Вы тут

З якімі праблемамі сутыкаюцца непаўналетнія бацькі?


Гэты выпадак, які адбыўся ў пачатку лютага, выклікае найперш абурэнне і неразуменне. У Касцюковіцкую бальніцу паступіла нованароджанае дзіця з мноствам сінякоў на твары, шыі і грудной клетцы. Малое, якое з'явілася на свет усяго месяц таму, стала ахвярай хатняга гвалту. 17-гадовая маці дзіцяці расказала, што малое плакала і не хацела засынаць. Гэта моцна раззлавала 18-гадовага бацьку, які вырашыў супакоіць яго рукапрыкладствам... Пра дзікія выпадкі гвалту над малымі мы чуем апошнім часам усё часцей. Як гэта становіцца магчымым, з якімі праблемамі сутыкаюцца юныя бацькі, і якая ім неабходна падтрымка, расказалі спецыялісты цэнтра, сяброўскага да падлеткаў, «Давер» — яго каардынатар Валянціна Шукан, урач-гінеколаг Жанета Туроўская і псіхолаг-кансультант Святлана Паляшчук.


Фота детскийвопрос.рф

С. П. — Спачатку пракаментую гэты выпадак. Амерыканскія вучоныя праводзілі даследаванне і высветлілі, што найбольш цяжка чалавек пераносіць плач дзіцяці. Мы можам прыстасавацца амаль да любога гуку: скажам, экскаватар, які працуе за акном, спачатку нас раздражняе, але паступова мы абстрагуемся, можам працаваць і нават адпачываць, амаль не звяртаючы на яго ўвагу. На плач дзіцяці, нават чужога, мы рэагуем імгненна — з клопатам, жаданнем дапамагчы, супакоіць. Калі ж у дарослага чалавека ва ўласным дзяцінстве быў нейкі траўмуючы вопыт, гвалт, калі дзіця білі, асабліва ва ўзросце ад нараджэння да трох-чатырох гадоў, то плач дзіцяці яго будзе моцна раздражняць. Абстрагавацца такі чалавек не зможа, у яго будуць нарастаць пачуцці агрэсіі, непрыняцця, як у згаданай сітуацыі. Яна сведчыць аб праблемах гэтага чалавека ў дзяцінстве, аб перажытым траўмуючым вопыце, аб гвалце з боку дарослых. І аб тым, што гэта чалавек імпульсіўны, які не ўмее кантраляваць сябе.

— Часцей юнымі бацькамі становяцца дзеці з неўладкаваных сем'яў?

С. П. — Я б не стала так сцвярджаць, гэта міф. Прычым магу сказаць, што пры рэсурснай падтрымцы дарослых з такіх падлеткаў атрымліваюцца вельмі нядрэнныя сем'і. Калі ж казаць пра гатоўнасць да бацькоўства, то сёння межы падлеткавага ўзросту пашыраны: ніжняя апусцілася да 10 гадоў, верхняя паднялася да 21. Падлеткавы ўзрост — той перыяд, калі бурацца масты з дзяцінства, і трэба перайсці ў дарослае жыццё. Гэта крызісны ўзрост: ты ўжо не дзіця, але яшчэ і не дарослы. І ён суправаджаецца многімі праблемамі. Цяжарнасць у гэты час — дадатковы фактар стрэсу. Многае, безумоўна, залежыць ад мікраклімату ў сям'і, узаемаразумення з бацькамі, ад стылю выхавання, ад сфарміраваных установак на стварэнне сям'і. Сёння, калі я пытаю ў групах маладых людзей: «Хто б хацеў такую ж сям'ю, як у бацькоў?» — паднімаецца ўсяго адна-дзве рукі... Чым гэта можна растлумачыць? Змяненнем каштоўнасцяў — ім хочацца жыць для сябе, набыць кватэру, аўтамабіль, завесці сабаку. Яны разумеюць, што дзеля дзіцяці бацькам давядзецца нечым ахвяраваць. І гэта, дарэчы, ідзе з сям'і, падчас выхавання па прынцыпе «ўсё лепшае — дзецям».

— Як тады трэба выхоўваць дзіця?

С. П. — Навык клапаціцца фарміруецца ў раннім дзяцінстве, з пяцігадовага ўзросту. Ён ва ўсіх нас закладзены прыродай. Калі няма дэфектаў выхавання, то дзіця ў 4–5-гадовым узросце вельмі паслухмянае. Калі бацькі просяць: прынясі, дапамажы, давай нешта разам зробім, то дзеці актыўна ўключаюцца. Бацькі павінны памятаць, што ўзрост выхаваўчых магчымасцяў — да 12 гадоў. А пасля дзіця пачынае эксперыментаваць, яго цікавасць паварочваецца ад блізкіх да равеснікаў, да соцыума. І ўжо не сям'я, а іншае яго акружэнне папаўняе яго каштоўнасныя ўстаноўкі.

— Можна зрабіць выснову, што асэнсаваць каштоўнасць дзіцяці магчыма толькі тады, калі цябе самога ў дзяцінстве любілі?

С. П. — Так, атрыманы вопыт клопату і ўвагі ад бацькоў, асабліва ў раннім дзяцінстве, да сямі гадоў — гэта асноўны стрыжань у жаданні мець сям'ю і вобраз уласнай сям'і.

В. Ш. — Сёння ў нас, згодна са статыстыкай, распадаецца столькі сем'яў, колькі і ствараецца. Прычым распадаюцца не юныя сем'і — зараз пераважна ў шлюб уступаюць у асэнсаваным узросце — бліжэй да 25—30 гадоў. Прычым гэтыя лічбы амаль не мяняюцца з канца 90-х — пачатку 2000-х.

