Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Піццё не смяццё...

Вярнуўшыся з арміі, Кастусь, як многія іншыя тады, запісаўся на курсы шафёраў, атрымаў правы. Пасля гэтага ў яго з'явіліся праца, грошы і новыя сябры. З імі можна было хадзіць у кіно ды на танцы, ці выпіць гарэлкі. Ды каб чарку-другую, а то ж... сварыліся на Косцю бацькі.

Неяк раз вяртаецца ён з гулянкі (дома ўсе ўжо спяць), а яго, як на ліха, смага душыць. Улукаткі зайшоў у кухню (п'яны то п'яны, а помніў, што на прыпечку кампот стаіць — з сушаных яблычкаў). Абмацаў гаршчок, што называецца, прылажыўся ды заваліўся спаць.

Раніцай падымаецца на працу ісці, але ж спачатку маці паснедаць кліча. А заадно пытаецца:

— І каму гэта надурыла пойла цялячае выліць?

— А дзе яно было? — не разумее Косця.

— Як дзе? У гаршчэчку на прыпечку.

— Дык там жа кампот заўсёды стаяў...

— Ён і цяпер стаіць...

— А я што ноччу выпіў?!

За сталом грымнуў смех.

— Малайчына, сынок, — «пахваліла» маці. — Ты ўжо цялятка стаў аб'ядаць. Так, крый бог, і да свінак дойдзеш, бо гарэлка яна такая: да добрага не давядзе, а вось да дурнога... На суседа вунь паглядзі...

Пагаварылі так бацькі ды чамусьці ўспомнілі, як Косця, малы, гуляў са стальным абручыкам і неяк жа прымудрыўся яго на шыю ўздзець: туды жалязяка лёгка ўскочыла, а вось назад — аніяк...

— Паўвёскі тады на раду сабралася, — успамінаў бацька. — На шыйцы пілаваць той абруч ніяк не выпадала. Вырашылі пастрыгчы нагала — «пацяплела» як быццам. Намылілі галаву, пагалілі — усё роўна то нос замінае, то вушы... Думалі, у школу пойдзеш з «ашыйнікам».

— Падумаеш — страх вялікі, — насупіўся Косця. — Ну, хадзіў бы з «ашыйнікам» — цяпер гэта модна.

— А зручна як, — засмяяўся бацька. — На ланцуг бы зараз навязалі, можа, гарэлкі не піў бы.

— П'яніцу знайшлі, — пакрыўдзіўся сын і выскачыў з-за стала.

...Ён тады быў аматарам выпіць. А вось «прафесіяналаў» і сапраўды не лішне было б пасадзіць на нейкі ланцуг?

Галіна Нічыпаровіч, в. Магільна, Уздзенскі раён

Куфэрак адчыняўся проста...

Неяк перад развалам Саюза давялося пабыць у адной кампаніі, пабачыць ды паслухаць беларуса, які ў канцы вайны трапіў у палон, застаўся ў Англіі. Родныя ведалі пра яго, што жывы, — і ўсё: пісьмаў не пісалі, у размовах не згадвалі, бо скажы каму, што радня за межамі, — бог ведае, чым гэта скончыцца... Вось і маўчалі, пакуль «жалезная заслона» не рухнула. А ўжо тады — прыехаў сваяк у родную вёску.

За сталом, апроч іншага, зайшла размова пра дробныя крадзяжы — пра тое ж малако з фермы ці збожжа з гумна...

Здзівіўся прыезджы: «А як гэта?»

Яму кажуць, што ўсё ж вакол калгаснае... І пытаюць: «А ў вас хіба не так?»

Адказ «англічаніна» прымусіў мяне яшчэ больш запаважаць тэхнічны прагрэс. Рэч у тым, што працаваў наш зямляк на кандытарскай фабрыцы, дзе вытворчасць была добра аўтаматызаваная. Гэта значыць, што «дозы» ўсіх кампанентаў адмяралі аўтаматы. «І калі ў выраб не трапляла пэўная колькасць прадукту, — расказваў зямляк, — канвеер проста спыняўся. З-за чаго і з-за каго — знаходзілі тут жа».

Амаль у той жа час мая знаёмая працавала на камбінаце кааператыўнай прамысловасці, дзе выпякалі хлеб, баранкі, кексы... «Цягнулі мы ўсяго патроху», — расказвала жанчына. — «А як жа ахова? — здзівіўся я. — Чаму прапускала?» — «А чаму б не прапускаць, калі ў сумках нічога... Мы іншае прыдумалі. За агароджай раслі кусты вербалозу і сярод іх — адзін клён. Перад канцом змены самыя смелыя беглі да плота, адсоўвалі гнілаватую дошку, пералазілі на іншы бок. І ўжо там падвешвалі на дрэва торбачкі з крадзеным. Зручна: з-за лістоў ды кустоў ніхто нічога не бачыць, сабакі не дастануць... А пасля змены можна смела выйсці за прахадную і ўсё забраць.

Ведалі пра гэты «канал» нямногія людзі, — працягвала жанчына, — і ўсё ішло добра, пакуль аднойчы торбачкі... не зніклі. Не аказалася іх і ў наступную змену. Сталі пільнаваць. Бачым — з гэтага боку да лаза ніхто не падыходзіць... Значыць, з таго... Але хто?

Таямніца адкрылася зусім нечакана. Неяк на камбінат прыйшла былая работніца, якую мусілі пайсці на пенсію. А ёй так крыўдна было, што нехта застаўся, што па-ранейшаму зарабляе ды яшчэ і крадзе... Яна ведала як... Ну і здымала».

«Чым жа гэта скончылася?» — пацікавіўся я. — «А тым, што на камбінат прыйшоў новы дырэктар, паставіў агароджу з бетонных пліт. А потым і новае абсталяванне, з якім ужо не ўкрадзеш».

Вось так. Куфэрак адчыняўся проста...

Валерый Гаўрыш, г. Чавусы

Вяртанне блуднага мужа

Кожная нешчаслівая сям'я нешчаслівая па-свойму — заўважыў некалі класік. Шчасце маіх суседзяў Зосі і Андрэя некалі рассыпалася, як той картачны домік, а потым...

Зрэшты, пачынаць прыйдзецца здалёк.

Некалі мой сусед Андрэй уладкаваўся працаваць шафёрам у будаўнічым трэсце. Спачатку быў, што называецца, на падхваце: з банка ды ў банк вазіў бухгалтарак, па справах — намеснікаў і толькі потым — самога кіраўніка. А што — праца не пыльная, Андрэю падабалася. Тым больш што шэф паспрыяў сям'і ў атрыманні добрай кватэры. Ён жа, ідучы на нейкую нараду, не прымушаў кіроўцу тупа чакаць, пакуль яна скончыцца, а моўчкі дазваляў «пабамбіць», гэта значыць на казённай машыне зарабіць сабе грошай. У сям'і, дзе расло двое жэўжыкаў, яны заўсёды былі дарэчы, а калі стала здавацца, што ўжо і дастаткова, Андрэй стаў крыху заціскаць... На ўсякі пажарны... Нібы ведаў, што выпадак такі надарыцца.

І сапраўды: на нечым пагарэў-такі ягоны шэф-дабрадзей — паляцеў з пасады. Следам за ім без працы застаўся кіроўца. Трохі патаксаваў на сваёй машыне, як на казённай. Не дзіва, што дабіў (бо нешта паправіць прывычкі не меў), а горш за тое — учыніў аварыю, на два гады пазбавіўся правоў. І вось тут ужо сарваўся — стаў выпіваць. Штодня...

Скончылася гэта банальна: жонка сабрала ягоныя рэчы і выставіла за дзверы.

Вось так Андрэй апынуўся ў сваёй старой аднапакаёўцы — нядобрай кватэры, бо хутка ўсе п'яніцы ведалі, што ў ёй можна выпіць, пагуляць у карты і нават паспаць. Гаспадар за гэта мала браў — выпіць ды нешта з'есці. Ён лічыў, што вось так нават эканоміць — не траціць сваю заначку.

Яе, пакуль жыў з сям'ёй, Андрэй трымаў у гаражы. Цяпер — пабаяўся, што жонка знойдзе, і перанёс у кватэру. Схованку зрабіў у канапе, якую на першым годзе сямейнага жыцця прывезлі з камісійнай крамы і ў якой ад былых гаспадароў засталася праедзеная мышамі дзірка ў тканіне, што абцягвала спінку ззаду. Туды спакойна пралазіў кулак... Андрэю заставалася купіць адмысловых цвікоў, прыбіць імі тканіну па перыметры і адзін цвічок «адкусіць», каб той абы трымаўся ў рэйцы.

