Вы тут

Як не баяцца ісці ў нязведанае — майстар-клас ад Уладзіслава Грыба і Дзяніса Васілевіча


Пакуль адны шукаюць апраўданні і абяцаюць з панядзелка абавязкова пачаць новае жыццё, іншыя бяруць сваё жыццё ў свае рукі і дзейнічаюць. Нават калі іх заняткі незразумелыя і непапулярныя. Кіданне булавы — дысцыпліна паралімпійскай лёгкай атлетыкі, нягледзячы на традыцыі айчыннага паралімпійскага спорту, у нашай краіне ніколі не была прадстаўлена. Пакуль у лёгкаатлетычным манежы не з’явіўся Уладзіслаў Грыб, першы ў Беларусі лёгкаалет-паралімпіец, які спецыялізуецца на кіданні булавы. Як гэта — ісці не пратоптанай сцежкай — Уладзіслаў і яго трэнер Дзяніс Васілевіч расказалі «Звяздзе». Спойлер: галоўнае на гэтым шляху — надзейныя сябры.


Першапраходцам заўжды няпроста

«Спортам я цікавіўся з дзяцінства, мне гэта вельмі падабалася. Пастаянна нешта шукаў, знаёміўся з рознымі відамі», — успамінае Уладзіслаў. Наўрад ці ён тады мог уявіць, што знойдзе сябе ў паралімпійскім спорце. Але лёс распарадзіўся інакш. Сур’ёзная траўма, некалькі гадоў на лячэнне, фізічную рэабілітацыю і маральнае аднаўленне — і абсалютна новае жыццё.

«У спартыўнай зале я пазнаёміўся з вядомым паралімпійцам Аляксандрам Трыпуцем, які, на жаль, ужо пайшоў з жыцця. Ён мне расказаў пра паралімпійскі спорт, параіў звярнуць увагу на лёгкую атлетыку. Саша дапамог з інвентаром, пастаянна падтрымліваў. Кіданнем я асабліва ніколі не цікавіўся. Таму спачатку было цяжкавата зразумець і засвоіць тэхніку гэтага віду. Але ўцягнуўся», — расказвае Уладзіслаў.

Знайшоўся і трэнер, які павёў хлопца па спартыўнай сцежцы. Але абставіны склаліся такім чынам, што трэнеру прыйшлося скончыць сваю працу. І на дапамогу Уладзіславу ізноў прыйшоў сябар — Дзяніс Васілевіч, якога тады ён папрасіў папрацаваць месяц, а сёння называе найлепшым трэнерам. «Мы пазнаёміліся ў 2014 годзе, праз два гады пасля таго, як Улад атрымаў траўму. Я быў інструктарам па актыўнай рэабілітацыі ў Асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў. Калі ён разышоўся са сваім першым трэнерам і папрасіў у мяне дапамогі, адмовіць я не мог. Кіданне булавы — дысцыпліна для спартсменаў з пераломамі пазваночніка. З такімі спартсменамі не заўсёды проста працаваць, трэба разумець спецыфіку траўмы і магчымасці спартсмена. Я з 2012 года займаўся рэабілітацыяй людзей з такімі траўмамі, таму мне гэта тэма зразумелая і блізкая. Да таго ж, мне было цікава папрацаваць з незнаёмым відам спорту», — успамінае Дзяніс.

У кіданні булавы Уладзіслаў — першапраходзец. Гэтым спортам ён займаецца з 2020 года і за тры гады паспеў ужо назапасіць добры досвед, але яго пакуль недастаткова. «З трэнерам вучымся самі. На зборах, на спаборніцтвах заўсёды глядзім, хто як працуе, і нешта для сябе пераймаем. Цяпер не можам падабраць мне патрэбнае крэсла, пастаянна яго мадэрнізуем (для кіданняў паралімпійцам з парушэннямі апорна-рухальнага апарату патрэбна спецыяльае крэсла — Заўв. аўт.). Кожны спартсмен можа зрабіць булаву зручнай для сябе. Пакуль мы булаву пад сябе не падабралі. Таму нешта падглядваем, нешта мяняем. Адпаведна, стабільнасці пакуль няма і да новаўвядзенняў даводзіцца кожны раз прывыкаць. Летась тэхніку кідання змянілі, сёлета яе шліфуем», — расказвае Уладзіслаў.

