Вы тут

Тэадор Нарбут спраектаваў Бабруйскую крэпасць


«Нам высвяціў Нарбут наша мінулае», — гэтак пісаў Уладзіслаў Сыракомля аб дзейнасці Тэадора Нарбута (1784–1864). Плёнам яго шматгадовых гістарычных штудый стала дзевяцітомная гісторыя «Дзеі старажытныя народу літоўскага» (Вільня, 1835–1841). Па багацці фактаў яна не мела сабе роўных. Дзеянні мужных і слаўных продкаў ажылі на старонках кнігі Тэадора Нарбута. Яго параўноўвалі з апошнім храністам Вялікага Княства Літоўскага Мацеем Стрыйкоўскім. Паважанае параўнанне! Як патрыёт свайго краю, ён марыў пра яго свабоду, а ў гэта ўжо было злачынствам.


А жыццё Тэадора Нарбута складвалася добра. Ён паходзіў са старажытнага і слаўнага роду Остыкаў, звязанага з родам Радзівілаў. Тэадор-Матэвуш нарадзіўся 28 кастрычніка (8 лістапада) 1784 года ў маёнтку Шаўры Лідскага павета (цяпер Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці) у сям’і адстаўнога паручніка гвардыі Яўхіма Остык-Нарбута і яго жонкі Ізабелы Капіевіч. Пачатковую адукацыю ён атрымаў дома, а пасля вучыўся ў Лідскім калегіуме піяраў і ў Галоўнай Віленскай школе ў вядомых архітэктараў Гуцэвіча і Шульца. Адукацыю Нарбут працягваў у Пецярбургскім кадэцкім корпусе, куды паступіў у 1803 годзе, вучыўся на вайсковага інжынера. Ужо праз год ён у званні «кандуктара першага класа» быў выпушчаны з корпуса. Ваенная кар’ера Нарбута склалася паспяхова. Маладога перспектыўнага афіцэра прыкмеціла начальства, ён становіцца даверанай асобай дырэктара інжынернага дэпартамента генерала Сухтлена. Адначасова выкладае ў кадэцкім корпусе. Першым адказным заданнем Нарбута з’явілася праца ў камісіі па рэгуляцыі Нёмана. Давялося прайсціся па берагах гэтай легендарнай рэчкі ад вытокаў да вусця, пешкам абмераць гістарычную прастору сваіх будучых «дзеяў». А пасля ўжо ў званні падпаручніка Тэадор Нарбут удзельнічае ў руска-пруска-французскай вайне (1806–1807 гг.). У баі пад Астраленнай ён атрымаў штыкавае раненне, а ў бітве пад Тыльзітам яму прастрэлілі левую руку. З дзеючай арміі Нарбута адкамандзіравалі ў Рэвель (сучасны Талін) для прыгонных прац. У новай руска-шведскай вайне (1808–1809 гг.) Нарбут зноў у дзеючай арміі і быў кантужаны каля крэпасці Або. А калі ачуняў, вызначаў прыдатныя мясціны для размяшчэння берагавых батарэй. Заслугі Нарбута былі адзначаны ордэнам святой Ганны. 

Пасля вайны ўжо паручніку Нарбуту даверылі адказнае заданне — знайсці ў Беларусі месца для пабудовы крэпасці, і накіравалі ў раён паміж Рагачовам і Магілёвам. Меркавалася пабудаваць крэпасць на берагах Дняпра ці Сожа каля Новага Быхава. Нарбут аб’ехаў увесь гэты край і знайшоў зручнае месца на Бярэзіне ў Бабруйску. Выбар аказаўся ўдалым, і яго прынялі на пасяджанні Ваеннай калегіі ў Пецярбургу. Нарбут нават распрацаваў чарнавы праект крэпасці, які выкарыстаў інспектар інжынернага корпуса генерал Карл Оперман. У чэрвені 1810 года пад кіраўніцтвам Нарбута пачаліся земляныя працы. Для ўзвядзення крэпасці прыгналі некалькі тысяч прыгонных сялян, выкарыстоўвалі працу салдат і жыхароў Бабруйска. Людзі працавалі да знясілення, хварэлі. Захварэў і Нарбут. Варта было задумацца аб сваёй кар’еры — раненні, кантузія, хвароба. А дзеля чаго? Можна ўявіць маральныя пакуты Нарбута. Рана ці позна трэба было рабіць выбар: ці служыць у рускай арміі, ці служыць сваёй радзіме. Нарбута не падкупіла чарговая ўзнагарода — Ордэн Уладзіміра IV ступені і званне штабс-капітана. Тэадор падаў у адстаўку.

Шлях да вывучэння гісторыі для Нарбута пачаўся з археалогіі. Яшчэ да адстаўкі ён вёў сапёрныя працы на берагах Дняпра і раскапаў некалькі курганоў. Увачавідкі дакрануўся да жывой гісторыі. Прыйшоўшы да высновы, што курганы помнікі пахавальнага абраду, ён пачаў вывучаць іх. Адначасова запісваў легенды і паданні, звязаныя з той ці іншай мясцовасцю, рабіў выпісы з нейкай хронікі ХIV стагоддзя, якую ў старым Быхаве паказаў яму аматар даўніны, павятовы лекар Геперт, шукаў рэшткі мінулага. Так спакваля вайсковец ператварыўся ў гісторыка. Пачынаў з краязнаўчых нарысаў, нібыта спрабаваў свае сілы. Так з’явіўся гістарычны нарыс пра Лідскі замак, апісанне руіны старажытнага замка на Нёмане каля вёскі Лыскава Гарадзенскага павета. Ён лічыў, што гэта сляды легендарнага новага горада ці новай Гародні, дзе каранаваўся Міндоўг. Увогуле Нарбут даволі смелы ў сваіх высновах, што выдае ў ім гісторыка-рамантыка. Апантаны любоўю да гісторыі, Нарбут насычаў свае «Дзеі» не толькі фактамі, узятымі з вядомых крыніц, але цягнуў у іх і неправераныя факты з «цьмяных» крыніц, якія не дайшлі да нас. Выклікаюць падазрэнні ў фальсіфікацыі надрукаваныя Нарбутам «Дзённік Конрада Кібурга», «Раўданскі рукапіс», нібыта іх сачыніў сам гісторык. Толькі ўзнікае заканамернае пытанне, навошта было Нарбуту займацца падробкамі? На жаль, яго архіў быў канфіскаваны і знік, таму цяпер аўтэнтычныя дакументы, якімі карыстаўся гісторык, адсутнічаюць. Падазравалі Тэадора Нарбута ў фальсіфікацыі і славутай «Хронікі Быхаўца», якую ён надрукаваў у 1846 годзе. Толькі знойдзеныя ў архіве перапіска Нарбута з уладальнікам рукапісу Быхаўцам сведчыць пра арыгінальнасць «Хронікі». Тым не менш, цень фантазёра і фальсіфікатара ўпала на Нарбута, што значна зменшыла навуковую каштоўнасць яго гістарычных прац. Даруем яму залішняе захапленне гісторыяй. Нарбут стварыў гераічны і рамантычны вобраз старажытнай Літвы. Ён браў на веру легендарныя звесткі аб міфічных літоўскіх князях і ўключаў у свае «Дзеі», як гістарычныя факты. Думаю, што гэта не бяда, проста тады яшчэ не было крытычнага і навуковага аналізу беларускіх летапісаў, і шмат хто з гісторыкаў успрыняў іх легендарную частку за праўду. Як бачым, Нарбут быў не выключэннем.

Па-рознаму ўспрымаліся гістарычныя працы Тэадора Нарбута. Калі «літвіны» віталі іх, то польскія гісторыкі адносіліся да іх варожа. Іх раздражняла тое, што Нарбут разглядаў гісторыю Літвы і Беларусі не як частку польскай, а як незалежную ад яе. Дакаралі Нарбута і ў тым, што ён амаль нічога не кажа пра народ, а праводзіць толькі ваенныя і палітычныя факты, унікаючы апісання народнага жыцця. На гэтыя абвінавачванні Нарбут адказаў так: «Я пайшоў пасярэдзіне, выкладаючы факты самога народнага жыцця. Зрабіць вывады, якіх няма ў першакрыніцах (ці якія не падказваюцца імі), трэба самому чытачу». Словам, ён данёс факты мінулага, а чытач хай асэнсоўвае іх па-свойму. А што датычыцца народнага жыцця, дык варта ўзгадаць яго этнаграфічныя зацемкі, напрыклад, апісанне вясельнага абраду на Палессі, збор народных спеваў і паданняў. Звесткі пра свята Дзяды для сваёй аднайменнай паэмы Адам Міцкевіч узяў з этнаграфічнага апісання Нарбута.

Быццам бы ўсё ў Нарбута складвалася добра, надрукаваныя дзевяць кніг яго «Дзеяў», за якія цар Мікалай І узнагародзіў гісторыка пярсцёнкам з алмазам, ён паважаны ў краі чалавек. У яго дружнай сям’і растуць пяцёра сыноў і тры дачкі. Выхоўваў іх Нарбут у патрыятычным духу. Іначай не магло быць. Сам Тэадор актыўна не ўдзельнічаў у паўстанні 1830 года, хоць яму некалькі разоў прапаноўвалі ўзначаліць паўстанцкі атрад. Свой выбар ён ужо зрабіў — напісаць гісторыю роднага краю, вось яго галоўная мэта, вось яго барацьба за свабоду. Тым не менш, Нарбут распрацаваў план узяцця Вільні, кіраваў ліццём гармат для паўстанцаў. Гэтыя факты засталіся невядомымі царскім уладам, што і выратавала Нарбута ад рэпрэсій.

Толькі адсядзецца за спакойнымі сценамі свайго дома не ўдалося. Павевы новага часу няўмольна ўрываліся ў жыццё састарэлага гісторыка. У 1850 года за рэвалюцыйную дзейнасць быў сасланы ў салдаты на Каўказ яго старэйшы сын Людвік. Толькі праз дзесяць гадоў Людвік вярнуўся дадому, узмужнелы, маючы за спіной баявы вопыт, узнагароджаны ордэнам Св. Ганны IV ступені з афіцэрскім чынам прапаршчыка.

Менавіта Людвіка Нарбута Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі на чале з Канстанцінам Каліноўскім назначылі ваенным начальнікам Лідскага павету. На сямейнай нарадзе Тэадор Нарбут блаславіў сыноў, Людвіка і Баляслава, дачку Тэадору на змаганне за свабоду Радзімы: «Трэба аддаць дзяцей на ахвяру Айчыне». Мудры гісторык ведаў, што свабода заваёўваецца крывёю, і кагосьці са сваіх дзяцей ён ужо не дачакаецца. А на Валыні будзе змагацца яшчэ адзін яго сын, Францішак.

Атрад Людвіка Нарбута гераічна біўся з царскімі катамі. У баі пад вёскай Дубічы 22 красавіка (4 мая) 1863 г. Людвік гераічна загінуў.

Кара спасцігла сям’ю Нарбутаў. Душыцель паўстання віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў загадаў саслаць у Сібір Тэадора і яго жонку Хрысціну, а маёнтак канфіскаваць. Для запалохвання іншых разбурыць дом Нарбутаў, і месца на якім ён стаяў, заараць. Перад гэтым у Шаўры наведаўся пранырлівы чыноўнік Пётр Бяссонаў, які вычысціў архіў Нарбута, што ад яго і сляда не засталося. Тады сярод шматлікіх каштоўных дакументаў знікла і славутая «Хроніка Быхаўца». Сабраны Нарбутам фальклорны матэрыял Бяссонаў прысвоіў сабе і без пазначэння імя збіральніка надрукаваў у 1871 годзе ў сваім зборніку «Беларускія песні».

Над старым і нямоглым Нарбутам, які ўжо не мог хадзіць, Мураўёў злітаваўся і пакінуў пад наглядам паліцыі ў Вільні, дзе ён і памёр 14 лістапада 1864 года. А вось Хрысціну саслалі ў Пензенскую губерню на 5 гадоў. Баляслава злавілі і судзілі, толькі непаўналецце выратавала яго ад смяротнага пакарання, якое замянілі ссылкай у Краснаярск. Францішак і Тэадора Нарбуты эмігрыравалі ў Францыю.

Але Тэадор Нарбут не адчуваў сябе пераможаным. «А ведаеш, нягодны, што твой сын забіты?», — здзекліва спытаўся ў Нарбута Мураўёў. Тэадор годна адказаў царскаму кату: «Маю яшчэ некалькі сыноў — усіх дзяцей выхоўваў для Айчыны».

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.