Вы тут

Астравец — горад энергетыкаў — і бяспечная электрастанцыя


Самая вялізная будоўля ў Еўропе — узвядзенне Беларускай атамнай электрастанцыі — пакрысе блізіцца да завяршэння. Фізічны пуск першага энергаблока АЭС запланаваны на восень 2019-га. Аднак ужо цяпер звонку неба над аб'ектам ахоўвае зенітна-ракетны комплекс, што знаходзіцца на ўзгорку непадалёк ад станцыі. А знутры разам са службай бяспекі кругласутачна дзяжурыць вайсковая часць 7434 унутраных войскаў МУС Беларусі. Акрамя таго, 40 % з 10 мільярдаў долараў, выдзеленых на будаўніцтва АЭС, зрасходаваны менавіта на бяспеку: фізічную і экалагічную. Як гэта ўладкавана на станцыі, высвятлялі падчас выязнога пасяджэння члены Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі, да якіх далучыліся і карэспандэнты «МС».


Жыхары Астраўца і навакольных вёсак ведаюць, што ў «даатамны перыяд», як тут кажуць, жыццё віравала далёка не так, як цяпер. Беларуская АЭС стала горадаўтваральным прадпрыемствам, дзякуючы якому старажытны Астравец, якому летась споўнілася 550 гадоў, вырас утрая, у ім з'явіліся аб'екты, пра якія раённы гарадок нават не марыў.

Тут, у прыватнасці, завяршаюць аздабленне бальніцы, якой збіраюцца надаць статус РНПЦ. Мяркуецца, што ўстанова будзе працаваць і ў цэлым на рэспубліку, бо тут маецца вельмі сур'ёзнае начынне. А яшчэ Астравец заставаўся адзіным у Гродзенскай вобласці гарадком, дзе не было стадыёна. Цяпер тут шматфункцыянальны спартыўны аб'ект на некалькі паверхаў, дзе знаходзяцца басейн, пляцоўкі для баскетбола, футбола, трэнажорная зала. Побач з будынкам адкрыты стадыён на тысячу месцаў са штучным газонам.

Мясцовыя жартуюць, што жыллё тут будуюць цэлымі кварталамі. І сапраўды, узводзяць адразу па некалькі прывабных дамоў: на тры і чатыры паверхі, паралельна з якімі ствараюць інфраструктуру: дарогі, пешаходныя сцежкі і алеі, робяць іх асвятленне, будуюць садок, школу, краму.

Дарога да АЭС даўжынёй 18 кіламетраў таксама збудавана з нуля. Цяпер гэта мясцовы аўтабан. 7000 работнікаў станцыі штодня пераадольваюць гэты шлях на работу. Кажуць, што прызвычаіліся і не заўважаюць адлегласці.

Гледзячы на панараму станцыі, дзве градзірні і два будынкі рэактара якой, здаецца, узвышаюцца над наваколлем на шмат кіламетраў, бачым, што ледзьве не адразу за плотам станцыі пачынаюцца палі.

— Асаблівасць праекта АЭС у тым, што санітарна-ахоўная зона станцыі супадае з яе перыметрам. Гэта азначае, што на тэрыторыі памерам кіламетр на кіламетр унутры агароджы нельга рабіць нічога, акрамя вырабу электраэнергіі, — кажа Эдуард СВІРЫД, начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў Беларускай АЭС. — Усё, што звонку, — палі мясцовага сельскагаспадарчага кааператыва, сельгасугоддзі. На месцы, дзе ўзвялі станцыю, знеслі толькі адзін нежылы хутар. Яго гаспадар атрымаў кампенсацыю. Людзей з іншых блізкіх да станцыі дамоў адсяляць не сталі, бо гэта не перашкаджала будаўніцтву.

Гэтым разам карэспандэнты разам з дэпутатамі трапілі ў святая святых станцыі — пакой, дзе змешчаны цэнтральны шчыт кіравання. Пакуль тут ажыццяўляюць прыём электрычнасці для ўласных патрэб АЭС. На абслугоўванні шчыта занятыя тры чалавекі. Супрацоўнікі падбіраюцца на дзяжурства па самых розных параметрах, сярод якіх ледзьве не самы важны — псіхалагічная сумяшчальнасць. Для гэтага на АЭС працуе цэлая псіхалагічная лабараторыя са спецыяльнымі тэстамі. Псіхалагічны кантроль супрацоўнікі праходзяць штодня.

Паліва на станцыю пакуль не завезена. Як толькі гэта здарыцца, узровень аховы АЭС стане яшчэ вышэйшым. Чвэрць адпрацаванага ядзернага паліва штогод трэба, дарэчы, мяняць на новае.

— У спецыяльным басейне вытрымкі паліва захоўваецца дзесяць гадоў, каб яно «астыла» — скончылася рэакцыя распаду — і яго можна было транспартаваць у Расію на перапрацоўчы завод, — расказаў Сяргей ГОРЫН, намеснік начальніка рэактарнага цэха АЭС.

Не абмінулі народныя абраннікі і будынак водападрыхтоўкі № 1. Атамны рэактар, нібы вялізны чайнік, трэба абараняць ад своеасаблівага накіпу, які можа ўзнікнуць у працэсе работы. Для гэтага з водазабору на рацэ Вілія на станцыю праз дзве станцыі ачысткі паступае вада, якая належным чынам рыхтуецца ў хімічным цэху. Назад у Вілію трапляе толькі вада, якая задзейнічана ў контуры ахалоджвання рэактара.

