Вы тут

Казімір Семяновіч (? - пасля 1650)


Яго геній апярэдзіў час і толькі ў ХХ стагоддзі знайшоў сваё ўвасабленне ў практыцы. Чалавецтва пераадолела зямное прыцяжэнне і вырвалася ў космас. Мала хто ведаў тады, што ідэя шматступеньчатай ракеты належыць беларусу Казіміру Семяновічу.


Скупыя звесткі захаваліся пра ягоны жыццёвы шлях. Хоць і лічыў Казімір Семяновіч сябе «шляхціцам-ліцвінам», але, верагодна, паходзіў з роду дробных беларускіх князёў Семяновічаў. З дакументаў вынікае, што ў XІV стагоддзі ім належалі «двор Быхово» і ўладанні ў Дубровенскай зямлі.

У 1634 годзе Казімір Семяновіч удзельнічаў у аблозе рускага горада Белы, а праз дзесяць гадоў, 30 студзеня 1644 года, — у бітве з крымскімі татарамі. Тады яго ўразіла дымавая заслона, якой татары выратавалі сваю адступаючую конніцу. Казімір Семяновіч, пэўна, быў яшчэ не вельмі дасведчаны ў артылерыйскім мастацтве, а таму палічыў, што феерверкеры дзейнічалі «з дапамогай д'ябла туманам ды параю зацямнілі сонца на пабаявішчы». Можа, менавіта тады і ўзнікла ў яго жаданне авалодаць усімі ведамі артылерыйскага мастацтва. У сваёй кнізе ён успамінаў: «...неўзабаве я прысвяціў сябе дэталёваму вывучэнню такога мастацтва, да якога меў такую вялікую прагу, так што я ніколі нідзе не шкадаваў тых выдаткаў (хоць гэта і дужа змяншала мае асабістыя сродкі), калі знаходзіў штосьці, чаго яшчэ ці не ўмеў, ці не паспрабаваў на практыцы. Дзякуючы разумным парадам сяброў і ўласным роздумам я зразумеў, што ніколі не здолею дасягнуць пастаўленай мэты, калі буду вывучаць гэтае мастацтва без сістэмы... Для гэтага я вывучаў вельмі шмат навук, як вызваленых, так і механічных. У навукі вызваленыя я залічаю арыфметыку, геаметрыю з яе часткамі, механіку, а г. зн. статыку, гідраўліку, пнеўматыку, грамадзянскую і ваенную архітэктуры (г. зн. фартыфікацыю), графіку, оптыку і тактыку. Засвоіў я таксама пэўныя звесткі з фізікі, хіміі». Можна ўявіць гэтую тытанічную працу — на такое быў здольны толькі валявы і таленавіты чалавек, на здзяйсненне задуманага быў неабходны моцны імпульс. І ён у Семяновіча быў — гэта «жаданне паслужыць Айчыне і сваім суродзічам...»

Дома дастатковых ведаў Казімір Семяновіч не атрымаў, а таму ў 1645 годзе ён адправіўся ў Нідэрланды. А каб навучыцца артылерыйскаму мастацтву на практыцы, ён уступіў у войска герцага Фрэдэрыка Генрыха Аранскага. Гэта была патрэбная школа, і Семяновіч навучыўся шмат чаму: «...у час вельмі многіх славутых аблогаў у Нідэрландах, адбываючы практыку вайсковую і выконваючы абавязкі, звязаныя з ёю, а таксама выхоўваючы годнасць артылерыйскую, запісаў шмат рэчаў, частку сам вынайшаў, нечаму навучыўся ў іншых», — прызнаваўся ён. І калі Семяновіч у 1646 годзе па выкліку караля Уладзіслава ІV вярнуўся ў Рэч Паспалітую, то быў ужо дасведчаны і даволі аўтарытэтны ў артылерыйскай справе чалавек. Кароль назначыў яго інжынерам у польскай артылерыі. Можна не сумнявацца, што і на гэтай пасадзе Семяновіч працягваў назапашваць і ўдасканальваць свае веды. Яго аўтарытэт рос і ў 1648 годзе інжынер становіцца намеснікам начальніка артылерыі.

