Вы тут

Гродзенская вобласць адзначае юбілей. Вялікае інтэрв'ю з кіраўніком рэгіёна


Сёлета Гродзенская вобласць адзначае свой 75-гадовы юбілей, святочныя мерапрыемствы распачнуцца ўжо сёння. Напярэдадні гэтай значнай даты «Звязда» сустрэлася са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым, каб пагутарыць пра асноўныя кірункі развіцця рэгіёна, яго дасягненні і задачы на перспектыву. А яшчэ закранулі тэмы будаўніцтва АЭС у Астраўцы і рэстаўрацыі Старога замка ў Гродне.


Фота Леаніда ШЧАГЛОВА, БелТА.

Стратэгічны прынцып — шматвектарнасць

— Уладзімір Васілевіч, сацыяльна-эканамічнае развіццё — гэта той фундамент, на якім грунтуецца дабрабыт канкрэтнай тэрыторыі. Узровень жыцця вобласці сёння фарміруецца дзякуючы ўдзелу ўсіх звёнаў: ад работы буйных прадпрыемстваў рэгіёна да мікраарганізацый і асобных работнікаў. Якія змены ў сацыяльна-эканамічным становішчы вобласці цягам апошніх 25 гадоў вы б адзначылі найперш? Як бы вы ахарактарызавалі асноўныя тэндэнцыі развіцця рэгіёна сёння?

— У выніку планамернай работы на працягу апошніх 25 гадоў адбывалася паступальнае развіццё ўсіх галін эканомікі вобласці. За кошт правядзення буйнамаштабнай мадэрнізацыі, стварэння і развіцця новых навукаёмістых, рэсурса- і энергазберагальных вытворчасцяў, павышэння ўзроўню канкурэнтаздольнасці прадукцыі, якая выпускаецца прамысловасцю, вобласць дэманструе дынаміку развіцця.

Трэба сказаць, што Гродзеншчына мае значны прамыслова-вытворчы патэнцыял у розных галінах: 192 прадпрыемствы (47 з іх недзяржаўнай формы ўласнасці) вырабляюць каля 10 % прамысловай прадукцыі краіны. Гэта прадукты харчавання, мінеральныя ўгнаенні, хімічныя валокны, лакі і фарбы, будаўнічыя матэрыялы, збожжаўборачныя камбайны, прадукцыя лёгкай, дрэваапрацоўчай прамысловасці.

Дарэчы, у вобласці знаходзіцца ўвесь рэспубліканскі аб'ём вытворчасці аміяку, капралактаму, кордных шынных тканін, дзіцячага харчавання, больш за 90 працэнтаў — азотных угнаенняў. Дзве траціны ўсіх панчошна-шкарпэтачных вырабаў, палова рэспубліканскага аб'ёму вытворчасці драўняна-стружкавых пліт вырабляецца менавіта ў Гродзенскай вобласці. Гэтыя дасягненні на рахунку добра вядомых (нават за межамі краіны) прадпрыемстваў рэгіёна — «Гродна Азота», тытунёвай фабрыкі «Нёман», «Белкарда», «Лакафарбы», Скідзельскага цукровага камбіната, «Контэ Спа», «Лідскага піва» і многіх іншых. Пералік можна працягваць.

З юбілеем жыхароў Гродзенскай вобласці павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка

«Найноўшая гісторыя рэгіёна вядзе адлік з 20 верасня 1944 года, калі ў найскладанейшы час пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў была створана вобласць з цэнтрам у старажытным горадзе Гродна. Ваша плённая праца і шчырая любоў да малой радзімы паднялі яе з пасляваенных руін, зрабілі выдатным і квітнеючым краем, якім сёння ганарыцца ўся краіна», — гаворыцца ў віншаванні.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Гродзенская вобласць славіцца сваімі традыцыямі, заснаванымі на працавітасці, гасціннасці і ветлівасці. «Спакон веку гэта зямля энергічных і моцных духам людзей, ініцыятыўных, дзейных і таленавітых», — адзначыў ён.

