Вы тут

Пра карціну «Мінск 3 ліпеня 1944 года» Валянціна Волкава


Апошні дзень вайны ў Мінску, ён жа першы дзень мірнага жыцця. Ён жа — сюжэт вядомай карціны Валянціна Волкава «Мінск. 3 ліпеня 1944 года», якая з 2006 года захоўваецца ў пастаяннай экспазіцыі ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.


Мінск 3 ліпеня 1944 года. 1946—1955. Палатно, алей.

Карціну памерам больш як 2,7х5 метраў мастак ствараў на працягу амаль дзесяці гадоў — з 1946-га да 1955-га. Дарэчы, першапачаткова гэты твор, адзін з самых вядомых і папулярных у беларускім жывапісе другой паловы ХХ стагоддзя, прызначаўся для агляду вельмі абмежаваным колам людзей — карціна знаходзілася ў інтэр'ерах Дома ўрада ў Мінску, у фае залы пасяджэнняў.

...У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва даследчыкі могуць вывучыць дакументы і пазнаёміцца бліжэй з некаторымі момантамі стварэння гэтага палатна. Напрыклад, з тым фактам, што дамова аб стварэнні карціны была заключаны з Волкавым у сакавіку 1945 года — аднак у кнізе пра мастака 1958 года выдання твор датуецца 1946—1955 гадамі. Выданне прыжыццёвае, узгодненае з майстрам, таму мы прымаем такое датаванне, тым больш яго ўскосна пацвярджае інфармацыя з іншых крыніц. Тое, што мастак не адразу пачаў працаваць над палатном, відавочна тлумачыцца рознымі знешнімі і асабістымі прычынамі. Таксама, магчыма, аўтар палічыў пачаткам работы над карцінай непасрэдна стварэнне эскізаў, эцюдаў, а не папярэдняе абдумванне і збор матэрыялу. Так ці інакш, пасведчанне, якое давала мастаку права замалёўваць на вуліцах часткі сюжэта, было выдадзена ў 1946 годзе.

Такім чынам, Волкаў працаваў над карцінай не менш за дзевяць гадоў — беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі беларускага савецкага жывапісу! Аўтар так распавядаў у аўтабіяграфіі 1950 года пра свае пабуджальныя матывы: «Сюжэт карціны вынікаў з маіх асабістых перажыванняў і назіранняў і мною быў горача перажыты, а адсюль жаданне зрабіць гэтую рэч у поўную меру сваіх магчымасцяў. У гэтай карціне я хачу перадаць усю любоў і гарачую падзяку гераічнай арміі, якая выратавала бліскучым манеўрам ад немінучай гібелі ўсё насельніцтва Мінска, у тым ліку маё ўласнае жыццё, і якая вызваліла не толькі Беларусь, але і Еўропу».

Валянцін Волкаў (1881—1964) быў адным з найстарэйшых і найбольш прафесійных мастакоў Беларусі. Ураджэнец горада Яльца Арлоўскай губерні, з сям'і патомных мастакоў, першапачаткова іканапісцаў, у 1915-м ён скончыў Вышэйшае мастацкае вучылішча пры Імператарскай Акадэміі мастацтваў у Петраградзе. Жыў у Беларусі з 1923 года — спачатку ў Віцебску, потым у Мінску. Волкаў удзельнічаў у выстаўках, выкладаў, адзначыўся такімі карцінамі, як «Барыкады», «Кастусь Каліноўскі», «Малатабоец», «Партызаны», «Плытагоны», «Перадача вопыту», партрэтамі, краявідамі. Большасць гэтых твораў загінула ў гады вайны, але да нас дайшоў, у прыватнасці, партрэт Максіма Багдановіча (1927 год), вывезены нацыстамі ў Германію і вернуты ў Мінск у 1957-м. Акрамя таго, у мастака быў вопыт манументальнага жывапісу — яшчэ ў Петраградзе ён удзельнічаў у афармленні горада да гадавіны рэвалюцыі; на станцыі ў Негарэлым, тады памежным, разам з сынам Анатолем выканаў два пано на тэму сацыялістычнага будаўніцтва ў СССР, а ў 1939—1940 гадах стварыў маляўнічы фрыз для павільёна БССР на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве, таксама разам з сынам ён стварыў пано для парада партызан у Мінску ў 1944 годзе.

