Вы тут

Тавары пад брэндам «Зроблена на Магілёўшчыне» ведаюць практычна ва ўсіх кутках Расіі


Міжрэгіянальныя стасункі надаюць асаблівы імпульс гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву паміж беларускімі і расійскімі рэгіёнамі. «Магілёўхімвалакно», «Магілёўліфтмаш», «Белшына», «Сервалюкс», «Магатэкс», «Бабуліна крынка», «Чырвоны харчавік» — тавары пад брэндам «Зроблена на Магілёўшчыне» ведаюць практычна ва ўсіх кутках Расіі.


— Расійская Федэрацыя была і застаецца прыярытэтным рынкам збыту для нашых прадпрыемстваў, — паведаміў на тэматычнай секцыі VІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі губернатар Магілёўскай вобласці Леанід ЗАЯЦ. — Але сёння мы пераходзім ад простых тавараабменных адносін да кааперацыйных. Напрыклад, «Магілёўліфтмаш» мае на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі больш за 70 дылераў, некалькі зборачных вытворчасцяў, шэраг сэрвісных цэнтраў, удзельнічае ў рэалізацыі двух сумесных праектаў. Эфектыўна дзейнічаюць на тэрыторыі вобласці больш за 300 арганізацый з расійскім капіталам. Сярод іх «Данон-Шклоў» па вытворчасці малочнай прадукцыі, «Дахавы завод «ТэхнаНІКОЛЬ», які вырабляе будаўнічыя матэрыялы. Маштабны інвестыцыйны праект рэалізуе ў Магілёве прадпрыемства па выпуску тэхнічнага вугляроду «Омск Карбон Магілёў». На яго рэалізацыю інвестарам ужо накіравана больш за 80 мільёнаў долараў, створана 300 рабочых месцаў. Сёння мы прапрацоўваем пытанне падваення вытворчых магутнасцяў магілёўскага прадпрыемства па вытворчасці жэлаціну «Мажэліт» з удзелам расійскай кампаніі «Колва». За апошнія пяць гадоў тавараабарот Магілёўскай вобласці з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі склаў больш за 10 мільярдаў долараў.

Леанід Заяц звярнуў увагу і на найбольш балючыя моманты, якія павінны вырашацца, бо датычацца агульных інтарэсаў дзвюх краін.

— Па-першае: трэба актывізаваць абарону беларуска-расійскага рынку ад шэрагу тавараў, які трапляюць да нас: у прыватнасці гэта шынная прадукцыя з Кітая, якая завозіцца цераз Казахстан, цэлы пералік тавараў машынабудаўнічага комплексу. Па-другое: пэўныя праблемы ёсць унутры рынку Саюзнай дзяржавы. Напрыклад, сітуацыя з Магілёўскім прадпрыемствам «Магатэкс», якое сутыкаецца з пэўнымі абмежаваннямі пры супрацоўніцтве з расійскімі партнёрамі. На беларускія тканіны не распаўсюджваецца дзеянне загада Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Расійскай Федэрацыі па выкарыстанні страхавых узносаў на забеспячэнне расходаў на набыццё спецыяльнага адзення. Па-трэцяе: асаблівую заклапочанасць у нас выклікае пратакол паміж урадам і Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, які датычыцца гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў, згодна з якім не толькі беларускія, але і расійскія кампаніі, якія рэалізавалі праекты ў Магілёўскай вобласці, пазбаўленыя квот на вытворныя нафтапрадуктаў. Гэта негатыўна адбіваецца на далейшых перспектывах развіцця прадпрыемства групы кампаній «ТэхнаНІКОЛЬ». І гэта толькі асобныя аспекты нашага супрацоўніцтва. Лічу, што мы маем вельмі вялікі патэнцыял у далейшым будаўніцтве Саюзнай дзяржавы. А праблемы для таго і існуюць, каб вырашаць іх разам і знаходзіць кампраміс.

Кантракты

Два вялікія кантракты на пастаўку ў Расію прадукцыі агульнай сумай 5,5 мільярда расійскіх рублёў падпісала на Форуме рэгіёнаў магілёўскае прадпрыемства «Магілёўхімвалакно». Сёння Расія спажывае 48 % поліэфірнай прадукцыі гэтага вытворцы. Яшчэ 32 % ідзе на ўнутраны рынак і 20 % — у іншыя краіны.

— З ТАА «Міаком СПб» мы падпісалі кантракт на пастаўку ў наступным годзе тэхнічных нітак на суму 500 мільёнаў расійскіх рублёў. Гэта прадпрыемства з'яўляецца нумарам адзін па пастаўцы геасетак і іншых матэрыялаў для ўмацавання адхонаў пры будаўніцтве дарог, — паведаміў генеральны дырэктар ААТ «Магілёўхімвалакно» Пётр РУДНІК. — А з ТАА «Авангард» мы на савеце дзелавога супрацоўніцтва заключылі кантракт на 5 мільярдаў расійскіх рублёў. У цэлым мы паставім у Расію прадукцыю на суму, эквівалентную 87,5 мільёна долараў.

Перспектывы

— Мне спадабалася тая абстаноўка, якая панавала на форуме, — адзначыў старшыня Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Дзмітрый ХАРЫТОНЧЫК. — У дэлегацыі Магілёўскай вобласці атрымалася правесці дэталёвыя перагаворы з дэпутатамі Новасібірскай, Самарскай і Ленінградскай абласцей. Гэта тыя рэгіёны, з якімі ў нас устаноўлены пэўныя адносіны. З Самарскай вобласцю ўжо падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, мы абмеркавалі спрэчныя пытанні і спадзяёмся, што ў найбліжэйшы час атрымаецца падпісаць план мерапрыемстваў. З Новасібірскай вобласцю абмяркоўваліся перспектывы супрацоўніцтва як з Беларуссю ў цэлым, так і ў прыватнасці з Магілёўскай вобласцю. Вельмі добрыя стасункі ў нас з Краснадарскім краем, Смаленскай і Калінінградскай абласцямі. Спадабалася прапанова кіраўніка Заканадаўчага сходу Калінінградскай вобласці Марыны Аргеевай наконт стварэння ў рамках Саюзнай дзяржавы так званага фонду, сродкі якога маглі б ісці ў якасці грантаў на падтрыманне цікавых мясцовых ініцыятыў. Ідэя вельмі добрая, і хацелася б, каб яна была рэалізаваная.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.