Вы тут

Агляд чытацкай пошты


«Слонім заўжды быў горадам кнігі»

Відаць, не памылюся, калі скажу, што Дзень беларускага пісьменства прайшоў на самым высокім узроўні і што нічога падобнага горад не бачыў за ўсю сваю гісторыю! Свята, быццам штодзённае жыццё з вялікімі гандлем, музыкай, выставамі, сувенірамі, а самае галоўнае — з кнігай і мовай Скарыны, Купалы, Коласа, тутэйшых паэтаў Гальяша Леўчыка, Алега Лойкі, Міколы Арочкі, імгненна «ўлілося» ў народ...

Потым слонімцы шкадавалі, чаму ўсё так хутка скончылася, бо хацелася, каб свята працягвалася далей.

Гэта — скажам так — штрых першы яму наўздагон. Ёсць і некалькі яшчэ.

У горадзе дагэтуль не было помнікаў знакамітым слонімцам, таму Льва Сапегу тут гараджане чакалі даўно. І не дарэмна, бо ён па-сапраўднаму ўпрыгожыў Слонім, надаў яму велічы і старажытнасці. А значыць, помнік павінен стаць свайго роду візітоўкай, брэндам горада — з'явіцца на паштоўках, буклетах, магніціках, кнігах, значках... Твор мастацтва — бронзавая постаць на плошчы Леніна — павінен клікаць да нас гасцей.

Дарэчы, за некалькі месяцаў да свята грамадскія актывісты сабралі і перадалі ў райвыканкам подпісы пад прапановай перайменаваць плошчу. Магчыма, у Тэатральную, бо тут знаходзіцца наш драмтэатр, побач — краязнаўчы музей, будынак банка 1905 года, Свята-Троіцкая царква і г. д. Можа вярнуць плошчы і старую назву, якая была тут да 1944 года, — Гандлёвая... Адно відавочна: плошча, на якой стаіць вялікі гетман Вялікага Княства Літоўскага, не павінна насіць імя іншага палітычнага дзеяча з іншай эпохі.

Штрых трэці. У 1980-я ў Слоніме працавалі чатыры кнігарні, потым засталася адна. Цяпер у горадзе дзве прыватныя кніжныя крамы, а напярэдадні Дня беларускага пісьменства ў правым крыле райвыканкама адкрылася трэцяя — «Санет». Гаспадаром яе з'яўляецца рэспубліканскае ААТ «Белкніга».

Іншымі словамі, пашанцавала гораду: большасць райцэнтраў Беларусі не маюць адмысловых кнігарняў, а ў Слоніме ёсць. Прычым наш «Санет» — гэта тое ж, што «Светач» у Мінску. То-бок вялікая, сучасная крама, якая павінна не толькі прадаваць мастацкую літаратуру, падручнікі, розныя дапаможнікі, сувеніры, але і прапагандаваць працу нашых выдавецтваў, аўтараў... Што, дарэчы, крама і робіць: з дня адкрыцця тут адбылося каля дваццаці прэзентацый і сустрэч з аўтарамі, у планах — новыя сустрэчы і аўтограф-сесіі...

Іншымі словамі, Слонім заўсёды быў горадам творчай інтэлігенцыі, горадам тэатральнага і музычнага мастацтва. А ў першую чаргу — горадам кнігі. Таму верыцца, што ён такім і застанецца для нашчадкаў-слонімцаў, для гасцей.

Сяргей Чыгрын, г. Слонім.


Дзяцей у школу збіралі разам

...У хлопчыка з нашага прытулку неяк спыталі: «Які твой любімы прадмет?» Ён адказаў: «Пенал».

І хоць сутнасць пытання была ў іншым, з адказу бачна, наколькі важна для школьнікаў мець новыя канцтавары.