«Нязменна высокія дасягненні ў сельскай гаспадарцы вывелі вобласць у лік лідараў па вытворчасці прадуктаў харчавання і з'яўляюцца прыкладам для аграрыяў нашай краіны. Неацэнны ваш унёсак у захаванне нацыянальнай духоўнай і гісторыка-культурнай спадчыны, развіццё прамысловага і турыстычнага патэнцыялу краіны», — канстатаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што энергія, настойлівасць і мэтанакіраванасць і надалей будуць для жыхароў рэгіёна вернымі спадарожнікамі ў рэалізацыі маштабных планаў і задач на карысць роднай Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў жыхарам Гродзенскай вобласці поспехаў ва ўсіх пачынаннях, моцнага здароўя, шчасця, міру і дабрабыту.

Трэба сказаць, што больш за палову вырабленай прадукцыі экспартуецца. Многія прадпрыемствы сертыфікавалі сваю прадукцыю на адпаведнасць міжнародным стандартам: па сваіх тэхнічных характарыстыках, надзейнасці ў эксплуатацыі яна цалкам канкурэнтаздольная на сусветных рынках.

Сёння прадукцыя рэгіёна пастаўляецца больш чым у 110 краін свету. Стратэгічны прынцып знешнеэканамічнай дзейнасці — шматвектарнасць, якая спрыяе развіццю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў многіх кірунках. У нас наладжаны сувязі з рэгіёнамі Расіі, краінамі Еўропы, Паўднёва-Усходняй Азіі, Блізкага Усходу, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, Кітаем і ЗША. Летась аб'ём знешняга гандлю таварамі дасягнуў 2,3 мільярда долараў ЗША, што складае 118,9 % да пазалеташняга ўзроўню.

Паспяхова функцыянуе свабодная эканамічная зона «Гроднаінвест», рэзідэнты якой маюць ільготныя падаткі і іншыя прэферэнцыі.

Між іншым, Прынёманне ўжо шмат гадоў утрымлівае планку самага развітога аграрнага рэгіёна Беларусі і забяспечвае больш за 16 % валавой сельскагаспадарчай прадукцыі дзяржавы. Не падвялі мы і сёлета. На 1 верасня па выніках жніва ў агульны каравай гродзенцы паклалі 1189,9 тысячы тон збожжа. І, як заўсёды, мелі самую высокую ўраджайнасць, збіраючы з кожнага гектара 36,7 цэнтнера хлеба. Абласны лідар жатвы — Гродзенскі раён. Тут хлебаробы сабралі 175,8 тысячы тон збожжа пры ўраджайнасці 60 цэнтнераў з гектара.

Не меншую значнасць у сельскай гаспадарцы рэгіёна мае і жывёлагадоўля. Яе ўдзельная вага ў агульным аб'ёме сельгасвытворчасці складае каля 60 працэнтаў.

Лічу, што ў свой час у краіне быў правільна абраны кірунак па стварэнні буйных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў: гэтыя намаганні дазволілі сканцэнтраваць пагалоўе жывёлы на адмысловых комплексах, забяспечыць тэхналагічнасць працэсаў і высокую прадукцыйнасць жывёл.

Хочацца адзначыць, што за дасягненне найлепшых вынікаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенская вобласць неаднаразова заносілася на Рэспубліканскую дошку гонару.

Тэхпераўзбраенне і мадэрнізацыя вытворчасці

— Рэалізацыя дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на Гродзеншчыне дала другое нараджэнне 239 населеным пунктам, якія атрымалі статус аграгарадкоў з адпаведнымі станоўчымі зменамі ў іх, у першую чаргу інфраструктурнымі. Разам з тым канцэптуальныя змены адбыліся і ў вытворчым аспекце: аграпрамысловы комплекс выйшаў на якасна новы ўзровень дзякуючы мадэрнізацыі і тэхнічнаму перааснашчэнню гаспадарак. Якія дасягненні ў гэтай галіне — асаблівы гонар Прынёмання і вырашэнне якіх задач яшчэ знаходзіцца ў перспектыўнай прасторы?

— Сапраўды, як для краіны, так і для Гродзеншчыны праграма адраджэння і развіцця вёскі прыдала значны імпульс у развіцці сельскіх тэрыторый. Значная дзяржаўная падтрымка дазволіла ў апошнія гады тэхнічна пераўзброіць аграпрамысловы комплекс, палепшыць умовы працы работнікаў і павысіць эканамічную эфектыўнасць.

