Вы тут

Чаму назіраецца недабор на курсах для беспрацоўных?


Нягледзячы на шырокі дыяпазон курсаў, гарантаванае працаўладкаванне і атрыманне стыпендыі, у Гродзенскім гарадскім цэнтры занятасці на шэрагу спецыяльнасцяў назіраецца недабор. І прычын тут некалькі. Прафесіі, якія запатрабаваны на рынку, вабяць далёка не ўсіх. Да таго ж многія аддаюць перавагу хуткаму працаўладкаванню. Вакансій — хоць адбаўляй.


Сітуацыя проста ўнікальная. У Гродне на аднаго беспрацоўнага прыпадае ажно тры вакансіі. Здаецца, навошта курсы пры такім дэфіцыце рабочай сілы? Але практыка паказала, што ў такой экспрэс-падрыхтоўкі нямала плюсоў.

— У першую чаргу чалавек, які сутыкнуўся з праблемай працаўладкавання, можа набыць запатрабаваную спецыяльнасць. А спецыялізаваныя веды патрэбны ў кожнай прафесіі, у тым ліку рабочай. І калі засвоіць сферу высокіх камп'ютарных тэхналогій пад сілу не кожнаму, дык атрымаць навыкі рабочай прафесіі можа амаль кожны. А такія спецыялісты будуць заўсёды патрэбны, — аргументуе сваю пазіцыю загадчык сектара прафесійнага навучання ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Гродзенскага гарвыканкама Святлана ЮРКОВА.

Гораду патрэбны кіроўцы, у тым ліку тралейбусаў. Такія групы фарміруюцца пастаянна. Напрыклад, зараз да вучобы прыступіць 11 чалавек, з іх значная частка — жанчыны.

— Такія групы фарміруюцца «пад заказ», — тлумачыць Святлана Юркова. — У цэнтр занятасці паступае заява з тралейбуснага ўпраўлення аб вакансіях і прэтэндэнтах. Перш чым трапіць да нас, чалавек знаёміцца з умовамі работы непасрэдна ў дэпо, пасля чаго яго ўключаюць у групу.

Каля трох месяцаў вывучаюць тэорыю, у тым ліку культуру абслугоўвання пасажыраў, потым 100 гадзін практыкі і яшчэ 250 — пасажырскай стажыроўкі. І пуцёўка на самастойны маршрут у руках. Сярэдняя зарплата кіроўцы — каля тысячы рублёў.

Чарговая група пачне фарміравацца ўжо ў ліпені: у горадзе адкрываюцца новыя маршруты, і на іх патрэбны дадатковы штат. Дарэчы, пасведчанне атрымалі і тры маладыя жанчыны-дэкрэтніцы. Усе яны прайшлі курсы падчас дэкрэтнага адпачынку — пасля яго заканчэння адразу выйдуць на работу кіроўцамі. І хоць практыка навучання жанчын-дэкрэтніц існуе некалькі гадоў, гродзенкі без энтузіязму ўспрымаюць такую магчымасць.

Цяпер ідзе камплектаванне груп у сферы паслуг. І прадаўцы, і кухары вельмі запатрабаваныя. Але многія з вакансій застаюцца незапатрабаванымі па зразумелай прычыне — невысокая заработная плата. Марудна ідзе фарміраванне груп будаўнічага профілю, хоць попыт на спецыялістаў гэтай галіны толькі расце.

— У нас праходзіць перанавучанне па 22 кірунках, але не ўсе карыстаюцца попытам. З пачатку года прайшлі курсы каля 60 беспрацоўных, і гэта значна менш, чым летась, калі назіраўся ажыятаж, — адзначае суразмоўніца.

Затое павялічваецца колькасць людзей, гатовых змяніць статус беспрацоўнага на статус прадпрымальніка. Адна з такіх груп, чацвёртая ў гэтым годзе, толькі што завяршыла падрыхтоўку. Людзі атрымалі навыкі суправаджэння прадпрымальніцтва, напісання бізнес-плану, ім былі дадзены безнаяўныя субсідыі для адкрыцця свайго бізнесу. Да канца года такую дзяржаўную падтрымку ў Гродне атрымаюць яшчэ паўсотні беспрацоўных.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Вакансія супраць вучобы

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?