Вы тут

Сімяон Полацкі (1629—1680)


Свайго настаўніка Сімяона Полацкага ягоны вучань Сільвестр Мядзведзеў назваў настаўнікам «роду российску», які прыехаў у Маскву «в научение роду российску». Сапраўды, дзейнасць Сімяона Полацкага — гэта цэлая эпоха ў рускай культуры, што дала імклівы імпульс для яе развіцця. Але ён і гонар беларускай культуры, бо ягоны талент сфарміраваўся на яе ўрадлівай ніве.


Юнак з Полацка (яго сапраўднае поўнае імя Самуіл Гаўрылавіч Пятроўскі-Сітніяновіч) атрымаў выдатную адукацыю ў Кіева-Магілянскай акадэміі і Віленскай езуіцкай акадэміі. Дзіўным чынам у ім спалучаліся заходнееўрапейскія культурныя дасягненні з візантыйска-рускімі традыцыямі — новае са старым. І ён у сваіх смелых пераўтварэннях усё ж не выходзіў за межы традыцыйнага. Хоць, з іншага боку, лёс Сімяона Полацкага — гэта яскравы прыклад лёсу тагачаснай творчай асобы, чый талент эксплуатавалі царква і ўлада, для якіх ён быў толькі рамеснік для паслуг. Ды і час для творчасці быў для Сімяона неспрыяльны — крывавыя войны сярэдзіны XVІІ стагоддзя зруйнавалі і яго родную Полаччыну, і саму Рэч Паспалітую. Патрэбны былі воіны, а не вучоныя юнакі. Сімяон з горкай іроніяй насміхаецца з сябе:

Ума излишком, аж негде девати, —

Купи, кто хощет, а я рад продати...

Так і не знайшоўшы, каму прадаць «ума излишки», ён пайшоў у Полацкі Богаяўленскі манастыр і пастрыгся пад імем Сімяон. Пэўна, на гэта паўплывала і сардэчная траўма ад няшчаснага кахання. У адным са сваіх вершаў ён наўпрост указвае, што «злые люде женится не дали».

Сімяон выбраў свой шлях. Выкладаў у брацкай школе. У часы смутку і скрухі ён ратаваўся стварэннем вершаў-маленняў, у якіх прасіў Бога даць яму духоўных сіл. Цяжка быць адначасова паэтам з лірычнай душой і манахам, абмежаваным суровай аскезай.

Нарэшце, з'явіўся той, каму можна было прадаць «ума излишки», — рускі цар Аляксей Міхайлавіч, які ў ліпені 1656 года прыбыў у Полацк. На замову манаскай браціі Сімяон напісаў урачыстыя віншаванні цару — «Метры». Вучні брацкай школы ўзвышана віталі вершамі Сімяона цара — «пресветлого», «благочестивого», «христолюбивого», «проведное солнце». Праўда, Сімяон, відаць, пісаў «Метры» без усялякага натхнення, а дакладней, спісаў іх з твора XVІ стагоддзя «Прасфоніма» — такім вось чынам і паказаў сваё стаўленне. Не магло яго крануць адкрытае рабаванне, учыненае царом, які забраў з Полацка абраз Божай маці Эфескай — святыню ўсёй Полацкай зямлі. Сімяон шчыра аплакваў страту святыні і прасіў у сваіх вершаваных радках святую Ефрасінню маліць Бога аб вяртанні абраза. Як бачым, не толькі прозвішча звязвала яго з радзімай, але і глыбокі смутак аб яе лёсе. І ўсё ж у 1664 годзе ён пакінуў родны Полацк з-за цкаванняў манаскага начальства.