Тэхнічныя пытанні — гэта, безумоўна, вельмі важна. Але для развіцця спартыўнага майстэрства неабходна канкурэнцыя. А ў Беларусі, акрамя Уладзіслава, кіданнем булавы займаецца ўсяго адзін чалавек. Да міжнароднага бана праблем з гэтым не было — у календары хапала выязных стартаў. А паўтара года, калі не было магчымасці выступаць на міжнародных турнірах, ратавалі беларуска-расійскія старты. Там у нашага спартсмена ёсць і моцны сапернік, і добры сябар — паралімпійскі чэмпіён 2020 года Муса Таймазаў. «Нам пашанцавала крыху больш, чым расійскім калегам. Ва Улада галоўны сапернік — паралімпійскі чэмпіён, які паказвае выдатныя вынікі і тым самым не дазваляе нам расслабляцца і спыняцца. Нам сапраўды пашанцавала, што мы можам спаборнічаць з такім моцным сапернікам. Магчыма, калі б лідар быў далёка, і нам было б цяжэй. З Мусой і яго трэнерам мы не проста спаборнічаем, а сябруем. Многімі рэчамі яны з намі дзеляцца. Зразумела, што ўсе свае сакрэты не раскрываюць, але іх парады нам вельмі дапамагаюць. У Расіі кіданнем булавы займаецца больш людзей, чым у нас, таму канкурыраваць нам ёсць з кім», — адзначае Дзяніс Васілевіч.

Уладзіслаў прызнаецца, што сяброўства з чэмпіёнам дае яму магчымасць пастаянна ўдасканальвацца: «Я многаму вучуся ў Мусы. Ён чэмпіён, найлепшы ў нашым відзе. Навошта мне глядзець на другое і трэцяе месца? Мне трэба быць першым. А значыць, і вучыцца трэба ў найлепшых».

Сапернікам варта пачынаць хвалявацца

Спортам Уладзіслаў Грыб пачаў займацца ў 2020 годзе, а ў 2021-м ужо выступаў на Паралімпійскіх гульнях у Токіа. У японскую сталіцу з’ездзіў не турыстам — заняў шостае месца. Для атлета, які ўсяго год трэніруецца, — вынік больш чым выдатны. Праўда, сам спартсмен так не лічыць. «Я ехаў на Паралімпіяду і зусім не ўсведамляў, што гэта галоўны старт. Мне здавалася, што я еду на звычайны старт, ніякай павышанай адказнасці не адчуваў. Разуменне, што такое Паралімпійскія гульні, прыйшло месяцы праз два. І я стаў перажываць, што згубліў свой шанц. Так, шостае месца — гэта, можа, і нядрэнна. Але я магу лепш. І тады мог лепш выступіць. Магчыма, няправільна настроіўся на старт. У Токіа не было гледачоў на трыбунах і не было адчування важнасці гэтага старту. Спадзяюся, у Парыжы будзе інакш. Я ў прынцыпе ніколі не выступаў пры поўных трыбунах, хацелася б адчуць, што гэта такое».

Урокі, вынесеныя з Паралімпійскіх гульняў, прымяніць на іншых спаборніцтвах Уладзіслаў не паспеў. Як вядома, з лютага 2022 года беларускія спартсмены не маглі выступаць на міжнародных стартах. «Можа, прагучыць дзіўна, але мне гэтае адхіленне пайшло ў плюс. У мяне з’явіўся час набрацца досведу, стаць мацнейшым. Магчыма, калі б я займаўся спортам больш і актыўна выступаў на міжнародных стартах, было б цяжэй перажыць гэты перыяд, магчыма, я б менш адказна ставіўся да трэніровак. Але са мной такога не здарылася, увесь час мы з трэнерам працавалі, вучыліся. Тэмп работы ніхто не зніжаў. Разумелі, што рана ці позна нас дапусцяць, таму трэніраваліся так упарта, каб вярнуцца мацнейшымі. Мы заўсёды рыхтуемся перамагаць і паказваць дастойны вынік. Таму да вяртання на міжнародную арэну мы гатовыя», — адзначае спартсмен.

