Вы тут

Сапраўднае цяпло прыйдзе ў Беларусь у пачатку трэцяй дэкады сакавіка


Пачаткам кліматычнай вясны лічыцца пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз адзнаку ў нуль градусаў у бок павышэння, які звычайна адбываецца ў сярэдзіне сакавіка. Аднак апошні месяц зімы адзначыўся цеплавымі рэкордамі, калі сярэднямесячная тэмпература была вышэй кліматычнай нормы на 4,5 градуса. Атрымліваецца, што нясмелую вясну мы сустракалі ўжо ў другой палове лютага.


Але ў першыя дні сакавіка чакаецца няўстойлівае надвор'е, расказаў начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Аляксандр Бяганскі.

На градус вышэй нормы?

Сакавік сёлета чакаецца цяплейшым, чым звычайна. Мяркуецца, што сярэдняя тэмпература паветра па краіне ў гэты месяц будзе 1 градус вышэй кліматычнай нормы (яна складае ад мінус 1,4 да плюс 2,2 градуса). Месячная колькасць ападкаў будзе каля сярэдніх шматгадовых значэнняў (кліматычная норма 32—51 мм).

У першай палове сакавіка прагназуецца такое надвор'е, калі цяпло днём можа чаргавацца з марозам уначы. А ўсё таму, што асноўны ўплыў акажуць атмасферныя франты і паветраныя масы, якія будуць паступаць з Заходняй Еўропы. «А ў другой палове месяца, паводле нашых разлікаў, надвор'е будзе фарміравацца за кошт антыцыклонаў, таму ападкаў чакаецца менш і толькі ў асобныя дні, а тэмпературны фон будзе адпавядаць кліматычнай норме і нават перавышаць яе», — адзначыў начальнік службы ў прэс-цэнтры БелТА. Якраз у трэцяй дэкадзе сакавіка прыйдзе істотнае пацяпленне.

У пяцёрцы самых цёплых гадоў

Спецыялісты падлічылі, што мінулы год заняў чацвёртае месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў (ад найбольш цёплага года да найбольш халоднага) з 1945 года. Сярэдняя тэмпература паветра склала плюс 7,9 градуса, што на 1,2 градуса вышэй нормы. У большасці месяцаў (у 10 з 12) адзначалася дадатная анамалія тэмпературы паветра.

Адной з галоўных асаблівасцяў 2018 года з'яўлялася працяглае кліматычнае лета (перыяд з сярэднясутачнымі тэмпературамі паветра вышэй 14 градусаў), якое доўжылася больш за чатыры месяцы. Яно пачалося 29—30 красавіка, амаль на месяц раней сваіх звычайных тэрмінаў, і скончылася 22—23 верасня, прыкладна на дзве дэкады пазней звычайнага.

У мінулым годзе ў сярэднім па краіне выпала 581 мм ападкаў, або 90 % нормы. Найбольш вільготным месяцам быў ліпень. Тады колькасць ападкаў склала 147 мм, або 173 % ад нормы. А самым сухім аказаўся лістапад, калі за месяц выпала 21 мм ападкаў, або 46 % ад нормы.

У Брэсцкай вобласці трактары ўжо выйшлі ў поле

Аграметэаралагічныя ўмовы для перазімоўкі азімых пасеваў і шматгадовых траў на тэрыторыі краіны складваюцца неадназначна, а далейшы іх стан будзе залежаць ад пачатку вясны, паведаміла начальнік аддзела аграметэаралогіі службы гідралогіі і аграметэаралогіі Белгідрамета Кацярына Істоміна.

Некрытычныя нізкія тэмпературы, якія адзначаліся ў пачатку зімы і ў асобныя перыяды ў студзені — лютым, у прынцыпе не павінны былі нанесці шкоду азімым, таму што быў дастатковы снежны полаг, каб іх абараніць. У той жа час, калі казаць пра азімы рапс, які з'яўляецца далікатнай культурай, то магчымыя яго пашкоджанні. Асабліва на паўднёвым захадзе краіны, таму што ў перыяд пахаладання там снежны полаг быў невысокі — меншы за 5 сантыметраў.