Цар даручыў вучонаму манаху з Полацка выхаванне царэвічаў Аляксея і Фёдара. Сімяон раскрыў іх схаваныя таленты: Аляксей рабіў поспехі ў вывучэнні лаціны, а малодшы Фёдар захапіўся паэзіяй і складаў добрыя вершы. Але сваю галоўную задачу Сімяон бачыў у выхаванні ў царэвічаў гуманных пачуццяў, любові да сваіх падданых. Ён складае вершы пра тое, якой мусіць быць улада, — «христолюбивой», «добродетельной», кіравацца разумнымі парадамі, захоўваць праўду. Нават самога цара манах павучае захоўваць маральныя прынцыпы ў кіраванні дзяржавай і ў асабістым жыцці, захоўваць сваіх «авечак» і абараняць іх ад «ваўкоў». Маскоўскае праваслаўнае святарства глядзела на яго з апаскай і недаверам, як на «лацініка», які прыехаў у Маскву пашыраць «лацінскую ерась». Сімяон сутыкнуўся з неразуменнем яго шчырых памкненняў несці асвету. Святары і прыхаджане не ўспрымалі яго казанні «за высоту словес». Заклікі да цара засноўваць школы былі пустымі. Голас Полацкага гучаў у пустэчы. Аднак ён карыстаўся любой падставай данесці сваё слова да царскага слыху, хай нават у вітальных усхваленнях. Штодня Сімяон пісаў па некалькі старонак дробным почыркам, пісанне для яго зрабілася духоўнай патрэбай. Падлічана, што ён пакінуў пасля сябе каля пяцідзесяці тысяч вершаваных радкоў. Уражвае! Але такая плённасць не спрыяла высокаму мастацкаму ўзроўню яго твораў. Хоць для таго часу яны былі шэдэўрамі — так, даследчык Алена Яскевіч вельмі высока ставіць «камедыю» Полацкага пра блуднага сына і лічыць яе вяршыняй сімвалізму еўрапейскага барока.

Муза так і не натхніла Сімяона Полацкага на вечны паэтычны шэдэўр, аднак менавіта ён, натхнёны ёй, пасадзіў у глебу рускай культуры дрэва паэзіі, якое пазней узрасце і яскрава расквітнее.

Пад апекай свайго выхаванца цара Фёдара Аляксеевіча Сімяон Полацкі змог ажыццявіць даволі шмат. У заснаванай Сімяонам друкарні выходзілі яго кнігі: «Букварь языка словенска», напісаны ім для царэвіча Пятра Аляксеевіча, «Псалтырь рифмотворная» — паэтычны пераказ псалмоў, які вялікі Міхаіл Ламаносаў назваў «брамай сваёй вучонасці». Да друку былі падрыхтаваныя ёмістыя паэтычныя зборнікі «Ветроград многоцветный» — своеасаблівая вершаваная энцыклапедыя аб гістарычных, біблейскіх, міфалагічных героях і падзеях, аб розных з'явах і жывёлах. Адначасова з кнігадрукарскай справай Сімяон распрацоўвае праект стварэння і статут першай у Масковіі вышэйшай навучальнай установы — Грэка-лацінскай акадэміі. Можна дзівіцца ўсеабдымнасці Полацкага, які імкнуўся ахапіць сваім словам усе праявы духоўнага жыцця грамадства і самога чалавека: філасофію, літаратуру, навуку, тэатр, іканапіс, музыку, асвету, дзе ён пакінуў свой добры даробак. Яго постаць ужо тады была велічная, пра вучонага манаха і яго творчасць пісалі оксфардскі лінгвіст Лудольф, аўтар «Сказання аб Масковіі» Якуб Рэйтэнфельс, якія бачылі ў асобе Сімяона Полацка яскравую праяву еўрапейскай культуры і «лацінскай вучонасці» ў далёкай і загадкавай Масковіі.

Пасля смерці Сімяона Полацкага 25 жніўня 1680 года яго вучань Сільвестр Мядзведзеў выдаў «Ветроград» і два зборніка казанняў «Обед душевный» і «Вечеря душевная». Праз кнігі слова Полацкага прыйшло да людзей. Яно мусіла паслужыць выпраўленню чалавечых заган, «врачеванию недугов». Праваслаўныя святары, ратуючы сваё «невуцтва», прызналі яго слова ерэтычным. Сам ён быў абняслаўлены і зганьбаваны. Але слова было вымаўлена, і яго пачулі. Выхаванец Сімяона цар Пётр пачаў у Масковіі маштабныя пераўтварэнні, далучаючы яе да Еўропы.

Сімяон Полацкі хацеў, каб чалавек быў «Богу точный» і «совершенный», прыгатаваў для яго духоўную трапезу «от слова Божия». А сам як вучыў, гэтак і пражыў «проповедию слова народу полезный».

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.