У канцы 1648 года Казімір Семяновіч зноў прыехаў у Нідэрланды. Гэтым разам не як вучань, а як настаўнік. У яго ўжо было дастаткова ведаў наконт артылерыі, каб падзяліцца імі з іншымі. Яшчэ два гады прайшлі ў напісанні і падрыхтоўцы кнігі да друку. І вось у 1650 годзе ў Амстэрдаме ў друкарні Яна Янсана свет пабачыла «Вялікае мастацтва артылерыі».

Мэту сваёй кнігі Семяновіч бачыў так: «...выданнем гэтае працы я хацеў бы зрабіць паслугу маёй Радзіме і маім суайчыннікам, якія заўсёды выяўлялі вялікую схільнасць да згаданай навукі і якія цанілі яе болей, чым іншыя галіны вайсковай навукі, аднак жа да гэтага часу не мелі кніг, па якіх маглі б вывучаць яе». Як успрынялі суайчыннікі працу Семяновіча, невядома, а вось іншаземцы яе ацанілі. Паўтара стагоддзя гэтая кніга была еўрапейскім падручнікам па артылерыі.

У кнізе Казімір Семяновіч паказаў усю паўнату ведаў аб артылерыі, якія набыў за гады тэарэтычнага і практычнага вывучэння артылерыйскага мастацтва, амаль 260 твораў, пачынаючы з антычных, выкарыстаў у сваёй працы аўтар. У пяці раздзелах распавядаецца пра ўсё, што датычыцца артылерыі, — метады вырабу пораху і запальных рэчаў, выкарыстанне выбуховых прыстасаванняў і г. д. У раздзеле «Аб ракетах» Семяновіч піша аб канструкцыях і спосабах вырабу разнастайных ракет. Многія тыпы ракет прапанаваў Семяновіч упершыню, і ў прыватнасці састаўныя і шматступеньчатыя. Ён не робіць сакрэтаў са сваіх доследаў — друкуе табліцу адносін дыяметра ракеты да яе даўжыні. Каб скласці яе, Казіміру Семяновічу давялося правесці шмат эксперыментаў, на якія былі патрачаны «вялікія грашовыя выдаткі». Адкрыццём Семяновіча было і тое, што ён вынайшаў спосаб стабілізацыі палёту ракеты.

«Вялікае мастацтва артылерыі» адразу пасля выхаду было заўважана. У 1661 годзе яно перакладаецца на французскую мову, у 1676 годзе з'явіўся нямецкі пераклад, у 1729 — англійскі. Праца перакладалася на галандскую і дацкую мовы. Натхнёны поспехам, Казімір Семяновіч напісаў працяг сваёй кнігі, дзе разглядаў новыя пытанні і праблемы артылерыйскага мастацтва.  «Гэта мая новая вынаходка, у якой змяшчаюцца ўсе нашы веды, яна адна перасягае шмат якія іншыя прыстасаванні і замяняе іх усе». Што ж маецца на ўвазе? Гісторык Міхась Ткачоў меркаваў, што гэта — універсальныя аптычна-механічныя прылады накшталт нівеліра, бусолі ці кіпрэгеля.

Збіраўся Семяновіч разгледзець некаторыя геаметрычныя, астранамічныя і геаграфічныя пытанні. «Як толькі ўсё гэта ў адпаведных месцах дойдзе да свядомасці кожнага, тады адбудзецца вера ў мае словы». Рукапіс новай працы Казіміра Семяновіча не быў надрукаваны. Магчыма, у ім падаваліся сакрэтныя на той час звесткі пра артылерыю? Ды яшчэ ўнікальнае вынаходніцтва! А ваенныя таямніцы заўсёды хаваліся ад людзей. Дарэчы, як мяркуе «піянер касманаўтыкі» амерыканскі вучоны Ары Штэрнфельд, Казімір Семяновіч быў забіты рамеснікамі-піратэхнікамі за тое, што ў сваёй кнізе выдаў сакрэты і таямніцы артылерыйскага мастацтва.

Як завяршыўся жыццёвы шлях Казіміра Семяновіча, невядома, але зробленае ім прадвызначыла развіццё артылерыйскага мастацтва як навукі на стагоддзі і ўказала чалавецтву шлях у космас.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.