Вы тут

Чаму ў віцебскім мікрараёне Білева не хапае месцаў у дзіцячых садках?


Падчас мінулай прамой тэлефоннай лініі са старшынёй Віцебскага аблвыканкама Мікалаем Шарснёвым заяўніца прасіла дапамагчы ўладкаваць унукаў у садок спальнага мікрараёна Білева. Але на сёння нават першая асоба выканаўчай улады вобласці наўрад ці дапаможа з месцам у садку. Пайсці насустрач адным, значыць, аўтаматычна пазбавіць магчымасці ўладкаваць у садок дзяцей з іншай сям'і, у якой такія ж правы. Апошнія рэгулююцца адпаведным заканадаўствам.


Карэспандэнт «МС» зацікавіўся тэмай устаноў адукацыі ў «спальніках» Віцебска. Няўжо з-за дэфіцыту месцаў губернатару Віцебшчыны і іншым кіраўнікам і надалей разводзіць рукамі? Канешне, ён у курсе і не раз патрабаваў ад гарадской улады актывізаваць стварэнне адпаведнай інфраструктуры ў так званых спальных мікрараёнах.

Садок, як і школа, паліклініка па месцы жыхарства — у ідэале так і павінна быць. Але ў новабудоўлях не заўсёды атрымліваецца. Ці хутка сітуацыя зменіцца ў лепшы бок?

Дарэчы, мікрараёнам пад агульнай назвай Білева ўжо больш за дваццаць гадоў. Там жыве каля 40 тысяч чалавек — больш чым у адразу некалькіх раёнах Віцебшчыны. Сёння там тры садкі. Ёсць школа. Плануюць пабудаваць самы вялікі ў краіне вучэбна-педагагічны комплекс прыкладна на 960 дзяцей. У тым ліку для каля 560 дашкольнікаў. Фактычна гэта адпавядае напаўняльнасці адразу трох садкоў. Астатнія месцы — для вучняў пачатковай школы.

Як растлумачыў старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін, гэты аб'ект дазволіць закрыць праблему недахопу месцаў у садках. Ды яшчэ маштабнасць аб'екта грамадскага прызначэння, між іншым, дазволіць і сэканоміць. Па прыблізных падліках — мінімум 20 % фінансавых выдаткаў. Канкрэтныя сумы пакуль што дакладна падлічыць цяжка, але вопытны мэр мяркуе, што цана пытання — каля 20 мільёнаў рублёў. Будаўніцтва плануецца распачаць ужо сёлета. Агучана, што фінансаванне магчыма весці за кошт крэдыту Банка развіцця.

Для параўнання апошні садок, які адкрылі ў Білева ў лістападзе летась, абышоўся прыблізна ў дзевяць мільёнаў рублёў. Трэці па ліку білеўскі дзіцячы садок № 113 «Васілёк» наведвае каля 230 юных гараджан. Ва ўстанове ёсць трэнажорная, спартыўная залы, басейн, сэнсарны пакой і іншае.

Яшчэ ў Білеве будуецца новая школа. Увод яе ў эксплуатацыю — 2020 год.

На слыху яшчэ адзін віцебскі спальны мікрараён — Медцэнтр. Там усяго адзін садок. Як удакладнілі ў аддзеле адукацыі Віцебскага гарвыканкама, сёлета плануецца набор 32 дзяцей ва ўзросце ад 1,5 да 3 гадоў. А маюць патрэбу 132. Для хлопчыкаў і дзяўчынак старэйшага ўзросту ў садку паблізу іх дамоў месцаў няма.

Наконт школы ў Медцэнтры: свая адсутнічае, але недалёка — у іншых мікрараёнах, напрыклад, Поўдзень — ёсць установы адукацыі. Нядаўна, дарэчы, недалёка ад Медцэнтра адкрылі новы паліклінічны комплекс, у тым ліку з педыятрычным аддзяленнем.

Дарэчы, у згаданых вышэй мікрараёнах параўнальна добрае транспартнае забеспячэнне. Недалёка ад Медцэнтра трамвайнае кальцо. І туды ж ходзяць тралейбусы, аўтобусы, маршрутныя таксі. Ёсць і прыпынак для дызеля, на якім вельмі зручна дабірацца да вакзала, а значыць, амаль у цэнтр горада.

Праблема недахопу ўстаноў адукацыі і аховы здароўя ў новых мікрараёнах, як той казаў, «з барадой». Яна, дарэчы, была актуальная яшчэ ў савецкі час. Бадай, ужо трэба было даўно забудоўвацца так, каб радасць наваселля не была азмрочана перажываннямі. Але ўсё адносна. Калі ёсць аўто, або зручна даехаць на грамадскім транспарце, дык, напэўна, праблема і зусім такой не з'яўляецца? Але ж, як вядома, чалавек заўсёды хоча як лепей.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Гэта паказалі на прыкладзе Мінскага і Валожынскага раёнаў.

Грамадства

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

На сямейным фестывалі «ТатаPro» таты, якія вырашылі пайсці ў дэкрэтны адпачынак або раздзяліць яго з жонкай, падзяліліся сваімі гісторыямі і расказалі пра тонкасці дэкрэта.

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі.