Вы тут

Мітрапаліт Павел: Я ўдзячны, што Гасподзь павёў мяне па гэтым шляху


Напярэдадні галоўнага праваслаўнага свята карэспандэнту «Звязды» ўдалося пагутарыць з Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Паўлам. Падчас размовы Уладыка расказаў, чаму з асцярогай упершыню ехаў у Мінск у якасці мітрапаліта, калі Беларусь можа наведаць Патрыярх, як не блытаць хрысціянства з магізмам і чаму Wі-Fі лепш за ўсё ловіць у храме.


— Ваша Высокапраасвяшчэнства, вы прызначаныя Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі больш за пяць гадоў таму. Ехалі сюды з пэўнымі чаканнямі і стэрэатыпамі. Якія з іх спраўдзіліся, а якія не пацвердзіліся? Якое настаўленне перад прыбыццём у Мінск даў вам Патрыярх Кірыл?

— Для мяне гэта было нечаканае прызначэнне, нягледзячы на тое, што я шмат разоў мяняў месца свайго служэння і жыхарства (мітрапаліту Паўлу послух прыходзілася несці ў многіх краінах: быў начальнікам Рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме, кіраваў патрыяршымі прыходамі ў ЗША, Мексіцы, часова ў Канадзе, быў архіепіскапам Венскім і Аўстрыйскім. — «Зв.»). Я думаў, што Разань будзе апошнім месцам майго служэння, дзе завяршу свой зямны шлях. Але Свяцейшы Патрыярх і Святы Сінод прынялі рашэнне прызначыць мяне ў Беларусь. Да гэтага тут я быў усяго два разы. Упершыню — на святкаванні 1000-годдзя Хрышчэння Русі, і ў 2013 годзе — пару дзён на канферэнцыі. Краіну практычна не ведаў, і ўсё для мяне было новым, цікавым. Свяцейшы Патрыярх Кірыл, накіроўваючы мяне сюды, сказаў: «Ведаеце, Уладыка, я вельмі люблю Беларусь і беларускі народ. Беларускі народ вельмі набожны, шматпакутны і ветлівы. Упэўнены, што і вы палюбіце краіну і народ». І гэтыя словы Свяцейшага ў маёй свядомасці і на маім вопыце спраўдзіліся.

Беларусы насамрэч выдатныя, набожныя, добрыя людзі. Канешне, мяне прыемна здзівіла чысціня, парадак у вялікіх гарадах і малых пасёлках. Жыхары з павагай ставяцца да свайго роднага кута.

Праваслаўная паства сустрэла мяне вельмі цёпла. Да гэтага часу я ўспамінаю тое добрае пачуццё, з якім уваходзіў у саборны храм. Першыя хвіліны людзі з нейкім хваляваннем і нават асцярогай глядзелі на мяне, але пасля таго, як я звярнуўся да іх са словамі: «Мір вам, браты і сёстры! Як настрой?» Усе адразу натхніліся: «О, з мірам прымае! Выдатна, добра».

Павінен сказаць, людзі ўсюды выдатныя, але ў Беларусі народ асаблівы. Ён сапраўды шматпакутны. За адно толькі дваццатае стагоддзе беларусы перажылі рэвалюцыю, сталінскія рэпрэсіі, дзве сусветныя вайны, Чарнобыль, сацыяльныя катаклізмы 1990-х гадоў. Усё гэта разам лягло цяжкім крыжам на плечы нашага народа, але не змагло зламаць яго сілу духу. Ён не толькі перажыў і выстаяў у гады ліхалеццяў, але да зыходу дваццатага стагоддзя годна ўладкаваў жыццё ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь на трывалай падставе грамадзянскага міру, згоды і салідарнасці.

Беларусы сапраўды ведаюць цану міру, умеюць адстойваць, захоўваць і ўмацоўваць мір. І ў гэтым сэнсе, глыбока перакананы, сусветнай супольнасці ёсць чаму павучыцца ў Беларусі, таму што падмурак трывалага міру і згоды ў краіне заснаваны на духоўна-маральных каштоўнасцях. Наш народ валодае жыццядайнай чароўнай энергіяй, якую ён чэрпае ў веры ў Бога, моліцца Богу і захоўвае адзінства Святой Праваслаўнай Царквы. Я шчыра радуюся, што маю магчымасць несці ў Белай Русі свой царкоўны послух.

— Якія з падзей, што адбываліся ў беларускім праваслаўным асяроддзі на вашых вачах, запісалі б у падручнік па гісторыі царквы?

— Не хачу перабольшваць свае магчымасці, таму скажу прасцей. Я прыбыў у Беларусь, як сказаў Свяцейшы Патрыярх, каб маліцца і працаваць разам з усёй праваслаўнай паствай. Мне належыць натхняць у веры народ Божы, прапаведаваць Евангелле, здзяйсняць набажэнствы, захоўваць адзінства святога праваслаўя, самому ісці да выратавання і весці людзей у Царства Божае.

На мой погляд, сярод падзей, якія адбыліся ў апошні час, адной з найважнейшых стала пасяджэнне Святога Сінода Рускай праваслаўнай царквы пад старшынствам Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў Мінску 15 кастрычніка 2018 года. Гэта першае мерапрыемства такога роду ў гісторыі нашай Царквы. Горад Мінск стаў адной з сінадальных сталіц на роўных з Масквой, Санкт-Пецярбургам, Кіевам і Геленджыком. У гэтай падзеі ёсць важнае сімвалічнае вымярэнне: яна ўвасабляе прызнанне значнасці ўкладу праваслаўных беларусаў у будаванне царкоўнага жыцця, у нашу духоўную скарбніцу, агульную для ўсіх трох усходнеславянскіх народаў.

Яшчэ адна сапраўды гістарычная падзея: у 2017 годзе Біблейская камісія і Выдавецкі савет Беларускай праваслаўнай царквы прадставілі грамадскасці пераклад Свяшчэннага Пісання Новага Запавету на сучасную літаратурную беларускую мову. Гэты пераклад стаў вынікам 25-гадовай напружанай працы — тэалагічнай, лінгвістычнай, рэдактарскай. Дарэчы, Новы Запавет на беларускай мове быў прадстаўлены ў год 500-годдзя выдання Францыскам Скарынам Псалтыра. Гэта дазволіла падкрэсліць пераемнасць традыцый духоўнай асветы на нашай зямлі.

За мінулыя пяць гадоў у межах Беларускага Экзархата былі створаны чатыры новыя епархіі (Барысаўская, Маладзечанская, Слуцкая і Лідская) і пасвячоны чатыры епіскапы. Назіраючы сітуацыю ў Царкве знутры, магу з упэўненасцю сказаць, што гэта пасадзейнічала развіццю царкоўнага жыцця. Нашы новыя архіпастыры вельмі энергічныя, ініцыятыўныя, адукаваныя людзі, верныя Царкве, адкрытыя і даступныя для прыхаджан. Стварэнне новых епархій паўплывала на дынаміку храмабудаўніцтва, на развіццё асветніцкіх, маладзёжных і дабрачынных праектаў на месцах.

Мы чакаем яшчэ адну важную падзею, якая, спадзяёмся, адбудзецца ў 2020 годзе, — 550-годдзе з дня знаходжання Жыровіцкай іконы Божай маці і паўторнага яе знаходжання праз 50 гадоў, а таксама 500-годдзе з дня ўтварэння Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. Гэта сапраўды грандыёзныя гістарычныя падзеі. Будзем спадзявацца, што на ўрачыстасці прыедзе Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, пастаянныя і часовыя члены Сінода, і зноў будзе праведзена ўжо чарговае пасяджэнне Святога Сінода.

Не ведаю, што з вышэйпералічанага ляжа ў падручнікі, судзіць тым, хто будзе гэтыя кнігі рыхтаваць.

— Ваш папярэднік, Патрыяршы Экзарх Мітрапаліт Філарэт, які прыйшоў на свой пост у складаны час, на працягу служэння зрабіў шмат для адраджэння духоўнасці і праваслаўя на беларускай зямлі. Якія задачы вы як духоўны лідар праваслаўных беларусаў ставіце перад сабой?

— Тое, што зрабіў Уладыка Філарэт, недаацаніць нельга. 35 гадоў ён нёс свой послух на беларускай зямлі. Гэта вельмі паважаны і масціты архіпастыр нашай Царквы. Для мяне ён мае асаблівае значэнне. Мы шмат гадоў маем зносіны, знаёмыя з 1975 года. Пад яго кіраўніцтвам я нёс послух, калі Уладыка Філарэт быў старшынёй аддзела знешніх царкоўных зносін Маскоўскага патрыярхата. Мы з ім працягваем камунікаваць і маліцца. Што да майго далейшага служэння, я імкнуся рабіць тое ж, што і Уладыка Філарэт.

Да гэтага прызваныя ўсе святары — прапаведаваць Евангелле, слова Божае, самім выконваць запаведзі і заклікаць людзей да гэтага, маліцца разам з імі, захоўваць адзінства святога праваслаўя, прытрымлівацца набожнага хрысціянскага жыцця. Вышэй за гэта, напэўна, нічога няма для кожнага з нас.

— Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж дзяржавай і Беларускай праваслаўнай царквой існуе ўжо больш за 15 гадоў. На ваш погляд, гэтага дакумента сёння дастаткова ці настаў час яго актуалізацыі?

— Хачу сказаць, што ў той час падпісанне пагаднення стала сапраўдным прарывам у царкоўна-дзяржаўных адносінах і да гэтага часу не мае аналагаў на постсавецкай прасторы. Яно з'яўляецца падмуркам узаемаадносін Царквы і дзяржавы. Што датычыцца актуалізацыі пагаднення, то гэты працэс ідзе, і ён бесперапынны. На падставе пагаднення рэгулярна падпісваюцца абноўленыя праграмы супрацоўніцтва паміж Беларускай праваслаўнай царквой і профільнымі дзяржаўнымі ведамствамі.

Нядаўні прыклад: на Беларускіх калядных чытаннях, якія адбыліся ў Мінску 29—30 лістапада 2018 года, былі падпісаныя праграмы супрацоўніцтва паміж Беларускай праваслаўнай царквой і Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і камітэтам аховы здароўя Мінгарвыканкама па пытанні дапамогі людзям з анкалагічнымі захворваннямі.

— Прадстаўнікі праваслаўнай царквы разам з калегамі-каталікамі атрымалі прэмію «За духоўнае адраджэнне» за пераклад Бібліі на беларускую мову. Ці варта чакаць далейшых крокаў па беларусізацыі Царквы? Наколькі яна сёння адказвае на запыт вернікаў аб службах на беларускай мове?

— Адносна ажыццяўлення перакладу Свяшчэннага Пісання Новага Запавету на сучасную беларускую мову варта нагадаць, што нашы спецыялісты больш за дваццаць пяць гадоў працавалі над гэтым. Праваслаўная група перакладала з грэчаскай мовы. У нас і зараз працягваецца праца над перакладам іншых богаслужэбных тэкстаў.

Кожны, хто жадае маліцца на роднай мове, мае такую магчымасць. Што ж датычыцца грамадскіх набажэнстваў на беларускай мове, можна сказаць, што ў нас для гэтага ёсць практычна ўсё. Але мы заклікаем не палітызаваць і не фарсіраваць тэму. У сучасным жыцці Царквы ёсць два моманты, якія патрабуюць вельмі ўважлівага і нават трапяткога стаўлення, — гэта мова і каляндар. Фарсіраваць іх рашэнне не варта, таму што гэта можа прывесці грамадства да расколу.

Яшчэ раз хачу сказаць, што забароны маліцца на роднай мове ў нас няма. У праваслаўі служэнне на нацыянальных мовах дазвалялася і віталася заўсёды, але разам з тым у Царкве ніколі не знойдзе падтрымку агрэсіўны нацыяналізм з ідэямі нацыі як каштоўнасці, вышэй за якую нічога няма. Усе разнавіднасці гэтай ідэалогіі ўяўляюць сабой прамое парушэнне другой запаведзі — стварэнне з нацыі куміра і падмену гэтым ідалам Жывога Бога. Прапаганда нацыянальнай выключнасці, няхай гэта будзе беларуская, руская ці якая-небудзь яшчэ, для нас цалкам непрымальная, таму што яна раз'ядноўвае людзей.

— Наша маладое пакаленне моцна адрозніваецца ад сваіх бацькоў і дзядоў, прычына гэтаму — лічбавыя тэхналогіі. Выходзіць, каб прыцягнуць моладзь, Царкве трэба актывізаваць місіянерскую дзейнасць з дапамогай ІT. Але ці будзе яна пасля гэтага сакральным грамадзянскім інстытутам? Ці існуе сёння ў царкоўнай дзейнасці залатая сярэдзіна паміж найноўшымі тэхналогіямі і векавымі традыцыямі?

— Я нядаўна даведаўся пра існаванне ў інтэрнэце «электронных храмаў» і «электронных капліц». Заходзіш на сайт, хочаш паставіць свечку, выбіраеш цану, націскаеш на кнопку — і свечка запальваецца. Глядзіш, а ў цябе гэтую суму з рахунку спісалі. Заказваеце малебен, пішаце імя — і зноў спісалі грошы.

У такой «капліцы» няма ні Бога, ні хараства. Адзін толькі бізнес. І робяць гэта зусім не царкоўныя людзі. Гэта падман чыстай вады. Вы цалкам правільна задаяце пытанне: «Будзе гэта на самай справе Царква ці не?» Думаю, што не.

Потым высветлілася, што арганізатары такіх «капліц» — бізнесмены. Гэта не царква, а прафанацыя. Сёння, на жаль, мы часта сустракаемся з такой з'явай, калі адбываецца наўмысная падмена сапраўдных хрысціянскіх каштоўнасцяў забабоннай мішурой. Нядаўна мы адзначалі Уваход Гасподні ў Іерусалім. Гэта вялікае свята. А сёння многія нават не ўспамінаюць пра галоўнае яго значэнне. У сродках масавай інфармацыі, кажучы пра свята, рэкамендуюць схадзіць у храм і асвяціць вярбу, таму што яна прыносіць у дом шчасце, багацце розных пладоў зямных, будзе захоўваць ад усялякіх бед, сурокаў і цёмнай сілы. Вось і прыехалі... Нашаму народу навязваюць самы сапраўдны шаманізм, магізм, забабоны, але ніяк не хрысціянства. Вярба, нават асвячоная, сама па сабе не прыносіць людзям шчасця і не адганяе нячыстую сілу.

Такая ж сітуацыя адбываецца і на свята Грамніцы. Людзі асвячаюць свечкі і нясуць іх дадому, думаючы, што яны будуць захоўваць жыллё. Свечку трэба пакласці і ў труну нябожчыку, нібыта яна дапаможа яму прайсці праз пакуты. Сябры, гэта забабоны, страшна нават чуць пра гэта.

Да Бога не звяртаемся, не каемся, жывём па сваіх страсцях і грахах, а свечку і вярбу ўзяў — і праскочыў у Царства Нябеснае. Такому Царква не вучыць. Мы заклікаем людзей да разважлівасці, кажам: без Бога, шчырай веры, посту і малітвы немагчыма, каб ад нас адышлі цёмныя сілы. Без набожнага жыцця не магчыма ўвайсці ў Царства Нябеснае.

Што ж датычыцца электронных носьбітаў і гаджэтаў, можна сказаць, што яны рэальна палягчаюць жыццё людзей, але, з іншага боку, і закабаляюць чалавека, асабліва маладых людзей. І ў гэтай справе мы павінны мець разважлівасць. Апостал Павел казаў: «Усё мне можна, ды не ўсё на карысць».

Я часам моладзі паведамляю, што ў храме вельмі добра працуе Wі-Fі: усе разам сабраліся, звярнуліся да Бога і наша малітва паляцела проста да прастола.

— А як вы ставіцеся да актыўнасці маладых святароў у сацсетках. Як прыклад, блог «Бацюшка адкажа»?

— Я гутарыў з айцом Аляксандрам і спрабаваў яму растлумачыць асаблівасць пастырскіх зносін з людзьмі. Разумею, што яму хочацца вельмі хутка ўсім нешта расказаць. Але яго метад размовы мне нагадвае заходніх прапагандыстаў, якія вельмі шмат кажуць і з такой хуткасцю, што слухачу нават падумаць няма калі, а запярэчыць і пагатоў. Пастыр не павінен навязваць чалавеку сваё меркаванне. Неабходна не толькі гаварыць, але і ўмець выслухаць чалавека.

— Выказваючыся нядаўна пра сітуацыю, якая склалася ва Украінскай праваслаўнай царкве, вы адзначылі, што матывы гэтага — палітычныя. Што, на вашу думку, пераканаўча-моцнае Царква сёння можа проціпаставіць гэтым матывам?

— Працэс палітызаваны на сто працэнтаў. Надзвычай важна, каб кожны займаўся сваёй справай. Хай шавец шые боты, пекар пячэ пірагі, палітык займаецца палітыкай, а святар — пастырствам. Як толькі палітыкі пачынаюць умешвацца ў справы царкоўныя, то ўсё... Ну прымусьце вы мяне зараз узяцца за палітыку альбо эканоміку, я ж не разумею там нічога. Я такіх праблем нараблю, што потым вельмі доўга спецыялісты не змогуць разабрацца. Так і ў царкоўных рэчах. Калі вы не ведаеце царкоўнага жыцця, не ўмешвайцеся, інакш гэта ўсё становіцца палітыкай.

Вось і цяпер тым, што стварылі ва Украіне, не прымірылі людзей. А толькі аб'ядналі дзве раскольніцкія групоўкі. Выбары прэзідэнта, якія зусім нядаўна прайшлі, паказалі, што людзі не за Зяленскага галасавалі (ніхто не ведае яго як палітыка), а былі супраць таго, што ім навязвалася. 73 % прагаласавалі супраць палітыкі Парашэнкі. Прымусіць любіць гвалтам нельга, тым больш калі пытанне датычыцца веры.

Вы паглядзіце, як аб'ядналася ўкраінская Царква. З 90 епіскапаў толькі два здраднікамі аказаліся. Сёння гэта маналітная царква на чале з блажэнным Мітрапалітам Ануфрыем. І яны выстаялі, нягледзячы на тое, што іх і білі, і гвалтам выганялі з храмаў.

Мы ж зусім нядаўна ўсё гэта праходзілі ў гісторыі. Пакаленне ХХ стагоддзя ўсё гэта перажыло.

Я памятаю, калі паступаў у семінарыю ў 1973 годзе, яшчэ жылі хрушчоўскія ганенні на Царкву. У нас нават з 15 рублёў стыпендыі вылічвалі 1 рубель 83 капейкі падаходнага падатку. Гэта супрацьзаконна было. Нам казалі: «Куды вы ідзяце, вы ўжо не патрэбныя грамадству. Вучыцеся ва ўніверсітэтах, там не будуць падаткі вылічваць». Нашы хлопцы не адступаліся: пойдзем на смерць, на вогнішча, у турму, таму што пытанне датычыцца душы чалавечай. Канстанцінопальскі Патрыярх Варфаламей раскалоў сусветнае праваслаўе, але, пакуль ён жывы, у яго ёсць магчымасць дэзавуіраваць сваё рашэнне. Спадзяёмся, што падзеі ва Украіне ніколі не паўторацца ў Беларусі.

— У адным з інтэрв'ю вы казалі, што марылі стаць лётчыкам. Мара не спраўдзілася. Ці лічыце вы гэта праявай Божай волі? Як часта знакі Божай волі вы заўважаеце ў сваім жыцці?

— Заўсёды іх заўважаю, але гэта асаблівая, вельмі доўгая размова. Сёння, азіраючыся на сваё жыццё, перакананы, што ўсюды было прамысленне Божае. Я ўдзячны, што Гасподзь павёў мяне па гэтым шляху. Богу слава!

— Да Вялікадня засталося некалькі дзён, самых цяжкіх для вернікаў. Як у апошнія дні падрыхтавацца, каб адчуць значнасць і веліч самага галоўнага хрысціянскага свята?

— Думаю, што кожнаму з нас важна сустрэць Вялікдзень, не знаходзячыся ў варожасці ні з кім. Гасподзь Ісус Хрыстос дараваў сваім забойцам, і мы, хрысціяне, павінны напярэдадні Уваскрэсення Хрыстовага дараваць нашым крыўдзіцелям.

Акрамя гэтага, вельмі важна падзяліцца Велікоднай радасцю з блізкімі, паклапаціўшыся аб тых, у каго шчасця ў жыцці мала. Светлае свята Уваскрэсення Хрыстовага — гэта цудоўная нагода для дапамогі хворым, адзінокім, малазабяспечаным людзям.

Чым больш добрых спраў напярэдадні Вялікадня і ў перыяд яго святкавання мы здзейснім, тым ярчэйшая і мацнейшая будзе радасць у нашых сэрцах. І радасць гэтую, па слове Госпада, ніхто не адбярэ ў нас!

Марыя ДАДАЛКА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.

Культура

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Як думаеш, а заўтра нехта пра нас успомніць?» — пытаецца на вялікім экране адзін ветэран у другога і атрымлівае абнадзейлівы адказ. 

Спорт

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

Сярод 450 шчасліўчыкаў, якім даверана несці факел з агнём ІІ Еўрапейскіх гульняў, аказалася наша Дар'я Лабажэвіч.

Грамадства

Будні сельскага ўрача

Будні сельскага ўрача

З якімі наступствамі аптымізацыі прыходзіцца яму сутыкацца падчас работы.