Вы тут

Крашын энцыклапедычны


Добра прапрацаванае навукова-папулярнае выданне заўсёды не толькі спаталяе смагу да гуманітарных ведаў, але і зашывае гэтыя веды ў ладна сканструяваны каркас, адзіны выгляд якога можа выклікаць эстэтычнае задавальннне ў чалавека з тэхнічным складам розуму. Так атрымліваецца і з кнігай Васіля Дубейкі пад назвай «Багрымаў Крашын», якая была надрукавана сёлета ў выдавецтве «Чатыры чвэрці». Прысвечана яна гісторыі маёнткаў Крошын (раней— Крашын), пабудаваных на малой радзіме пісьменніка Паўлюка Багрыма, а таксама іх наваколлю. Аўтар больш як 30 гадоў даследуе баранавіцкія мясціны, таму было пытаннем часу, калі ў поле яго навуковага далягляду трапіць і Крошын.


І гэта варта таго, бо мазаіка пад назвай «Крошын» складаецца с вялікага мноства кавалкаў. Пачынаецца яна са своеасаблівага пралога, у які ўваходзіць выключна моўнае пытанне: даследчык не толькі знаёміць чытача з паселішчамі крошынскага маёнтка і характэрнымі прозвішчамі іх жыхароў, але таксама прасочвае этымалагічнае паходжанне кожнага з іх, не забываючыся і на паходжанне назвы самога Крошына. Далей адзначаюцца ўласнікі маёнткаў: умовы, на якіх маёнткі пераходзілі ад аднаго ўласніка да іншага, гістарычныя факты, якія датычацца перыядаў валодання, — і ўсё гэта ажно з XV ст. і не без удзелу Радзівілаў. Пазней разбіраецца ўнутраная геаграфічна-дэмаграфічная статыстыка Крошына: з якіх дакладна зямель ён складаўся, як гэта змянялася з цягам часу, а таксама колькі і якіх тыпаў сялян там пражывала і якімі павіннасцямі яны былі абложаны. Пасля аўтар зноўку звяртаецца да гісторыі маёнткаў Крошын, але робіць гэта ўжо не праз прызму феадалаў-уласнікаў — наўпрост пераказвае найбольш значныя падзеі. Апошнім (але не па сваёй значнасці) асноўным раздзелам падаецца палеміка В. Дубейкі з М. Маліноўскім, які дзесяцігоддзе таму на старонках аднаго з айчынных выданняў выказаў сумнеў у тым, ці не зашмат увагі надаюць асобе П. Багрыма навукоўцы. Дубейка ў сваім даследаванні факталагічна аспрэчвае «эмацыянальныя і тэндэнцыйныя» доказы Маліноўскага і заклікае таго да плённай працы на карысць Бацькаўшчыны. Напрыканцы кнігі ёсць шмат цікавай статыстыкі: ад радаводу ўладальнікаў крошынскіх маёнткаў з падлічанай колькасцю прыдворных «душ» да мапаў маёнткаў з адзначанымі на іх населенымі пунктамі.

Такім чынам, кніга адначасова з’яўляецца краязнаўчым, агульнагістарычным, філалагічным і літаратуразнаўчым даследаваннем. Такі комплексны падыход дазваляе аўтару не толькі ахапіць разнастайную аўдыторыю, але і ўвогуле самой комплекснасцю натхніць чытачоў да падобнага адэтальвання навакольнай рэчаіснасці. Навукова-папулярная літаратура знаходзіцца на цікавым сумежжы: адначасова даносіць інфармацыю досыць даступнай мовай і робіць гэта ў выкшталцона-структураванай форме, што дазваляе не выпадаць з агульначалавечага самаадукацыйнага працэсу і ў сваю чаргу даказвае: былі б веды — а адпаведная часу форма заўсёды знойдзецца.

Данііл ЛЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.