Надоечы дырэктар Смаргонскага аддзялення грамадскага аб'яднання «Беларускі дзіцячы фонд» Наталля Лабейка разам з супрацоўнікамі сацыяльна-педагагічнага цэнтра (СПЦ) выбралі для сірот і дзяцей з мнагадзетных, малазабяспечаных і няпоўных сям'яў сшыткі, альбомы для малявання, каляровыя алоўкі, пеналы, ручкі ды многае іншае: перад пачаткам навучальнага года ўручана 47 такіх падарункаў. Дзесяць дзяцей раёна і нашы першакласнікі атрымалі дапамогу дзякуючы аб'яднанню «Белая Русь».

А яшчэ мы прымалі гасцей з Залескага садка—сярэдняй школы, якія прывезлі ў прытулак сучасныя танцы і цікавыя гульні. Выхаванцам яны вельмі спадабаліся, як і канцтавары, якія пакінулі госці і якія, вядома ж, спатрэбяцца і дашкольнікам, і будучым першакласнікам.

Апроч таго ўпраўленне адукацыі забяспечыла нашых дзяцей неабходным адзеннем, школьнымі касцюмамі, прадстаўнікі пагранічнай групы падарылі новы школьны абутак, маладыя сужэнцы падрыхтавалі букеты для ўрачыстай лінейкі.

У выніку нашы дзеці — забяспечаныя ўсім да дробязяў, з вялікім жаданнем вучыцца — адправіліся ў школу. Пажадаем жа ім добрых адзнак і яркіх уражанняў!

Ларыса Татарынава, дырэктар Смаргонскага СПЦ.


Можна трымаць карову і ездзіць на ровары — нават у 90!

Соф'ю Аляксееўну Юркевіч з вёскі Вулька Целяханская ведае ўся акруга. І, вядома ж, не толькі таму, што днямі ёй споўнілася 90. У такім вось шаноўным узросце жанчына можа даць фору многім маладым. Ну, па-першае, яна дагэтуль трымае кароўку, робіць сваё масла, тварог і проста не разумее, што ў вёсцы можна іначай.

Па-другое, зусім нядаўна яна сама выкапала каля 20 сотак бульбы, што садзіла каля хаты. Кажа, што цяжка было, але ж паціху, «у якасці зарадкі», штодзень па градачцы і гатова.

Дзеці, вядома ж, сварыліся на яе, бо шкадуюць маці. А тая — шкадуе іх: ведае, як часам складана вырвацца з Брэста, Пінска, Целяхан...

Па-трэцяе, усім сваім сямейнікам (а ў юбіляркі шасцёра дзяцей (і ўсе, дарэчы, з адукацыяй), 9 унукаў і 11 праўнукаў) Соф'я Аляксееўна робіць падарункі — калі грашыма, калі печывам з уласнай печы, калі тканымі ці вышыванымі ручнікамі, дыванамі, посцілкамі, бо ў хаце ў яе стаяць кросны — сапраўднае інжынернае «збудаванне», за якім зімовымі вечарамі яна па-ранейшаму так спрытна шчыруе. Унук нядаўна ў Мінску атрымаў кватэру, то на ўлазіны з падарункам трапіла і бабуля. Яна ж некалькі гадоў таму адважылася і на зусім далёкае падарожжа — з'ездзіла да брата ў Арэнбург.

Па-чацвёртае, знайдзіце чалавека, які ў 90 гадоў ездзіць на ровары. А Соф'я Аляксееўна — лёгка: напрыклад, у Целяханы да сваёй сяброўкі — ткачыхі Надзеі Іванаўны Шляжка. А гэта не так і блізка!

Апроч таго жанчына карыстаецца мабільнікам, без акуляраў чытае, сочыць за сабой — ва ўсім служыць прыкладам для сваёй сям'і і землякоў...

У дзень прыгожага юбілею шаноўную Соф'ю Аляксееўну павіншавалі выконваючая абавязкі старшыні сельвыканкама Аксана Мялік, старшыня ветэранскай арганізацыі Святлана Крэк, старшыня прафкама ААТ «Целяханы-агра» Таццяна Іванова.

А дзеці ў падарунак ёй падрыхтавалі залаты медаль з лічбай 90. Як самай залатой маме!

