Вы тут

У сталічным Палацы спорту стартавалі спаборніцтвы па самба


Сёння ў сталічным Палацы спорту стартавалі спаборніцтвы па самба. За два дні ў Мінску выступяць 144 спартсмены. У складзе беларусаў сусветныя зоркі: пераможца I Еўрапейскіх гульняў у Баку Сцяпан Папоў, трохразовая чэмпіёнка свету Таццяна Мацко, а таксама вопытныя Андрэй Казусёнак, Юрый Рыбак і Вольга Намазава. У першы дзень турніру беларусы заваявалі сем узнагарод.


Чэмпіёнам стаў Аляксандр Кокша. У фінальнай схватцы вагавай катэгорыі да 68 кг ён перамог грузіна Міндзію Лулуашвілі — 5:0. Пасля перамогі Аляксандр адзначыў, што «золата» яму дапамагла заваяваць падтрымка трыбун. Таксама чэмпіёнкай стала Анжэла Жылінская ў катэгорыі да 72 кг, яна абыграла спартсменку з Грузіі.

Уладзіслаў Бурдзь стаў бронзавым прызёрам у вагавай катэгорыі да 57 кг, у паядынку за бронзавую ўзнагароду ён перамог турка Эмрэ Чэліка — 6:0. Анфіса Капаева (вагавая катэгорыя — 48 кг) заняла трэцяе месца, аказаўшыся мацнейшай за Асю Лалазаран з Арменіі. Цімафей Емяльянаў стаў бронзавым прызёрам у вагавай катэгорыі да 82 кг, ён быў мацнейшы за Алесіа Мічэлі з Італіі. «Я выйграў сваім каронным кідком, раблю яго з дзяцінства. Мне пашанцавала, што на такім прадстаўнічым форуме атрымалася перамагчы ў сутычцы за «бронзу» такім чынам. Адзначу атмасферу на спаборніцтвах, яна незабыўная, буду памятаць гэта доўга і расказваць аб II Еўрапейскіх гульнях сваім дзецям», — адзначыў Цімафей Емяльянаў.

Таццяна Мацко заваявала бронзавы медаль у вагавай катэгорыі да 64 кг, яна перамагла італьянку Аліс Перын — 10:0. «Вельмі дапамагла падтрымка родных трыбун, з якіх за мной назіралі сябры і знаёмыя. Зараз трэба будзе прааналізаваць свае памылкі і працаваць над імі», — сказала Таццяна пасля ўзнагароджання.

Сярэбраным прызёрам у вагавай катэгорыі да 56 кг стала Анастасія Архіпава.

Таксама сёння стала вядома, што самба можа ўвайсці ў праграму Алімпійскіх гульняў-2024 у Парыжы ў якасці дэманстрацыйнага віду спорту. Пра гэта заявіў журналістам у Мінску прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі самба (FIAS) Васіль Шастакоў. «Мы працуем над прасоўваннем самба ў праграму Алімпійскіх гульняў. Зараз вядзем перамовы з Сенегалам з нагоды ўключэння самба ў Юнацкія гульні (ў 2022 годзе), у жніўні адбудзецца сустрэча з кіраўніцтвам гэтай краіны. Хацелася б спадзявацца, што перамовы скончацца паспяхова», — дадаў прэзідэнт FIAS. У лістападзе 2018 года FIAS атрымала часовае прызнанне Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК). Дзякуючы гэтаму федэрацыя з’яўляецца паўнапраўным членам МАК.

Дар’я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.