Ужо на працягу многіх гадоў у аграпрамысловым комплексе вядзецца планамерная работа па мадэрнізацыі і тэхнічным перааснашчэнні сельскагаспадарчай вытворчасці. Абнаўляецца машынна-трактарны парк больш новымі энерганасычанымі машынамі. Будуюцца і рэканструююцца малочнатаварныя комплексы, сховішчы травяных кармоў, бульбасховішчы, плодаагароднінасховішчы.

Так, у раслінаводстве праведзены работы па аптымізацыі плошчаў бульбы, агародніны, пладова-ягадных угоддзяў, аптымізаваныя льнаводчыя прадпрыемствы ў бок канцэнтрацыі і ўзбуйнення вытворчасці, што дазволіла атрымліваць высокія ўраджаі.

У апошнія гады жывёлагадоўчая галіна Гродзенскай вобласці значна мадэрнізавалася, асабліва малочная галіна. Так, з 2009 да 2018 года пабудаваны 81 сучасны малочнатаварны комплекс магутнасцю 700 і больш кароў кожны, праведзена рэканструкцыя 136 малочнатаварных фермаў пад беспрывязнае ўтрыманне з устаноўкай даільных залаў і аднатыпным кармленнем. Гэта дазволіла перавесці 74 % малочных кароў (162 тысячы галоў) ад іх агульнай колькасці на фермы з даільнымі заламі і круглагадовае стойлавае ўтрыманне.

У апошнія гады асаблівая ўвага ў сельскагаспадарчай вытворчасці аддавалася патанненню прадукцыі, рэсурсазахаванню і эканоміі на вытворчасці, тэхнічнаму абнаўленню і пераўзбраенню.

Вялікая работа праводзіцца і для фінансавага аздараўлення і падтрымання сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія апынуліся ў складаных фінансавых абставінах. Дзеля структурных пераўтварэнняў у нізкаэфектыўных сельскагаспадарчых арганізацыях праводзіцца пэўная работа: вызначаны папярэдні шэраг фінансава ўстойлівых арганізацый, якія маюць магчымасць выступіць у якасці эфектыўнага інвестара, і работа ў гэтым кірунку працягваецца.

Гэтыя крокі накіраваны на павышэнне фінансавай самадастатковасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў вобласці і стварэнне спрыяльных сацыяльна-эканамічных і экалагічных умоў для жыцця насельніцтва ў сельскай мясцовасці, павышэнне прэстыжнасці і ўмацаванне кадраў.

Што датычыцца асноўных задач далейшага развіцця сельскай гаспадаркі на доўгатэрміновую перспектыву, то сярод іх — інавацыйнае развіццё і комплексная мадэрнізацыя эканомікі арганізацый, якія ажыццяўляюць дзейнасць па вытворчасці, захоўванні і перапрацоўцы прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі, развіцці экаэфектыўнай і арганічнай вытворчасці, фарміраванні развітой лічбавай інфармацыйнай інфраструктуры аграхарчовага рынку ды многія іншыя.

«Якарны» праект усяго рэгіёна — будаўніцтва АЭС

— Прыцягненне інвестыцый уплывае на развіццё эканомікі рэгіёна — вядомая аксіёма. Якія з рэалізаваных інвестыцыйных праектаў ці тых, што яшчэ знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі, вы б вылучылі і чаму?

— Безумоўна, адным з прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці з'яўляецца інвестыцыйная дзейнасць. Рознагаліновая накіраванасць эканомікі і выгаднае геаграфічнае становішча ствараюць добрыя ўмовы для размяшчэння замежных інвестыцый. Толькі за тры гады бягучай пяцігодкі ў вобласць прыцягнута больш за 230 мільёнаў долараў прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове.

«Якарны» праект усяго рэгіёна — будаўніцтва АЭС  Фота БелТА.

У вобласці рэалізаваны шэраг значных інвестыцыйных праектаў. Сёння найбуйнейшым інвестыцыйным праектам не толькі ў Гродзенскай вобласці, але і ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы.

Яно з'яўляецца ў нейкім сэнсе «якарным» праектам для ўсяго рэгіёна. Разам з будаўніцтвам аб'екта развіваецца інфраструктура горада, актыўнымі тэмпамі будуецца жыллё, аб'екты ў сферы паслуг, у тым ліку пры ўдзеле малога і сярэдняга бізнесу.

Прынёманскі край з'яўляецца адной з найбольш прывабных пляцовак для прыцягнення інвестыцый.

