Вы тут

Парламентарыі аб штогадовым Пасланні Прэзідэнта


Пасля завяршэння выступлення Прэзідэнта ў Авальнай зале Дома ўраду парламентарыі падзяліліся з журналістамі «Звязды» сваімі ўражаннямі і развагамі аб пачутым.


Максім МІСЬКО, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве:

— У Пасланні прагучалі канцэптуальныя рэчы — такія, як стратэгія развіцця дзяржавы: гэта суверэнітэт, мірная знешняя палітыка, стабільнасць і спакой унутры краіны. Зыходзячы з гэтых тэзісаў будавалася ўсё астатняе. Размова ішла і пра сацыяльныя пытанні, і пра палітыку, і пра тое, што дэпутатам трэба больш увагі надаваць зносінам са сваімі выбаршчыкамі. Прэзідэнт адзначыў, што гэта работа не простая, але ленавацца не трэба. Я цалкам згодны. Кожны на сваім працоўным месцы павінен займацца сваёй работай, і ўся структура ўлады будзе правільна функцыянаваць.

Шмат было сказана пра дэмаграфічную бяспеку краіны. Вельмі прыемна, што Прэзідэнт адзначыў канструктыўныя і практычныя падыходы ў адносінах да шматдзетных сем'яў. Магчыма, пры будаўніцтве жылля трэба сапраўды прыбраць нейкія льготы, а для шматдзетных сем'яў будаваць бясплатна, бо гэта найважнейшая для нас задача.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на развіццё ІТ-тэхналогій, на тое, што гэты шлях развіцця краіны абраны цалкам правільна, ён дае сёння неверагодныя поспехі, прыцягвае замежнікаў, якія хочуць працаваць па нашых законах.

Разам з тым, Аляксандр Лукашэнка заклікаў не забываць пра людзей, бо законы ствараюцца не дзеля законаў, а дзеля людзей. І наша задача рабіць так, каб паміж людзьмі складаліся міралюбівыя адносіны, гэта самае галоўнае.

Датычна пытанняў эканомікі, мне вельмі спадабалася метафара Прэзідэнта пра тое, што Гасподзь дае птушкам ежу, але не падкідвае ім яе ў гняздо. Гэта значыць, што людзі самі павінны не ленавацца, а зарабляць, і ўмовы для гэтага ў нас сёння ёсць.

Вольга ПАЛІТЫКА, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарту і сувязі:

— На працягу года адбылося шмат нарадаў па розных сферах, прысвечаных розным праблемам, і ў сёлетнім Пасланні ў канцэнтраванай, выкрышталізаванай форме былі сфармуляваныя асноўныя мэты і задачы кожнай галіны. Коратка, кропкава былі пазначаны мэты і кірункі.

Мне як прамыслоўцу было важна пачуць, што развіццё менавіта рэальнага сектара — гэта тая база, на якой мы можам будаваць і развіваць сваю эканоміку. А моцная эканоміка — гэта ўмова, неабходная для забеспячэння рэальнага суверэнітэту. Гэта вельмі важна.

Яшчэ адзін значны момант: трэба прыняць больш мер, у тым ліку з боку дзяржавы, магчыма, у выглядзе прэферэнцый, для больш хуткага трансферу тэхналогій нашага ІТ-сектару, Парку высокіх тэхналогій на айчынныя прадпрыемствы, у арганізацыі, у сферу аховы здароўя, адукацыі і інш. Каб не толькі на экспарт ішлі нашы найлепшыя распрацоўкі, але каб ІТ-прадукт і тэхналогіі ўкараняліся ў нас, і каб мы самі былі ў гэтым зацікаўленыя. Бо без больш шырокага выкарыстання ІТ-тэхналогій цяжка казаць пра чацвёрты і пяты ўклады вытворчасці, пра лічбавую эканоміку. Тут трэба дапрацаваць.

Валерый БАРАДЗЕНЯ, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах:

— На ўзбраенне трэба ўзяць асноўны пасыл, які чырвонай ніткай праходзіў праз усё Пасланне Прэзідэнта: трэба якасна рабіць сваю працу на сваім месцы і цаніць тое, што ў нас ёсць. А гэта стабільныя ўмовы, прадказальнасць, адсутнасць пагроз міру. А што пытанні ўзнікаюць і іх трэба вырашаць, — дык я цалкам упэўнены: гэта сведчыць пра развіццё і рух наперад. Бо калі нешта расце, яно абавязкова сутыкаецца з перашкодамі.

Людміла КАНАНОВІЧ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях:

— У аснову тэзісаў Прэзідэнта пастаўлены чалавек, клопат пра яго дабрабыт, развіццё і жыццё. Для мяне галоўным стаў пасыл пра інвалідаў — правільна адзначана, што іх не так шмат, і мы павінны клапаціцца аб іх, дапамагаць з працаўладкаваннем. Вельмі важна кожнаму з нас памятаць, што гэта людзі, якія жывуць сярод нас. Яшчэ кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на клопат пра людзей пенсійнага ўзросту. Гэта залаты фонд, працаўнікі, якія могуць дзяліцца досведам з новымі пакаленнямі. І, вядома, моладзь. Маладыя, ініцыятыўныя, крэатыўныя людзі таксама павінны працаваць на нашу дзяржаву.

Аляксандр Багдановіч, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы (алімпійскі чэмпіён):

— Безумоўна, Прэзідэнт мае права патрабаваць ад спартсменаў вынікаў, таму што ў нас вельмі добра развітая адпаведная інфраструктура і ёсць усё для гэтага неабходнае. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць павышэння зарплаты ў рэгіёнах, развіцця школ — на мой погляд, гэта актуальнае пытанне. Так, трэнерскі штаб нацыянальнай зборнай мае неблагія зарплаты, але калі ты малады спецыяліст на першым працоўным месцы і табе трэба набраць групу... Тут мы губляем педагогаў, бо ў іх пакуль няма выхаванцаў-чэмпіёнаў, за якіх атрымліваецца надбаўка.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА і БелТА

Загаловак у газеце: У аснове ўсяго — дабрабыт чалавека

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.