Вы тут

У сельскай гаспадарцы трэба кардынальна мяняць павышэнне кваліфікацыі


Падчас V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які праходзіў летась у Магілёве, сельскай гаспадарцы была прысвечана цэлая секцыя. Адной з надзённых праблем у гэтай галіне называлася праблема кадраў. Размова ішла аб тым, што не ў поўнай меры задзейнічаны навуковы і прафесарска-выкладчыцкі патэнцыял, ёсць пытанні па бесперапыннай адукацыі. Удзельнікі секцыі прыйшлі да высновы, што трэба кардынальным чынам мяняць працэс перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў. На гэтую тэму «МС» пагутарыла з вядомым у Беларусі вучоным-аграрыем, дырэктарам Цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама ў Горках Якавам Яроцкім.


— Якаў Усцінавіч, у чым асабіста вы бачыце праблему з кадрамі? Як яе можна вырашыць у сённяшніх умовах?

— Чалавекам рухае цікавасць, і дзеянні яго заўсёды матываваныя. А інтарэс заключаецца не ў разуменні асноў той ці іншай спецыяльнасці, а ў задавальненні элементарных жыццёвых патрэб. Гэта яшчэ да Маркса было вядома, але ён выразна ўсё сфармуляваў у сваёй тэорыі — адзенне, ежа і жыллё. Калі гэтыя тры асноватворныя элементы прысутнічаюць, чалавек будзе працаваць. У нас жа ўсё на сённяшні дзень упіраецца ў заработную плату. Калі параўноўваць, у сферы ІT-тэхналогій, напрыклад, атрымліваюць 2,5— 3 тысячы долараў, а малады спецыяліст у сельскай гаспадарцы ў лепшым выпадку 150 долараў у эквіваленце. Галіна сельскай гаспадаркі ў адносінах да іншых сёння знаходзіцца на адным з апошніх месцаў па ўзроўні заработнай платы. Прадукцыя прамысловасці расце ў цане больш значнымі тэмпамі, чым паднімаецца кошт прадукцыі сельскай гаспадаркі. І калі браць сыравіну, паліва, запчасткі, сельгаспрадукцыя атрымліваецца дарагой. Рэалізоўваць яе трэба па сацыяльна-абгрунтаваных цэнах, таму рэальная вытворчасць практычна не мае прыбытку. Няма магчымасці развівацца, падымаць заработную плату. І малады чалавек гэта ведае. Ён, у адрозненне ад таго, якім быў 20—30 гадоў таму, жыве зараз у іншым інфармацыйным полі. Ён ведае, дзе і як можна зарабіць.

— Але ж ёсць прыклады паспяховай дзейнасці некаторых фермерскіх гаспадарак. Магчыма, будучае сельскай гаспадаркі менавіта за прыватнай уласнасцю?

— На жаль, мы з вамі на гэта паўплываць не можам. У нас у асноўным грамадская форма вытворчасці ў сельскай гаспадарцы, большая частка гаспадарак знаходзіцца ў камунальнай форме маёмасці. Па сутнасці, гэта былыя савецкія гаспадаркі. Трэба паступова іх рэфармаваць. Калі мы жадаем атрымаць годныя сельгаспрадпрыемствы, павінны ў гэта ўкладваць грошы. Патрэбны капітал, і вельмі вялікі, каб перааснасціць вытворчасць, каб былі новыя тэхналогіі, каб зацікавіць людзей. А як гэта зрабіць, калі крэдыты пад 18—20 %? Яны непад'ёмныя.

— Як вы ставіцеся да таго, што ў краіне шмат аграрных вышэйшых навучальных устаноў, не кажучы ўжо пра каледжы, а кадраў не хапае.

— Сапраўды, устаноў шмат, вось гэта і дрэнна, бо рэгіянальныя інтарэсы прывялі да таго, што мы распыліліся ў падрыхтоўцы кадраў і ўзровень атрымаўся вельмі нізкі. Сёння, калі ў сталічную ВНУ абітурыент не паступіў, ён ідзе ў аграрную, дзе недабор. Гэта ж не забараняецца. Маладыя людзі запаўняюць свабодныя месцы, каб потым так-сяк праіснаваць пяць гадоў, атрымаць дыплом і — не працаваць. А была б адна ВНУ і конкурс быў бы. Калі я паступаў у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію на факультэт механізацыі, на адно месца прэтэндавалі чатыры чалавекі, а да мяне, кажуць, і ўсе 8-9. Мы паступалі матывавана, рыхтаваліся спецыяльна. А сёння такога няма. Трэба неадкладна падключыць сацыёлагаў, каб яны сказалі, колькі сярод студэнтаў аграрных ВНУ матываванага кантынгенту. Сёння нашы кадры працуюць і ў МНС, і ў міліцыі, толькі не ў сельскай гаспадарцы. Там рэгламентаваныя і зарплата, і працоўны дзень. А ў сельскай гаспадарцы прыйшоў на работу — і можаш «завіснуць» на суткі.