Такі падыход да трэніровак аказаўся вельмі дарэчы. У кастрычніку Міжнародны паралімпійскі камітэт дапусціў беларускіх спартсменаў да ўдзелу ў міжнародных стартах, а самае галоўнае — да Паралімпійскіх гульняў 2024 года ў Парыжы. «Увесь гэты час мы вельмі сумавалі па міжнародных стартах. Хочацца спаборнічаць не толькі з расійскімі спартсменамі, але і з атлетамі з іншых краін. Вельмі хочацца паглядзець на сваіх сапернікаў, як яны змяніліся, і, канешне, праверыць свае сілы», — дзеліцца Уладзіслаў.

Цяпер у спартсмена пачынаецца серыя міжнародных стартаў, да якой ён актыўна рыхтуецца. У лютым — старт у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, затым — турнір у Марока. Пасля — чэмпіянат свету ў Японіі. І момант ісціны — Паралімпійскія гульні ў Парыжы. «Я думаю, нашым сапернікам варта пачынаць хвалявацца. Мы ні на імгненне не пакідалі надзеі, што паляцім у Парыж. Таму ні адзін з маіх спартсменаў не спыніў трэніравацца. Дзякую ім за вытрымку, за тое, што ў гэты складаны час не згубілі матывацыі. Улад у мінулым годзе паказаў другое месца на чэмпіянаце свету, у гэтым годзе — першае. Цяпер у сусветным рэйтынгу ён на трэцім месцы. У яго вялікі патэнцыял. Калі б мы апусцілі рукі, усё б страцілі. Але мы ўпарта трэніраваліся. Шмат працавалі і сёння гатовы да бою. Шчыра хочацца, каб спорт быў спортам і атлеты заваёўвалі медалі ў сумленнай барацьбе. Думаю, нашы спартсмены ў наступным сезоне пакажуць свае здольнасці. Спадзяюся, мы вернемся ў вялікі спорт эфектна. Што да вынікаў, дай бог, каб было здароўе. На чэмпіянат свету ў Японіі мы дакладна едзем па ліцэнзію на Паралімпійскія гульні і па медалі. Што да Паралімпійскіх гульняў, то на галоўным старце нікога нельга недаацэньваць. Мы хочам і будзем біцца за месца на пастаменце, але жыццё пакажа», — адзначае Дзяніс Васілевіч.

Трэнер упэўнены, што фізічныя здольнасці спартсмена і правільна выбудаваная работа абавязкова прывядуць да медалёў. Але найперш — менавіта праца, штодзённая, напружаная. Таму што паралімпійскі спорт — гэта не фізкультура і не хобі, як многія лічаць. Гэта паўнавартасны спорт, з вялікай канкурэнцыяй, прафесійным падыходам і фізічнай і маральнай падрыхтоўкай.

«Некаторыя кажуць: „А што там сядзець і кідаць?“. Але калі прапаноўваю пасядзець і пакідаць, ахвотных не знаходзіцца. Нядаўна былі на зборы ў Дагестане. Раніцай, адразу пасля сняданку, трэніроўка, некалькі гадзін адпачынку, і зноў на трэніроўку. І так шэсць дзён на тыдзень. Здаецца, у нядзелю, адзіны выхадны, хочацца і кудысьці з’ездзіць, нешта паглядзець, але сіл на гэта абсалютна не застаецца. Таму быць спартсменам зусім не проста», — дзеліцца Уладзіслаў. І дадае: «Але я планую выступаць гадоў да 50».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізавета ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.