С. П. — І ад таго, у якім узросце дзіця перанесла траўму разводу бацькоў, у многім залежыць яго будучае жаданне (ці нежаданне) мець сям'ю. Тут вельмі важна, як бацькі расставаліся, што дзіця адчувала і перажывала.

— Калі нараджае дзяўчынка-падлетак, узнікае шэраг праблем...

Ж. Т. — Так, дзяўчынка яшчэ школьніца: узнікае пытанне, як паведаміць маці, што скажуць у школе. Гэта невядомасць і нявызначанасць вельмі гняце. Наш цэнтр дапамагае падлеткам у такіх складаных сітуацыях.

В. Ш. — Калі здараецца такая крызісная цяжарнасць, важна ўключэнне ўсёй сям'і. Таму што маладыя людзі, як правіла, яшчэ не ў шлюбе. І асноўны клопат кладзецца на бацькоў дзяўчынкі. Калі яна непаўналетняя, заўсёды ўзнікае яшчэ адна праблема. Пры пастаноўцы на ўлік у жаночай кансультацыі медыкі паведамляюць органам унутраных спраў аб цяжарнасці непаўналетняй, і ў гэту сітуацыю пачынаюць умешвацца чужыя людзі. Дарэчы, крымінальная адказнасць для маладога чалавека наступае, калі дзяўчынка не дасягнула ўзросту згоды — 16 гадоў. Калі кажаш пра гэта хлопцам, яны часта здзіўляюцца, бо не ведаюць. У нас, на жаль, не даносіцца гэта інфармацыя нават у школе. Нягледзячы на тое, што ўзрост згоды — 16, паўналецце наступае ў 18, і па законе аб ахове здароўя дзяўчына не мае права вырашаць, ці захавае яна цяжарнасць — гэта робяць бацькі. У многіх краінах, дарэчы, узрост згоды супадае з узростам прыняцца рашэння. І калі браць статыстыку па абортах, то ў краіне ў 2017 годзе было ўсяго восем абортаў у дзяўчынак да 15 гадоў. І 847 — у 100 разоў больш — ва ўзросце з 16 да 19. Здаецца, што ў 16 гадоў, калі наступае ўзрост згоды, усё можна. На самай справе ў такім узросце тыя, хто ўступае ў інтымныя адносіны, не маюць поўнай інфармацыі, як засцерагацца ад цяжарнасці і навошта.

— Як могуць бацькі дапамагчы зрабіць правільны выбар, асэнсаваць мацярынства?

С. П. — Чым меншае дзіця, тым складаней гэта зрабіць. Самае важнае — паважаць свабоду выбару. Маці дзяўчынкі трэба разумець, што гэта адказнае рашэнне, асабліва калі яна выступае за перарыванне цяжарнасці, бо тады гэта цяжарнасць можа стаць апошняй. Для мамы часта важныя амбіцыі: дачка не скончыла інстытут, у яе былі планы... Часам, на жаль, больш важны сацыяльны статус, чым само дзіця. У такіх сітуацыях мы найперш працуем з дзяўчынкай: высвятляем, наколькі яна гатова да нараджэння дзіцяці. Бываюць і канфліктныя сітуацыі: калі дзяўчына гатова нараджаць, а мама катэгарычна супраць... І тут важна ўсведамляць, што цяперашняе рашэнне можа мець наступствы на ўсё жыццё. Дзяўчынка вырасце, і, магчыма, не інстытут і дыплом будуць для яе важнымі. Яна ўступіць у шлюб, не зможа нарадзіць дзіця — і адносіны з мамай будуць разбураны. Для мамы важна зразумець і даць свабоду выбару свайму дзіцяці.

У маёй кансультацыйнай практыцы шмат гадоў таму быў такі выпадак. На кансультацыю прыйшла мама з дзяўчынкай, ёй было 16, і яна была цяжарная. Я запрасіла іх у кабінет, і дзяўчынка... забралася на калені да мамы. Я была збянтэжаная: сепарацыі, аддзеленасці ад маці ў 16 гадоў не было... Маці і дачка прынялі рашэнне захаваць цяжарнасць. Пасля нараджэння дзіцяці дзяўчына прыехала на кансультацыю паўторна — на грамадскім транспарце, куды зацягнула каляску з немаўлём самастойна, без мамы. Я зразумела, што яна пры падтрымцы блізкага чалавека псіхалагічна пасталела імгненна...Таму ёсць рэчы, непадуладныя нават спецыялісту. Лёс яе, дарэчы, склаўся добра.

В. Ш. — У нас была сітуацыя, калі мама цяжарнай дзяўчынкі была катэгарычна супраць. Мудра паступіла маці хлопца, падтрымала, нават была гатова ўзяць дэкрэтны адпачынак, каб дзяўчынка давучылася ў каледжы. Пасля і мама дзяўчынкі пастаралася наладзіць адносіны з дачкой. Маладыя людзі стварылі сям'ю, і сёння ў іх ужо трое дзетак. Сям'я ўзнікла найперш дзякуючы гэтай мудрай жанчыне, якая вырашыла падтрымаць будучую нявестку.

С. П. Тут усім важна прыняць асэнсаванае, правільнае рашэнне. Важна не матываваць на захаванне цяжарнасці любой цаной, а атрымаць аб'ектыўную інфармацыю, якая дазволіць убачыць сітуацыю з усіх бакоў і пазбегнуць цяжкіх наступстваў у будучым.

Алена КРАВЕЦ

Здымак носіць ілюстрацыйны характар

Загаловак у газеце: Калі дзіця... нараджае дзіця

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.