Нехта, помню, вельмі хацеў убачыць Парыж, нават казаў, што пасля гэтага ўжо можна і памерці...
Віця — хлопец з беларускай глыбінкі — з маленства марыў пабачыць Мінск. І таму, паступіўшы ў інстытут, першае, што зрабіў — гэта кінуў у інтэрнаце свой чамадан ды падаўся ў сталіцу. Доўга па ёй бадзяўся: назад — літаральна — прыпоўз, амаль апоўначы.
Мы, яго суседзі па пакоі, вядома ж, спыталі, што ўдалося ўбачыць. Віця сказаў: «Ой, хлопцы, вы не паверыце! І пехатой хадзіў, і на трамваях ездзіў — хацеў убачыць, дзе горад канчаецца. Нічагуткі не выйшла! Куды ні пайду — усюды Мінск!»
Для нас гэта фраза стала бессмяротнай. Ды і не дзіва: збылася Віцева мара.
У мяне яна таксама была: з дзяцінства хацелася ў Кіеў. Магчыма, таму, што роднае мястэчка знаходзілася за нейкі кіламетр ад Украіны і ніякіх межаў з ёй тады не было, а вось агульныя святы, вяселлі ды хрэсьбіны — колькі заўгодна! Парк Дружбы быў, сумесныя кірмашы і сустрэчы світанняў, часопіс «Пэрэць», які выпісваў бацька майго першага дружбака...
Карацей, сталіца суседкі Украіны горад-герой Кіеў уяўлялася мне тым самым Парыжам ці Віцевым Мінскам.
І вось паспяхова завершана камандзіроўка на металургічны камбінат у Днепрадзяржынску (цяпер горад Каменскае), у мяне застаюцца «лішнія» суткі, і ў Мінск я планую вяртацца праз Кіеў. Ну чаму б і не? Начным цягніком прыязджаю туды, цэлы дзень «працую» турыстам, вечарам зноў у поезд і раніцай на работу...
Чалавек, як вядома, мяркуе. І нават, здараецца, размяркоўвае, але не заўсёды.
Прыгоды пачаліся на пад'ездзе да Кіева, калі наш цягнік раптам спыніўся і правадніца аб'явіла, што гэта — не менш чым на гадзіну, а таму ахвотныя могуць выйсці з вагонаў, пагуляць па лузе ці лесе, пазагараць...
Калі б нехта з нейкага самалёціка зняў тады маіх спадарожнікаў, карціна была б яшчэ тая! Уяўляйце: сонечны жнівеньскі ранак. Цягнік. Паўз яго — мурашнікам — людзі (мужчыны, жанчыны, старыя, дзеці): нехта снедае, замест абруса паслаўшы газету, нехта ляжыць, выставіўшы пуза, нехта гуляе, збірае кветкі ці пайшоў у грыбы...
Недзе гадзіны праз дзве нас папрасілі заняць свае месцы ў вагонах. Для гэтага адных давялося будзіць, другіх — збіраць па полі, гукаць... Я наогул сумняваюся, што адтуль забралі ўсіх.
Такім чынам, мой план па наведванні Кіева трохі скарачаўся, і я загадзя вырашыў на дробязі не разменьвацца — адразу пайсці ў Кіева-Пячэрскую лаўру.
Дагэтуль у памяці, што час там нібы спыніўся. Па старажытных купалах блукалі мяккія промні сонца, між сабой шапталіся дрэвы, старэнькі манах у двары нешта з любасцю расказваў людзям...
А далей болей: шукаючы выхад з Лаўры, я і зусім апынуўся ў... іншым свеце альбо як мінімум у іншым стагоддзі з усімі адтуль наступствамі: па сцежках сквера ў шыкоўных доўгіх сукенках няспешна гулялі дамы з сабачкамі і парасончыкамі ад сонца, побач з імі былі кавалеры ў фраках і цыліндрах, купкамі стаялі афіцэры ў драгунскіх і гусарскіх мундзірах ды заразліва рагаталі (травілі, відаць, анекдоты). Да ўсяго паблізу гойсалі дзеці, прыбраныя зусім не ў сучасныя сукеначкі ды маечкі, чуліся словы «господа», «граф», «княгиня»...