А вось у цэнтральных, паўночных і ўсходніх раёнах да гэтага часу захоўваецца снежнае покрыва, а тэмпература на глыбіні залягання вузла кушчэння азімых на працягу зімы практычна заўсёды была дадатнай і вагалася ў межах ад 0 да плюс 1 градуса. У выніку збожжавыя культуры вельмі інтэнсіўна расходавалі пажыўныя рэчывы, што прывяло да іх паслаблення. Пасевы на многіх палях пакрыліся снежнай цвіллю. «Далейшы стан азімых залежыць ад таго, як будзе развівацца вясна. Вельмі важна, ці хутка прыйдзе цяпло, ці будзе сонца, ці выпадзе яшчэ снег, — сказала Кацярына Істоміна. — У цэлым мы не б'ём трывогу. Лепш за ўсё, вядома, азімыя выйдуць з зімоўкі ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, дзе практычна няма пашкоджанняў. Некалькі горш сітуацыя складваецца ў цэнтральных і паўночна-ўсходніх раёнах». Напрыклад, у Віцебскай вобласці ўжо зараз ёсць найбольшыя плошчы (да 8—10 %) з павышанай зрэджанасцю і гібеллю азімых збожжавых культур, якія неабходна перасяваць.

Вяснова-палявыя работы сёлета пачнуцца своечасова. «Па паўночным захадзе снегу ўжо няма даўно. У Брэсцкай вобласці трактары выйшлі ў поле, падсяваюцца травы, уносяцца ўгнаенні. Паўночны ўсход пакуль знаходзіцца пад снегам. Моцных маразоў быццам бы не чакаецца, тэмпературны фон будзе павышацца. Як і ва ўсе гады, поўдзень краіны выйдзе на сяўбу ранніх яравых ужо да канца сакавіка, а поўнач — у пачатку красавіка», — адзначыла Кацярына Істоміна.

Верагоднасць прагнозаў 97 %

За два гады верагоднасць прагнозаў Белгідрамета вырасла. Калі ў 2017-м яна была 92—94 %, то цяпер — 97 %. Адна з важных прычын паляпшэнняў — тэхнічная мадэрнізацыя, якая закранула сферу дзейнасці сіноптыкаў, паведаміў начальнік цэнтра Раман Лабазноў.

Летась пачалі ствараць сетку радыёлакацыйных назіранняў. Радыёлакатар устаноўлены ў аэрапорце Віцебска. У сталіцы разгорнуты цэнтр кіравання радыёлакацыйнай сеткай, якая ўключае ў сябе таксама Гомельскі і Мінскі радары. У бягучым годзе пабудуюць радар у Гродне, у 2020-м — у Брэсце. Такім чынам, уся тэрыторыя краіны будзе пакрыта радыёлакацыйным полем. Нашы сіноптыкі ў рэжыме анлайн будуць бачыць стан атмасферных працэсаў, што асабліва важна для звышкароткатэрміновага прагназавання ў навальніцанебяспечны перыяд.

У мінулым годзе ўвялі ў эксплуатацыю комплекс метэаралагічных і аэралагічных назіранняў у Мінску ў раёне Уручча. Тут упершыню ўкаранёны інтэграваны падыход функцыянавання розных сетак назіранняў. Аднавілася радыёзандаванне атмасферы ў сталіцы, якое спынілася ў 1998 годзе з-за рамонту будынка абсерваторыі і дэмантажу абсталявання. На тэрыторыі комплексу ўведзены ў эксплуатацыю адзіны ў краіне тэмпературна-ветравы прафілямер у мабільнай версіі. Выкарыстанне такога роду абсталявання дазваляе ў рэжыме рэальнага часу рабіць бесперапынны маніторынг параметраў ветру і тэмпературы ў ніжніх пластах атмасферы для прагназавання небяспечных метэаралагічных з'яў.

Таксама спецыялісты Белгідрамета працуюць над мабільнай праграмай «Надвор'е ў кішэні» для платформы Аndrоіd. Яна дае інфармацыю аб фактычным надвор'і, гідралагічнай, аграметэаралагічнай і радыяцыйна-экалагічнай абстаноўцы ў населеных пунктах краіны. Пакуль праграма працуе ў тэставым рэжыме.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Імгненнай вясны не будзе

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.