Вы тут

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе


Электронны гандаль у нашай краіне працягвае расці. Але сёння абмяркоўваюцца не тэмпы яго павелічэння, а перспектыўныя аб'ёмы. Колькасць інтэрнэт-структур у нас паступова расце, аднак кітайскія гандлёвыя пляцоўкі па-ранейшаму застаюцца папулярнымі сярод нашых грамадзян. З пачатку года ў нашай краіне значна павялічылася «апрацоўка» камерцыйных пасылак, якія прыбываюць з-за мяжы. Якія праблемы ёсць у е-соmmеrсе і што дапаможа іх вырашыць? Журналіст «Звязды» разам са спецыялістамі гэтай галіны паспрабаваў разабрацца
ў сітуацыі.


«Белпошту» заваліла пасылкамі

Прадстаўнік гэтай арганізацыі адказаў, што з павелічэннем лімітаў па кошце адной пасылкі паштовых адпраўленняў у краіну стала прыходзіць значна больш. Цяпер прадпрыемства апрацоўвае каля 30 тысяч паштовых адпраўленняў штодзень.

Нагадаем, парог бяспошліннага ўвозу тавараў у міжнародных паштовых адпраўленнях у Беларусь павялічылі да 200 еўра і 31 кілаграма. Гэта месячная норма ў сукупнасці, норма кошту і вагі адной пасылкі па-ранейшаму складае 22 еўра і 10 кг. Гэта прадугледжана прэзідэнцкім указам № 490 «Аб мытным рэгуляванні». Прадстаўнікі «Белпошты» адзначылі, што адзін кітайскі партал робіць самы вялікі тавараабарот сярод усіх гульцоў на гэтым рынку ў нашай краіне.

Ідуць туды, дзе танней

Сумарная ўдзельная вага ўсіх інтэрнэт-пляцовак у рознічным тавараабароце арганізацый гандлю пакуль нязначная. Летась гэты паказчык склаў 3,8 %. Даследаваннямі гэтага сегмента займаецца маркетплейс Dеаl.bу.

Яго кіраўнік Максім Марыніч лічыць, што пераважная большасць нашых грамадзян купляе і ў замежных інтэрнэт-крамах, і ў беларускіх. Летась 49 % беларусаў (гэта 4,7 мільёна чалавек) здзейсніла хоць адну куплю ў інтэрнэце. У параўнанні з папярэднім годам колькасць тых, хто купляе анлайн, павялічылася на 4 %. Усяго 9 % беларусаў купляе толькі на замежных пляцоўках. У першую чаргу беларусы набываюць на іх касметыку і парфумерыю, тэхніку і электроніку, тавары для дзяцей і адзенне. Прычым у параўнанні з мінулым годам беларускіх пакупнікоў касметыкі ў замежных інтэрнэт-крамах стала на 7 % больш, а тых, хто там бярэ адзенне, — на 10 % менш. Скарацілася на 3 % колькасць пакупнікоў тэхнікі і на 5 % тых, хто замаўляе дзіцячыя тавары.

Пры гэтым 98 % беларусаў, якія робяць анлайн-пакупкі за мяжой, робяць гэта ў інтэрнэт-крамах Кітая. На другім месцы ЗША, на трэцім — Польшча, а на чацвёртым — Расія. Сярэдні чэк на адну куплю ў беларускай інтэрнэт-краме складае 70 рублёў, а ў замежнай беларусы трацяць у 2,8 раза менш — 25 рублёў. Напрыклад, сярэдні чэк на адну куплю на кітайскай пляцоўцы — 23 рублі.

Паводле звестак Dеаl.bу, самая папулярная прычына, з якой кліенты выбіраюць замежныя інтэрнэт-крамы, — там танней. Гэта адзначылі 83 % пакупнікоў. А вось 39 % сказалі, што ў замежных прадаўцоў ёсць тое, чаго няма ў нас, 17 % — што да іх большы давер. Часцей за ўсё толькі замежныя пляцоўкі выбіраюць жыхары Брэсцкай вобласці (27 % кліентаў), менш за ўсё такі спосаб распаўсюджаны ў Мінску і Мінскай вобласці (6 %).

Пакупнік значна памаладзеў

Даследаванне паказала, што на замежных сайтах купляе пераважна маладая аўдыторыя — людзі ад 18 да 30 гадоў. Калі глядзець геаграфію пакупнікоў, то большасць — з перыферыі. Па словах Максіма Марыніча, у пакупнікоў замежных сайтаў узровень дастатку сярэдні ці ніжэйшы за сярэдні. Гэта кліенты, якія досыць уважліва ставяцца да свайго бюджэту, таму лічаць за лепшае пачакаць пасылку месяц-два і заплаціць невялікую цану, чым плаціць больш тут і цяпер.

— Атрымліваецца, што тыя, хто рэдка купляе анлайн, часцей выбіраюць толькі замежныя інтэрнэт-крамы. Але чым больш у чалавека з'яўляецца досведу пакупак у інтэрнэце, тым часцей ён выбірае не толькі замежныя, але і беларускія пляцоўкі, — тлумачыць Максім Марыніч.