Становіцца зразумелым, чаму менавіта да Валянціна Волкава звярнуліся ўлады з прапановай аб напісанні падобнай маштабнай карціны-пано аб вызваленні Мінска, хоць былі сярод беларускіх мастакоў не менш таленавітыя майстры наступнага пакалення, але яшчэ не такія «правераныя ў справе». Адпавядаў запытам тагачаснай ідэалогіі і традыцыйны рэалізм мастака. Волкаў чаканняў не падмануў, але... Яго класічная, руплівая праца над карцінай гістарычнага жанру заняла доўгія гады: дагавор быў падоўжаны да студзеня 1951-га, а работа ўсё яшчэ не была скончаная. Акрамя таго, мастак на працягу гэтых гадоў выконваў шэраг работ, у асноўным заказных партрэтаў, выкладаў, зарабляючы на жыццё, матэрыялы, натуршчыкаў. Незадаволенасць заказчыкаў прывяла да стварэння камісіі Саюза мастакоў, якая ацаніла працу майстра і запэўніла, што карціна выканана на 80 %, — але гэта ўсё ж такі быў не «гатовы аб'ект». А да першага экспанавання карціны — на Рэспубліканскай выстаўцы — заставалася яшчэ тры гады.

Каб завяршыць маштабны твор, мастак стварыў звыш 220 малюнкаў, 11 эскізаў кампазіцыі, каля 50 жывапісных эцюдаў. Толькі ў Нацыянальным мастацкім музеі захоўваецца пяць эскізаў, 18 эцюдаў і каля 80 малюнкаў. Такі велізарны падрыхтоўчы матэрыял спатрэбіўся Валянціну Волкаву таму, што ўсё, намаляванае ў карціне, напісана з натуры — дзясяткі людзей, архітэктура, ваенная тэхніка, амуніцыя, зброя, кветкі. І дакладнае, з пункту гледжання аўтара, вырашэнне персанажа, групы ў іх адпаведнасці цэламу часам знаходзілася далёка не адразу. Больш за тое, агульная ідэйная канцэпцыя твора выпрацавалася паступова. Сам аўтар расказаў на абмеркаванні дэкаднай выстаўкі беларускага мастацтва ў Маскве ў 1955 годзе, дзе экспанавалася ўжо канчаткова дапісаная работа, што ён таксама сустракаў савецкія войскі і спачатку, ствараючы эскізы, ішоў ад убачанага тады, ад непасрэднага ўражання, — але выходзіла жанравая карціна, малюнак цёплых лірычных эпізодаў. Майстар жа хацеў надаць урачыстасць сюжэту, перадаць веліч моманту.

Валянцін Волкаў увасобіў у беларускім савецкім мастацтве свайго кшталту «формулу» радасці, весялосці, падзякі за выратаванне. Але складнікі гэтай формулы цалкам канкрэтныя. Дзеянне разгортваецца ў дакладна зафіксаванай архітэктурнай сітуацыі: пачатак вуліцы Леніна на фоне плошчы Свабоды, дзе бачныя касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі і вежа былога калегіума езуітаў. З поўначы ў горад увайшлі часці 5-й гвардзейскай танкавай арміі. Але вайскоўцаў у карціне мастак пісаў, вядома, значна пазней, запрашаючы для гэтага ваеннаслужачых ва Уруччы. Захавалася імя толькі аднаго такога «натуршчыка» — Аляксей Комлеў, які быў асноўнай мадэллю для цэнтральнага персанажа. 19-гадовы камандзір танка пазіраваў мастаку з букетам у руках, але ў выніку быў намаляваны з аўтаматам: аўтар вырашыў, што так больш правільна, бо вайна яшчэ зусім не скончана. Аляксей Комлеў завершаную карціну не бачыў, толькі рэпрадукцыі, паколькі дэмабілізаваўся ў 1950-м і вярнуўся на родны Алтай. Прататыпам матацыкліста злева ў карціне палічыў сябе Дзмітрый Сувораў з Екацярынбурга: «Так атрымалася, што я, як сувязіст і разведчык, суправаджаў на матацыкле першую калону савецкіх танкаў, якія ўвайшлі ў Мінск. Да гэтага часу памятаю, як на досвітку 3 ліпеня партызаны вывелі нашу брыгаду на ўскраіну. З невялікага ўзгорка бачны горад у смузе. Сонца падымаецца, туман рассейваецца, і мы — наперад. Я з матацыклам — як адзінае цэлае, у руль учапіўся і імчуся пад абстрэлам, следам грукочуць танкі. / ... / А калі прарваліся да цэнтра, прыйшлі з кветкамі жанчыны, дзеці. Радаваліся, крычалі «Ура!». За вызваленне сталіцы Беларусі Дзмітрый Сувораў быў узнагароджаны медалём «За адвагу». Магчыма, мае рацыю ветэран, і яго аблічча, якое ўразіла Валянціна Волкава 3 ліпеня, потым увасобіліся ў мастацкім вобразе. Праўда, амерыканскі «Харлей-Дэвідсан» Суворава быў заменены ў карціне на трафейны нямецкі «Цундап», але, значыць, у Волкава была магчымасць пісаць з натуры толькі гэтую марку матацыкла.

