Вы тут

Балоты — царства экачысціні


У Беларусі шмат робіцца, каб зберагчы вялікія водна­балотныя багацці


Паўторна забалочаны ўчастак балотнага масіву Дакудаўскі, Фота bahna.land

Вы не задумваліся: чаму рэдкім птушкам, жывёлам, раслінам даспадобы прасторы балот? Бо гэта — вялікія рэзервуары чыстай прэснай вады. Да таго ж балоты здольныя выдзяляць у атмасферу ў вялікай канцэнтрацыі кісларод і паглынаць вуглякіслы газ. Парадокс: балоты — царства экачысціні...

Ну а калі не царства — то княства. Дарэчы, “Вялікае княства вяртлявай чаротаўкі” — так між сабою спецыялісты называюць балоты, дзе жыве рэдкая птушачка. І такую ж назву мае беларуска-літоўскі праект, скіраваны на зберажэнне “чырванакніжніцы”. Ён рэалізуецца пры падтрымцы Праграмы LІFE Еўрасаюза. Як вядома, колькасць гэтых птушак у свеце значна скарацілася, а ў 8 еўракраінах яны цалкам зніклі. Цяпер у еўрапапуляцыі — каля 13-21 тысячы самцоў: па іх ідзе падлік, бо якраз яны спяваюць. Гняздуюцца вяртлявыя чаротаўкі ў асноўным у Беларусі, Украіне й Польшчы, толькі 1% іх арнітолагі налічылі ў Літве. Таму вырашылі невялічкую колькасць птушак адлавіць на беларускіх балотах Званец, Сервеч, Дакудаўскае ды перасяліць на літоўскія Цірай, Апвардай, Дэльта Нёмана, Жувінтас. Вядома ж, тыя балоты прадоўжаць аберагаць. На прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры Міхаіл Максіменкаў, старшы навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах, расказаў: ужо было паспяховае перасяленне птушак з балота Званец у біясферны рэзерват Жувінтас. Сёлета пройдзе другі этап транслакацыі вяртлявай чаротаўкі. У Беларусі зладзяць фэст “Вяртлявая чаротаўка запрашае!” і адукацыйную платфому для дзяцей “Веб-вароты ў прыроду”.

Рамсарскія ўгоддзі — яшчэ адно балотнае царства, у якім жывуць рэдкія вадаплаўныя птушкі й жывёлы, растуць прыгожыя расліны. У іранскім горадзе Рамсары 2 лютага 1971 года была падпісана “Канвенцыя пра водна-балотныя ўгоддзі”, а сусветная супольнасць пачала штогод адзначаць тую дату як Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў. Сёння ў канвенцыі ўжо 160 краін, Беларусь у ёй з 1999 года. І з таго часу са сваімі балотамі, асабліва тымі, якія заставаліся ў некранутым стане на працягу многіх тысячагоддзяў, мы пачалі абыходзіцца як з вялікай каштоўнасцю. У Беларусі цяпер 26 водна-балотных угоддзяў плошчай 778 тысяч га, якія ўключаны ў Рамсарскі спіс. Сярод іх 4 трансгранічныя балоты міжнароднага значэння. Два — на мяжы Беларусі ды Украіны (балоты “Простыр — Прыпяць — Стаход” і “Альманскія балоты — тарфяны масіў “Пераброддзе””. Два балоты — на мяжы Беларусі й Літвы — гэта “Котра — Чэпкеляй” і “Вілейты — Адуцішкіс”. Усяго ж у свеце 16 трансгранічных балот.

На прэс-канферэнцыі, што прысвячалася Сусветнаму дню водна-балотных угоддзяў, згадалі: чаго ж мы дамагліся ў ахове балотнай спадчыны за апошнія гады. Распрацавана стратэгія па ахове ды ўстойлівым выкарыстанні балот і тарфянікаў — такой больш нідзе няма! Нашы навукоўцы хадзілі па балотах, даследавалі іх, апісвалі, а ўрэшце склалі базу балот з усімі іх жывёламі й раслінамі. Для кожнага раёна Беларусі стварылі спецыяльныя карты або схемы балот, якімі можна карыстацца. Асобная размова вялася з торфаздабываючымі прадпрыемствамі. Дасягнуты дамовы: распрацоўваць можна толькі тыя балоты, якія былі ўжо раней парушаны гаспадарчай дзейнасцю людзей. Аднак 4 працэнты балот (у першую чаргу каля 862 тысяч га, што засталіся ў першабытным выглядзе) падлягаюць ахове. “Стратэгія й схемы балот — вось тыя дакументы, якімі мы можам ганарыцца”, — лічыць Міхаіл Максіменкаў.

Мікалай Свідзінскі, начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, паказаў журналістам праект Закона “Аб ахове й выкарыстанні балот (тарфянікаў)” — яму таксама няма аналагаў у свеце. Аказваецца, не ўсе балоты можна лічыць тарфянікамі, бо не на ўсіх балотах торф утвараецца. Некаторыя з іх лепш палічыць за мясцовасць з залішняй увільготненасцю. “Мы пачыналі з вызначэнняў — закончылі юрыдычнымі пытаннямі па ўстойлівым захаванні й выкарыстанні балот”, — растлумачыў спецыяліст. Закон будзе прыняты летам.

Сапраўды, Беларусь у апошнія гады прыклала вялікія намаганні, каб зберагчы свае водна-балотныя ўгоддзі. Было рэалізавана 5 праектаў: “Тарфянікі-1”, “Тарфянікі-2”, “Тарфянікі-3”, “Кліма-Іст”, “Ветландс”. Як вынік — аднавілі 28 балот, наноў забалоціўшы 62,5 тысячы га. Сёння падлічана, што на ўсе мерапрыемствы было накіравана каля 30 мільёнаў долараў міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

Чакаецца, што праект “Ветландс” паставіць кропку ў праблеме аховы беларускіх багнаў. На гэты раз навукоўцы збіраюцца абследаваць лесамеліяратыўныя сістэмы на 130 тысячах га. Іх раней пракладвалі на землях ляснога фонду, але заўважана: вада сыходзіць з ляснога масіву па тых канавах без ніякай карысці, пакідаючы дрэвы без вільгаці.

Пазней спецыялісты намерваюцца скіраваць увагу на 10 тысяч азёр і 11 тысяч рэк Беларусі, якія таксама патрабуюць беражлівага стаўлення да сябе.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».

Культура

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Гісторыка-прыгодніцкая стужка пра Беларусь, беларуса-ваяра і беларуса-вучонага.

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці.