Вы тут

Лёгкаатлетычны матч Еўропа-ЗША пройдзе 9-10 верасня


Матчавая сустрэча Еўропа—ЗША — падзея, якая не мае аналагаў, названыя кантыненты на бегавых дарожках у такім фармаце яшчэ не сустракаліся, калі не лічыць матчавыя сустрэчы камандаў СССР і ЗША, якія ў свой час былі вельмі папулярныя. Апошняя падобная лёгкаатлетычная бітва прайшла якраз такі на мінскім стадыёне «Дынама» 46 гадоў таму.


Ініцыятарам правядзення Матча Еўропа — ЗША стаў Прэзідэнт Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі Свен Арнэ Хансен, беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі з радасцю падтрымала гэтую ідэю. У праграме цяперашняга матча ў Мінску — усе віды лёгкай атлетыкі, акрамя доўгіх дыстанцый (больш за тры тысячы метраў) і эстафеты 4х400 метраў. У кожным відзе праграмы выступяць па восем атлетаў (чатыры прадстаўнікі ад Еўропы і чатыры — ад ЗША). Канчатковы склад зборных кантыненты назавуць 1 верасня. У Беларусь прыедуць топавыя спартсмены сусветных рэйтынгаў — гэта 304 наймацнейшыя атлеты свету. Плануецца, што ў камандзе Еўропы выступіць дзесяць беларускіх спартсменаў.

«Увагу да матча з боку дзяржаўнага кіраўніцтва, асабіста кіраўніка дзяржавы, немагчыма пераацаніць, — адзначыў намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Аляксандр БАРАУЛЯ. — Павінен паведаміць, што асабіста намеснікам прэм'ер-міністра Ігарам Петрышэнкам быў створаны арганізацыйны камітэт, які планава вядзе работу па падрыхтоўцы да гэтай грандыёзнай падзеі. Таму можна зразумець, наколькі дадзены матч значны для Беларусі і наколькі сур'ёзна падыходзіць дзяржава да пытанняў яго арганізацыі. Сам матч — безумоўна і без перабольшання гістарычны момант, бо ў гісторыі суверэннай Беларусі падобных спаборніцтваў яшчэ не праводзілася. Наймацнейшыя атлеты з Еўропы і ЗША яшчэ не сустракаліся на беларускай зямлі, і я думаю, што гледачы, аматары лёгкай атлетыкі не пашкадуюць, калі прыйдуць на стадыён».

Спартыўную падзею будуць асвятляць найбуйнейшыя СМІ з усяго свету, напрыклад, правы на трансляцыю форуму ўжо купіла кампанія BBС. Што да гледачоў, дык білетная праграма была запушчана яшчэ ў маі, запаветныя білеты працягваюць прадавацца і цяпер, іх мінімальная цана — 12 рублёў, найвышэйшая — 25 рублёў.

Ужо вядома, што з сусветных зорак у матчы выступіць чэмпіён свету ў бегу на 200 метраў Раміль Гуліеў, неаднаразовая чэмпіёнка свету і Еўропы ў скачках у вышыню Марыя Ласіцкене і алімпійская чэмпіёнка ў скачках з шастом Кацярына Стэфанідзі. «Узровень матча будзе вельмі высокім, і толькі топ-атлеты возьмуць у ім удзел. Радуе, што ў Беларусі ёсць гарантаваная квота ў колькасці дзесяці месцаў у камандзе Еўропы, але мы не выключаем магчымасці і прамога праходжання ў каманду», — адзначыў старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім ДЗЕВЯТОЎСКІ.

Пераможцы турніру атрымаюць па сем тысяч еўра прызавых, удзельнікі, якія занялі другія месцы, — па пяць тысяч, трэція — па чатыры тысячы. Па словах Вадзіма Дзевятоўскага, ад узроўню арганізацыі матча будзе залежаць лёс беларускай заяўкі на правядзенне чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы ў 2024 годзе. Гаспадар кантынентальнага турніру будзе абраны ў 2020 годзе. Акрамя Мінска, на яго прэтэндуе польскі рэгіён Сілезія. Раней з барацьбы выбылі Гётэбарг (Швецыя) і Тамперэ (Фінляндыя).

Плануецца, што лёгкаатлетычны матч Еўропа — ЗША стане традыцыйным і будзе праводзіцца раз на два гады (у 2021 годзе — у ЗША, у 2023-м — у Еўропе і г. д.).

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Класiкаў трэба ведаць…, Быў бы араты, будзе й прыганяты, Па малiну…

Эканоміка

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

У бiзнес-колах Гродзеншчыны лiчаць, што меры па падтрымцы эканомiкi з'явiлiся своечасова.