Дарэчы, сёлета па Целяханскім сельсавеце 17 жыхарам спаўняецца па 90 гадоў, а двум — па 95. Мясцовая ўлада помніць пра кожнага са сваіх шаноўных імяніннікаў. Разам з Соф'яй Аляксееўнай Юркевіч з 90-годдзем павіншавалі, напрыклад, і Вольгу Сцяпанаўну Ланец з вёскі Выганашчы, якая ўсё жыццё была стаханаўкай у мясцовым калгасе і разам з мужам выгадавала пяцёра дзяцей.

Валянціна Бобрык, г. Івацэвічы.


«І кожны раз гэта мора смеху...»

На дварэ пакуль лета-лецейка, нават, здараецца, спёка. Як схавацца ад яе, чым прыкрыць галаву? Аб гэтым — загадзя і досыць весела — гаварылі пенсіянеры клуба «Залаты ўзрост» на сваёй чарговай сустрэчы.

Да яе, ну вядома ж, рыхтаваліся: шукалі патрэбную інфармацыю пра галаўныя ўборы, прыказкі ды прымаўкі, адказы на пытанні віктарыны, а потым — гулялі, танцавалі, шмат чаго дазналіся...

Гляджу цяпер на здымкі з той сустрэчы, якая так і называлася — «Капялюшная вечарынка», і не веру, што ўдзельнікам (усе прыйшлі ў капелюшах!) каму за 70, а каму і за 80 гадоў. Залаты ўзрост!

Пенсіянеры аднайменнага клуба амаль кожны месяц збіраюцца на тэматычныя вечары, прысвечаныя то паэзіі, то Калядам, то кветкам, то Дню абаронцаў Айчыны, то розным напоям... І кожны раз гэта мора смеху, выдумкі і пазітыву.

Ідэя ды сама падрыхтоўка сустрэч належыць сёстрам Вользе і Таццяне Тукіным. Першыя памочнікі ў іх Ганна Лой, Лідзія Прыбалавец, Людміла Янучок з нязменным баянам. На жаль, я не ўсіх пакуль ведаю, але вельмі рада, што далучылася да гэтых цікавых, творчых людзей.

Валянціна Гудачкова, г. Жыткавічы.


Чалавек — чалавеку

Многія часам думаюць, адкуль бяруцца анекдоты, хто іх прыдумляе?

Ёсць, відаць, спецыялісты, але ж, здараецца, што аўтар — само жыццё. Ну вось напрыклад.

***

Мае сябры — сямейная пара — вечарам вярнуліся з гасцей. Муж моцна заснуў на канапе, а жонцы раптам здалося, што нехта скрабецца — лезе да іх на лоджыю! Сярод ночы! Яна з ложка і давай тармасіць гаспадара:

— Уставай!.. Прачынайся!
У нас на лоджыі злодзей!

— Скажы яму, што я сплю, —
у адказ буркнуў муж.

***

Калі працавала ў школе, неяк спыніла старшакласніка, жартам сказала:

— Валера, нешта я цябе то з адной дзяўчынкай убачу, то з другой... Хто ж дама твайго сэрца?

— Дык вы ж самі на ўроку біялогіі казалі, што сэрца ў чалавека з чатырох камер.

***

Неяк раніцой настойліва звініць тэлефон. Здымаю слухаўку.

— Ванда, гэта ты? — пытаецца нехта.

— Не, я не Ванда, — адказваю.

— Кінь прыдурвацца! Я ж добра чую, што гэта ты... Прыхавай там маю шапку, а то я ў цябе ўчора забыўся...

Праз некалькі хвілін зноў званок.

— Ванда, каравул! — даносіцца з таго канца проваду. — Я толькі цяпер убачыў, што надзеў пінжак твайго Пеці... Што рабіць?

На жаль, дапамагчы гэтым няўдачлівым каханкам я нічым не магла — тады. Гэта цяпер на мабільным «адбіўся б» нумар тэлефона, можна было б перазваніць...

А вось добра гэта ці дрэнна, хай кожны думае сам.

З. М. Навоенка, г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён.

Пошту чытала  Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.