Завершана рэалізацыя буйнога інвестпраекта па будаўніцтве цэха азотнай кіслаты магутнасцю 1200 тон у суткі з рэканструкцыяй дзеючай вытворчасці карбамідна-аміячнай сумесі на ААТ «Гродна Азот».

Пры ўдзеле галандскага капіталу рэалізаваны інвестыцыйны праект па пашырэнні вытворчасці садовых клубніц у Шчучынскім раёне, з удзелам аўстрыйскай кампаніі «Кронаспан» ажыццяўляецца рэалізацыя праекта ў Смаргоні па пашырэнні дрэваапрацоўчай вытворчасці і будаўніцтве завода па выпуску фанеры.

У стадыі завяршэння праект па будаўніцтве лагістычнага цэнтра ў раёне пункта пропуску «Бераставіца», а таксама праект па будаўніцтве комплексу па вырошчванні шампіньёнаў у Шчучынскім раёне.

Рэалізацыя такіх праектаў будзе мець не толькі эканамічны, але і станоўчы сацыяльны эфект для рэгіёна.

Месцазнаходжанне мае вырашальнае значэнне

— Лагістыка і развіццё транспартнай інфраструктуры таксама маюць значэнне ў наданні рэгіёну большай прывабнасці для ўкладання сродкаў з пункту гледжання патэнцыйных інвестараў. Апошні з рэалізаваных у вобласці праектаў — рэканструкцыя аўтамагістралі М6. Што ў далейшых планах?

— Выгаднае геаграфічнае становішча вобласці, а таксама агульная граніца з краінамі Еўрапейскага саюза: Літоўскай Рэспублікай і Рэспублікай Польшча, безумоўна, ствараюць прывабныя ўмовы для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па будаўніцтве лагістычных цэнтраў. Менавіта таму ў Гродзенскай вобласці аддаецца асаблівая ўвага развіццю транспартнай інфраструктуры.

Сёлета кампаніяй ТАА «Влатэ Лагістык» будзе ўведзены ў эксплуатацыю лагістычны цэнтр у раёне пункта пропуску «Бераставіца». Таксама ажыццяўляецца рэалізацыя інфраструктурных праектаў па стварэнні зон чакання з укараненнем сістэмы «электронная чарга» на пунктах пропуску «Брузгі», «Бераставіца», «Каменны Лог».

Так, у раёне пункта пропуску «Брузгі» паспяхова функцыянуе лагістычны цэнтр, пабудаваны кампаніяй ТАА «Влатэ Лагістык». Асаблівасцю дзейнасці лагістычнага цэнтра з'яўляюцца яго непасрэднае прымыканне да самога пункта пропуску, выкарыстанне ў рабоце тэхналогіі бестранзітнага перамяшчэння тавараў, наяўнасць сучасных тэхналагічных магчымасцяў для комплекснай апрацоўкі і захоўвання грузаў.

Стварэнне падобных аб'ектаў шмат у чым будзе спрыяць комплекснаму развіццю пунктаў пропуску, транзітнай прывабнасці рэгіёна.

— Месцазнаходжанне мае вырашальнае значэнне: Гродзеншчына мяжуе з краінамі Еўрасаюза, таму яе ўдзел у праграмах трансгранічнага супрацоўніцтва і міжнароднай тэхнічнай дапамогі дае свой плён. Рэалізацыю якіх адметных праектаў можна вылучыць з шэрагу іншых?

— Прыгранічнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і суседнімі краінамі — Польшчай, Літвой і Латвіяй, рэалізацыя сумесных праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі з'яўляецца вельмі важным кірункам у развіцці двухбаковых узаемаадносін.

Гродзенская вобласць актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі праграм трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча — Беларусь — Украіна» і «Латвія — Літва — Беларусь». Агульная колькасць прынятых да фінансавання Еўрапейскім саюзам праектаў з удзелам арганізацый Гродзенскай вобласці ў межах дзвюх праграм на 2014—2020 гады складае 57 праектаў на суму каля 27 мільёнаў еўра, у тым ліку тры буйнамаштабныя з агульным аб'ёмам фінансавання 8,65 мільёна еўра. Сярод іх два інфраструктурныя праекты з удзелам партнёраў з Польшчы: адзін рэалізуецца Гродзенскай рэгіянальнай мытняй па будаўніцтве рэнтгенаўскай скануючай сістэмы кантролю транспартных сродкаў у аўтадарожным пункце пропуску «Бераставіца», а другі — праект Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС, у рамках якога будзе створаны і абсталяваны навучальны цэнтр для ратавальнікаў і насельніцтва ў Гродне, набыта спецыяльнае абсталяванне для пажарнай часці. Яшчэ адзін буйнамаштабны праект будзе рэалізаваны лідскай сярэдняй школай № 4 сумесна з партнёрамі з Літвы. Праект прадугледжвае рамонт памяшканняў школы, набыццё мэблі і вучэбнага абсталявання для кабінетаў.

