуўся ў тэарэтычны бой, але яму “перашкодзіла здрадлівая заслона”, што бесцырымонна перапыніла “бліскучую тыраду слоў пра новае мастацтва”. Гэтая спрэчка так і засталася б мітынгам, калі б не было другой часткі — “Перамогі над Сонцам” і трэцяй — “Супрэматычнага балета”, якія не проста ілюстравалі ды развівалі выказванні наватараў, але разам з выступленнямі мітынгуючых пераўтвараліся ў адзінае слова-дзеянне.

Ідэя і мастацкі сэнс тае лекцыі-пярформанса заключаліся ў “кубізме, фактуры, руху жывапісу, канструкцыі, пабудове прамой, крывой, аб’ёму, плоскасці, узгодненасці супярэчнасцей”. Выканаўцамі былі самі мастакі.

Тыя кароткія, кідкія, а часам і паўнавартасныя ідэі толькі цяпер зрабіліся дыскурсам сучаснага мастацтва. У праекце 6 лютага 1920 года як у файле схавана ўся збалансаваная праграма розных сфер дзейнасці “УНОВИСа” (тады яшчэ называўся “ПОСНОВИС”): адукацыі, выстаў, выступленняў, акцый, навукі–філасофіі ды ўласнай структуры арганізацыі–партыі–ордэна.

Віцебскі “УНОВИС” пачаў сваю гісторыю фактычна адразу па прыездзе Малевіча ў Віцебск. Прыступіўшы да працы ў “ВНХУ”, ён прапанаваў праект, распрацаваны ў выглядзе статута Дзяржаўнай творчай арцелі. У тым дакуменце тлумачылася, што яе стварэнне “выклікана неабходнасцю рэвалюцыйнага жыццёвага руху … творчая арцель павінна складацца з сілаў вынаходнікаў, якія змаглі б даць на самой справе новую форму і абнавіць новае жыццё, бо вынаходнік — уладар свету і жыцця”. Ранейшыя формы мастацтва адмаўляліся, таму што паўтарэнне старога ніколі не рухае жыццё наперад. Важнай пазіцыяй праекта стала сцвярджэнне, што арцель “павінна стаць на калектыўную дарогу і ўсякая асоба ў ёй павінна развівацца ў сістэме цэлага светаруху”. Асновай арцелі былі Шагал, Лісіцкі, Ермалаева, Якерсон, Коган, Векслер і Малевіч, а “рабочая тройка” — гэта Шагал, Лісіцкі, Малевіч.

Аднак на самым пачатку 1920‑га ўсё змянілася, і арцель набыла іншую канфігурацыю. 17 студзеня была створана суполка маладых кубістаў, праз два дні названая “МОЛПОСНОВИС” (“Молодые последователи нового искусства”). Праз 9 дзён яна злілася са старэйшай суполкай і адразу атрымала імя “ПОСНОВИС” (“Последователи нового искусства”), якая й стварыла віцебскі варыянт “Перамогі над Сонцам”, а пасля мітынгу–лекцыі–пярформанса быў абвешчаны “УНОВИС”. Гэтае імя ўвайшло ў гісторыю мастацтва авангарда, рэвалюцыянізавала ўсю мастацкую дзейнасць суполкі. І яе “вастрыё” скіравалася скрозь кагнітыўную прастору ў прастору рэальную з мэтай пераўтварэння гэтай рэальнасці. 14 лютага была канчаткова зацверджаная назва “УНОВИС”.

У студзені 1921‑га ў лісце Давіду Штэрэнбергу, аднаму з асноўных прадстаўнікоў рускага выяўленчага мастацтва першай паловы XX стагоддзя, Казімір Малевіч дзяліўся, што ён заняты пісаннем і затрачвае нямала паперы, захоплены Белым супрэматызмам, сумняваецца ў выкладзеным і зноў вяртаецца да напісанага, злучаючы супрэматызм з астраноміяй. У лісце ён спасылаўся на свой маскоўскі артыкул пра “УНОВИС”: “Няхай жыве чырвоны “УНОВИС”, які сцвярджае новае мастацтва формаў, бо ў гэтым паўната камуністычнага плана суадносін… Выкінуты сцяг чырвонага “УНОВИСа”, і ён чакае вас, утворым сусветную армію новых мастацтваў і скінем абеліскі, няма для іх месца на чырвоных плошчах. Нашы вучылішчы для новых плыняў, бо ў іх наша маладосць, мы не вучымся ездзіць на рымскіх калясніцах, бо ў нас маладыя аэрапланы і маторы”.