Яшчэ адна праблема, пра якую сёння трэба казаць, гэта няправільная прапорцыя паміж кадрамі з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй і кадрамі масавых прафесій. У Англіі, напрыклад, 16 % работнікаў маюць вышэйшую адукацыю, астатнія — кадры масавых прафесій. У Паўднёвай Карэі таксама. А ў нас кадраў масавых прафесій усяго 24 %, астатнія — з вышэйшай адукацыяй. Трэба неадкладна паніжаць іх колькасць, паколькі 50 % з іх не працуюць па спецыяльнасці.

— Міністэрства адукацыі вырашыла на базе асобных школ арганізаваць агракласы. Наколькі гэта выратуе становішча?

— Гэта вельмі правільны крок. Трэба будучаму аграрніку даваць зачаткі новых тэхналогій, асноў сельскай гаспадаркі. І ў аграрных класах трэба казаць не толькі пра гэта, неабходна і філасофскі складнік дадаць, каб дзеці разумелі, наколькі гэта важна. А вось з тым, што такі выпускнік зможа ісці ў аграрную ВНУ без экзаменаў, не згодны. Нейкія іспыты павінны быць, каб чалавек адчуваў, што павінен рыхтавацца.

— Сёння паўсюль укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі, і сельская гаспадарка не выключэнне. Ці ёсць праблемы ў прывіцці інавацыйнага мыслення сённяшнім работнікам АПК?

— Складанасці, сапраўды, ёсць. Тэхналогіі развіваюцца вельмі хуткімі тэмпамі, і маладому спецыялісту трэба ўвесь час знаходзіцца ў стадыі абучэння. Тут нават з рабочай спецыяльнасцю трэба мець высокі ўзровень ведаў. Таму тэма дадатковай адукацыі спецыялістаў існуе паўсюль. Пытанне вось у чым. Можна запрасіць на вучобу і нешта расказваць. Але кітайская парадыгма адукацыі гучыць такім чынам: раскажы мне, і я забуду, пакажы мне, і я запомню, дай мне гэта зрабіць, і гэта застанецца са мной назаўсёды. Там, дзе справа датычыцца павышэння кваліфікацыі, патрэбна практычная адпрацоўка новых прыёмаў і тэхналогій. Неабходна, каб лекцыйны курс складаў 20—30 % ад агульнага аб'ёму гадзін, астатняе павінна быць практыкай работы на новай тэхніцы, з новымі прэпаратамі. На Захадзе даўно карыстаюцца трэнажорамі-сімулятарамі, слухач садзіцца за камп'ютар і пачынае кіраваць. Такім чынам чалавек адпрацоўвае валоданне функцыямі. У нас ніводнае прадпрыемства ў краіне не робіць такіх трэнажораў.

— А ці можа наша сельская гаспадарка сама зарабляць, без дапамогі дзяржавы?

— Кітайцы кажуць, калі ў вас няма чым карміць сабаку, адпусціце яго. Сельская гаспадарка была і будзе столькі, колькі будзе існаваць чалавецтва. І маманта чалавек біў, аб'ядноўваючыся ў вялікія групы, таму што есці хацеў. Няма альтэрнатывы сельскай гаспадарцы. Звярніце ўвагу на наш Столінскі раён. Там ужо ўсе сёння людзі як мурашы сядзяць у цяпліцах, а праз некалькі тыдняў будуць прадаваць агуркі і клубніцы. Значыць, можна зарабіць. Ёсць у сельскай гаспадарцы сферы прыкладання, якія карыстаюцца попытам. Але для гэтага павінна быць асабістая свабода, каб можна было прымаць рашэнне.

Аксана Агароднікава, старшыня Горацкага райсавета дэпутатаў:

— Кадры для АПК рыхтуюцца ў раёне яшчэ на школьным узроўні, каб дзеці падыходзілі да гэтага свядома. На базе школ арганізавана навучанне па профілі «трактарная справа», каб моладзь мела магчымасць асвоіць рабочую прафесію яшчэ да таго, як пачне дарослае жыццё. У чатырох школах арганізаваны сельскія класы, дзе падчас факультатыўных заняткаў абмяркоўваюцца тэмы сельскагаспадарчай тэматыкі. На базе горацкай сярэдняй школы № 2 працуе малая акадэмія, якая трымае цесныя сувязі з Беларускай сельскагаспадарчай акадэміяй. Там вядзецца паглыбленае вывучэнне хіміі і біялогіі, прадметаў, неабходных для ветэрынарнай справы.

Нам, дэпутатам, па родзе сваёй дзейнасці даводзіцца пастаянна займацца кадрамі. Наша камісія па садзейнічанні занятасці працуе з насельніцтвам вельмі цесна, тлумачым, накіроўваем на прадпрыемствы і ў сельскагаспадарчыя арганізацыі, на перанавучанне. Толькі за студзень у раёне было працаўладкавана 60 чалавек. Амаль у два разы вырасла колькасць ахвотных быць самазанятымі: нехта аказвае паслугі насельніцтву па колцы дроў, нехта стрыжэ сабак. Але тут не столькі заслуга камісіі, колькі дзяржавы, якая стварыла для гэтай дзейнасці спрыяльныя ўмовы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Матываваць аграрыя

Выбар рэдакцыі

Культура

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніўся 28-ы па ліку мастацкі форум

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніўся 28-ы па ліку мастацкі форум

За фестывальны тыдзень у Віцебску прайшло без малога дзве сотні падзей.