Вы тут

Гродна атрымае фотапартрэты аўтарства Пятра Шумава


Трыумфальнае вяртанне — менавіта так назвалі госці і арганізатары ўрачыстае адкрыццё фотавыстаўкі знакамітага парыжскага фатографа Пятра Шумава, якое адбылося ў Авальнай зале Новага замка ў Гродне.


Фотамастак нарадзіўся ў Гродне, але лёс яго закінуў далёка за межы нашай краіны. Пётр Шумаў стаў адным з самых вядомых фатографаў Еўропы пачатку ХХ стагоддзя і асабістым фатографам французскага скульптара Агюста Радэна. На радзіме яго лёс складваўся сумна: вымушаны быў эміграваць з-за сваёй рэвалюцыйнай дзейнасці. Шырокі архіў яго фатаграфій стаў здабыткам Францыі, аднак цяпер жыхары і госці Гродна атрымалі магчымасць убачыць частку спадчыны свайго вядомага земляка, які ў Беларусі быў незаслужана забыты на доўгі час.

Экспазіцыя, што на тры тыдні вярнула на радзіму здымкі фатографа з сусветным імем, адбылася дзякуючы намаганням пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ЮНЕСКА Паўла Латушкі і кіраўніка гродзенскага фотаклуба Аляксандра Ласмінскага.

— Арганізацыя выстаўкі Пятра Шумава — ганаровая місія, якая дазволіла нам адчуць гонар за нашага земляка, — падкрэслівае Павел Латушка. — Творца вярнуўся праз свае работы дзякуючы дапамозе мецэнатаў, перакананых у значнасці культурнай спадчыны Беларусі, якую трэба вяртаць на радзіму.

Таленавітыя здымкі Пятра Шумава ахапілі ўвесь колер культуры Сярэбранага веку. У 1920-я гады ў аб'ектыў майстра траплялі самыя вядомыя асобы часу: Марк Шагал, Леў Бакст, Уладзімір Маякоўскі, Марына Цвятаева, Альберт Эйнштэйн, Клод Манэ, Ігар Стравінскі, Фёдар Шаляпін і іншыя.

Чорна-белыя фатаграфіі фотамастака даюць уяўленне аб тэхнічных магчымасцях таго часу і даказваюць, які вялікі ўнёсак зрабіў гэты чалавек у сусветную культуру. Пасля заканчэння праекта ў Беларусі застануцца дзве работы майстра — партрэт Льва Бакста і аўтапартрэт.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.