Заслона да паседжання ў Віцебскім тэатры. 1920 г

Праграма “УНОВИСа” ўяўляла з сябе “Шлях адзінай жывапіснай аўдыторыі” для стварэння “адзінай арміі новага мастацтва новага свету”: “Мы — супрэматыя новага, мы маладыя і чыстыя”. “Адзіная аўдыторыя” аб’яднала жывапіс, архітэктуру, скульптуру ў “аўдыторыю збудаванняў”. “Чарціце на далонях — разбурэнне старога свету формаў і стварэнне новага”. Праз кубізм і футурызм, якія разбуралі стары свет рэчаў, “унавісты” скіраваліся да супрэматычнага ўтылітарнага і дынамічнага духоўнага свету рэчаў.

Праграма ж “адзінай аўдыторыі жывапісу” ўяўляла з сябе пашыраную й дапоўненую маскоўскую праграму Казіміра Малевіча. Яе асноўныя палажэнні зацвярджалі кірунак майстэрні — кубізм, футурызм, супрэматызм, да таго ж яны сістэматызавалі “канструкцыі збудаванняў жывапісу, раўнавагу збудаванняў формаў у жывапісе”.

У першай групе супрэматысты разглядалі жывапісную і скульптурную формы ды знаёміліся з сістэмай збудаванняў на палатне і ў прасторы. Другая група займалася кубізмам, яго тэорыяй, сістэмай пабудовы формаў, кубістычнымі элементамі. У трэцім аддзеле вывучалі футурызм і рух рэчаў. Чацвёрты аддзел быў засяроджаны на супрэматычным руху каляровай энергіі, на аб’ёмным супрэматызме і на філасофіі супрэматызму. У гэтай жа групе асобным кірункам было вызначэнне адзінства калектыву й асобы, а калектыў разглядаўся як галоўны інструмент адзінства, якое павінна было быць дасягнута.

Мастакі “УНОВИСа” імкнуліся пераадолець замкнёнасць асобных майстэрняў шляхам аб’яднання методык выкладання пад лозунгам вывучэння сучаснага мастацтва, яго развіцця ў плыні агульных рэвалюцыйных змен у палітыцы, эканоміцы, у соцыуме — светапоглядзе. Пад экспансіяй “УНОВИСа” разумелася заваёва шырокай мастацкай прасторы. Галоўная ідэя: падпарадкаваць утылітарнае асяроддзе і пераўтварыць яго, прычым, у першую чаргу з дапамогай супрэматызму. Такая пазіцыя адразу была вызначана пры стварэнні суполкі, а потым надрукавана ў першай улётцы творчага камітэта (тваркама).

У лістападзе 1920‑га была выпушчана ўлётка Віцебскага Тваркама № 1. Чакалася, што такія ўлёткі, дзе члены “УНОВИСа” будуць “выказваць сваю свядомасць”, стануць рэгулярнымі. Абвяшчаўся галоўны дэвіз “УНОВИСа”: “разбурэнне старога свету мастацтва ды будзе вычарчанае на вашых далонях”. І заклік: “Насіце Чорны квадрат як знак сусветнай эканоміі. Чарціце ў вашых майстэрнях Чырвоны квадрат як знак сусветнай рэвалюцыі мастацтваў. Ачышчайце плошчы сусветнай прасторы ад хаатычнасці, якая ў ёй пануе”. Стварэнне супрэматычнай айкумены параўноўвалася з перамогай сусветнай рэвалюцыі.

Вокладка брашуры, аформленая ў стылі супрэматызму

Калектыўная творчасць вызначалася ўнутранымі ўмовамі — аднолькавымі ўяўленнямі пра мастацкія каноны, пра зададзенасць параметраў твора, пра сумеснае “надіндывідуальнае будаўніцтва аформленага наваколля”. Індывідуальнай магла быць толькі дэталізацыя часткі ў агульным праекце. Агульны ж праект быў поўнамаштабным і ахопліваў цалкам усё сацыяльнае асяроддзе, пранікаючы ва ўсе сферы дзейнасці. Мастацкая абранасць, элітарнасць, магутны інтэлектуальны патэнцыял, які ўтрымліваўся ў ядры “УНОВИСа” — усё гэта суадносілася з філасофіяй піфагарэйскага братэрства.

Таццяна Катовіч, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. М. Машэрава

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.