Не застаецца па-за ўвагай і пытанне ўдасканалення і развіцця транспартных паслуг і дарожнай інфраструктуры. Праз удзел камунальнага праектна-рамонтна-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства «Гроднааблдарбуд» у рэалізацыі чатырох сумесных праектаў з партнёрамі з Польшчы ў Гродзенскім раёне ў ваколіцах Аўгустоўскага канала будуць капітальна адрамантаваны дарогі агульнай працягласцю 22 кіламетры. Агульны аб'ём фінансавання — 4,26 мільёна еўра. Таксама хочацца аддаць увагу і праектам у сферы аховы здароўя — агульны аб'ём фінансавання шэсці праектаў па дзвюх праграмах — 2,65 мільёна еўра. На працягу многіх гадоў актыўным удзельнікам рэалізацыі праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва ў сферы аховы здароўя з'яўляецца УАЗ «Гродзенская ўніверсітэцкая клініка» (раней УАЗ «Гродзенская абласная клінічная бальніца»), дзякуючы чаму для клінікі набываецца сучаснае дыягнастычнае абсталяванне, медыцынскае абсталяванне для аддзяленняў.

Арганізацыі Гродзенскай вобласці праяўляюць цікавасць да рэалізацыі праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі таксама ў сферах спорту і турызму, культуры, адукацыі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і аховы навакольнага асяроддзя. Сумеснае стварэнне і эфектыўнае развіццё эканамічнай і сацыяльнай інфраструктуры на сумежных тэрыторыях краін-удзельніц, а таксама сумеснае рашэнне эканамічных, транспартных, энергетычных, экалагічных, гуманітарных і іншых пытанняў дазваляюць ствараць умовы, якія спрыяюць паляпшэнню ўзроўню жыцця насельніцтва Гродзенскай вобласці.

Візітная картка для замежнікаў

— На Гродзеншчыне сканцэнтравана большасць замкаў Беларусі, практычна ў кожным з іх праводзяцца кансервацыйныя і рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы. Некаторыя з іх узнімаюцца літаральна з руін... Ці ёсць складанасці з аднаўленнем гістарычнай спадчыны?

— Каб захаваць і адначасова надаць турыстычную прывабнасць аб'ектам гісторыка-культурнай спадчыны, сёлета працягваюцца рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы на Старым замку ў Гродне, Гальшанскім і Лідскім замках.

Акрамя таго, распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя па Навагрудскім і Крэўскім замках. Дабрачынны фонд «Любчанскі замак» з удзелам валанцёраў праводзіць работу па нарыхтоўцы цэглы, якая будзе выкарыстоўвацца для аднаўлення Паўночнай вежы Любчанскага замка. Ужо распрацаваны канцэпцыі музеефікацыі першай чаргі Старога замка, Паўднёва-заходняй вежы Лідскага замка, Паўночнай вежы Гальшанскага замка.

Гэтыя аб'екты знаходзяцца пад пастаяннай пільнай увагай спецыялістаў, таму што ў працэсе адкрываюцца новыя аб'ёмы работ, уносяцца карэкціроўкі.

Дарэчы, усе спрэчныя моманты вырашаюцца ў самыя кароткія тэрміны.

Цяпер вядуцца супрацьаварыйныя работы ў паўночна-ўсходнім корпусе Гальшанскага замка, узмацненне калон з рэстаўрацыяй мура, які прымыкае да Паўночнай вежы, тынкоўка сцен у вежы. Налета ў ёй плануецца адкрыць экспазіцыю.

Завяршаюцца будаўнічыя работы ў Паўднёва-заходняй вежы Лідскага замка. Мясцовы гісторыка-мастацкі музей займаецца распрацоўкай мастацкага рашэння і закупкай прадметаў для пабудовы музейнай экспазіцыі ў вежы.