Спачатку думаў, што тут нейкае свята — рэканструкцыя эпохі (але ж нідзе ніякіх гледачоў?), потым — што здымаецца кіно (але ж нідзе ніякіх рэжысёраў-аператараў? А галоўнае — нуль цікавасці да мяне, чужароднага элемента: бадзяюся тут... Адзін... З вялікай дарожнай сумкай, і ніхто нічога не кажа, не праганяе).
Таму я сваімі нагамі (ну не пытаць жа ў нейкага паручніка!) стаў шукаць, дзе выхад з «эпохі»: напрасткі пашыбаваў да глухога завулка, а ўжо там азірнуўся і ў цяньку пад старымі дрэвамі ўбачыў такі ж стары ды вялізны аўтобус з надпісам «Масфільм». Значыць, за спінай такі нешта здымалася, на пляцоўцы, мусіць, быў перапынак, на час якога артысты, каб не выходзіць з вобразаў, «тусаваліся» як тады...
Трэцяй з маіх кіеўскіх прыгод стаў «візіт» да князя Уладзіміра. Помнік яму быў, здавалася, блізка, я, выбраўшы кірунак, рушыў да яго пехатой. Аднак хутка ў парку мой арыенцір згубіўся...
Адступаць не выпадала: я ўспомніў сваю службу ў войску і зрабіў марш-кідок напрасткі. Праўда, не ведаў пры гэтым, што наперадзе Уладзімірская горка і схіл яе ну вельмі круты. Уніз я і бег, і скакаў... А ўрэшце з шумам ды трэскам... скаціўся да падножжа помніка і групы замежных турыстаў.
Гіду мову адняло тут жа, французам таксама. І гэта пры тым, што пра тэрарыстаў тады ніхто нічога не чуў і па тэлевізары іх не бачыў...
Давялося хуценька падхапіцца, «аддаць» іншаземцам свой шчыры «пардон» ды спакойна адысці, каб хоць здалёку ўбачыць помнік князю.
...А на цягнік я тады паспеў і з Кіева вывез столькі станоўчых эмоцый!..
Галоўная — я ў гэтым горадзе быў! І вельмі шкада, што толькі аднойчы.
Іван Гаральчук, г. Мінск
Не хацелася б паўтараць банальнае: «Шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз страўнік», але ж доля праўды ў гэтым ёсць: многія любяць смачна паесці. А вось гатаваць...
Спачатку для мужчын гэта робяць маці, потым — жонкі і дочкі. Не адставалі раней і аб'екты грамадскага харчавання — тыя ж заводскія сталоўкі.
Дык вось у савецкія часы на адзін буйны хімічны камбінат прыехала камісія з вядомага сталічнага інстытута. Яна мела заданне — вывучыць харчаванне работнікаў, уплыў ежы на іх здароўе.
...Першым у пакой да вучоных заявіўся Юрась: начальства паслала — ён храбра зайшоў. Дактары адразу ж распыталі пра ягоны ўзрост, рост ды вагу, стаж сямейнага жыцця і здароўе. А нарэшце — здзівілі пытаннем:
— Што вы раніцай елі?
Трэба сказаць, што паснедаць Юрась любіў (паабедаць і павячэраць таксама), а ў той панядзелак дык нават шмат што сабе дазволіў... Жонка напярэдадні юбілей спраўляла, нагатавала рознай смакаты, і госці ўсё не з'елі: катлеты засталіся, рыба, халадзец, пірагі...
Карацей, камісія ледзь паспявала запісваць ды распытвала далей: ці смачна гатуюць у сталоўцы, ці хапае рабочым ежы, якую выдаюць па спецыяльных талонах?
— Ды нармальна ўсё, — шчыра адказваў Юрась. — Я ў дадатак толькі беляшоў набіраю...
— І што — з'ядаеце? — не паверыў галоўны з навукоўцаў, бо ўся постаць мужчыны складалася з... кіло касцей ды літра крыві, а так званай тлушчавай праслойкі быў нуль, без палачкі, хоць, кажуць, адну тады і прымалявалі...