— Неабходнасць падачы хімічна абяссоленай вады на энергаблок абумоўлена бяспекай. Хімічна ачышчаная, яна мінімізуе адкладанні, якія могуць з'явіцца на сценках абсталявання і трубаправодаў энергаблокаў, — расказаў Яўген ЛЕСНІЧЭНКА, намеснік начальніка хімічнага цэха, які пазнаёміў пра работай установак зваротнага осмасу. — Магутнасці гэтых установак дазваляюць атрымліваць 360 «кубоў» часткова абяссоленай вады ў гадзіну і 90 «кубоў» — хімічна абяссоленай вады. Нарыхтаваная вада будзе захоўвацца ў чатырох баках па 750 літраў.

Для патрэб АЭС неабходна 12 000 кубаметраў вады. На думку вучоных, страты вады з Віліі пры гэтым будуць на ўзроўні 2,2 % і нават у самы спякотлівы год не перавысяць 6 %. Так што адмоўнага ўздзеяння на раку не здарыцца.

— Вынікі ацэнкі ўздзеяння на наваколле паказалі нязначны ўплыў Беларускай АЭС на раку Вілію і іншыя паверхневыя водныя аб'екты. Змяншэнне сцёку на 2—6 % знаходзіцца ў межах прыродных ваганняў гідралагічнага рэжыму гэтай ракі, а пры малаводных умовах як рэзервовыя можна выкарыстаць воды Вілейскага, Снігянскага і Альхоўскага водасховішчаў, — заўважыла Надзея ЗДАНЕВІЧ, намеснік начальніка ўпраўлення рэгулявання ўздзеяння на атмасфернае паветра, змяненне клімату і экспертызы Мінпрыроды. — Аналіз вынікаў матэматычнага мадэлявання пераносу радыенуклідаў па рацэ Віліі пры іх выкідах у атмасферу з наступным выпадзеннем на паверхню ракі і тэрыторыю водазбору пры аварыі на АЭС, якая адпавядае высокаму ўзроўню ІNES 6 шкалы ядзерных падзей, паказаў, што прагнозныя канцэнтрацыі радыенуклідаў не перавысяць рэферэнтных узроўняў, прадугледжаных еўрапейскімі нарматывамі і гігіенічнымі нарматывамі Беларусі. Іншага шляху для рыдыенуклідаў трапіць з АЭС у раку Вілію не існуе. А размяшчэнне станцыі з яе характарыстыкамі водаспажывання і водаадвядзення не з'явіцца крыніцай тэхнагеннай паводкі.

Кожны тыдзень ход будоўлі разглядаецца падчас штабоў. Уся работа вядзецца згодна з графікам, праблемных тэм няма, існуюць толькі бягучыя пытанні, якія патрабуюць абмеркавання на ўзроўні заказчыка і генпадрадчыка, паведаміў Віктар КАРАНКЕВІЧ, міністр энергетыкі Беларусі:

— З 1 красавіка створаны Дзяржэнергагазнагляд — дзяржарганізацыя, да якой адышлі функцыі па энерга- і газанаглядзе. Ёй перададзены ўсе кантралюючыя функцыі. У межах удасканалення работы мяркуецца стварэнне двух энергетычных газабудаўнічых холдынгаў, што ў далейшым палепшыць эфектыўнасць работы спецыялізаваных будаўнічых арганізацый.

Галоўнай задачай пасля будаўніцтва АЭС міністр бачыць паспяховую інтэграцыю станцыі ў энергасістэму і эканоміку краіны і перадачу аб'екта ў распараджэнне Белэнерга, які непасрэдна будзе займацца эксплуатацыяй станцыі.

Ірына СІДАРОК

Фота Андрэя Сазонава

Урад вызначыў, як будуць праходзіць грамадскія слуханні па БелАЭС

Урад зацвердзіў палажэнне аб грамадскіх слуханнях па пытаннях рэгулявання бяспекі Беларускай АЭС. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 24 красавіка 2019 года № 258, паведамляе БелТА.

Грамадскія слуханні праводзяцца ў выпадках прыняцця рашэнняў аб выдачы ліцэнзій на права ажыццяўлення эксплуатуючай арганізацыяй дзейнасці ў галіне выкарыстання атамнай энергіі пры размяшчэнні, збудаванні, эксплуатацыі, вывадзе з эксплуатацыі ядзерных установак (энергаблокаў) БелАЭС. Слуханні арганізуюць пераважна ў населеным пункце, размешчаным у непасрэднай блізкасці ад аб'екта выкарыстання атамнай энергіі (БелАЭС), тэрмін вызначаецца Дэпартаментам па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд). Мерапрыемства праводзіцца ў форме сходу. Апавяшчэнне аб слуханнях размяшчаецца не пазней чым за 5 каляндарных дзён да даты іх правядзення.

У грамадскіх слуханнях могуць удзельнічаць грамадзяне Беларусі, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства. Пры рэгістрацыі падаецца заяўка на выступленне для фармулявання пазіцыі, меркавання або пытання. Для арганізацыі і правядзення слуханняў Дзяржатамнагляд фарміруе адпаведную рабочую групу.

Як паведамляла раней начальнік Дзяржатамнагляда Вольга ЛУГОЎСКАЯ, перад прыняццем рашэння аб выдачы ліцэнзіі на эксплуатацыю Беларускай АЭС пройдуць грамадскія слуханні, гэта можа адбыцца ў жніўні-верасні 2019 года.

Загаловак у газеце: Пяць з паловай даатамных стагоддзяў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.