Вы тут

«Аэрапортаў шмат, а людзей, якія іх ствараюць, — мала»


З гандбаліста — у 3D-дызайнеры. Як гамяльчанін, скончыўшы спартыўную кар'еру, працуе ў адной з найлепшых ІТ-кампаній у свеце па стварэнні дапаўненняў для грамадзянскіх авія-сімулятараў.

Завяршэнне спартыўнай кар'еры, як і ўсякія сур'ёзныя перамены ў жыцці, часта пераносяцца даволі цяжка. Не заўсёды спартсмены застаюцца ў сваёй галіне, выбіраючы трэнерскую або менеджменцкую работу. Гэта даказваюць прыклады з жыцця. Так, бронзавы прызёр Алімпіяды ў Пекіне гімнастка Глафіра Марціновіч цяпер працуе стаматолагам, былы футбаліст мінскага «Дынама», зборнай СССР і Беларусі Сяргей Гоцманаў — кіроўцам школьнага аўтобуса ў ЗША, баскетбалістка, удзельніца Алімпійскіх гульняў Таццяна Троіна — брокерам у Эквадоры.


Не застаўся ў спорце пасля завяршэння сваёй гандбольнай кар'еры і Мацвей Малышэнка. Яшчэ паўтара года таму ён быў адным з асноўных гульцоў «Гомеля», а ў 2015-м на маладзёжным чэмпіянаце свету ў Бразіліі разам з камандай здабываў найлепшы вынік гандбольных зборных (шостае месца) на планетарных першынствах для суверэннай Беларусі. Аднак у 2018 годзе, у досыць маладым для гандбола ўзросце, Мацвей абвясціў аб завяршэнні сваёй кар'еры і перайшоў працаваць 3D-дызайнерам.

* * *

Як бы дзіўна гэта ні гучала, але ўпершыню пра завяршэнне сваёй кар'еры гандбаліст пачаў задумвацца менавіта пасля паспяховага маладзёжнага чэмпіянату свету ў 2015 годзе. Пасля гэтага ён яшчэ некалькі разоў станавіўся бронзавым прызёрам чэмпіянату Беларусі і адным з найлепшых паўсярэдніх у нацыянальным першынстве, але свайго рашэння не змяніў.

— Чэмпіянат у Бразіліі, безумоўна, стаў самай яркай падзеяй у маёй кар'еры, — расказвае Мацвей. — Але я застаўся незадаволены сваёй гульнёй, не паказаў усяго таго, на што здольны. На той момант ужо ўсім было вядома: калі ты нечага хочаш дасягнуць, кудысьці з'ехаць, паказваць вынік, цябе павінны выклікаць у зборную. Я гэта разумеў, а ў 2015-м быў першы і апошні раз, калі мяне туды выклікалі. Я проста сеў і падумаў, што чакае мяне далей. Так, напэўна, даволі доўгі час можна было працягваць гуляць у «Гомелі», клуб быў зацікаўлены ўва мне, але я заўсёды сам сябе ацэньваю самым строгім чынам, таму прычын «супраць» аказалася больш, чым «за».

Мацвей адзначае, што адзінае, аб чым шкадуе сёння, што не заўсёды аддаваўся сваёй кар'еры цалкам.

— Напэўна, дзесьці я недапрацаваў, трэба было не разрываць сябе на некалькі частак. Можна было працаваць больш і паказваць узровень гандбалістаў, якія цяпер гуляюць на міжнароднай арэне. Я ўпэўнены, што мог выйсці на гэты ўзровень. У мяне было і жаданне, і матывацыя, нават не ведаю, чаго не хапіла, — адзначае былы гулец. — Напэўна, калі б у мяне атрымалася з'ехаць за мяжу, паспрабаваць свае сілы там, я даў бы сабе шанц развівацца ў гандболе далей. Пра пераход у іншыя чэмпіянаты ў мяне былі размовы, але далей іх справа не пайшла. І гэта стала фінальнай кропкай.

Хлопцы з каманды падтрымалі Мацвея, а вось бацькі са шкадаваннем паставіліся да рашэння сына.

— Ім было вельмі крыўдна, бо мама і тата хварэлі за мяне, прыходзілі да мяне на гульні, ім было прыемна бачыць сына па тэлевізары або чытаць, што пра мяне напішуць дзе-небудзь у газеце. Бацькам не хацелася з гэтым расставацца.

У новай прафесіі і без гандбола Мацвей Малышэнка ўжо год.

