Вы тут

Як развіваецца Шчучынскі раён?


Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў пазнаёміўся з вытворчасцю фабрыкі грыбоў «Логал-Бія», пабываў на прадпрыемстве па перапрацоўцы сыроваткі «Праймілк», сустрэўся з працоўным калектывам горадаўтваральнага завода «Аўтапровад».


Апошнім часам Шчучын актыўна развіваецца. Кожны год у раёне рэалізуецца ад аднаго да трох інвестыцыйных праектаў. Летась тут пачала дзейнічаць фабрыка па вырошчванні шампіньёнаў. Яе магутнасць — 2,5 тысячы тон грыбоў у год. На прадпрыемстве створана звыш 100 рабочых месцаў. З пускам другой чаргі, які адбудзецца сёлета, колькасць работнікаў падвоіцца. Дырэктар фабрыкі Аляксандр Алейнікаў паведаміў, што гэта другі рэалізаваны праект кампаніі ў райцэнтры. Некалькі гадоў таму ўстаноўлена сонечная станцыя. Раён зацікаўлены ў рабоце з прыватнымі інвестарамі.

— Мая задача — даведацца на месцы, чым дыхае «глыбінка», як развіваецца рэгіён, пачуць каментарыі ад суб'ектаў гаспадарання і простых работнікаў. Ацаніць работу мясцовых уладаў можна, у першую чаргу, па прыцягненні інвестыцый, — адзначыў Максім Рыжанкоў.

У шэрагу такіх праектаў самым унікальным можна назваць вытворчасць сыроватачна-тлушчавага канцэнтрату на заводзе «Праймілк». Гэта імпартазамяшчальны прадукт, які забяспечвае ўласны рынак і добра прадаецца за мяжой. Тавар карыстаецца попытам у 24 краінах свету, нядаўна наладжаны экспарт у Японію. У суткі завод перапрацоўвае 360 тон канцэнтраванай сыроваткі, якую малочныя камбінаты раней папросту вылівалі. Зараз з яе атрымліваецца патрэбны інгрэдыент для харчовай прамысловасці.

— Профільных прадпрыемстваў такога ўзроўню няма ва ўсёй краіне, — падкрэсліў Максім Рыжанкоў. — Тут і высокая прадукцыйнасць, і высокія заробкі. Як мне паведамілі, яны складаюць у сярэднім 1300 рублёў. Добра, што горад прырастае такімі сучаснымі, канкурэнтнымі прадпрыемствамі. Гэта сведчыць аб спрыяльным асяроддзі для інвестараў.

На заводзе «Аўтапровад» першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта сустрэўся з працоўным калектывам. Прадпрыемства ў ліку горадаўтваральных, тут працуе каля 700 чалавек, але ёсць дэфіцыт кадраў. І гэта праблема не толькі згаданага завода, але і раёна ў цэлым. Па словах старшыні Шчучынскага райвыканкама Сяргея Ложачніка, патрэба ў працоўных рэсурсах складае да 600 чалавек. На кожнага беспрацоўнага існуе 10 вакансій. Прыцягваюцца работнікі з суседніх раёнаў. Вырашэнне праблемы мясцовыя ўлады бачаць у будаўніцтве жылля, профільным навучанні, прафарыентацыі школьнікаў.

Прыцягненне інвестыцый наўпрост залежыць ад работы з кадрамі, лічыць Максім Рыжанкоў. Гэта важная ўмова для ўстойлівага развіцця рэгіёна. Каб чалавека замацаваць на роднай зямлі, трэба, каб узровень яго дабрабыту паляпшаўся.

— Гэты аспект можна назваць самым важным у палітыцы краіны. І рэгіёны адчуваюць дзяржаўную падтрымку. Але многае залежыць і ад іх саміх — як яны працуюць з інвестарамі, ствараюць для іх умовы, забяспечваюць сацыяльныя гарантыі сваім жыхарам, — падкрэсліў Максім Рыжанкоў.

Быццам бы многія раёны падобны адзін да аднаго, кіраўнікі атрымалі адукацыю ў адной краіне і былі падабраны на свае пасады. Але атрымліваюцца даволі розныя вынікі. У чым тут справа? На думку першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, многае залежыць ад рашэнняў мясцовай вертыкалі. Яны не павінны адыходзіць ад рэальнасці і патрабаванняў часу, мусяць быць бліжэй да чалавека.

— Чым больш цеплыні да людзей, чым больш улады жывуць іх патрэбамі, у рэжыме анлайн адчуваюць змены, бачаць, дзе каму і калі патрэбна дапамога, тым лепш рэгіён будзе развівацца. І цэнтр яму хутчэй акажа падтрымку, бо відавочна, што зерне дапамогі ўпадзе ў добрую глебу.

Падчас сустрэчы з калектывам былі агучаны новыя планы мясцовых уладаў. Было заяўлена аб падпісанні ў хуткім часе шэрагу інвестпраектаў. Не застануцца без увагі і сацыяльныя праекты. У Шчучыне развіваецца добрая спартыўная інфраструктура, але няма фізкультурна-аздараўленчага комплексу з басейнам. Гэта пытанне будзе ўзята пад кантроль абласных уладаў, запэўніў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч. Такія аб'екты становяцца часткай сучасных стандартаў.

Ішла гаворка і аб прыцягненні турыстаў у рэгіён. Адзін з работнікаў завода «Аўтапровад» прыгадаў, што ў будынку прадпрыемства падчас Першай сусветнай вайны ўтрымліваліся палонныя французскія афіцэры, сярод якіх быў і будучы прэзідэнт Францыі Шарль дэ Голь. Гэта можа стаць тэмай для экспазіцыі. Дарэчы, у горадзе нямала гістарычных аб'ектаў, якія могуць стаць цікавымі для турыстаў. У першую чаргу, палац Друцкіх-Любецкіх ХІХ стагоддзя. Некалькі гадоў таму будынак аднавілі, і ён стаў візітнай карткай Шчучына.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.

Эканоміка

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Пра што абавязкова трэба падумаць перад тым, як браць на сябе фінансавыя абавязацельствы перад банкам?