Вы тут

Навукова-краязнаўчую канферэнцыю ў Маладзечне прысвяцілі Арсеню Лісу


Трынаццатая навукова-краязнаўчая канферэнцыя ў Маладзечанскай цэнтральнай бібліятэцы гэтым разам была прысвечана навуковай дзейнасці доктара філалагічных навук, заўзятага фалькларыста, пісьменніка Арсеня Ліса, якому сёлета магло б споўніцца 85 гадоў. Калісьці цікавасць да народнай песні і да грамадскага нацыянальнага руху 20-х гадоў мінулага стагоддзя вызначыла тэмы экспедыцый і лёс даследчыка Арсеня Ліса ў навуцы. Сёння яго спадчына становіцца прадметам даследавання новых навукоўцаў.


Ва ўступным слове арганізатар канферэнцыі краязнавец, выдавец, пісьменнік Міхась Казлоўскі адзначыў, што найбольшая заслуга Арсеня Сяргеевіча ў тым, што ён быў не толькі дбайны збіральнік фальклору, але і першы даследчык, які вывучаў навуковую і літаратурную спадчыну тэарэтыка мастацтва Мікалая Шчакаціхіна, мастака Язэпа Драздовіча ды многіх слынных беларусістаў.

Краязнавец Валеры Бурэнь акцэнтаваў увагу на пунктах судакранання дзвюх слынных асоб: Арсеня Ліса і адкрытага ім для нашчадкаў Язэпа Драздовіча. Яны абодва былі ўлюбёныя ў Вільню, што стала для беларусаў-адраджэнцаў культурнай і духоўнай сталіцай. Абодва насуперак абставінам і неспрыяльнай палітычнай сітуацыі, падымалі пласты занядбанай гісторыі краю, стваралі і ўзбагачалі беларускую культуру. Іх, па словах выступоўцы, аб'ядноўваў адзін грамадзянскі доўг — паказаць канкрэтную, а не абстрактную надуманую Беларусь.

Прадстаўляючы навукоўца з Гродна Андрэя Вашкевіча, Міхась Казлоўскі засяродзіў увагу прысутных на тым, што ў беларускіх музеях і архівах сёння ёсць шмат матэрыялаў па гісторыі культуры, але часта яны незапатрабаваныя пачаткоўцамі, — у гэтым кантэксце Андрэй Вашкевіч шчаслівае выключэнне, бо ён мае зацікаўленасць папярэднікамі, што пацвердзіла і выступленне маладога даследчыка. Яшчэ адзін малады навуковец Яніна Грыневіч з інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі адзначыла, што па колькасці зробленых запісаў Арсень Ліс у пяцёрцы найбольш плённых збіральнікаў беларускага фальклору. Вядучы рэдактар студыі «Летапіс» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», пісьменнік Уладзімір Мароз апавядаў пра Арсеня Ліса як пра таленавітага сцэнарыста. Шкада, што многія фільмы, знятыя па яго сцэнарыях, пакуль не алічбаваныя. А яны не страцілі сваёй актуальнасці да сёння.

Загадчык сектара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Андрэй Унучак прысвяціў сваё даследаванне пытанням беларускай ідэнтычнасці і беларускаму нацыянальнаму руху першай паловы ХХ стагоддзя. Паэтэса, вядучы бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людміла Сільнова расказала пра электронны каталог, што ўтрымлівае творы з друкаванай спадчыны Арсеня Ліса, у тым ліку і вельмі кранальныя лірычныя вершы. На думку выступоўцы Арсень Сяргеевіч стварыў сваю планету Беларусь, якая асацыюецца з планетамі з казкі А. Сент-Экзюперы «Маленькі прынц».

Ала КЛЕМЯНОК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Песня ў спадчыну

Выбар рэдакцыі

Культура

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

Грамадства

Як працуюць сядзелкі

Як працуюць сядзелкі

Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце.

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.