— Гандбол для мяне быў, у першую чаргу, захапленнем, тое, чым я займаюся зараз — таксама захапленне. Таму гады ў спорце і цяперашні год прайшлі аднолькава. Зараз трохі сумнавата, не хапае зносін, бо раней я прыходзіў на трэніроўку, там 20 хлопцаў, з якімі ты заўсёды маеш зносіны. Да таго ж за гэтыя 11 гадоў у спорце арганізм прывык да фізічных нагрузак, таму цела і цяпер просіцца ў залу, гэта выяўляецца, у першую чаргу, у лішніх кілаграмах. Але я стараюся хадзіць у трэнажорку, прыходжу часам на трэніроўкі да хлопцаў. Калі ты аддаеш дзясятак гадоў спорту, ён не можа скончыцца так хутка, я да гэтага часу захапляюся гандболам, сачыў за чэмпіянатам краіны, прыходзіў на гульні «Гомеля» ў мінулым сезоне. Ці цягне назад? Часам парывы бываюць, але я разумею, што ўжо ўсё.

* * *

ІT-сфера зацікавіла гандбаліста яшчэ, калі ён быў у спорце.

— Калі б у мяне не было гэтага захаплення, магчыма, я не адважыўся б заканчваць спартыўную кар'еру так рана. ІT стала добрай дапамогай. Сваё захапленне 3D-дызайнам я сумяшчаў з гандболам пару гадоў, але гэта было не на шкоду спорту. Раніцай трэніроўка, паеў, паспаў, адпачыў, аднавіўся, сеў пару гадзін за камп'ютарам папрацаваў, тое ж самае пасля вячэрняй трэніроўкі. Не было такога, каб з-за камп'ютара я не высыпаўся і ішоў на трэніроўку не ў найлепшай кандыцыі.

Маё захапленне пачало развівацца яшчэ глыбока ў дзяцінстве, у Гомелі дзеці часта лётаюць у Германію ў сем'і на адпачынак. Аднойчы паляцеў і я, так з'явілася любоў да самалётаў і авіяцыі ў цэлым. Мне хацелася разумець, як гэта працуе, чаму самалёты лётаюць. Гэтае захапленне прывяло да камп'ютарнай гульні, да авія-сімулятараў. Я ўбачыў, што ў гэтай цаццы ёсць аэрапорты ўсяго свету, а Гомеля няма. Паволі пачаў капацца, пазнаваць, як ствараюцца падобныя аб'екты ў гульнях, якімі інструментамі. Паступова, вывучаючы інфармацыю, гэта ўсё супастаўляў. Прайшоў час, я пачаў рабіць праграмы больш глабальныя, не толькі аэрапорт у Гомелі. У выніку мяне заўважылі ў адной з вядучых кампаній свету ў гэтым кірунку «Drzеwіесkі Dеsіgn». Прапанавалі папрацаваць на камерцыйнай аснове, паступова ад маленькіх заданняў дадаваліся больш складаныя, я з гэтым спраўляўся. Тэставы перыяд доўжыўся каля года, пасля чаго шэф кампаніі сказаў, што я патрэбны ім у якасці паўнавартаснага работніка. І вось цяпер мне дасылаюць заданні, я мадэлюю будынкі ў 3D, раблю тэкстуру, цалкам афармляю.

У Мацвея няма спецыяльнай адукацыі для гэтай работы, усяму ён навучыўся сам.

— Вучыцца ў гэтай сферы, як і ў гандболе, можна ўсё жыццё. Я працую поўны 8-гадзінны дзень, але раблю гэта дома, у Гомелі. Вялікі плюс, што гэтую работу я магу назваць сваім хобі, таму, калі мне сумна, я саджуся працаваць, як бы дзіўна гэта ні гучала.

Цяпер заробак Мацвея ў параўнанні з гандболам вырас у некалькі разоў.

— Але грошы для мяне заўсёды былі на другім плане. Я займаюся любімай справай, якая ў канцы месяца прыносіць мне нейкія грошыкі. Гэтаксама было і ў гандболе, я не хадзіў на трэніроўкі з думкай: «Вось бы хутчэй атрымаць грошы і куды-небудзь іх патраціць». Грошы — гэта добра, але ёсць рэчы больш важныя.

* * *

Хлопец адзначае, што для яго кожны праект цікавы па-свойму, да таго ж аднолькавых іх проста не можа быць. Напрыклад, кампанія «Drzewiecki Design» разам з Мацвеем стварыла аэрапорт Шарамецьева, аэрапорт у Чыкага, Сіэтле, Варшаве, Гданьску, Баку і іншых буйных гарадах.

— Аэрапортаў шмат, а людзей, якія іх робяць, мала. У гульні яны максімальна рэальныя, мы вывучаем інфармацыю, шукаем усё магчымае ў інтэрнэце. Галоўныя якасці, якія патрэбны чалавеку для гэтай работы, — добрае прасторавае мысленне, уседлівасць і цікаўнасць.

Характэрна, што сам Мацвей цяпер не гуляе ў камп'ютарныя гульні, а імкнецца да таго, каб вадзіць сапраўдныя самалёты.

Дар'я Лабажэвіч

г. Гомель

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.