Вы тут

Васіль Ткачоў. Жыццёвінкі


Ведай, з кім!

Міхась даўно скардзіўся дома і на працы — а робіць ён на заводзе фрэзероўшчыкам, — што нешта баліць іншы раз у грудзях — сцісне так, што не дыхнуць. Па настойлівай просьбе жонкі ён усё ж паказаўся кардыёлагу, той пакруціў галавой, здзіўляючыся, чаму пацыент раней не звярнуўся да яго, і адразу ж шпіталізаваў. Міхасю ж патлумачыў: «Без аперацыі, браток, ніяк: давядзецца памяняць клапан на штучны... Калі жыць хочаш...»

Хто ж не хоча! Яму ж толькі пяцьдзясят споўнілася. Сына выгадаваў, дрэва пасадзіў, і не адно. Дом, праўда, не пабудаваў, але нічога страшнага: зарабіў затое сумленнай працай двухпакаёўку, так што, можна сказаць, усе тры запаветы здзейсніў. А рыхтуючыся да аперацыі, прыгадаў свайго дзеда Мікалая, які ўжо ў глыбокай старасці казаў: «Хацелася б яшчэ хоць трошкі пажыць — каб глянуць, кім ты, Міхаська, станеш, якую жонку выбярэш, ці добрую і прыгожую....» Ён і паспеў гэта ўсё ўбачыць! Таму паспеў, відаць, што моцна хацеў.

Аперацыя прайшла паспяхова. Міхасю ж лечачы доктар сказаў, што трэба паступова рыхтаваць паперы на камісію, — пасля замены клапана павінны даць групу інваліданасці. Трэцюю ці другую, але абавязкова, бо ён пэўны час не зможа працаваць, а жыць жа неяк трэба. Падзяліўся гэтым з сябрам Алегам, які наведаў яго ў лячэбніцы.

— Слухай, Міхась, трэба доктару грошай даць, пажадана зялёненькіх, каб напісаў усё як мае быць! — загарэўся Алег. — Ад доктара многае залежыць.

— Я не змагу, — шчыра прызнаўся Міхась. — Саромеюся.

— Былі б грошы!

— Ды ёсць быццам...

— Колькі?

— Сто долараў!

— Хопіць! Давай іх мне, і ўсё будзе лепшым чынам!

— Але грошы дома. Добра, скажу Ніне, каб прынесла...

Назаўтра Алег, як і дамовіліся, забраў у Міхася сто долараў і адразу ж вышмыгнуў з палаты. Вярнуўся даволі хутка, задаволена пацёр далонямі: усё ў ажуры, сябра мой! Вось так працаваць трэба! Са мной не прападзеш!..

У той жа дзень здарылася бяда: перабягаючы дарогу ў недазволеным месцы, Алег трапіў пад машыну. З атрыманымі траўмамі яго даставілі ў бальніцу, і калі рабілі вопіс рэчаў і каштоўнасцяў, што былі пры ім, то ўнеслі ў той спіс і сто долараў...


Урок

Гэты мужчына даволі часта ездзіў у камандзіроўкі. Часцей за ўсё — у сталіцу. Каб паспець на цягнік, які ішоў даволі рана, ён, вядома ж, карыстаўся паслугамі таксі, бо жыў далёка ад вакзала. Заказваў адразу некалькі машын, і тая легкавушка, якая першай спынялася перад ягоным пад'ездам, адвозіла хітравана па прызначэнні. А што ж іншыя таксісты? Так, прыязджалі і яны, чакалі... але чакалі, як кажуць, каля мора пагоды. Так было некалькі разоў — якраз да таго часу, пакуль таксісты не пазнаёміліся паміж сабой бліжэй і не дамовіліся пакараць хітравана. Паставілі ў вядомасць дыспетчараў: так і так, маўляў, калі будзе гэты каварны тып заказваць таксі, не адпраўляйце, а яму ж паабяцайце: заказ прыняты, чакайце. Калі ён такі разумны, то і мы не дурні. Дыспетчары падтрымалі таксістаў.

І тую раніцу доўга чакаць не давялося. Мужчына выклікаў адразу чатыры таксі. А сам выглядае ў акно: няма пакуль. Добра — пачакаем. Пакуль час ёсць. Але крыху пазней пачынае непакоіцца і выходзіць на двор. Турбуе дыспетчараў. Даведаўшыся, на які адрас выклікалі таксі, тыя спакойна адказваюць: чакайце! Мужчына нервуецца яшчэ больш: колькі можна чакаць?! Як вы працуеце?! Дзе сумленне?! Я спазняюся! Вы мне адкажаце за маё спазненне! Абяцаю!..

А сам, нервова паглядаючы на гадзіннік, бяжыць на аўтобусны прыпынак, хоць і мала верыць, што паспее да адпраўкі цягніка.

Не ведаю, ці скардзіўся куды мужчына, але дакладна ведаю, што на цягнік ён спазніўся. Таксісты ж радаваліся, назіраючы, як той бегаў-лаяўся па вакзале: правучылі, нарэшце, хітравана, далі яму добры ўрок. Толькі вось цікава, ці засвоіць ён яго? Мо трэба будзе і паўтарыць калі?..


Венік

У канцы мінулага года давялося амаль тыдзень жыць у Бабруйску. Мне падабаецца гэты горад, там у драматычным тэатры ставяцца спектаклі па маіх п'есах, два і сёння ў рэпертуары, і калі мяне запрасілі госцем на фестываль беларускай драматургіі, які праводзіцца традыцыйна, я, вядома ж, ахвотна пагадзіўся. Уражанняў ад фестывалю засталося шмат. Меў магчымасць бліжэй пазнаёміцца з тэатральным жыццём краіны. З акцёрамі, рэжысёрамі, драматургамі.

Учора быў апошні дзень фестывалю, закрыццё адбылося позна, таму давялося яшчэ адну ноч правесці ў гасцініцы «Турыст», а назаўтра раніцай дабірацца на вакзал на гарадскім транспарце. Мне параілі сесці на маршрутку, паказалі, дзе яна спыняецца. Так і зрабіў. І ўжо па дарозе звярнуў увагу, што ў куточку перад першымі сядзеннямі стаціць новенькі венік. Звычайны, соргавы, якім мы карыстаемся і які вырошчваюць і робяць — я гэта бачыў на свае вочы, — ва Узбекістане. Падумалася: бач ты, як гаспадар маршруткі сочыць за чысцінёй у салоне, нават венік возіць. Малайчына. А потым... Вадзіцель працягнуў рэшту чарговай пасажырцы, тая не ўтрымала яе ў руцэ, і капейкі рассыпаліся. Паспрабуй збяры іх цяпер. Але толькі не ў Бабруйску! Жанчына хуценька ўзяла венік і вымела капейкі з-пад сядзення на свабоднае месца, дзе і падабрала, а затым паставіла венік на ранейшае месца і моўчкі села.

Вось так!


Груша

Няма вёскі, а груша-дзічка стаіць. На самым высокім месцы — на гары. Таму яе адусюль відаць. Як той маяк на марскім беразе ці востраве. Тут стаяла некалі хата майго прадзеда Івана Авакумавіча Тарасава. І быў, вядома ж, ягоны плац, які збягаў пад нахілам ледзьве не ад самай грушы да раўчука, па якім увесну з гуллівым клёкатам неслася з палёў вада ў нашу Гутлянку. На мясцовых могілках, дзе прадзед пахаваны ў далёкім цяпер ужо ад нас 1925 годзе, мы з братам на металічным крыжы прымацавалі медальён — каб ведалі, хто тут спачывае вечным сном. (Своечасова спахапіліся, бо неўзабаве не стала і апошняга нашага сваяка, які паказаў нам магілу прадзеда.)

Івана Авакумавіча не помніла нават мая маці. Бо калі ён памёр, ёй было ўсяго два гады. Расказвала толькі, што быццам успудзіўся конь, дзед стараўся яго суняць, але не змог — быў моцна пабіты, ад ран яго і не стала. Бальніц тады не было, а шаптухі не выратавалі.

Вось ён, прадзед, і вырасціў гэтую вялікую, падобную на цар-дуб, грушу-дзічку. Сёння мне нават цяжка ўявіць, што Іван Авакумавіч сваім дзецям, якія жылі самастойна, выдзяляў па пяць мяхоў груш. Палічыце ж яго дзяцей: сыны Якаў (мой дзед), Васіль, Фёдар, Андрэй, дочкі Прося і Матруна. Напэўна, і для сябе пакідаў пяць мяхоў. Памножце — 35! Не верыцца. Але я вырас сярод такіх людзей, якія не хлусілі самі і не вучылі гэтаму мяне.