Наступным «паддоследным» стаў двухметровы асілак па мянушцы Заяц:
— Я зранку мала ем, — прызнаўся ён людзям вучоным. — Апетыту няма... Сёння на сняданак батон быў.
— З чым? — спыталі дактары. — Колькі лустачак?
— А навошта яго крышыць? — не зразумеў мужчына. — Я ўдоўж разрэзаў, маслам праслаіў і ўсё... Няма апетыту. А вось абед па талонах з'ядаю ўвесь. І беляшы з яешняй бяру...
Навукоўцы зноў не зразумелі нічога, бо тлушчу не знайшлі і ў Зайца.
Трэці суразмоўнік — каржакаваты, нешматслоўны халасцяк па прозвішчы Каваль — заявіў, што раніцай выпівае пяць сырых яек, якія прывозіць з вёскі, ды з'ядае з батонам кварту малака. Ну а далей — абед у сталоўцы. І беляшы — як закон.
...Каго яшчэ апытвала камісія, ужо не ў памяці, але і сама ў сталоўку прыходзіла, беляшы каштавала.
Якія зрабіла высновы, ніхто не ведае, бо ў хуткім часе той інстытут прыкрылі... А вось хімічная прамысловасць — выстаяла. Думаю, таму, што дзеля гэтага працавалі нашы хлопцы — тыя ж Заяц, Каваль і Юрась...
Таццяна Раманава,г. Наваполацк
У народзе кажуць: «Сей гуркі на Пахома — будзеш цягаць мяхом!»
Дзве суседкі ў нас так і зрабілі. Насенне ў іх дружна ўзышло. І — ці той Пахом дапамог, ці проста лета добрае было — але ж такога ўраджаю жанчыны колькі жывуць — не бачылі! І сабе агуркоў назапасілі, і ўсіх сваіх забяспечылі, а яны ўсё растуць ды растуць.
Вырашылі гаспадынькі, што «лішнія» можна прадаць, нейкі рубель зарабіць. Надвячоркам у пятніцу выбралі (па два мяшкі атрымалася) ды сталі думаць, як жа даставіць. Варыянты былі розныя: альбо на машыне падвязе сын Мінчучыхі ці кватарант Барсучыхі, альбо (у крайнім выпадку) на тачках зацягнуць самі. На тым і разышліся.
Мінчучыха ўвесь вечар назвоньвала сыну — таго ўсё дома не было. Урэшце нявестка сказала, што яго і не будзе — машына зламалася, у Маладзечне заначуе. Значыць, трэба ісці да суседкі, казаць, каб яна дамаўлялася з кватарантам.
Пайшла, пастукала ў шыбу, як ёй здавалася, пабудзіла і ўсё сказала: пра сына, пра яго машыну... А тая, не разабраўшыся і ўбачыўшы, што кватаранта дома няма (хлопец малады, можа, з дзеўкай якой затрымаўся?), стала сама... збірацца на базар. Пачакала яшчэ каля хлеўчыка: думала, суседка падыдзе, дапаможа грузіць. Аднак той не было.
«Відаць, раней панеслася... Хаця ж каб першай быць», — пазлавала на Мінчучыху. Ды рабіць жа няма чаго: сама ўсцягнула мяхі на тачку, пакіравала на базар.
Па дарозе насцярожылася трохі, што спачатку нікога не спаткала, а потым... цэлы натоўп. Ёй бы падумаць, адкуль гэта (мо людзі з апошняга кінасеанса вяртаюцца?), але ж думкі былі пра іншае: як бы найлепшае месца заняць, стаць першай, пакуль не развіднела.
...На рынку і сапраўды было цёмна і пуста: ні табе Мінчучыхі, ні іншых канкурэнтаў. Значыць, можна пасядзець, каб аддыхацца, а потым нарэшце паглядзець на гадзіннік. Стрэлкі яго паказвалі поўнач.
Ала Клемянок, г. Смаргонь
Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?