Стары замак у Гродне — гэта візітная картка Беларусі для тых турыстаў і замежных гасцей, якія пачынаюць сваё падарожжа па краіне з наведвання Прынёманскага рэгіёна. Трэба сказаць, што яго рэканструкцыя прадугледжвае некалькі чэргаў будаўніцтва і паэтапную здачу.

Між іншым, усе работы на гэтым велічным аб'екце забяспечаны належным узроўнем фінансавання. Асноўная задача ў тым, каб знайсці правільныя падыходы да рэалізацыі гэтага праекта. Узнавіць архітэктурныя рашэнні, за якімі хаваецца гісторыя стагоддзяў Старога замка, — задача не з простых, асабліва, калі ў архівах практычна не захавалася апісанняў. Цяпер будаўніцтва працягваецца на ўязной вежы, галерэі, іншых унутраных аб'ектах. Работа зроблена вялікая. Якім замак убачаць гродзенцы і госці абласнога цэнтра пасля рэканструкцыі? Спецыялісты інстытута «Гроднаграмадзянпраект» падрыхтавалі свае прапановы па афармленні ўнутраных інтэр'ераў некаторых памяшканняў. Зараз вырашаецца пытанне, хто возьмецца за рэалізацыю гэтых эскізаў.

Свята ў хату!

— Гродзеншчына прыцягальная сваімі брэндавымі мерапрыемствамі, перш за ўсё Рэспубліканскім фестывалем нацыянальных культур. Добра вядомыя за межамі рэгіёна свята памідора ў Іўі, абаранкаў у Смаргоні, Ганненскі кірмаш у Зэльве ды іншыя. Не памылюся, калі скажу, што кожная тэрыторыя мае свой адметны фестываль. Што яшчэ трэба, каб вобласць стала цэнтрам нацыянальнай і рэгіянальнай культуры?

— У рэчышчы дзяржаўнай культурнай палітыкі актыўная работа па адраджэнні традыцыйнай нацыянальнай культуры, захаванні і папулярызацыі абрадаў, песеннага, танцавальнага і інструментальнага фальклору, рамёстваў вядзецца ўстановамі культуры Гродзеншчыны. Кожным рэгіёнам назапашаны станоўчы і цікавы вопыт, а цэнтры і дамы рамёстваў акцэнты ў сваёй справе робяць на развіццё майстэрстваў, якія існуюць са старажытных часоў. Менавіта ў Навагрудскім раённым цэнтры рамёстваў было адноўлена мастацтва выцінанкі-выбіванкі.

У музеі пісанкі ў аграгарадку Сапоцкін Гродзенскага раёна можна пазнаёміцца з рэдкай тэхнікай роспісу яек, паўдзельнічаць у майстар-класах, набыць сувенірную прадукцыю.

Прыкладам беражлівых адносін на Гродзеншчыне да беларускіх традыцый з'яўляецца творчасць майстроў па вырабе нацыянальных музычных інструментаў. Адным з унікальных майстроў з'яўляецца Мар'ян Скрамблевіч з аграгарадка Адэльск.

Яскравы прыклад рэгіянальных традыцый у ткацтве Гродзеншчыны — пяць элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія былі ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Адным са шляхоў выяўлення такіх элементаў з'яўляецца правядзенне фальклорных фестываляў, яскравае таму пацвярджэнне — абласны фестываль рэгіянальнага фальклору «Панямоння жыватворныя крыніцы», святы рамеснікаў «Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня» і «Казюкі», а таксама рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны», які адбыўся ў канцы ліпеня ў Свіслачы. Гэтая культурная праява падкрэслівае адметнасць нашага прыгранічнага рэгіёна, сведчыць пра адзіную гістарычную спадчыну беларусаў, палякаў, літоўцаў.

Дарэчы, на Гродзеншчыне жывуць прадстаўнікі каля 30 нацыянальных супольнасцяў, якія захавалі і захоўваюць свае этнічныя адметнасці. Развіццё этнакультурнага турызму — этнаграфічныя вёскі, вуліцы майстроў з адпаведнай аўтэнтычнасцю ці стылізацыяй, шматвекавыя традыцыі народаў і этнасаў шматлікіх краін свету прыцягваюць значную ўвагу замежных і айчынных турыстаў. Этнічны турызм — гэта падарожжы ў мэтах вывучэння, далучэння да традыцыйнай культуры народаў, іх бытавога ўкладу і спосабу жыцця.