Карацей, схованка была — лепш не трэба! Як яму здавалася. Але ж...

Недзе праз месяц бадзяжнага жыцця Андрэй з пнеўманіяй загрымеў у бальніцу. Жонка ды дзеці, пачуўшы пра гэта, ну вядома ж, захацелі наведаць — і яго, і потым сваю былую кватэру, навесці там нейкі парадак і ўрэшце... выкінуць старую канапу.

— Можа, ранавата яе на сметнік? — спытала адна з суседак, пачуўшы шум.

— Самы раз, — адказала Зося. — У кватэры яшчэ адна ёсць — лепшая.

— А можна гэту я забяру? На дачу.

— Ды калі ласка!

Жонка — дазволіла, а вось Андрэй, пачуўшы пра гэта, як не звар'яцеў: раззлаваўся, пакрыўдзіўся, а галоўнае, тут жа... паправіўся — папрасіўся дамоў.

...Суседка — не старая яшчэ ўдава — убачыўшы ў вочка, што цвярозы, дзверы яму адчыніла. (Канапа стаяла ў калідоры. Андрэй аж сеў на яе з той радасці.)

Гаспадыня прапанавала грошы (хоць старая, але ўсё ж такі мэбля). «Госць» адмовіўся, а вось чаю — дык папрасіў.

Жанчына, здзівілася, рушыла ў кухню. Андрэй застаўся на канапе — газеты пачытаць. А сам, улучыўшы момант, апусціў руку за спінку, абмацаў запаветны цвічок... Заначка была не месцы! Забраў! Рукі засвярбелі ўсё пералічыць.

Так што ў гасцях ён не затрымаўся — пакіраваў да сябе, стаў думаць, куды ж схаваць грошы. А ў дзверы тым часам ужо званілі: былыя «сябрукі», убачыўшы ў вокнах святло, прыйшлі выпіць за яго здароўе!

Але Андрэй не адчыняў, ён ашалела насіўся па кватэры. Пакунак з грашыма засунуў у дзірку пад ваннай, потым — пад духоўку, на антрэсолі, пад плінтус, у старую бляшанку з крупамі, у кішэнь паліто, пад трубу ўнітаза, пад газеты між аконнымі рамамі...

У першым месцы яго кроўныя (не з неба ж зваліліся — зарабіў, для сябе, для дзяцей!) маглі размокнуць, у другім — згарэць, у трэцім, пятым, дзясятым на іх маглі напароцца сябры-сабутэльнікі, што для грошай не лепш, чым вада і агонь...

А таму, заціснуўшы пад пахай пакунак з добрай тысячай долараў, Андрэй паехаў да жонкі.

...Па чарзе потым расказвалі, як ён перапрашаў ды каяўся. «Ну хоць ты карціну пішы — пад назвай «Вяртанне блуднага мужа», — смяялася Зося...

І таму, сказаўшы сваё цвёрдае: «Да першай п'янкі», усё даравала.

З тога самага дня Андрэй і трымаецца: знайшоў работу. І не п'е — каторы гадок... Нават на вяселлях дзяцей.

В. Сідарэвіч, г. Бабруйск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Асваенне адчужэння. Што паглядзець падчас экскурсіі ў радыяцыйнай зоне?

Асваенне адчужэння. Што паглядзець падчас экскурсіі ў радыяцыйнай зоне?

Ці небяспечныя такія «вылазкі» і колькі яны каштуюць?

Грамадства

Мітрапаліт Павел: Я ўдзячны, што Гасподзь павёў мяне па гэтым шляху

Мітрапаліт Павел: Я ўдзячны, што Гасподзь павёў мяне па гэтым шляху

Уладыка расказаў, чаму з асцярогай упершыню ехаў у Мінск у якасці мітрапаліта.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Добрая жонка і дома рай, а благая — хоць цягу дай

Грамадства

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Аўтар «Звязды» расказвае на прыкладзе сваёй сям'і.