Пры ацэнцы сітуацыі эксперты разышліся ў думках. Трансгранічны гандаль нельга ахарактарызаваць адназначна — добра гэта ці дрэнна. У беларускага спажыўца павінен быць выбар, павінна быць магчымасць купляць за мяжой. Пры гэтым ёсць зваротны бок пытання: на кітайскіх пляцоўках прадаецца тое, што могуць прадаваць і нашы вытворцы, пры гэтым замежная пасылка прыходзіць наўпрост на пошту і каштуе танней. Гэтыя ж рэчы можа прадаваць беларускі прадпрымальнік, але ён сутыкаецца з пэўнымі цяжкасцямі — больш дарагой лагістыкай і сертыфікацыяй.

Паводле ацэнак эксперта, аб'ём рынку электроннай камерцыі ў краіне складае 700—800 мільёнаў долараў.

Калі «старэйшы брат» не дрэмле

Тады ідзе экспансія «пасылачнага» гандлю са славянскай (маскоўскай) прапіскай. Інтэрнэт-крама Оzоn таксама правяла даследаванне і склала партрэт свайго сярэднестатыстычнага пакупніка ў нашай краіне. Гэтая пляцоўка пакуль не мае ў нас ні афіцыйнага офіса, ні нават склада, але ўжо прыглядаецца да нашых пакупнікоў.

— Сёлета сярэдні чэк беларускіх пакупнікоў на Оzоn складае 105 рублёў. Тыповы кліент — гэта жанчына 25—40 гадоў, якая жыве ў Мінску ці абласным цэнтры. Часцей за ўсё пакупнікі афармляюць «комба» — заказы на ўсю сям'ю. Каля 80 % аформленых заказаў у вашай краіне — мультыкатэгарыйныя, — расказвае кіраўнік аддзела міжнароднай лагістыкі Оzоn Дзмітрый Лаўроў. — Самыя папулярныя катэгорыі — гэта кнігі (у кожным другім заказе), тавары для мам і дзяцей (у кожным чацвёртым), тавары для дома (у кожным шостым). Прыкладна 85 % кліентаў выбірае дастаўку ў пункт выдачы заказаў, 14 % — кур'ерскую дастаўку.

Дарэчы, наша краіна не толькі купляе на Оzоn, але і прадае. Там прадстаўлена каля 300 беларускіх брэндаў. Па словах Дзмітрыя Лаўрова, сумарныя продажы беларускіх брэндаў растуць на 20 % штоквартал. Самыя папулярныя таварныя катэгорыі беларускіх вытворцаў: касметыка (30 % заказаў), адзенне (30 %) і тавары для дзяцей (20 %). Любімыя беларускія брэнды ў кліентаў Оzоn — «Беліта» і «Вітэкс», «Палессе» і Mаrk Fоrmеllе. Тавары апошняга брэнда заказваюць жыхары Расіі, Японіі і ЗША.

Ніякіх забарон, толькі канкурэнцыя

Развіццё электроннай камерцыі — агульнасусветны трэнд, але наша краіна тут пакуль адстае. На думку Максіма Марыніча, асноўная прычына — слабаразвітая інфраструктура. Пакуль на гэтым рынку ў нас працуе фактычна толькі «Белпошта».

Што такое складская інфраструктура? Гэта асартымент. У дадзеным выпадку перамагаюць тыя, у каго ёсць гэты асартымент. Другі момант — дастаўка тавару. Беларускія інтэрнэт-крамы нейкі час спрабавалі ўключаць кошт дастаўкі ў кошт тавару. І ў спажыўцоў склалася ўяўленне, што дастаўка — гэта заўсёды бясплатна. Але гэта такая ж паслуга, якая каштуе грошай. На думку экспертаў, рынак дастаўкі тавараў цяпер знаходзіцца ў стане фарміравання. Адсутнасць у нас гэтых інфраструктурных рэчаў і ўплывае на тое, што рынак электроннай камерцыі не рухаецца наперад.

Прысутнасць на невялікім айчынным рынку замежных гігантаў таксама складае пэўны дыскамфорт для нацыянальных гульцоў. Але ўводзіць нейкія забаронныя меры для замежных інтэрнэт-крам не варта. Гэта не прывядзе да больш якаснага развіцця сегмента ў доўгатэрміновай перспектыве, толькі дасць часовыя бонусы. Атрымліваецца, што ў беларускіх гульцоў на гэтым рынку ёсць адзін толькі спосаб вырашаць праблемы — гэта стварыць сэрвіс, павялічваць асартымент, развівацца і трансфармаваць свой рынак.

Цяпер у ЕЭК актыўна абмяркоўваецца пытанне развіцця лічбавага гандлю, створана нават спецыяльная рабочая група. Адзін з удзельнікаў гэтай групы — начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Віялета Бразоўская:

— У найбліжэйшай будучыні будзе распрацоўвацца дарожная карта па развіцці лічбавага гандлю ў ЕАЭС. Гэта будзе датычыцца, у прынцыпе, не толькі рэгулявання заканадаўства, але і продажу тавараў, мытных дэкларацый і падаткаў. У дарожную карту будуць закладвацца ўсе сферы дзейнасці, якія неабходна абмеркаваць. Фактычна будзе стварацца адзіны рынак лічбавага гандлю. А нейкія канкрэтныя пытанні — ці дазволяць прадаваць лекі, алкаголь ці тытунь у інтэрнэце — пакуль не абмяркоўваюцца.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Пакупкі на канапе

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Любачка і На варце маёмасці.

Грамадства

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА адзначае, што іх ведамства разлічвае перапісаць максімальную колькасць грамадзян з дапамогай укаранёных інавацый.

Грамадства

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Гэты кірунак спорту ўвайшоў у жыццё былых студэнтак дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры выпадкова.