Шматнацыянальнасць і шматканфесійнасць вобласці азначае, што культурныя адрозненні існуюць і ўнутры яе — таму дыялог культур непазбежны, ён з'яўляецца важным фактарам выпрацоўкі новых каштоўнасцяў і новых стратэгій развіцця. Рэгіянальная палітыка ў галіне культуры павінна быць накіравана на фарміраванне ў людзей рэгіёна разумення і ўзаемапавагі паміж нацыямі, культурамі, рэлігіямі на разуменне не толькі правоў, але і абавязкаў у дачыненні адно да аднаго. Гэтая ўсталёўка павінна з'яўляцца дамінантай рэгіянальнай палітыкі ў галіне культуры.

— І напрыканцы: што б вы пажадалі Прынёманню і яго жыхарам з нагоды юбілейнай даты?

— Каб наш рэгіён быў заўсёды квітнеючы і працягваў утрымліваць лідарскія пазіцыі ў краіне. Няхай у ім каласуюць нівы, усміхаюцца дзеці і ярка свеціць сонца! З нагоды 75-годдзя вобласці хачу пажадаць усім яе жыхарам моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і здзяйснення ўсіх мараў. Няхай упэўненасць і стабільнасць натхняюць на новыя здзяйсненні! А кожны новы дзень будзе напоўнены шчасцем і радасцю!

Вольга АНУФРЫЕВА


Гродзеншчына: лічбы і факты

20 верасня спаўняецца 75 гадоў са дня стварэння Гродзенскай вобласці.

Сёння Прынёманскі рэгіён складаюць абласны цэнтр,
14 гарадоў раённага значэння, 16 гарадскіх пасёлкаў, 17 раёнаў, 155 сельсаветаў і 4295 сель-
скіх населеных пунктаў.

Гродзенская вобласць займае 25,1 тысячы квадратных кіламетраў (ці 12,1 % агульнай плошчы краіны) і з'яўляецца самай малой па плошчы вобласцю ў Беларусі.

 Сярод раёнаў самым вялікім па тэрыторыі з'яўляецца Гродзенскі (10,3 % плошчы вобласці), самым малым — Бераставіцкі (усяго 3 %).

На пачатак 2019 года ў рэгіёне жыло 1 мільён 39,3 тысячы чалавек (11 % ад агульнай колькасці насельніцтва краіны).

Кожны трэці жыхар вобласці пражывае ў Гродне.

На 1000 мужчын на Гродзеншчыне прыходзіцца 1142 жанчыны: у гарадах — 1162, на вёсцы — 1083 прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва.

У 2018 чаканая працягласць жыцця склала 74 гады: у мужчын — 68,6, у жанчын — 79,2 года.

На пачатак 2019 года колькасць дзяцей да 17 гадоў склала 210,8 тысячы чалавек (20,3 % ад агульнай колькасці насельніцтва). На 1000 дзяўчынак прыходзілася 1053 хлопчыкі.

У 2018 годзе на Гродзеншчыне нарадзілася 5,5 тысячы хлопчыкаў і 5,1 тысячы дзяўчынак. Стала больш нараджацца трэціх і наступных дзяцей.

За апошнія 10 гадоў у галіне адукацыі ўведзены ў эксплуатацыю 21 дзіцячы сад-яслі і 9 школ.

На пачатак года ў Прынёманні функцыянавала 297 бібліятэк, 19 музеяў, 10 кінатэатраў, тры тэатры і заапарк.

Займацца фізічнай культурай і спортам дазваляюць 3,4 тысячы фізкультурна-спартыўных збудаванняў, якія функцыянуюць у рэгіёне.

У эканоміцы вобласці занята 436 тысяч чалавек (10,7 % ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы краіны).

Больш за палову занятага насельніцтва вобласці летась працавала ў сферы паслуг.

У агульнай колькасці рабочых дамінуюць мужчыны (56,5 %), сярод служачых — наадварот, больш жанчын (71,4 %). Пры гэтым кіраўнікоў-мужчын больш, чым кіраўнікоў-жанчын, на 3,1 %.

Сярэдні ўзрост працуючых на канец 2018 года — 42,5 года.

Загаловак у газеце: Паступальнае развіццё для ўмацавання лідарства

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.