Для выявы ў карціне грамадзянскіх асоб аўтар запрашаў пазіраваць жыхароў раёна цяперашніх вуліц Якуба Коласа, Багдана Хмяльніцкага, Дарашэвіча, Някрасава; сваякоў (у тым ліку сына, мастака Анатоля Волкава з жонкай Зінаідай Іосіфаўнай — яны стаяць каля самага танка), сваю жонку Алену Жмак (яна правей, у чырвонай сукенцы); мастакоў Міхаіла Даўгялу (справа, паціскае руку параненаму салдату) з дачкой Зояй (дзяўчынка ў піянерскім гальштуку), Уладзіміра Хрусталёва (хударлявы чалавек у ботах злева), свайго вучня ў Мінскім мастацкім вучылішчы Васіля Ярмоленку (правей цэнтра, поціск рукі з параненым салдатам у касцы). Пэўны ўдзел у стварэнні карціны прымаў і ўнук аўтара, Сяргей Волкаў, цяпер мастак, прадаўжальнік і захавальнік справы і традыцый сям'і. Не ўсіх, на жаль, мы ведаем пайменна, але ў гэтым ёсць сімвалічны сэнс: кожны з гэтых рэальных людзей адначасова ўвасабляе многіх іншых жыхароў вызваленага горада. Некалькі гадоў таму наведвальнік музея паведаміў, што жанчына злева, побач з матацыклістам, — яго сваячка Мершыдэ Валатоўская, інжынер малочнага завода. І, магчыма, гэта не апошняя падобная вестка з мінулага.

...Карціна створана такім чынам, што ўражанне ад трыумфу і радасці, яснага дня, пышных летніх кветак як падкрэсліваецца, так і ўскладняецца жудасным пейзажам напаўразбуранага горада, змарнеласцю мінчан, зношанасцю іх вопраткі. Гэта парадаксальнае спалучэнне пашырае змест твора, выяўляе разнастайнасць і складанасць жыцця і, канешне, нагадвае аб тытанічнай рабоце па аднаўленні Мінска, якая прыйдзе на змену безагляднай радасці вызвалення гараджан. Таму палатно, пры пэўнай яго мастацкай і гістарычнай умоўнасці, успрымаецца сапраўды рэалістычным, а не толькі праўдападобным. Увасобленае шчасце грамадзян, у сваю чаргу, кантрастуе са стомленасцю салдат: «Вайна зусім не феерверк, а проста — цяжкая работа...» Кантрасныя ярка асветленая левая і цэнтральная і пагружаная ў глыбокі цень правая частка карціны. Дыму пажарышчаў справа супрацьпастаўляецца нябесная прастора з мірнымі пяшчотнымі аблачынкамі. Усе гэтыя элементы могуць не прачытвацца свядома, але ўздзейнічаюць спакваля і нібы залучаюць у тое, што адбываецца, робячы гледачоў яшчэ і сведкамі падзеі.

Твор мастацтва нярэдка жыве доўга («vіta brevіs, ars longa») і па-рознаму «чытаецца» ў розныя эпохі. Вядома, у эпоху «суровага стылю» і пазней карціна ўспрымалася некалькі архаічнай — і па падрабязнай апавядальнасці, і па апафеознасці, і па мастацкай мове. Майстры таго часу адлюстроўвалі пераважна боль і гора, трагічны гераізм ваенных гадоў, тым больш пасля «лакіровочнага» мастацтва папярэдняга перыяду. І значна вальней абыходзіліся з колерам, формай, прасторай, дамагаючыся выразнасці і экспрэсіўнасці. Мастацтву гэтага плана ўласцівы падкрэслены дэмакратызм, непрыгладжаная праўдзівасць народных вобразаў. Але ў дэмакратычнасці Волкаў ім не саступіць: у яго карціне няма афіцыёзу — народ вызвалены, народ-вызваліцель, ніякага праўладнага пафасу не назіраецца. Таму вышэйшае савецкае званне ў галіне мастацтва «народны мастак», атрыманае Волкавым у 1955 годзе, знаходзіць сапраўдны сэнс. Тады ж карціна ўвайшла ў калекцыю Мастацкага музея.

Пасля амаль 30-гадовага перапынку палатно Волкава з'явілася перад публікай у 2005 годзе. Яно было знята з драўлянага барабана, зноў нацягнута на падрамнік і стала асноўным экспанатам выстаўкі, прысвечанай 60-годдзю Перамогі, абкружанае тымі самымі эцюдамі і эскізамі — сведчаннямі шматгадовай працы.

Творы мастацтва нясуць пэўную інфармацыю, расказваюць гісторыю ўласцівымі ім сродкамі і ў той жа час паступова набываюць сваю ўласную гісторыю, лёс. І калі лёс гэтай карціны Волкава ў асноўным прасочаны і добры, то месцазнаходжанне другога варыянта гэтага палатна, яшчэ большых памераў, сёння невядомае...

Валянціна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Загаловак у газеце: Мірнае неба над Мінскам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.