Тады ж не было ў вяскоўцаў цукру, то грушы сушылі і ўсю зіму пілі кампот.

Дзякуй табе, груша, за клопат пра маіх незабыўных продкаў.

Смак тваіх груш ведаю і я. Спадзяюся, ты мяне яшчэ пачастуеш. І неаднойчы.

Парада

Амаль пяцьдзясят гадоў назад Васіль упершыню паехаў на Урал — запрасіў аднакурснік, з якім разам вучыліся ў Магілёўскім машынабудаўнічым інстытуце. «Я ў тваіх бацькоў гасцяваў, і не раз, давай і ты да мяне ў госці, а, дружа? Мае старыя будуць вельмі рады, бо пра Беларусь і беларусаў начутыя шмат, ды самага добрага».

Васіль асабліва і не вагаўся, амаль адразу пагадзіўся. Тая першая паездка не стала для яго апошняй. Потым ён багата разоў яшчэ пабываў на Урале. Так-так: там ён сустрэў дзяўчыну, якую адразу пакахаў, а праз тры дні прапанаваў ёй: «Выходзь за мяне замуж». Яна адказала: «Я згодная!»

У тым жа месяцы Васіль і прывёз сваю каханую ў беларускую вёску, сабраліся родныя і блізкія людзі, і пасля наведвання маладымі сельвыканкама селі за сталы, няхай і серада была: вяселле дык вяселле! На суботу і нядзелю ніяк не выпадала — нявесту з працы адпусцілі ўсяго на тыдзень, і ў панядзелак ёй трэба было ўжо быць дома.

Валянціна потым паехала звальняцца і неўзабаве перабралася ў Магілёў, дзе ўладкавалася на працу, а муж працягваў вучобу. Жылі на прыватнай кватэры. Дапамагалі, вядома ж, бацькі. А калі нарадзіўся першынец, маладая маці пераехала да бацькоў мужа, а Васіль вярнуўся ў інтэрнат.

Неўзабаве нарадзіўся і другі сын.

Час праляцеў імгненна. Цяпер сыны ўжо самі сталі бацькамі, а малодшы, Віктар, прапанаваў неяк маці: «Давай з'ездзім на тваю радзіму сваім ходам! Легкавушка ў мяне новая, не падвядзе. Затое ў нас будзе магчымасць пабываць на ўсіх могілках, дзе пахаваны твае бацькі, дзядулі і бабулі, іншыя сваякі...»

Двое сутак туды, двое — назад. З начоўкамі, вядома, але ўражанняў набралася шмат. Запомнілася яшчэ сыну, што маці чамусьці доўга стаяла на могілках перад помнікам з выявай прыгожай жанчыны. «Гэта мая хросная. Замуж не выходзіла. Так адна і пражыла жыццё... Швачка была на ўсё наваколле... Майстрыца...Цётка Воля...»

Валянціна, слоў няма, — прыгажуня: пульхненькая, з дзвюма ямачкамі на шчоках, светлавалосая, рухавая, прыемная, адным словам, ва ўсіх адносінах жанчына. Васіль жа звычайны мужчына, непрыкметны нічым асабліва, пройдзеш каля яго і не звернеш увагі — такіх шмат. Неяк сусед за чаркай набраўся нахабства і папытаў: «А як гэта за цябе Валька замуж пайшла? Што, прыгажэйшага не магла знайсці?» Васіль пакрыўдзіўся, вядома ж, за такое пытанне, але выгляду не падаў. Толькі пазней пераказаў гэтае пытанне і самой жонцы. Валянціна ўсміхнулася і весела, нібы нават блазнуючы, адказала: «А гэта хросная маці параду мне дала: «Валюшка, калі хто першы пазаве цябе замуж, таму і давай згоду. Не адмаўляй. А першым быў ты, Васіль. Дзякуй цётцы Волі!»

І калі хто-небудзь, а такое надараецца іншы раз, скажа не без зайздрасці, што прыгожая ў яго жонка, Васіль адказвае:

— А мне жонку выбрала яе хросная маці, якую я, на вялікі жаль, ніколі не бачыў. А шкада. Я сказаў бы ёй: «Дзякуй!»

Васіль Ткачоў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.