Вы тут

Чаму Мядзел стаў самым чыстым райцэнтрам у Беларусі?


Па выніках рэспубліканскага конкурсу Мядзел прызнаны адным з самых чыстых і добраўпарадкаваных райцэнтраў Беларусі. Карэспандэнт «МС» прагулялася па вуліцах населенага пункта і пацікавілася ў мясцовых камунальнікаў, як удалося дабіцца такога ідэальнага санітарнага стану.


Скульптура вугра. Фота БЕЛТА

Першае, што кідаецца ў вочы, — мноства скульптур, малых архітэктурных формаў. Не выключэнне і сквер каля гарадскога Дома культуры, дзе месцяцца работы вядомага ўмельца, разьбяра па дрэве Уладзіміра Хіхіча. Гэта не проста скульптуры, а тэматычныя кампазіцыі, якія ствараюць адзін цэласны ансамбль. У кожную з трох работ аўтар уклаў не толькі душу. Кожная з іх нясе пэўную сэнсавую нагрузку.

— Зроблены скульптуры з вязу, якая сыравіна была на той час пад рукой, тую і выкарыстаў, — расказаў майстра.— Нарачанскі край славіцца сваімі азёрамі. Таму я і падумаў, чаму б не абыграць гэтую тэму, ідэю падказала казка «Пра цара Салтана». Вось лебедзь, ён нібы падымае хвалю крыламі, з якой паяўляецца царэўна. Яе валасы ў палёце, пад касой — месяц. На каменным востраве Буяне расце дуб, над ім лятае каршун, у якога цэліцца царэвіч.

Маладзёжны сквер горада акрамя драўляных скульптур казачных персанажаў упрыгожвае некалькі каменных выяў. Іх аўтары — маладыя беларускія майстры, удзельнікі Мінскага абласнога пленэру па вырабе дэкаратыўных каменных скульптур, які праходзіў у Мядзеле, — пакінулі на памяць гораду сапраўдныя творы мастацтва. Кожны з іх мае сваю назву: «Сон ракі» — Івана Арцімовіча, «Дотык» — Арцёма Мядзведзева, «Глыбіня» — Аляксандра Сакалова.

Летась напярэдадні абласнога свята «Дажынкі», якое ладзілася ў Мядзеле, на набярэжнай возера Мястра з'явілася яшчэ адна цікавая работа — скульптура вугра. Менавіта гэтая рыба водзіцца ў мясцовых азёрах і па праве лічыцца сімвалам Нарачанскага краю.

— Нам вельмі прыемна, што камісія высока ацаніла нашу работу па ўтрыманні горада ў належным стане, — кажа галоўны інжынер прадпрыемства «Мядзельская жыллёва-камунальная гаспадарка» Уладзімір Шабовіч. — Летась перад «Дажынкамі» мы шмат зрабілі па добраўпарадкаванні горада і раёна ўсёй талакой — мясцовыя ўлады, работнікі нашага прадпрыемства, жыхары. Цяпер наша задача — захаваць гэтую прыгажосць і прымножыць. Кожны год мы імкнёмся ўнесці нешта новае ў інтэр'ер, афармленне як райцэнтра, так і курортнага пасёлка Нарач. Да нас едуць на адпачынак не толькі беларусы, але і замежнікі: расіяне, украінцы, госці з Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. І мы павінны трымаць марку, утрымліваць населеныя пункты ў чысціні і парадку.

Нягледзячы на тое што шмат мерапрыемстваў ажыццёўлена было ў працэсе падрыхтоўкі да фестывалю працаўнікоў сяла, работа не спыняецца і цяпер. Сёлета абноўлена больш за гектар газонаў, высаджана больш за 200 кустоў і 400 дрэў, 10 тысяч кветак, якія вырашчаныя ў цяплічнай гаспадарцы ЖКГ. Не застаюцца па-за ўвагай камунальнікаў і месцы агульнага карыстання, масавага адпачынку. Прыемна прагуляцца ў спякоту па набярэжнай возера Мястра, пасядзець у зацені дрэў, паназіраць за гульнямі малых. Для іх тут абсталяваны і арэлі, і атракцыёны, і горкі, і пераходы, і нават параходзік. Попытам сярод жыхароў і гасцей Мядзела карыстаецца пляж з усім неабходным — тапчанамі, кабінкамі для пераадзявання, парасонамі ад спякотнага сонца.

— Шмат увагі аддаём і сельскім населеным пунктам, дзе сёлета заасфальтавалі 1,5 кіламетра вуліц, — працягвае Уладзімір Аркадзевіч. — Плануем пакласці яшчэ каля двух кіламетраў цвёрдага пакрыцця, а таксама капітальна адрамантаваць адну дваровую тэрыторыю ў самім Мядзеле.

— Вядома, каб утрымліваць горад і раён у добрым стане, прымнажаць набыткі, неабходны сродкі, ды немалыя. Ці не так, Уладзімір Аркадзевіч?

— Летась у межах падрыхтоўкі да «Дажынак» з абласнога бюджэту было выдзелена каля двух мільёнаў рублёў. Сёлета раён выдаткаваў каля аднаго мільёна 300 тысяч рублёў для далейшага развіцця тэрыторый. У добраўпарадкаванне ўкладваем і сродкі са сваіх даходаў, штогод недзе каля 500 тысяч рублёў.

— Відаць, добрым падспор'ем для далейшага развіцця стануць і прэміяльныя?

— За перамогу ў рэспубліканскім конкурсе нам належыць 1500 базавых велічынь, гэта 38 250 рублёў. Частка іх прызначана на заахвочванне тых, хто ствараў гэтую прыгажосць, наводзіў чысціню і парадак. Астатнімі пастараемся распарадзіцца па-гаспадарску, з карысцю для ўсяго горада. Магчыма, купім механізмы для прыборкі вуліц, інвентар для абкошвання травы. Хочам набыць і новыя малыя архітэктурныя формы, каб гараджанам яны нагадвалі аб перамозе ў конкурсе.

Усяго ў добраўпарадкаванні тэрыторый занятыя 17 работнікаў прадпрыемства.

— У нас падабраўся дружны калектыў, які хварэе за справу. Узначальвае яго майстар Алег Рагіня. Алег Янавіч на рабоце і ў святы, і ў выхадныя, і вечарам, і раніцай. Ён умее арганізаваць людзей на плённую працу. Ну і вядома, цяжка было б нам справіцца з навядзеннем парадку без сумленных гараджан, якія падтрымліваюць чысціню каля сваіх дамоў, на дваровых тэрыторыях.

Пакідала я Мядзел у спякоту. Але, як заўсёды, на сваім пасту былі работнікі камунальнай гаспадаркі: палівалі кветкі, збіралі смецце. «У людзей пляжная пара, а ў нас гарачая», — пажартавалі яны. І з гэтым нельга не пагадзіцца.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Самы чысты райцэнтр у краіне

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.