Вы тут

Масты праз мора і сушу


У польскім выдавецтве «IBiS» (Варшава) пабачыла свет новая міжнародная анталогія паэзіі «Масты: Гродна — Рыга — Талін — Вільня — Варшава». На гэты раз творы беларускіх аўтараў апублікаваныя пад адной вокладкай з творамі нашых калег з Польшчы і краін Балтыі.


Кніжная серыя створана і развіваецца дзякуючы намаганням вядомага польскага паэта, перакладчыка, выдаўца Аляксандра Наўроцкага, які праз праект імкнецца аб’яднаць літаратараў з розных краін свету (былі выпускі з удзелам творцаў Грэцыі, Італіі, Вялікабрытаніі, Расіі і іншых краін).

Знакавай падзеяй для Гродзеншчыны літаратурнай стаў выхад у 2017 годзе польска-беларускай анталогіі паэзіі «Масты: Варшава — Гродна», у якую ўключаныя творы дзесяці польскіх паэтаў і столькіх ж аўтараў з Гродзенскай вобласці на мове арыгiнала i ў перакладзе на беларускую i польскую мовы. Большасць перакладаў паэзii на польскую мову выканала паэтэса Мiра Лукша (Беласток).

І вось у Гродне з’явіўся новы выпуск серыі. Паводле задумы Аляксандра Наўроцкага, да паэтаў з Польшчы і Беларусі далучыліся новыя ўдзельнікі — паэты прыбалтыйскіх краін.

З беларускага боку ў зборніку прадстаўлены творы такіх паэтаў, як Людмiла Кебiч, Вiктар Курловiч, Рыгор Гармаш, Валянцiн Семяняка, Людмiла Шаўчэнка, Анатоль Апанасевiч, Вiкторыя Смолка, Аляксандр Авяр’янаў, а таксама аўтара гэтых радкоў. Паэзія Польшчы прадстаўлена і ў перакладзе на рускую мову. У лiку аўтараў — Аляксандр Наўроцкi, Барбара Юркоўска, Мiра Лукша, Ежы Парушэўскi, Бенедыкт Козел, Еnormi Stationis (Барташ Радомскi), Марцiн Мольскi, Уршуля Войтась. Ад нашых суседзяў з Літвы ў анталогiю трапілі творы такіх паэтаў, як: Аляксандр Сакалоўскі, Аляксандр Сняжко, Вячаслаў Зянкевіч, Мажэна Мацкойць-Сінкевічэне, Крысціна Ужэнайтэ, Дамініка Аліцка. Сярод удзельнікаў анталогіі ад Латвіі — руская паэтэса з Рыгi, перакладчык, галоўны рэдактар лiтаратурнага часопіса «Настоящее время» Таццяна Жыткова, а таксама паэтэсы Тамара Ярмолава, Алена Журовiч, Дзiяна Дзмiтрыева. Паэзiю Эстонii ў кнiзе прадстаўляе паэтэса з Талiна Алена Ларына. Асаблівасць новай анталогіі паэзіі прыбалтыйскіх краін (да якіх ініцыятары праекта адносяць і Беларусь) заключаецца ў тым, што паэзія прадстаўлена не толькі па этнічным, але і па геаграфічным прынцыпе. Пры гэтым у ролі сімвалічнага моста паміж лiтаратарамі і чытачамі з розных краёў выступае руская мова.

Традыцыйна змест анталогіi паэзіі «Масты» — гэта не толькі паэзія, але і выяўленчае мастацтва. У літаратурным зборніку прадстаўлены рэпрадукцыі карцін Аліны Літвіненкі (Рыга), Мальвіны дэ Брадэ (Варшава) і Мікалая Бандарчука (Гродна). Удзел у праекце беларускіх паэтаў стаў магчымы дзякуючы фінансавай падтрымцы Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве.

Дзмітрый РАДЗІВОНЧЫК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.